“Дзеяслоў” пасля сотага нумара

Рознае

“Дзеяслоў” пасля сотага нумара

Чытаць нельга абмінуць

3 сьнежня 2019 а 23:14

Ганна Лапацік

Валянцін Акудовіч напісаў, што Уладзімір Някляеў быў вельмі таленавіты ў якасці галоўнага рэдактара часопіса “Крыніца”. З сучаснікаў з ім можа параўнацца хіба Барыс Пятровіч, рэдактар “Дзеяслова”. З гэтым можна згадзіцца.

“Дзеяслоў” справіў свой стонумаровы юбілей. Часопіс друкуе ўсё лепшае, што ёсць у беларускай літаратуры.

Тут гаворка пра прозу сто першага і сто другога нумароў.

Аўтары твораў – пераважна моцныя прафесіяналы, якія маюць у сваім творчым актыве тры (Павал Касцюкевіч), пяць (Алена Брава, Вітаўт Чаропка), шэсць (Валеры Гапееў), а то і восем (Сяргей Рублеўскі) ці дзевяць (Васіль Гігевіч, Андрэй Федарэнка) кніг.

Але ёсць і дэбютанты часопіса – Дар’я Значонак.

Найбольш у літаратуры знаходзіцца сямідзесяцідвухгадовы Васіль Гігевіч.

Найвышэйшы ўзлёт пісьменніка адбыўся ў далёкія 80-я гады, калі ён атрымаў прэмію ленінскага камсамола.

Пазней Гігевіч аддаў даніну фантастыцы. Апошнім часам друкуецца мала. Наколькі ён, колішні выпускнік фізічнага факультэта Харкаўскага ўніверсітэта,  змяніўся за 40 гадоў?

Дарэчы, не толькі мне цікавы Гігевіч саракагадовай даўнасці. У свежым весніку Гомельскага ўніверсітэта надрукаваны артыкул пра яго раман “Доказ ад процілеглага” 1985 года. Фармальна Гігевіч прапанаваў часопісу матэрыял для “літвучобы”, даўшы загаловак “Творчасць. Спроба аналізу”.

Аўтар “Жыціва” разважае пра тое, з чаго пачынаецца творчасць, адкуль бярэцца сюжэт, якое значэнне мае натхненне, у якіх абставінах твораць пісьменнікі.

У другой і трэцяй частках Гігевіч пераключаецца на публіцыстыку, піша пра значэнне беларускай мовы, калгасы, дае кароткі накід духоўнага і палітычнага жыцця савецкага грамадства.

Ай, ну, гэтыя народжаныя ў саракавыя, усё ім хочацца думаць пра прагрэс і духоўнасць!

У чацвёртай, мастацкай, частцы публікацыі прачытаем і пра звяроў парка Сарэнгеці ў Танзаніі, і пра Бундэстаг. Кіты ў акіяне, вясковая пажылая жанчына, манашка каля метро, і ісламскія тэрарысты, і “заліты бялюткім сонечным святлом” космас...

У сваёй фірмовай манеры (ці ў манеры яго колішняга антаганіста Алеся Адамовіча?) аўтар змешвае нязмешвальнае. У стылі “не магу маўчаць!” грамадзянін Гігевіч звяртае ўвагу на балявыя кропкі сучаснасці.

Але ўжо няма камсамола, які мог бы даць за такую літаратуру прэмію.

Зрэшты, гэта няважна. Бо попыт на такую літаратуру захаваўся і нават узрос.

Таму будзем проста чытаць Гігевіча. Нам цікава ведаць, што з намі адбываецца. А ў творах Гігевіча шмат жыцця і шмат літаратуры.

Гуру сучаснага беларускага інтэлектуалізму Валянцін Акудовіч піша гісторыю двух часопісаў “Крыніца” канца 1980-х – пачатку 2000-х гадоў. Для гісторыі інтэлектуалізму меў значэнне другі, заснаваны ў 1992 годзе. Другую “Крыніцу” Акудовіч называе “самым адметным беларускім часопісам (і не толькі таго часу)”.

Сведкам узлёту гэтага выдання я не была; але так, гэта быў выдатны часопіс. Вось сузор’е асоб, якія працавалі ў рэдакцыі: Уладзімір Някляеў, Алесь Разанаў, Валянцін Акудовіч, Леанід Галубовіч, Уладзімір Арлоў, Леанід Дранько-Майсюк, Алесь Асташонак. Гэта быў выдатны часопіс.

Калі, само сабой, не лічыць таго, што ў рэдакцыі спачатку не было ніводнай жанчыны.

Акудовіч апісвае, як укладалася рэдакцыя і канцэпцыя “часопіса не для ўсіх”, якімі былі дачыненні з першым аўтарскім актывам. Хто падставіў новаму часопісу плячо (удала), а хто, можа, нагу (безвынікова). Твор Акудовіча каштоўны тым, што ў ім дадзены як рух беларускага часу ўвогуле, гісторыя канкрэтнага часопіса, так і пластычна прадстаўлена гісторыя літаратурна-інтэлектуальнай штодзённасці.

