Закаханы маршал

Гісторыя

Закаханы маршал

6 сьнежня 2019 а 16:04

Інэса Кур'ян

5 снежня 1867 г. нарадзіўся Юзаф Пілсудскі.

Ці ён неяк звязаны з нашай краінай?

Пішам, як думаем: не, спадарства, Пілсудскі – гэта польскія справы, а нам тое “не трэба”.

Тады, можа, пагаворым пра каханне?

Што мы ўсё пра аўтарытарызм, санацыю, звярыны ашчэр даваеннай Польшчы супраць беларускага руху.

Ці мы не можам дапусціць, што польскі маршал быў пяшчотны і вельмі чалавечны?

Па сутнасці, не можам. Палітыкі павінны толькі любіць айчыну.

Хоць вялікай спакусай у нашай цудоўнай беларускай мове з’яўляецца параўнанне слоў “айчына” і “жанчына”.

Было ж каханне ў Кастуся Каліноўскага! Усім вядома, што ён “любіў Беларусь”. 

Ці кахаў кагосьці моцна і аддана Юзаф Пілсудскі, якому сёлета споўнілася 152 гады?

Моцна і аддана, відаць, толькі айчыну.

Жанчыны, дзяячкі-супольніцы таксама ўкладаюцца ў пэўны спіс. Жонкі і дочкі – як без іх?

Але гады лятуць, любоў вятлее.

Прычым тут гады… Цела Пілсудскага даўно спарахнела ў мэталёвай жаўнерскай труне на Вавелі ў Кракаве, але дух – не.

Ці парахнее любоў да айчыны? Не, напэўна.

Адно ж яна нагадвае штандар, што перадаецца з рук у рукі, пра які гудуць ва ўсіх сродках масавага пераказу.

А любоў да жанчыны… Мабыць, у разуменні Пілсудскага яна павінна быць вялікай таямніцай, бо Маршалу не пачэсна выяўляць сваю пяшчоту. Ды і няма на тое часу.

Але ж, калі 3 ліпеня 1923 г. гэты чалавек “czynu i chwały” абвясціў усяму свету ў Малінавай залі варшаўскага гатэлю “Брыстоль”, што сыходзіць у адстаўку, відаць, яму нічога не заставалася, як азірнуцца вакол сябе, затрымаць кавалерыйскія скокі і…

закахацца.

Апошні раз, дарэчы.

Напішам наўпрост – моцнае каханне змяняе ход гісторыі. Але часта мае трагічны канец.

Яўгенія Лявіцкая, малодшая за Пілсудскага на 30 год, крэсовая шляхцянка з Украіны, здольная і працавітая студэнтка Медычнага інстытута ў Кіеве, бліскуча пачала сваю кар’еру пасля навукі ў Варшаве, стаўшы “сонечнай медычнай сястрой” на курорце ў Друскеніках, куды пасля 1923 г. рэгулярна кіраваўся на адпачынак адстаўны маршал.

Здаецца, закаханы Пілсудскі гатовы быў падарыць маладой жанчыне ўвесь свет.

Маршал Пілсудскі і Яўгенія Лявіцкая.

Але свет дзеліцца на біятычны, поўны прыроднага жыцця, і сацыялагічны, створаны жаданнямі ўладаімцаў.

Маршал, распешчаны пад сонцам Друскенік, грэў босыя ногі ў наднёманскіх пясках. 

Маладая перспектыўная лекарка прапагандавала на курорце менавіта навамодныя нетрадыцыйныя спосабы аздараўлення праз сонечныя і паветраныя ванны. 

Яна яму – інсаляцыю душы, ён – гонар і славу дзяржаўнага мужа – бо менавіта закаханы і натхнёны Пілсудскі…

Не, ён не прапаноўвае Яўгеніі руку і сэрца, шлюб з белым вэлюмам… Ён ажыццяўляе дзяржаўны пераварот 12 траўня 1926 г. Што можа быць лепшым выказам сілы кахання мужчыны!

Гісторыкі і сёння прабуюць даць адказ на цяжкае пытанне: нашто Пілсудскаму быў патрэбны гэты “замах”? Мой адказ на гэта “парадаксальны”. Яго цікавіў поспех. Поспех у вачах жанчыны. А ўсё іншае – хто як умее.

Поспех Пілсудскага ў 1918 г. павінен быў не выбіваць яго з каня ў 1923 г, а доўжыцца.

Каханне да айчыны ці каханне да жанчыны – магчыма, Пілсудскі крыху гэта паблытаў…

Але і так для гісторыі гэта ўжо не істотна.

Якія яшчэ неверагодныя дзяржаўныя ўчынкі рабіў закаханы Маршал? Стварыў у 1927 г. Дзяржаўны Камітэт фізічнага выхавання разам з Навуковым Камітэтам фізічнага выхавання. Даў галоўную пасаду Яўгеніі.

А яшчэ павёз 15 снежня 1930 г., на Раство і Новы год, сваю каханку на Мадэру, бо прыхварэў і патрабаваў лячэння.

Яўгенія Лявіцкая і маршал Пілсудскі на Мадэры.

Потым затрымаўся там ледзь не да красавіка за дзяржаўныя грошы.

Сумна канстатаваць, што ў ліпені 1931 г. праз тры месяцы пасля вяртання з вострава кахання і надзеі маладая 34-гадовая жанчына памерла на працы, і ніхто не імкнуўся высвятляць прычыны яе нечаканай смерці.

Здаецца, мы сто разоў чулі падобныя гісторыі, але некаторыя ўражваюць асабліва.

І ходзім потым да надмагілляў тых, хто спадзяваўся абудзіць пяшчоту ў асобаў, якія не мелі на тое дзяржаўнага дазволу.

Гэтак і з апошнім каханнем Пілсудскага.

“Сонечнай сястрыцы з любоўю. Брат”. 1897 – 1931”. Павонзкі.