Пра памылкі памяці і дакумэнтаў

Палітыка

Пра памылкі памяці і дакумэнтаў

Прачытаў у ARCHE камэнтар гісторыка Аляксандра Кур’яновіча да інтэрвію, якое Зянон Пазьняк даў Лявону Баршчэўскаму (арыгінал публікацыі – газэта “Новы час”).

У гісторыяграфіі найноўшага пэрыяду Аляксандар Кур’яновіч робіць прыблізна тое, што робіць Сяргей Шапран у літаратуразнаўстве – абодва, па сутнасьці, выконваюць працу акадэмічных інстытутаў, якія не займаюцца ні біяграфіямі Быкава, Барадуліна, Бураўкіна, ні пэрыядам парлямэнтарызму часоў апошняй хвалі нацыянальнага Адраджэньня. 

Тыя дзьве кнігі  Аляксандра Кур’яновіча, якія я прачытаў (першая прысьвечана Вярхоўнаму Савету 12-га скліканьня, другая – Апазыцыі БНФ у ВС-12) уражваюць маштабам дасьледаваньня стэнаграмаў, дакумэнтаў і пэрыёдыкі тых часоў.  Перакананы, што ў будучым гэта будзе належным чынам ацэнена, але ўжо цяпер можна казаць пра  навуковы подзьвіг (назваў бы тыя кнігі ідэальнымі, калі б не адзін нюанс, пра які ніжэй).  

Тым больш нечакана было прачытаць нататку А. Кур’яновіча. Дакладней, не саму нататку,  а высновы, якія шаноўны аўтар нататкі зрабіў.

Кур’яновіч абвяргае словы Пазьняка пра дэпутата Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня Яўгена Новікава, які ў 90-я падпісваў заявы Апазыцыі БНФ. Дасьледчык піша, што не знайшоў публікацый, пра якія кажа Пазьняк. А менавіта, што ў газэце “За перадавую навуку” няма артыкула Новікава з крытыкай БНФ, не знайшлося крытычнага інтэрвію ў адносінах да БНФ у «Советской Белоруссии”, а “фашыстамі” фронтаўцаў назваў ня Новікаў, а дэпутат касманаўт Уладзімер Кавалёнак. Такім чынам, Пазьняк памыліўся (што і вынесена ў загаловак – “І Пазьняк памыляецца”).

Хто ж спрачаецца, можа памыляцца хто заўгодна, асабліва калі гаворка ідзе пра падзеі даўніной больш чым у чвэрць стагодзьдзя.

Але на падставе гэтага абвінавачваць Пазьняка ў “апусканьні да маніпуляцыяў” ды ў ігнараваньня нормаў прыстойнасьці, як гэта фактычна робіць Аляксандар Кур’яновіч – перакананы, несправядліва.

Увогуле, гэта нагода паразважаць над тым, у якой ступені можа быць недасканалая чалавечая памяць, а ў якой могуць памыляцца… дакумэнты. Так, здараецца і такое. І даволі часта.

Калі падманвае памяць

Памылкі памяці здараюцца ўва ўсіх, дэпутаты Апазыцыі БНФ не выключэньне. Тым больш што мы дзёньнікаў не вялі, а

асабісты архіў Пазьняка зьнік, як мне тлумачылі, падчас нападаў АМАПу на сядзібу БНФ па Варвашэні ў канцы 90-х гадоў.

Зянон Пазьняк і Сяргей Навумчык. Красавік 1995 г.

На шчасьце, шмат якія  дакумэнты парлямэнцкай апазыцыі захаваліся ў мяне, як і запісы, але і гэты архіў ня поўны.

Дасьледаваньняў жа таго пэрыяду (акрамя кніг Кур’яновіча) і некаторай колькасьці мэмуарных выданьняў – няма. Гэта ў Чэхіі пра “аксамітную рэвалюцыю” выйшлі дзесяткі кніг – у беларускіх жа акадэмічных гістарычных выданьнях толькі цяпер пачалі ўзгадваць дзень 25 жніўня 1991 (адным радком).

І таму даводзіцца аднаўляць час па дэталях, якія могуць падацца дзіўнымі (скажам, падзеі пачатку 90-х, зафіксаваныя на здымках Уладзімера Сапагова, мы разам з Палінай Сьцепаненкай з “Вытокаў” датавалі…  па наяўнасьці ў мяне гальштуку, пра які я дакладна ведаю, калі і дзе яго набыў (бо параіў мне яго мастак Барыс Забораў). Іншыя спосабы, у тым ліку і звароты да паважаных удзельнікаў зафіксаваных на фота падзеяў, выніку не давалі).

