Любоўныя песні ў святле гендара

Меркаваньні

Любоўныя песні ў святле гендара

7 сьнежня 2019 а 17:14

Анатоль Шымшонак

Ёсць рэчы, якія чалавецтва цікавяць вечна.

Напрыклад, каханне.

І ёсць рэчы, якія сталі цікавіць чалавецтва нядаўна.

Гэта гендар.

Хоць слова “гендар” падобнае да “грэнадзёр”, яно значыць нешта іншае. Гендэр – гэта

the range of characteristics pertaining to, and differentiating between, masculinity and femininity.

Гендар таксама можа быць псеўданавуковай парадыгмай, пры дапамозе якой стала магчымым пісаць пра нейкія рэчы.

Хоць бы і пра каханне.

Гендарныя доследы ў нас цяпер на ўздыме і ў пачоце. Тым не менш львіная доля такіх даследаванняў у нас уяўляюць сабой... як бы мякка сказаць... не самыя высокія ўзоры навукі. Так і напрошваюцца на парадзіраванне.

Выяўлена, напрыклад, што ў беларускіх народных песнях пра каханне ёсць гендарныя стэрэатыпы. Вы можаце паставіць студэнтцы мэту выявіць вытокі гэтых стэрэатыпаў і тое, як яны ўплываюць на фарміраванне мадэляў паводзін індывідыумаў абодвух палоў у соцыуме.

Дзякаваць богу, калектыўныя аўтаркі і аўтары народных любоўных песень пра гендэр не здагадваліся і пакінулі шматлікія сляды гендэрных забабонаў у сваёй творчасці.

Вось, прыкладам, спяваецца ў любоўнай песні:

А калі той вечар

Ды павечарэе

Калі маё сэрца

Ды й павесялее?

Калі мой міленькі,

Каго я чакаю,

Да мяне дахаты

Ціха завітае.

Што можна бачыць у гэтых просценькіх радках? Хіба звычайную для любоўных песень тугу дзяўчыны па сваім каханым.

Але гэта малавысоканавуковы погляд.

Калі мы ўзброімся гендарным метадам, то ўбачым сітуацыю глыбей. Мы зможам ідэнтыфікаваць 

“стэрэатыпнасць, рэгламентаванасць паводзін хлопца і дзяўчыны, якія праяўляюцца на ўсіх этапах адносін... На этапе знаёмства і першапачатковага развіцця адносін хлопец нязменна выступае як актыўны бок: ён ініцыіруе знаёмства і далейшыя сустрэчы. Дзяўчына на гэтым этапе пасіўная. Асноўная прызначаная ёй роля – чакаць”.

Карацей, сядзіць дзяўчына пасіўная такая дома і чакае свайго мілага. Не, каб змабілізавалася, праявіла сацыяльна апраўданую актыўнасць. Выйшла б на вуліцу, хоць бы на завалінку. Або нават сама да партнёра дадому схадзіла, дазналася, што там ды як.

Але няхай не напускаюць нам туману гендарныя даследчыцы! Не ўсё так безнадзейна на гендарным фронце. Мы ж знаем, што ў галоўнай беларускай любоўнай песні гераіня гаворыць аб’екту сваіх пачуццяў першая: “ты, маўляў, Ясь, і ты мне спадабаўся!”

Гэты рэлевантны факт замоўчваецца ад навуковай грамадскасці. Між іншым, пасля гэтых слоў гераіні аблюбёны аб’ект пачынае ўчыняць неразумныя ўчынкі.

Ён кідае касіць зялёны корм для скаціны і пачынае прасіць мамку, каб яна яго ажаніла.

І ў другой амаль народнай песні “Рушнікі” менавіта гераіня ўзнагароджвае героя зацяжным пацалункам над ракой. Над Арэсай ці над Нёмнам, невядома, гэта яшчэ даследуюць руплівыя вучоныя даследчыкі.

М. Філіповіч. «Карагод (ляльнік)». 1921—1922.

Але, устаноўлена навукай,

“пры далейшым развіцці адносін паводзіны дзяўчыны карэнным чынам змяняюцца”.

Ура!

“дзяўчына прымае на сябе ролю захавальніцы адносін. Дзеля гэтага яна здольная на любыя ахвяры”.

Малайчынка! Так і трэба дэманстраваць сапраўднае каханне! Яна ўбывае на далёкую Украіну, дзе мае намер шыць, прасці і “жаць зялёнае жыта”.

(У дужках і меншым кеглем заўважым, што пытанне пра тое, чаму дзяўчына для выпрабавання сваіх пачуццяў вырашае пераехаць ва Украіну, патрабуе спецыяльнага вывучэння. Яно неадназначна трактуецца рознымі даследчыкамі. У іншай любоўнай песні, між іншым, ва Украіну, у Адэсу падаўся, наадварот, міленькі: “паехаў у Адэсу, а мне сказаў, расці, дзеўка...” і далей па тэксту.)

Некалькі слоў пра зялёнае жыта. Калектыўны народны аўтар ніяк не інтэрпрэтуе, чаму гераіня зусім не лічыць патрэбным пачакаць, пакуль каласістасць ярыны і наліўнасць зерня не дойдзе да прадпісанай агратэхнікай кандыцыі.

