Кансьпіралёгія беларускага вэрлібра

Рознае

Кансьпіралёгія беларускага вэрлібра

1 сьнежня 2019 а 13:37

Альгерд Бахарэвіч

Выданне, якое аглядаецца:

Анталогія сучаснага беларускага верлібра. Вершы. Укладальнік Георгій Барташ. Мінск: Смэлток, 2019. – 210 c.

***

На Захадзе вэрлібрам даўно нікога ня зьдзівіш. А вось рымаю – можна.

Ды што рыма, там нават вялікімі літарамі на пачатку паэтычнага радка можна шакаваць чытача і крытыка:

калі ты сапраўдны паэт, пішы толькі з малых.

Прынамсі, нямецкія паэты, а на іх я наглядзеўся дастаткова, амаль заўсёды пішуць свае вершы выключна малымі літарамі і вялікіх сабе не дазваляюць (хіба што калі рука сама “натчэ, забыўшыся”).

А калі гэтыя сучасныя паэты пабачаць, што нехта піша зь вялікай, як раней, дык пачынаюць сарамліва ўсьміхацца: ну як можна быць такім рэтраградам і такім снобам?

Я неяк пацікавіўся ў нямецкай паэткі, адкуль пайшла гэтая мода – пісаць усё з малой літары. Яна ня ведала.

Толькі выказала здагадку: у нямецкай правіла такое – усе назоўнікі пішуцца зь вялікай.

Фанабэрыста неяк выглядае, занадта патасна, занадта бела і гетэрасэксуальна.

А добрая паэзія – гэта калі ні правілаў, ні фанабэрыі, ні патасу, ні патрыярхальнай рымаванай велічы.

Пісаць трэба так, як пішацца -- вольна, а ня так, як указвае традыцыя. Verstehen?

Але вернемся да вэрлібру.

Падазраю, што ў беларускай літаратуры ім пісалі і раней, але ўвёў яго ў нашую традыцыю і замацаваў там Максім Танк.

Ды што дазволена Танку, тое забаронена простаму пехацінцу. Мне, перакананаму эўрапейцу і заходніку, здавалася, што вэрлібр даўно ўжо наш і беларуская паэзія ім дыхае даволі ўпэўнена.

Усе ж мае знаёмыя пішуць вэрлібрам, а яны не апошнія людзі ў літаратуры.

Але, як высьветлілася, усё ня так проста. Вэрлібрам у нас пішуць шмат, ад году ў год усё болей – але прызнаньня ён так і не займеў.

У найлепшым выпадку яго лічаць (не)бясьпечным экспэрымэнтам.

Пры словах “добры верш”, “клясычная паэзія” або наогул “паэт” у большасьці ў вушах пачынае гучаць старая добрая рыма. Або проста старая. Пачынае – і прайграе. Бо Эўропу зь Беларусі ня выкінеш.

Самае цікавае, што адбываецца ў сучаснай беларускай паэзіі, пішацца вэрлібрам – і ня ён вінаваты, што паэзію цяпер мала хто чытае, а большасьць тых, хто ўсё ж чытае – лічаць паэзіяй адпетую рымаваную графаманію, бяскрыўдную і безаблічную, але ўхваленую дзяржавай.

За апошнюю тысячу гадоў рыма і праўда крыху стамілася. Страціла ранішнюю сьвежасьць твару і прыўкраснасьць рухаў. Дый наогул – за апошнюю тысячу гадоў штосьці ў гэтым сьвеце незваротна зьмянілася, і пісаць так, нібы ўсе мы жывем у цудоўную эпоху La Belle Dame sans Merci і адважных мача ў жалезных майтках – проста глупства.

Як глупствам ёсьць рабіць выгляд, што клясычная беларуская літаратура можа быць вечным арыентырам для нас сёньняшніх. Пісаць так, як Купала і Багдановіч сёньня – сьмешна.

Сьмешна жыць у Беларусі і лічыць, што сьвет сканчаецца на ёй, а там, за мяжой, пішуцца адно нейкія неўразумелыя тэксьцікі ні пра што.

У Захада трэба вучыцца.

Ня столькі пісаць – колькі быць вольнымі ў сваім пісьме.

“Анталёгія беларускага вэрлібра”, укладзеная нястомным паэтам Георгіем Барташам – гэта… Ня буду баяцца гучных словаў. Гэта і праўда вялікая падзея ў беларускай літаратуры.

