Каліноўскі – гэта таксама пра Расію

Меркаваньні

Каліноўскі – гэта таксама пра Расію

Шкада, што на пахаванні паўстанцаў 1863 – 1864 гг. у Вільні не было расійскіх сцягоў.

Бо пад каталіцкія рэлігійныя спевы пасля прамоваў прэзідэнтаў Польшчы і Літвы пахавалі людзей, якіх царскія ўлады асудзілі не проста на смерць, але і на забыццё не толькі за збройны чын супраць Імперыі, але і за тое, што яны

будзілі нянавіць да несправядлівасці па ўсёй Расіі і хацелі разнесці полымя барацьбы далёка на ўсход ад межаў былой Рэчы Паспалітай.

Мы сёння вельмі любім паўтараць, што паўстанне 1863 года заведама не мела ніякіх шансаў на перамогу. Палітыкі гавораць прамовы на магілах паўстанцаў, што тыя, загадзя ведаючы, што загінуць, ішлі на смерць, каб стаць прыкладам для наступных пакаленняў. Кастусь Каліноўскі з ягонымі лістамі-запаветамі выдатна падыходзіць на ролю такога героя.

Толькі мы забываем, што пісаліся гэтыя лісты ўжо пасля паразы паўстання і хутчэй за ўсё пасля смяротнага прысуду.

Любы ж правадыр палітычнага руху, а тым больш паўстання, павінен найперш разлічваць на перамогу і думаць не пра запаветы, а пра канкрэтныя справы.

Не буду тут закранаць пытанне аб мэтазгоднасці паўстання 1863 г. для беларускай нацыянальнай справы наогул, але Кастусь Каліноўскі быў выразна супраць таго, каб паўстанне пачалося. Ён неаднойчы гаварыў пра гэта пад час следства.

Каліноўскі не толькі хацеў расшырыць сацыяльную базу паўстання, ён хацеў перанесці яго на тэрыторыю Расіі.

Пачатак паўстання менавіта ў студзені-лютым 1863 г. быў палітычнай паразай. Паўстанне моцна ўзняло ўзровень расійскага шавінізму ў далёкай ад сацыяльнай і гаспадарчай стабільнасці Расіі.

Нягледзячы на жахі Каўказскай вайны малады граф Леў Талстой збіраўся ўзяцца за шаблю, каб “правучыць палякаў”.

Расійскае грамадства лёгка павялося на прапаганду аб сапраўднай ці віртуальнай пагрозе Імперыі і згуртавалася  вакол улады. Гэтага акурат і баяўся Каліноўскі і яго найбольш далёкабачныя паплечнікі.

У ваенным плане паўстанцы не мелі ніякай магчымасці перамагчы.

Разлікі на вайсковую інтэрвенцыю Францыі ды Англіі былі па сутнасці трызненнем, а Расія супраць некалькіх тысяч паўстанцаў ужыла ўсю моц сваёй вайсковай машыны.

Што гэта была за сіла, нават цяжка ўявіць.

Згадваюцца ўспаміны аднаго паўстанца, у якога на вачах казак адным ударам шаблі адсёк паўстанцу галаву.

Або расійскія пехацінцы, якія з асалодай намазвалі на хлеб масла для змазвання механізмаў чыгуначнага лакаматыва…

Гімназістам з паляўнічымі стрэльбамі ды сялянам з косамі было ніяк не перамагчы.

Апрача Каліноўскага гэта хіба што добра разумелі толькі адстаўныя расійскія афіцэры – Рамуальд Траўгут, Вінцэнт Козел-Паклеўскі, Людвік Нарбут

Мы збольшага ніколі не даведаемся аб сапраўдных матывах іх удзелу ў паўстанні, але мне здаецца, што тое пераважна было найперш шляхетнае жаданне дапамагчы суродзічам у іх безнадзейнай справе.

Нездарма Эліза Ажэшка пісала пра Траўгута, што

той пайшоў “за вогненым слупам” і загінуў у ім.

І Каліноўскі, і паўстанцы – былыя афіцэры расійскай арміі – мелі мноства сяброў у самой Расіі. Расійцы спачувалі палякам, многія ўжо нешта чулі пра Беларусь.

Яны бадай адчувалі, што ў самой Расіі “нешта не так”, але расійскае грамадства павінна было саспець да ўсеагульнага паўстання.

Толькі такое агульнарасійскае паўстанне было адзіным шансам на перамогу над царызмам.

Каліноўскі, відавочна, спадзяваўся на гэта, але рэвалюцыйны парыў жыхароў Каралеўства Польскага перакрэсліў гэтыя спадзяванні, паставіўшы Літву і Беларусь перад складаным выбарам – або падтрымаць паўстанне, або застацца ў баку.

Мне тут бачацца відавочныя паралелі з сённяшнім днём.

Расія заўсёды будзе побач з Беларуссю, і ў абсяжнай будучыні яна будзе імперыяй і будзе старацца захаваць свой імперскі статус. Не будзе ніякіх амерыканскіх танкаў у Маскве і ўкраінскіх сцягоў на Крамлі. Усё, што адбудзецца ў Расіі – адбудзецца ўнутры яе самой. І нам важна падтрымліваць любыя зрухі ўнутры Расіі, шукаць нават у гісторыі нашага супрацьстаяння пункты судакранання з расійскім грамадствам. Бо лозунг “За нашу і вашу свабоду” тычыўся не толькі народаў былой Рэчы Паспалітай, але і расійцаў.

Лістоўка да расійскіх салдат з заклікам не змагацца супраць братоў-славян. 1862 г.

А разам са словамі Каліноўскага “тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжо не будзе” трэба памятаць і яго словы “не праціўнік я шчасця народнага, не праціўнік я і Расіі, калі яна нам толькі дабра жадае”. Гэтыя лозунгі вельмі добра дапаўняюць адзін другога.