У сто другім нумары “Дзеяслова” шмат плошчы займаюць пачатак рамана “Жэтон на метро” Андрэя Федарэнкі і фрагмент “чытва” “І хай ніхто не пойдзе пакрыўджаным...” Валерыя Гапеева.

Упэўнена, што водгукі на іх творы з’явяцца, як толькі гэтыя творы будуць надрукаваны цалкам.

Скажу толькі пра неяк асабліва заўважанае гэтым разам пры чытанні Федарэнкі. Федарэнка – фан Караткевіча і іншай класічнай літаратуры. Вось яго апісанне, сітуацыя сучасная:

зайшла жанчына гадоў дваццаці пяці, ва ўсё цёмнае адзетая, тварам падобная на дзяўчынак, толькі не бялявая, а русая. Жанчыны такога тыпу звычайна вельмі прыгожыя ў падлеткавым узросце, але ўжо да дваццаці гадоў вянуць, як недаўгавечныя летнія кветкі.

Нейкая караткевіччына!

Празаік, які “грымеў” у 90-я сваімі гістарычнымі творамі, Вітаўт Чаропка, прадстаўлены ў сто першым нумары кароткім апавяданнем пра паралізаванага пасля інсульту мужчыну.

Магілёўскі празаік, паэт, перакладчык Міхась Булавацкі надрукаваў глыбокія і літаратурна тонкія згадкі пра сваё паваеннае маленства. Прыемна, калі матэматык па прафесіі можа без праблем ужывацца ў лад мыслення каровы ці воўка!

Павал Касцюкевіч парадаваў пацешна-філасофскімі аповедамі.

Падумаць толькі: адзін з герояў меў пяць жонак, а палюбоўніц вадзіў у цырк!

Дэталь у Касцюкевіча часам такая натуралістычная, жартоўна-вышуканая: “брэндзі ў прыгожых, распаўнелых у крыжы бакалах”. Ой, праўда, нешта я апошнім часам многа ем пірожных...

У апавяданні Сяргея Рублеўскага апісана тыповая  жыццёвая сітуацыя разводу прастакоў у “ліхія” 90-я. Аўтар піша, што ён нібыта піша пра час, калі “яшчэ не аціхла водгулле перабудовы”. А герой ужо мае свой кампутар і сёрфіць у сеціве. 450 даляраў для героя – гэта неверагодна вялікія грошы. Нестыкоўкі! Супрацоўніку НДІ з жонкай наезныя прайдзісветы ўпарылі абы-які посуд пад выглядам “Цэптара”. Калі, расчараваны, герой згадвае часы вясковага маленства (тады ў вёсках на знак адсутнасці гаспадароў проста падпіралі кіёчкам дзверы), то аўтар нібы па-мастацку ілюструе меркаванні Гігевіча аб чыстасці вясковага жыцця ў параўнанні з заганным гарадскім.

У апавяданні з элегантнай назвай “Карыятыда ў маціцовых кліпсах” (вы ж ведаеце, што такое маціцовы?) Алена Брава апісала авантурную гісторыю побыту ў Грэцыі адной беларускі. Зноў павучальная замалёўка з “ліхіх” 90-х ці двухтысячных. Аўтарка падрабязна выпісвае нейкія грэчаскія рэаліі, але беражэ нервы чытачоў.

Гераіні ўдалося пазбегнуць самага горшага – яе ні разу не пабілі і ёй не прыйшлося прадаваць сваё цела.

Няясна, як гэта ёй удалося.

Не вельмі верыцца. Аўтарка намагаецца выклікаць спагаду да гераіні, але, на фоне нашых ведаў пра тое, што бывае за мяжой з шукальніцамі лёгкага шчасця, бадай, не вельмі ўдаецца.

Дурніца (я, вядома, да гераіні), ці ж ты не ведала куды і навошта едзеш? А, ты спазнала трохі жыцця? Мы тут пры станках і дзіцячых садках, з капеечнымі зарплатамі, мужамі-недарэкамі і адсутнасцю ганарараў за рэцэнзіі нібыта таксама трохі з жыццём сутыкаемся... Што нам, тутэйшым беларускім бабам, твой бераг турэцкі? Мінск афінскім слязам не верыць!

Апавяданне Дар’і Значонак уяўляе сабой практыкаванне на зададзеную тэму. Тэма – расстрэл царскай сям’і.

Уражанне лабараторнай вучнёўскай спробы ўзмацняецца тым, што аўтарка пры творы дала даведку пра тое, што ён “ўзноўлены па дробных дэталях”. Для мастацкіх твораў гэта не абавязкова, богведама як цесна абапірацца на рэчаіснасць.

У падразглядных нумарах ёсць таксама многа немастацкай прозы і, само сабой, паэзіі. Рэкамендую!

Вам можа спадабацца