Якую, на жаль, мала хто заўважыў – але з сапраўднымі падзеямі заўсёды так.

У грамадзтве, дзе ўсіх цікавяць скандальчыкі і клубнічка, каму справа да чарговай кніжкі? Да нейкай паэзіі? Ды каму яна патрэбная?

Вось калі б там былі голыя паэткі або нейкае парнаснае порна, тады б мы яе разьдзьмулі да памераў сэнсацыі.

Няма гаўна, няма падзеі, як кажуць незалежныя журналісты.

Хто зь іх напісаў пра “Анталёгію”? Хто прыйшоў на прэзэнтацыі, дыскусіі, чытаньні? А імпрэзаў было багата…

Кніжка выдадзеная, дарэчы, стылёва-строга, як і належыць сур’ёзнай паэзіі, і гэта ўжо вельмі важна:

беларускі вэрлібр даўно заслужыў, каб да яго нарэшце пачалі ставіцца, як да паўнавартаснай паэзіі, а ня нейкай “моднай заходняй забаўкі”.

А яшчэ гэта зусім не такая “цагліна”, як можа падацца – кніга ня толькі для дасьледаваньня, а менавіта для чытаньня. Чытаньня ўголас і сам-насам з сабой. 

Само выданьне называе сябе ўнікальным ужо ў анатацыі – і з гэтым не паспрачаешся.

Яно і праўда ўнікальнае, і ня толькі таму, што там 90 вершаў, 30 паэтаў і ажно тры прадмовы.

І ня толькі таму, што яно – першае такога кшталту ў краіне, дзе вершы пішуць усе, хто чытае.

Назва кнігі складваецца ў абрэвіятуру АБВ – першыя літары нашага альфабэту, гэтая кніга і ёсьць альфабэтам, дзякуючы якому шмат хто ў нас можа навучыцца чытаць. Чытаць паэзію. Чытаць па-новаму. Час прысьпеў.

Кніга гэта ўнікальная яшчэ і з той простай прычыны, што тэксты, якія яе склалі, напісаныя свабоднымі людзьмі. Свабоднымі людзьмі, якія жывуць у несвабоднай краіне.

І кожны радок у ёй крычыць і шэпча пра свабоду: асабістую, паэтычную, палітычную, творчую, жаночую і мужчынскую. Гэта прыкмета сапраўднай літаратуры: ні радка пра палітыку, але ўсё дыхае свабодай.

Трэба аддаць належнае ўкладальніку – калекцыя вершаў атрымалася амаль ювэлірнай.

І гэта ў часы, калі анталёгія як жанр падавалася даўно пахаванай. Брацкая магіла… Так іх называюць. “АБВ” – таксама, у нейкім сэнсе, магіла – месца сьмерці тупога і бяздарнага рымаваньня, якое дзяржава прапануе нам лічыць паэзіяй у ейных “літаратурных” радыё- і тэлеперадачках.

Сярод аўтараў – паэты, як кажуць, розных пакаленьняў, хоць у пакаленьні я сам ня надта веру. У сам канцэпт пакаленьняў у літаратуры: гартаеш “АБВ”, і высьвятляеш, што, напрыклад,

між Разанавым і Арловым, Аксак і Бабковым і іх значна маладзейшымі калегамі значна больш агульнага, чым мы пра іх думаем.

Вэрлібр – тая форма, якая дазваляе гаварыць да чытача, менавіта гаварыць, не павучаць яго, не заклікаць, не паказваць шлях і не вяшчаць, а гаварыць.

А гаворым мы ўсе падобна, калі маем такую патрэбу.

Моц і асаблівасьць вэрлібра ў яго інтанацыі. Пэўне, таму яго і абіраюць: рыма гаварыць не дае, рыма – гэта дакладная мяжа паміж аўтарам і чытачом, з вышкамі, мытнікамі, сабакамі і д’юці фры.

А тут: маналёгі… Якія хочацца слухаць.

Тыя, хто лічыць, што вэрлібр – гэта “заумь”, цяжкая для ўспрыманьня, могуць ісьці рымаванымі лясамі.

Вэрлібр – самы празрысты жанр. Хоць, вядома, калі авангардам лічыць усё, што “ня ў рыму”, то празрыстасьць тую можна прыняць за туман. Успамінаю, як паэзію Юлі Цімафеевай, якая піша вольным вершам, не без апаскі назвалі “авангарднай”. У ХХІ стагодзьдзі! І ўсё ж хочацца верыць у беларускага чытача. У аднаго-адзінага, бо вэрлібр – гэта заўжды сам-насам. Хай часам і самнамбулічны…  

Чым яшчэ ўнікальная “АБВ”? А вось, дарэчы, прадмовамі.

