Выбарчая кампанія як гульня-трэнінг. І сродак тэрапіі

Меркаваньні

Выбарчая кампанія як гульня-трэнінг. І сродак тэрапіі

26 лістапада 2019 а 16:38

Вячаслаў Залуцкі

Тройчы за жыццё я не выканаў рэдакцыйнага задання.

Адзін раз быў такі.

Пяць гадоў таму на выбарчай кампаніі ў палату прадстаўнікоў у нашым журналісцкім цэху ўзнікла няёмкая сітуацыя.

Інтэрв’ю з адным з кандыдатаў-апазіцыянераў было не пушчана ў эфір.

Кандыдат сказаў, што інтэрв’юер паводзіў сябе па-хамску, дык інтэрв’ю не атрымалася.

“Разбярыся, -- сказаў мне рэдактар. Паглядзі, што за фрукт. Ціснем тады маралізатарскі артыкульчык пра тое, што партыйцам можаш ты не быць, а да кампаніі рыхтавацца абавязаны”. Гэта ён так перайначыў словы вялікага расійскага паэта Някрасава.

Разборы далі 123 456 гігабайт матэрыялу.

Па саму кампанію кандыдат (гэта была кандыдатка) рэгулярна завісаў у лайвджорнал, сядзеў у кантакціку, запільваў відосікі ў фэйсбуку, чывілікаў у цвітары. Выкладзена яе партфоліё.

Вядома, у які дзіцячы садок хадзіла і ў якую школу. Які ксёндз блаславіў сужэнства, хто быў сведкамі на вяселлі. Калі і дзе пахрысцілася. Хто хросныя бацькі. Калі прыняла сакрамант канфірмацыі. Вось фотка каля помніка. А вось каля возера. А вось на фоне моста. І г. д. і да т. п.     

33 гады. Трое дзяцей. Адукацыя філасофская. Вылучалася ад грамадзянскай партыі. У дзяцінстве шэсць разоў ездзіла за мяжу па праграмах “Дзеці Чарнобыля” і “Карытас”. Калі вы хочаце ведаць, у якіх абставінах, у якой радзільні і як нараджала дачку, калі ласка, чытайце яе жывы журнал. У партыі і ў БАЖ (Беларускай асацыяцыі журналістаў) з 2006 года. За месяц да выбараў стала старшынёй моладзевай фракцыі сваёй партыі. Падчас выбарчай кампаніі ад’ехалася была з мужам на пару дзён у Харкаў на адукацыйны семінар, там былі і нарвежскія камрады па партыі.

Муж тройчы балаціраваўся ў дэпутаты, непаспяхова.

Не ведаю, што яна гаварыла пра сваю дзейнасць выбаршчыкам падчас кампаніі. На адным з сайтаў у рубрыцы “Дзейнасць” пра яе было напісана:

спявае ў хоры... увайшла ў лік пераможцаў фотаконкурсу "Чалавек -- Божае стварэнне"... аўтарка шэрагу вершаў...

Моцны кандыдат!

Сустрэч з выбаршчыкамі ў акрузе ў яе не было. Затое стаяла ў пікетах. У тым ліку каля Камароўскага рынка (яе акруга была ў Чыжоўцы).

Чаму ля Камароўкі? Відаць, таму, што гэта быў партыйны пікет. Разам мёрзнуць у пікеце весела, прыкольна.

Ды і фоткі для інстаграма больш цікавыя атрымліваюцца.

Падчас кампаніі неаднаразова сцвярджала, што не хацела быць выбранай. Навошта ж балатавалася? Адказ: хацела пашыраць веды пра сваю партыю і яе праграму. Выбары, канечне, трэш, нічога не вартыя. Але надрукавала сваю праграму “адказных” рэформаў у газеце “Рэспубліка”, дзе заклікала ісці на выбары. “Адказнымі”, увогуле бываюць людзі... Выбары прайграла, афіцыйна набрала 0,4 працэнта галасоў.

“Разбор палётаў” па выбарах дала ў відэа на фоне паліц з кнігамі. Знізу злева стаяла кніжка “Лидерство”. Здзівілася, што знайшліся людзі, якія за яе прагаласавалі. Але гэта моцна яе матывавала! Яна паверыла ў свае сілы! У будучай прэзідэнцкай кампаніі збіралася быць назіральнікам.

