І Пазьняк памыляецца

Палітыка

І Пазьняк памыляецца

Развагі з нагоды аднаго гучнага інтэрвію

Не трэба паўтараць, што ў палітыцы трэба прытрымлівацца нормаў прыстойнасці: змагацца сумленнымі метадамі, публічна агучваць толькі сапраўдныя факты і не апускацца да маніпуляцый, нават тады, калі твой апанент не прыемны для цябе чыста па-чалавечы. Выглядае, што часам гэтага бракуе не толькі афіцыйным уладам, але і іх ананентам.

Такія думкі з'явіліся ў мяне пасля прачытання апублікаванага ўчора на сайце тыднёвіка "Новы час" інтэрвію пад назвай «Калі б вярнуўся, адразу пайшоў на магілу маці. Потым у Курапаты», якое дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання, член парламенцкай апазіцыі БНФ Лявон Баршчэўскі ўзяў у чалавека-легенды Зянона Пазьняка.

У ім колішні лідар парламенцкай апазіцыі БНФ з уласцівай яму катэгарычнасцю разважае пра палітычныя працэсы, парламентарызм, эміграцыю і інш.

Няма сумневу, што заслугі Беларускага Народнага Фронта, які стаў галоўным магільшчыкам камуністычнай сістэмы ў Беларусі, да гэтага часу не ацэнены належным чынам, хаця пра яго павінны быць дзесяткі кніг.

Справа, аднак, у іншым.

Ужо не першы раз Зянон Станіслававіч «праехаўся» па Яўгену Новікаву — таксама дэпутату Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання і члену апазіцыі БНФ, распавёўшы гісторыю пра тое, як гэтага "правакатара" выштурхнулі з яе шэрагаў.

Новікаў, па словах Пазьняка, у свой час нібыта апублікаваў злосны пасквіль на БНФ, а таму Фронт не мог не пазбавіцца "ад здраднікаў і агентуры" .

Гэтая гісторыя зусім не новая і была апісана ў кнізе Зянона Пазьняка і Сяргея Навумчыка «Дэпутаты незалежнасці», якая выйшла ў 2010 годзе. Аўтар гэтых радкоў, які тады рыхтаваў зборнік дакументаў і матэрыялаў пра дзейнасць апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Беларусі 12 склікання, натуральна, не мог абмінуць гэтае пытанне і задаўся даследчыцкай мэтай: знайсці шматпакутны артыкул Новікава.

Але ж чакала расчараванне:

пры праглядзе ўсіх зарэгістраваных перыядычных рэспубліканскіх дзяржаўных і недзяржаўных выданняў за 1991-1995 гады артыкул Новікава пра БНФ так і не сустрэўся.

Што да недзяржаўных, то перш за ўсё мелася левакамуністычнае выданне «Мы и время», якое на сваіх старонках палівала БНФ брудам. Нешта падобнае супраць БНФ адсутнічала і на старонках «Правоў чалавека» — выдання Беларускай лігі правоў чалавека, якую ў лістападзе 1992 года ўзначаліў сам Новікаў (лагічна дапусціць: ніхто не перашкодзіў бы Новікаву друкаваць там усё, што захочацца).

Да таго ж Зянон Станіславіч не згадвае дакладны час публікацыі Новікава, што не дзіўна.

«Новы час» раней публікаваў матэрыял пра гэтага Новікава, дзе чорным па белым напісана, што

і ў 1994 годзе прадстаўнікі апазіцыі БНФ (у прыватнасці, Лявонцій Зданевіч) адзначалі актыўную працу Новікава ў Вярхоўным Савеце, а сам Новікаў на старонках «Правоў чалавека» дазваляў сябе крытыку Аляксандра Лукашэнкі.

І вось амаль праз дзесяць гадоў пасля выхаду «Дэпутатаў незалежнасці» Зянон Пазьняк у інтэрв’ю з Лявонам Баршчэўскім удакладніў:

пасквіль на БНФ быў апублікаваны Новікавым у газеце «За передовую науку».

Мяне адразу ж адолелі сумневы, бо гэтая газета асобая.

У 1990 годзе (дакладна з №26) яна змяніла сваю камуністычна-папулісцкую назву і стала вядома чытачам як «Навіны Акадэміі навук Беларускай ССР» (пазней назва выдання ўдакладнялася яшчэ двойчы).

Дык навошта Новікаву друкавацца ў ведамаснай газеце, якая ў лепшыя часы выходзіла накладам у 700 асобнікаў?

Наступнае пытанне гучала так:

няўжо выданне флагмана беларускай навукі (ад Акадэміі навук у Вярхоўны Савет 12 склікання, дарэчы, трапілі фронтаўцы Зянон Пазьняк і Валянцін Голубеў) скацілася да таго, каб публікаваць на сваіх старонках правакацыйныя матэрыялы?

На шчасце, паважаны Зянон Станіслававіч не мае рацыі. Уважлівы прагляд у зале перыядычных выданняў Нацыянальнай бібліятэкі паказаў, што

ў нумарах «Навінаў», прынамсі, за 1990-1996 гады не маецца не толькі якіх-небудзь артыкулаў Новікава, але і ўвогуле опусаў знакамітых беларускіх палітыкаў таго часу.

