Папяровая дзяржава

Міжнародныя дачыненьні

Папяровая дзяржава

Пра Саюз Беларусі і Расіі, які выкінулі ў макулатуру

9 сьнежня 2019 а 18:36

Васіль Герасімчык

Выданне, якое аглядаецца:

Беларусь и Россия: организационно-правовые основы интеграции (1996-2001 гг.) / Л.П. Козик, М.В. Мясникович, А.М. Абрамович и др. Минск: Полымя, 2001. – 335 с.

Чаго толькі не знойдзеш у крушнях макулатуры, якую дзеці цягнуць у школу! Тут і шматтомныя зборы цяпер нікому не цікавых пісьменнікаў, раманы Маргарэт Мітчэл і Колін Мак-Калаў...

Часам трапляецца і чытво на злобу дня, як выданне пра Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі, што выйшла да яе пяцігоддзя, на самым пачатку ХХІ стагоддзя.

Калектыў аўтараў, сярод якіх значыўся і Міхаіл Мясніковіч, распавядаў пра тое, што “…нашы народы, наперакор усім перашкодам і перапонам, зноў аб’ядналіся”. Менавіта ў такім спалучэнні: “зноў” і “аб’ядналіся”.

Ці ўяўлялі людзі, якія ўклалі тую кнігу, у ва што праз 18 гадоў ператворыцца Саюзная дзяржава, на якую ўскладалася столькі спадзяванняў, прыпраўленых настальгіяй па толькі што зніклай імперыі?  

“Мы – не ідэалісты. Мы – прагматыкі. Нам зусім ясна, што іншыя краіны далучацца да нас толькі ў тым выпадку, калі Саюзная дзяржава стане свайго роду мадэллю для пераймання, будзе моцнай і прыцягальнай, калі мы забяспечым сваім грамадзянам мірнае і годнае жыццё, дабрабыт і квітненне”.

Сёння мы ведаем, што “мадэллю для пераймання” Саюзная дзяржава так і не зрабілася, ператварыўшыся ў аб’яднанне з незразумелай простым людзям мэтай, існаванне якой напоўнена безупынным шэрагам эканамічных сутыкненняў і палітычных непаразуменняў.

Калі ж усё пачыналася ў 1996 годзе, жыхары Беларусі і Расіі мелі ў памяці вобраз СССР.

Ім не трэба было тлумачыць, што такое “Саюз”. 

Яны разумелі, што праца буйных прадпрыемстваў будзе немагчымай у  разарванай эканамічнай прасторы. І ў Мінску, і ў Маскве людзі глядзелі па тэлевізары праграму "Время".

Цяпер жа паўстала цэлае пакаленне грамадзян Рэспублікі Беларусь, неабцяжаранае ні супольнай савецкай мінуўшчынай, ні ўспамінамі пра недахоп элементарных рэчаў першай неабходнасці, якое не глядзіць тэлебачанне і  для якога “незалежнасць” – гэта ўжо не проста дэкларацыя.

Да таго ж ім ніколі не тлумачылі, “на хрена нам такой союз?”

Быццам прадбачачы тое, 18 гадоў таму адзін з укладальнікаў кнігі пра саюз Беларусі і Расіі  і аўтар прадмовы да яе – Леанід Козік (на той час намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь) зазначаў: “Інтэграцыя павінна ісці не толькі зверху, але і знізу, павінна быць запатрабавана самым жыццём”.

Таму не дзіўна, што як ніколі за апошнія гады, на вулічных акцыях ў Мінску было столькі моладзі.

“Мэтамі Саюзнай дзяржавы з'яўляюцца:

  • Забеспячэнне мірнага і дэмакратычнага развіцця брацкіх народаў дзяржаў-удзельніц, умацаванне дружбы, павышэнне дабрабыту і ўзроўню жыцця;
  • Стварэнне адзінай эканамічнай прасторы для забеспячэння сацыяльна-эканамічнага развіцця на аснове аб'яднання матэрыяльнага і інтэлектуальнага патэнцыялаў дзяржаў-удзельніц і выкарыстання рынкавых механізмаў функцыянавання эканомікі;
  • Няўхільнае захаванне асноўных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права;
  • Правядзенне ўзгодненай знешняй палітыкі і палітыкі ў галіне абароны;
  • Фарміраванне адзінай прававой сістэмы дэмакратычнай дзяржавы;
  • Правядзенне ўзгодненай сацыяльнай палітыкі, накіраванай на стварэнне ўмоў, якія забяспечваюць годнае жыццё і свабоднае развіццё чалавека;
  • Забеспячэнне бяспекі Саюзнай дзяржавы і барацьба са злачыннасцю;
  • Умацаванне міру, бяспекі і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў Еўропе і ва ўсім свеце, развіццё Садружнасці Незалежных Дзяржаў”.

Арт. 2 Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Падпісаны 8 снежня 1999 года Барысам Ельцыным і Аляксандрам Лукашэнкам.

Чаканне рэінкарнацыі СССР разбілася аб палохаючы вобраз энтэвэшнай Расіі, дзе героямі зрабіліся бандыты і алігархі, якія абрабавалі ўласны народ. Далей – болей, і пасля 2014 года на фоне падзей ва Украіне і Сірыі дыстанцыя паміж краінамі толькі павялічвалася.

Расія, кіраўніцтву якой “Саюзная дзяржава” дасталася ў нагрузку ад Барыса Ельцына і якое доўгі час не ведала, што з гэтым рабіць, застаецца ў свядомасці пераважнай большасці насельніцтва Беларусі галоўным стратэгічным партнёрам і “брацкай краінай”.

Але ці гатовыя мы да “аб’яднання”? Тым больш калі так і не зразумела, што гэта, насамрэч, значыць. У 2001 годзе усё выглядала больш відавочным:

1) галоўнымі мэтамі Саюзнай дзяржавы з’яўляліся эканамічныя і сацыяльныя задачы, пры гэтым найбольш значныя палітычныя пытанні павінны былі заставацца ў выключнай кампетэнцыі дзяржаў-удзельніц, у тым ліку дзяржаўныя сімвалы і іншыя атрыбуты дзяржаўнасці;

2) гарантавалася захаванне дзяржаўнага суверэнітэта: “на тэрыторыях дзяржаў-удзельніц працягваюць дзейнічаць канстытуцыі і іх нацыянальнае заканадаўства, захоўваецца сістэма дзяржаўных органаў улады, кіравання, судовыя і наглядныя органы, тэрыторыі дзяржаў-удзельніц захоўваюць права свабоднага выйсця з Саюзнай дзяржавы (праз усенародны рэферэндум). Грамадзяне дзяржаў-удзельнікаў з’яўляюцца адначасова грамадзянамі Саюзнай дзяржавы”. Апошняе, у сваю чаргу, дазваляла свабоднае перасоўванне грамадзян Беларусі і Расіі ў межах Саюза.

3) Самае ж галоўнае, Саюзная дзяржава павінна будавацца на падставе роўнасці: “Ні адна з дзяржаў-удзельніц не павінна панаваць у Саюзнай дзяржаве”.

4) Да ліку асноўных прынцыпаў адносіліся суверэнная роўнасць і ўлік узаемных інтарэсаў, узаемная выгада, дэмакратыя і павага правоў і свабод чалавека, супрацоўніцтва і ўзаемадапамога, дабраахвотнасць, выкананне ўзаемных абавязкаў.

Як паказала практыка, “роўнасці” і “адкрытасці” ў такіх пытаннях не атрымоўваецца, тым больш калі задзейнічаны дадатковыя ўдзельнікі, якія кіруюцца выключна ўласнай карысцю, а не інтарэсамі нейкіх там “народаў”.

Але ці будзе спынены працэс "саюзнага будаўніцтва", пра якое з такім імпэтам і надзеямі пісалі ў 2001 годзе?

Відавочна, што не.

Не трэба суцяшаць сябе думкай, што тысяча чалавек на плошчы перакрэсліць шлях даўжынёю ў 20  з гакам гадоў.

Яны ў стане пакуль толькі ўзмацніць пазіцыю аднаго з удзельнікаў працэсу, пачаткі якога апісвае гэтая знойдзеная ў макулатуры кніга.

Вам можа спадабацца