Балазе адна яе сяброўка ўжо заяўляла пра прэзідэнцкія амбіцыі. Не здзейсніла гэты намер, бо сяброўка ў прэзідэнткі не пайшла.

...Сітуацыя з аналізам гэтага кэйса для нас з рэдактарам была даволі простая. Падобна, гэта маладая жанчына была вылучана ў кандыдаткі сваёй партыяй таму, што яна была маладая, таму, што яна маці трох дзяцей. Дапаможам жанчынам, падтрымаем маладых мамачак! Зноў жа, будзе расказваць пра нашу партыю, “лавіць чалавекаў”.

Сумніўная пазіцыя, але хай сабе. Мы з рэдактарам хацелі ціснуць тэксцік, у якім пакпілі б з квотнага спосабу вылучэння кандыдатаў. Жанчына не жанчына, мамачка – не мамачка, якая розніца!

Папраўдзе выбаршчыкам усё роўна, хто іхны кандыдат, калі ён / яна – асоба, калі ён / яна дэманструе упэўненасць, волю і кампетэнтнасць.       

Далей адкрылася акалічнасць, якая паставіла крыж на магчымасці публікацыі.

За чатыры гады да кампаніі гэта жанчына перанесла анкалогію, 4-я стадыя. Сітуацыя падрабязна апісана ёй самой, і на час выбараў вісела на старонцы аднаго хрысціянскага партала. Кіраўніцтва партыі ведала пра яе праблемы са здароўем... На час кампаніі ўсё было нібыта добра... І, увогуле, лічым, ёсць жыццё пасля рака... Але ж...

Паглядзелі па-новаму відэа з ёй. Вось яна нічога дзельнага не змагла адказаць журналісту. Вось у сваім роліку яна выглядала спустошанай, фактычна дэманстравала млоснасць.

Ясна, любы будзе выглядаць стомленым пасля ўдзелу ў выбарах. Але, калі ведаць пра яе ранейшую хваробу, то міжволі думаецца не толькі пра стомленасць, уласцівую любому чалавеку...

Палітыка рэч суворая.

Кандыдатцы моцна пашанцавала, што ніхто з канкурэнтаў не стаў ёй цікавіцца як нечага вартай фігурай. У процілеглым выпадку ў пікетах ёй прыйшлося б адказваць на пытанне, якое яна вырашыла трымаць у тайне. Пра сваё здароўе... Яе яўна маглі абвінаваціць у падмане.

Можна толькі здагадвацца, якімі матывамі кіраваліся яе блізкія, падтрымліваючы яе ў яе палітычных ініцыятывах. Магчыма, удзел у выбарчай кампаніі для яе быў пэўным кампенсацыйным сродкам у асабістых нягодах... Мы іх не судзілі...

Але вось да яе адзінаўтробнай хрысціянскай партыі, якая падштурхнула яе да палітычнай актыўнасці, былі пытанні. Нас нібыта зразумелі, прынамсі, інфармацыю пра яе хваробу хуценька знялі з сайта... Мы артыкул не надрукавалі.

Не ведаю, ці былі падобныя кандыдаты на мінулых выбарах. Спадзяюся, не.

Несумненна,  ідэалагічная “лоўля чалавекаў” – гэта першае-галоўнае для навяртання і абавязковы элемент партыйнай дзейнасці.

Але якія небяспекі бываюць, калі гэта робіцца галоўным падчас выбарчых кампаній?

Згодна з шаблонам, выбары – гэта барацьба за ўладу. Калі мы, партыі, ідзем на выбары, але адначасова не лічым гэта выбарамі, ці не занадта гэта складана для звычайнага чалавека?

Наколькі гуманна выкарыстоўваць для рэкрутынгу свайго актыву людзей, якія знаходзяцца ў спецыфічнай сітуацыі?

Ад выбарцаў у гэтым выпадку была схавана важная інфармацыя пра кандыдатку, у выніку чаго яны сталі аб’ектам маніпуляцый. Яны маглі думаць, што партыі дбаюць пра людзей, супольнае грамадскае дабро. Але папраўдзе выбарцы сталі толькі “матэрыялам”, статыстамі ў згулянай  не імі гульні.

Калі схлусіў аднойчы, дык хто табе паверыць?

Вам можа спадабацца