Магчыма, гэта першы сімптом якога-небудзь псіхічнага расстройства?

У працэсе жніва дзяўчына збіраецца паралельна працягваць верна кахаць свайго мілага. І правільна! Павінна ж у жыцці быць нешта пазітыўнае. Гэта прадуктыўнае рашэнне, але, паўстае праблема:  трэба нешта есці. На проста сфармуляванае да гераіні пытанне аб спосабах падтрымкі жыццядзейнасці арганізма падчас знаходжання на ўрадлівай Украіне яна адказвае, што там яна будзе ўжываць

Сухары з вадою,

Толькі б, сэрца, з табою

На Ўкраіне далёкай.

Атрымліваецца, любоў такая, што кушаць не буду. Яўна дэвіянтныя паводзіны!

Дзяўчына не думае, што праз гэта можа развіцца анарэксія, што ёй яшчэ дзяцей выношваць.

Я асабіста сумняваюся, што шляхам галадання павысіш узровень сексапільнасці і ўмацуеш адносіны. Муж не любіць жонку галодную.

Але дзяўчыну хоць як зразумець можна. Звар’яцела на глебе кахання! Але было б то да каго! Бо, як навукова ўстаноўлена, хлопец, г. зн. аб’ект мілоснага пачуцця

“нічым ахвяраваць не згодзен”.

І гэта лёгка даказаць! Факт адсутнасці ўзаемнай ахвярнасці з боку мужчынскага боку ілюструе наступная сітуацыя: “Хлопец кліча дзяўчыну на размову. Дзяўчына просіць пачакаць, пакуль яна згатуе вячэру, на што хлопец адказвае:

Добра табе казаці,

У цёплай хаце седзячы,

А мне трудна, хлопцу маладому,

На марозе стоячы”.

Вось жа нягоднік, недвухсэнсоўна даказвае навука! Атрымліваецца,

як яна, дык для яго згодна хоць на сухары і ваду. А як ён, дык для яе не згодзен нават атрымаць абмаражэнне ніжніх канечнасцей другой ступені!

Фотастылізацыі з кнігі «Беларускі эратычны фальклор».

Пытанне ўяўнай ахвярнасці з боку хлопца асэнсоўваецца не толькі студэнткай, працы якой тут асэнсоўваецца, але і кіраўніком (-ніцай) студэнткі: “Хлопец ніколі не ўтрымаецца ад таго, каб ў прывабным свеце выказаць сябе перад дзяўчынай, падкрэсліць, на якія ахвяры ён здатны дзеля сустрэчы з ёю:

 – Дзе ж ты, мілы, валачыўся,

Што па пояс замачыўся?

– Я ішоў к табе расою,

Па пожаньцы над ракою”.

У народнай песні ў хлопца атрымліваецца абдурыць дзяўчыну, але сучасную многавопытную кіраўніцу-выкладчыцу на мякіне не правядзеш:

 “А хіба не было іншага шляху, – пярэчыць яна лірычнаму герою, – бо спатканне адбылося не ўвечары, калі трэба ісці да дзяўчыны патаемна, а тады, калі ўжо «на двары дзень бяленькі»?”

Дзякуй старэйшай таварышцы! Ніякога шанца манюку-хлопцу!

Увесь гэты пярэпалах лёгка тлумачыцца псіхалагічнымі асаблівасцямі дзяўчыны і грамадскімі стэрэатыпамі:

 “дзяўчына больш эмацыянальная, больш схільная да прывязанасцяў, да стабільнасці стасункаў (ну-ну, а ва Украіну чаго папёрлася? – А. Ш.). Але справа не толькі ў жаночай псіхалогіі. Тут «працуе» стэрэатып пра жаночую залежнасць ад мужчыны, аб спрадвечнай неабходнасці ахвяраваць сабой дзеля каханага”.

І гэта правільны вывад.

Бо няма ніякой жаночай залежнасці ад мужчыны. Гэта жанчыны эксплуататарскіх грамадстваў ахвяравалі сабой. А сённяшнія мужчыны абайдуцца!

На кагосьці давіць атмасферны слуп... А на даследчыц гендару давяць нарматыўны і інфармацыйны цíскі.

Нарматыўны ціск, гэта калі вы прытрымліваецеся пэўных сацыяльных нормаў. Інфармацыйны ціск – гэта калі вы абапіраецеся не на ўласны вопыт, а на інфармацыю, якую вам падсоўваюць іншыя людзі.

“Беларускія песні пра каханне з’яўляюцца універсальным сродкам рэалізацыі абодвух гэтых тыпаў ціску, бо ў іх адлюстраваныя як тыповыя мадэлі «правільных» паводзін, так і сацыяльныя нормы, грамадскія чаканні, якія датычаць паводзін дзяўчыны і хлопца”.

Далоў патрыярхальна-маскулінныя цíскі!

Вось жа, калі наступны раз завядзе нехта ў застоллі “Касіў Ясь канюшыну...”, задумайцеся: што вам спяваюць? І ці трэба вам удзельнічаць у замацаванні стэрэатыпных мадэляў?

Магчыма, у гэтай сітуацыі вам лепш будзе проста выйсці з-за стала.

Вам можа спадабацца