А вось іншы, камічны выпадак.

Неяк мне трэба было вызначыць дату, калі я зрабіў фотаздымкі паседжаньня Апазыцыі БНФ у нашым 363-м пакоі ў Доме ўраду. Гэта ці не адзіныя фотаздымкі з пасяджэньня апазыцыі, іншыя за гэтыя дзесяцігодзьдзі не ўсплылі (пэўна, іх і няма, ніхто не здагадаўся зьняць).  Фотастужка была  нятанная, праяўка і друк – таксама, таму на адну стужку здымаў месяц, а то і болей. На шчасьце, побач з тымі кадрамі былі іншыя, ідэнтыфікаваць якія можна было з дакладнасьцю да дня –  вясельле дэпутата апазыцыі Лявонція Зданевіча.

Тэлефаную Лявонцію, пытаюся:

“У якім месяцы ў 93-ім у цябе было вясельле?” – “Ні ў якім, - адказвае. – Я ажаніўся ў 92-м!”.  

Сытуацыя складаецца ідыёцкая, бо  я дакладна памятаю, што фотаапарат (так званую “мыльніцу”) мне падаравалі на новы, 93-ці год. Пачынаем спрачацца, удаецца угаварыць Лявонція зазірнуць у пашпарт.

Праз паўгадзіны паразвоньваю і чую:

“Сяргей, ты меў рацыю! Сапраўды, я ажаніўся ў 93-м!”.

Тут на год уласнага вясельля часам забываешся, а мы хочам, каб памяць захоўвала ледзь не загалоўкі газэт.

У чым  Пазьняк не памыліўся

Я абсалютна дапускаю, што ў дадзеным выпадку з назвамі Пазьняк мог памыліцца. 

Але ніякага намеру “маніпуляваць” у яго, перакананы, не было.

Бо публікацыя, дзе Яўген Новікаў рэзка нэгатыўна выказаўся ў бок БНФ, сапраўды была, недзе ў канцы 1992-га ці ў пачатку 93-га (з гэтага пэрыяду ён спыніў падпісваць заявы Апазыцыі БНФ).  Магчыма, гэта быў не артыкул, а інтэрвію, але я дакладна памятаю ксэракс тэксту з падкрэсьленымі  радкамі

Не магу ўзгадаць, якая гэта была газэта – тады з’яўляліся дзесяткі розных выданьняў, большасьць паміралі ўжо пасьля першага нумару, відавочна, ня ўсе яны паступалі ў бібліятэкі.

Памятаю і абмеркаваньне заяў Новікава на пасяджэньнях апазыцыі. 

Пазьняк узгадвае пра адно, а вось мне прыгадваецца, што іх было некалькі, бо з пэўнага часу нэгатыўныя выказваньні зь ягоных вуснаў у наш бок зрабіліся рэгулярнымі. Якія канкрэтна і ў якіх выразах – цяпер ужо і не прыгадаю.

Але, як слушна кажа Пазьняк, мы не рабілі з гэтай нагоды ніякіх заяваў.

Аляксандар Кур’яновіч піша, што касманаўт Кавалёнак назваў фронтаўцаў “фашыстамі”.  Зазначу, што ня толькі ён. Былі і іншыя, хто спачатку залічваў сябе да дэмакратычнай апазыцыі, а потым раптоўна (як нам тады падавалася) разварочваўся ў супрацьлеглы бок, і ня стрымліваў сябе ў лексыцы.

І тут дазволю сабе сказаць некалькі слоў пра мэтад працы Аляксандра Кур’яновіча, пра які ён сам аднойчы выказаўся і які, на маю думку, часам шкодзіць ягонай справе. У нейкім інтэрвію спадар Аляксандар заўважыў, што прынцыпова не зьвяртаецца да ўдзельнікаў падзеяў, бо іх, удзельнікаў, часта падводзіць памяць. Здаецца, было сказана больш экспрэсіўна, ну але зьмест такі.

Памяць сапраўды, як бачым, часам падводзіць.

Але адны толькі дакумэнты, без тлумачэньняў ці ўдакладненьняў ўдзельнікаў, могуць падвесьці яшчэ больш.

Нюансы адной перамогі

Аляксандар Кур’яновіч спасылаецца на свой сапраўды зьмястоўны артыкул, цалкам прысьвечаны Яўгену Новікаву.

