Вылучэнка прэзідэнта

Палітыка

Вылучэнка прэзідэнта

Васілевіч – у парламенце

25 лістапада 2019 а 15:21

Аляксандр Кур’яновіч

Абранне ў Палату прадстаўнікоў пераможцы конкурсу «Міс Беларусі-2018» Марыі Васілевіч (увайшла ў топ-5 на конкурсе «Міс свету-2018» як «Міс Еўропа”) не прайшло незаўважанымі ў СМІ.

Такую ўвагі і блізка не прыцягнула абранне ў парламент у 2016 годзе іншай прэзідэнцкай фаварыткі — спявачкі Ірыны Дарафеевай.

У ходзе асвятлення гэтай падзеі вымалёўваюцца дзве пазіцыі.

Прадстаўнікі першай лічаць парламенцкія выбары фарсам, а атрыманне Васілевіч дэпутацкага мандата — чарговай праявай дэвальвацыі беларускага парламентарызму нават у айчынным, лукашэнкаўскім варыянце. Яны таксама ўпэўненыя і ў тым, што перамога Васілевіч абумоўлена выключна блізкасцю і адкрытасцю да першай асобы краіны.

Яны абураюцца і таму, што з дэпутацкім мандатам нядаўняя студэнтка незаслужана атрымае новы статус, які ў тым ліку дае фінансавыя выгады.

Цікава, што сваю незадаволенасць, хай і ў карэктнай форме, выказала спадарыня Ярмошына, якая заявіла, што, у парламент, маўляў, павінны ісці сталыя людзі. Гэтыя словы абурылі Лукашэнку, які нават даў публічны адлуп Лідзіі Міхайлаўне.

Паплечнікі іншай лініі (іх меншасць) у прынцыпе не адмаўляюць тэзісу аб псеўдавыбарах. Тым не менш, яны мяркуюць,

што Васілевіч у парламенце — меншае зло, чым, напрыклад, які-небудзь камуніст, прадстаўнік ЛДП ці сямідзесяцігадовы чыноўнік.

І хто ведае, кажуць яны, можа, сапраўды, з цягам часу Васілевіч удыхне у беларускі парламент новае жыццё і зробіць, як яна сама казала ў перадвыбарнай прамове, яго дзейнасць больш публічнай і адкрытай.

Пры гэтым у актыў Васілевіч запісваюцца вышэйшая эканамічная адукацыя, больш-менш удалы перадвыбарны выступ у тэлеэфіры, падчас якога высветлілася, што ў адрозненне ад іншых кандыдатаў у нядаўняй студэнткі БДЭУ добрая дыкцыя і няблага пабудаваная мова.

«Свецкая ільвіца» Ганна Бонд, напрыклад, асудзіла акцыю блогераў, якія раскрытыкавалі палітычныя амбіцыі новаяўленай палітычнай гераіні (што пазней, праўда, не перашкодзіла ёй параіць Васілевіч паехаць у калгас набірацца вопыту).

Незалежна ад гэтых пазіцый мы маем факт, які адбыўся: Васілевіч стала дэпутаткай і найбліжэйшыя (калі не адбудзецца чарговы кар’ерны ўзлёт) гады яна правядзе ў працы на заканадаўчай ды прадстаўнічай ніве. Натуральна, на ёй будзе сканцэнтравана ўвага СМІ і грамадства, і кожны яе няўдалы крок ці слова (дарэчы ўспомніць захапленне Дарафеевай ад турэмнай ежы) будуць ацэнены.

Навошта гэта Лукашэнку? Ці Васілевіч яго хуткаплынная слабасць, ці частка нейкай стратэгіі?

Нагадаю, што традыцыя прасоўвання ў прадстаўнічыя і заканадаўчыя органы нават маладзейшых за Васілевіч вылучэнцаў мелі месца ў савецкія часы. У Вярхоўным Савеце БССР заўсёды было некалькі такіх вылучэнцаў. Савецкая прапаганда называла гэта сапраўднай вяршыняй дэмакратыі, якую і не сніў згнілы Захад.

Таму вылучэнне Васілевіч у Палату прадстаўнікоў можна лічыць своеасаблівым рэцыдывам савецкага палітычнага мінулага.

У вылучэнні Васілевіч адыгралі сваю ролю, канешне, і іншыя фактары: асабістыя сімпатыі Лукашэнкі, яго жаданне прамацаць рэакцыю грамадства і асабліва моладзі, а таксама імкненне мець «стэрыльны» парламент напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

Сама ж Васілевіч, відаць, настроена на доўгае палітычнае жыццё. Хутчэй за ўсё, яна сама і дабілася вылучэння, атрымаўшы дазвол «зверху».

Але само абранне ў парламент сёння нічога не гарантуе заўтра. Дастаткова ўспомніць, якія напалеонаўскія планы былі ў той жа Дарафеевай (прапановы аб законе пра мецэнацтва і інш.).

Таму Васілевіч наўрад ці абмяжуецца статусам шараговай дэпутаткі. А дзяржаўная машына і прапаганда будуць дапамагаць, каб дзякуючы Васілевіч надаць існуючаму рэжыму чалавечы твар.

Кадр з праграмы АНТ.

У яе яшчэ ўсё наперадзе.

Вам можа спадабацца