Гэтае выданне не толькі не дазваляла сабе палітычных спекуляцый, але ўсяляк дыстанцынавалася ад палітыкі. Напрыклад,

«Навіны» цалкам праігнаравалі першыя прэзідэнцкія выбары і перамогу на іх Лукашэнкі.

Выданне абыйшло бокам і арганізаваныя новым рэжымам сумнеўныя кампаніі кшталту рэферэндумаў 1995 і 1996 гадоў. Амаль адзінае, што публікавала з палітыкі газета, дык гэта рэпартажы пра візіты вышэйшых дзяржаўных асобаў у Акадэмію: Вячаслаў Кебіч, Біл Клінтан, Аляксандр Лукашэнка (падчас свайго візіту ў лістападзе 1994 года заявіў, што Акадэмію прагнуць разбурыць дзялкі і прайдзісветы), Барыс Ельцын.

Калі ўзнікалі спрэчкі па тых ці іншых пытаннях, газета заўсёды прадстаўляла слова апанентам.

Так, у 1993 годзе ў адным з нумароў з’явіліся два артыкулы гісторыкаў Валянціна Мазца і Пятра Петрыкава, якія прадстаўлялі розныя погляды на фармаванне БНР і яе ролю ў гісторыі Беларусі.

У чэрвені 1996 года «Навіны» не пабаяліся выступіць у абарону важных гістарычных выданняў (у прыватнасці, «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі», «Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі», «Нарысы гісторыі Беларусі» (частка другая)».

Справа ў тым, што некаторыя «представители научной и творческой интеллигенции» праз «Народную газету» звярнуліся да «глубокоуважаемого Александра Григорьевича» і выказалі занепакоенасць тым, што гістарычная навука нібыта трапіла ў рукі «национал-экстремистов, претендующих на истину в последней инстанции». Яны сцвярджалі, што

вышэйадзначаныя выданні вылучаюцца не іначай як русафобіяй, носяць антырускі характар, што «неприемлемо вообще и не способствует развитию интеграционных процессов Сообщества Беларуси и России».

Сярод падпісантаў фігуравалі не толькі члены адыёзнага і скандальнага аб’яднання «Исторические знания», але і 

пісьменнік Іван Шамякін, мастак Міхаіл Савіцкі, акцёр Уладзімір Гасцюхін і нават спартсмен Аляксандр Мядзведзь.

У адказ «Навіны» апублікавалі заяву Рады Беларускай асацыяцыі гісторыкаў з крытыкай такіх поглядаў.

Увогуле, у першай палове 1990-х гадоў «Навіны» публікавалі матэрыялы амаль па ўсіх галінах навук. Гэтыя матэрыялы не сорамна чытаць і сёння.

То ці быў ганебны артыкул Новікава?

Хутчэй за ўсё, ніякага артыкула не было.

І гэтая легенда (як, дарэчы і іншыя накшталт таго, што Лукашэнка некалі хацеў ачоліць  БНФ альбо прапаноўваў Кебічу ўвесці пасаду віцэ-прэзідэнта) нарадзілася ўжо пасля таго, як Новікаў канчаткова перабег на праўладны бок.

Легенда павінна была апраўдаць парламенцкую апазіцыю БНФ, якая прагледзела ў сваіх шэрагах «агента».

З пункту гледжання палітыкі гэта зразумела.

Сумнеўнымі таксама выглядаюць сцвярджэнні Пазняка пра нейкае інтэрвію Новікава «Советской Белоруссіі».

Ва ўсялякім разе, аўтару, які працуе з падшыўкамі амаль усіх беларускіх газет першай паловы 1990-х гадоў, такое інтэрв’ю невядома.

І ўжо яўна не адпавядаюць рэчаіснасці словы Пазьняка пра тое, што Новікаў называў членаў БНФ фашыстамі.

Імя асобы, якая зрабіла гэта, вядома. Гэта зрабіў лётчык-касманаўт Кавалёнак,

які на дзясятай сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання ў кастрычніку 1992 года заклікаў «братьев-земляков белорусов» спыніць фашысцкі БНФ.

Уладзімір Васілевіч, трапіўшы ў беларускі парламент ў 1990 годзе, спачатку прытрымліваўся прагрэсіўных пазіцый, а потым скаціўся на савецка-вялікадзяржаўныя, чаму спрыяў яго ад’езд у Расію і праца на высокіх пасадах у вайскова-паветраных сілах гэтай краіны.

Яўген Новікаў з маральнага пункту погляду, канешне, спрэчная фігура. Ён здрадзіў сваім ранейшым палітычным поглядам і пайшоў на службу дзяржаўнай прапагандзе. Аднак не трэба навешваць на яго тое, чаго ён не рабіў. Кожнаму — па яго ўчынках. Гэты прынцып заўсёды павінен вытрымлівацца незалежна ад кан’юктуры і палітычнай мэтазгоднасці.

Вам можа спадабацца