У публікацыі Новікаў у пачатку 90-х гадоў падаецца як бескампрамісны змагар з камуністычным рэжымам, а потым і праціўнік аўтарытарных мэтадаў Лукашэнкі.

Ва ўсялякім разе, асабіста ў мяне адчуваньне ад тэксту менавіта такое.

У сваіх кнігах, там, дзе я пішу пра 1990-92 гады, я таксама падаю ягонае прозьвішча прад заявамі, прыгадваю дакумэнты апазыцыі, над якімі Яўген Новікаў працаваў. Што было – тое было.

Аляксандар Кур’яновіч піша пра пачатак палітычнай біяграфіі Новікава (у сакавіку 1990-га – лекара-кардыёхірурга 4-й гарадзкой бальніцы)  і адзначае, што ён балятаваўся ў акрузе з некалькімі канкурэнтамі, выйшаў у другі тур з “доктарам  гістарычных навук, загадчыкам рэдакцыі выдавецтва Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі” Міхасём  Ткачовым, прычым Ткачоў быў наперадзе, але ў другім туры Новікаў абагнаў гісторыка і перамог, абраўся дэпутатам.

Як быццам, нічога асаблівага – недзе філолаг перамагаў інжынэра, недзе – інжынэр філёляга. 

Ну а тут лекар перамог гісторыка. 

Усё нібыта правільна. Менавіта так гэта, напэўна, і адлюстравана ў дакумэнтах ЦВК, якія захоўваюцца ў архіве, і ў афіцыйным паведамленьні акруговай камісіі, якое было надрукавана ў газэце (трэба думаць, у “Вячэрнім Менску)”.

Новікаў – кардыёхірург 4-й бальніцы, Ткачоў – загадчык рэдакцыі выдавецтва БелСЭ.

Але ні ў ЦВК, ні ў газэце не пазначалася, што

Міхась Ткачоў быў яшчэ (а гэта – галоўнае!)  намесьнікам старшыні Сойму БНФ.

Не пазначалася, бо БНФ ня быў зарэгістраваны, афіцыйна яго не існавала ў прыродзе.

Рэальна ж,

Міхась Ткачоў, як і Юры Хадыка, быў намесьнікам Пазьняка, а значыць,  адным з галоўных дзеячоў у руху.

Міхась Ткачоў.

Як потым мне казалі менскія фронтаўцы (сам я балятаваўся ў Віцебску),

у другім туры на акругі Ткачова і Хадыкі былі кінутыя усе сілы, якія “вызваліліся” там, дзе нашыя кандыдаты перамаглі ў першым туры (Пазьняк, Грушавы, Вярцінскі).  

У такім кантэкстьце канкураваньне з Ткачовым і перамога над ім, пагадзіцеся, пазбаўляюцца нэйтральнага характару.

Гэта адназначна ўспрымалася як дзейнасьць на карысьць кіруючай камуністычнай намэнклятуры.  Ва ўсялякім разе, у менскіх актывістаў БНФ вясной 1990 было менавіта такое адчуваньне. Іншым яно проста не магло быць.

Але ў палітычным партрэце Новікава  гэтага няма.  Я ні ў якім разе не хачу абвінавачваць аўтара, кажучы ягонымі словамі, у “маніпуляцыях” – перакананы, справа тут у іншым.  Аўтар проста перадаверыўся дакумэнтам, не пажадаўшы паразмаўляць з удзельнікамі падзеяў. А дастаткова было пагутарыць  з актывістамі БНФ таго часу, і ўсё стала б на свае месцы. І было б зразумела, чаму ў многіх фронтаўцаў быў недавер да Новікава (нават тады, калі ён падпісваў заявы апазыцыі).  Пра недавер, між іншым, таксама не сказана.

І  стэнаграмы могуць хлусіць

Калі існуе доля ісьціны  ў фразе  “Хлусіць, як відавочца” – дык ня менш сумненьняў могуць выклікаць і дакумэнты, калі яны разглядаюцца асобна ад кантэксту.

А кантэкст можа быць і не зафіксаваны ў дакумэнтах і ў газэтных публікацыях. І калі мы гаворым  пра Вярхоўны Савет – дык часьцей за ўсё, ён якраз і не задакумэнтаваны.

Тыя ж стэнаграмы паседжаньняў ВС  былі толькі вяршыняй парлямэнцкага айсбэргу, у іх не адлюстраваныя ні праца ў камісіях, ні абмеркаваньне ў фракцыях, ні, нарэшце, кулюарныя перамовы. А менавіта там прымалася большасьць  рашэньняў. Пра што няма ні ў стэнаграмах, ні ў газэтах. Ды й не магло быць.