Іх напісалі Наста Грышчук, Ціхан Чарнякевіч і Сьвятлана Калядка.

І прадмова апошняй – яшчэ адна нагода назваць “АБВ” унікальным выданьнем.

Бо яшчэ ніколі я ня бачыў, каб аўтар прадмовы так імкнуўся збэсьціць аўтараў, якіх “прадмаўляе”.

Хіба што 30-ыя гады мінулага стагодзьдзя ў Нямеччыне згадваюцца, калі там усе пісалі вялікімі літарамі, а ў вялікіх гарадах праходзілі выставы “дэгенэрацыйнага мастацтва”. І вось да гэтых выставаў адмыслова ладзіліся камэнтары “правільных” мастацтвазнаўцаў. Каб выкрыць сутнасьць варожага элемэнту ў нямецкай культуры.

Сьвятлана Калядка ставіцца да аўтараў “Анталёгіі” так, нібы яе задача – вывесьці іх на чыстую ваду. Пажадана, так, каб ні ў кога не засталося сумневаў: вэрлібр – гэта штосьці ганебнае. Штосьці, што даўно ўжо варта закляйміць і ад чаго нашую літаратуру трэба  ачысьціць.

Чаму, на думку сп. Калядкі, паэты пішуць вэрлібрам? А вось чаму.

Бо гэта

даніна часу (!), жаданьне быць непаўторнымі, адсутнасьць пэўнай культуры пісьма, эстэтычная зьбедненасьць перажываньняў, вузкасьць сьветаўспрыманьня…

Вось жа гэтыя паэты... жадаюць быць непаўторнымі! А трэба – паўтарацца! Колькі можна вам паўтараць. А вы? Вылупілі на нас свае вузенькія сьветаўпрыманьні і эстэтычна-зьбеднена штосьці там дробнае перажываеце. Бунтарства? Супрацьстаяньне клясыцы? З аднаго боку, так, пагаджаецца аўтарка прадмовы. Як быццам бунтарства – гэта штосьці грахоўнае.

“Паэзія заўсёды характарызавалася наяўнасьцю рытму, рымы і мэтру” – сьцьвярджае сп. Калядка далей і тут ужо разумееш, што спрачацца сэнсу няма.

Бо сьцьверджаньне гэтае – невядома на каго разьлічаная лухта.

“Пры чытаньні сучаснай паэзіі ў мяне часта ўзьнікае думка: гэты аўтар піша вэрлібрам, бо да стварэньня свабоднага рыфмаванага верша ён ніколі ня вырасьце”.

Бедныя паэты. Вечныя недаросткі, недалеткі, якіх можна толькі пашкадаваць. Хоць у дадзеным выпадку вельмі шкада аўтарку прадмовы. Здаецца, варта ўсё ж трошкі цікавіцца літаратурай як яе разумее сьвет, а ня толькі дзядзькі і цёткі, якіх паставілі камандаваць “літаратурна-масавай работай”.    

І ўсё ж ня хочацца, каб слава сп. Калядкі зацьміла вершы сапраўдных паэтаў. Нават калі вы зачытваецеся сучаснай паэзіяй, у чым я моцна сумняваюся, “АБВ” можа дапамагчы зрабіць некалькі важных адкрыцьцяў. Імёны?

Напрыклад, Дзьмітрый Іваноў, які піша пад “цёмнымі зводамі гермэтычнай паэзіі” – і гэтыя зводы да спадобы ня толькі мне. Дзьмітры Рубін, Крысьціна Бандурына… Кірыла Анохін… Вольга Гронская… У некаторых зь іх ужо нават кніжкі ёсьць. А цяпер яны ў “АБВ” разам з Разанавым, Вальжынай Морт, Хадановічам, Строцавым…

Іерархіі бурацца. І гэта добра.    

Дзевяноста вершаў, трыццаць паэтаў, тры прадмовы, трыста асобнікаў. Ну, паўсотні пойдзе аўтарам, паўсотні ўжо прадалося (спадзяюся). Ці знойдуцца ў нас яшчэ дзьвесьце вольных людзей, якія ўмеюць чытаць? Дзьве тысячы? Дваццаць? Два чалавекі?

Адзін?

Вам можа спадабацца