І вера ў дакладнасьць дакумэнта (стэнаграмы, пратакола) пры ігнараваньні сьведчаньняў удзельнікаў можа прывесьці да цалкам памылковых высноваў.

Вось прыклад, які тычыцца разьвязкі адной з самых лёсавызначальных для нацыі палітычных інтрыгаў найноўшай гісторыі.

Не аднойчы чытаў пра тое, як адразу пасьля інаўгурацыі Лукашэнкі ў ліпені 94-га Вярхоўны Савет пайшоў на канфрантацыю з новаабраным прэзыдэнтам, не падтрымаўшы ягоны высакародны жэст – вылучэньне на пасаду старшыні Канстытуцыйнага Суду свайго паплечніка па выбарчай кампаніі, дэпутата Дзьмітрыя Булахава.

У стэнаграме сапраўды зафіксавана: Лукашэнка вылучыў Булахава, але пры галасаваньні дэпутатаў ён не набраў належнай колькасьці “за”.

Але з Авальнай залі гэта выглядала па-іншаму. Дазволю сабе самацытату з кнігі “Дзевяноста чацьверты”:

“Пазьней мне сказалі пра пляны Булахава і Ганчара: як таранам, Кебіч выштурхоўваецца Лукашэнкам, Ганчар прызначаецца прэм’ерам, Булахаў – старшынём Канстытуцыйнага Суду. Пасьля шэрагу грубых парушэньняў Канстытуцыі (яны ведалі характар Лукашэнкі і такія парушэньні прагназавалі) Лукашэнка адхіляецца ад улады, Ганчар ідзе на выбары і абіраецца прэзыдэнтам; пасьля парлямэнцкіх выбараў Булахаў узначальвае Вярхоўны Савет.

Ажыцьцяўленьне гэтай шматхадовай камбінацыі абарвалася абраньнем Лукашэнкі, які разыграў уласную партыю.

Абяцаньне Ганчару Лукашэнка ня выканаў – прапанаваў яму толькі віцэ-прэм’ера.

А вось абяцаньне Булахаву – выканаў.

Улічваючы складаныя адносіны да Булахава ў Вярхоўным Савеце, вылучаць яго на фактычна пажыцьцёвую (адзінаццаць год кадэнцыі) пасаду можна было толькі пасьля кансультацыяў з парлямэнцкімі фракцыямі. Сумняваюся, што прадстаўнікам Лукашэнкі ўдалося б угаварыць дэпутатаў Апазыцыі прагаласаваць за Булахава – але нейкую частку былых прыхільнікаў Кебіча яны б угаварылі (у абмен на абяцаньне пасадаў). Заняло б гэта ня дзень і ня два.

Лукашэнка ж прапанаваў кандыдатуру Булахава адразу пасьля інаўгурацыі, што для многіх (калі ня ўсіх) было нечаканасьцю.

Дэпутаты націснулі кнопкі.

Галасоў не хапіла.

Я паглядзеў на Булахава – ён зьбялеў.

«Нічога страшнага, Дзьмітры Пятровіч малады чалавек, у яго ўсё наперадзе», – сказаў Лукашэнка.

І ўсьміхнуўся”.

Дзьмітры Булахаў.

Адчуць гэтае, так бы мовіць, вераломства (у дачыненьні да Булахава) можна было, толькі ведаючы кулюарныя парлямэнцкія асаблівасьці, а ўбачыць – толькі знаходзячыся ў Авальнай залі. Між іншым, галасавалі пайменнымі бюлетэнямі, кнопкамі толькі зацьвердзілі вынікі галасаваньня, але для больш дакладнай перадачы дынамізму сытуацыі я ў тэксьце апусьціў некаторыя фармальнасьці – у стэнаграме яны, канешне, ёсьць. Але ў стэнаграме няма галоўнага – фактычнага разьвітаньня Лукашэнкі з тымі, хто прывёў яго да ўлады.

(У якасьці камэнтара да гэтай, як сказаў бы яе ініцыятар, элегантнай апэрацыі з Булахавым, дадам, што ў той жа самы дзень тэрмінова выкліканы з Лёндану амбасадар Уладзімер Сянько сустрэўся са мной і папрасіў сустрэчы з Пазьняком; мы пагутарылі ўтрох, Сянько сказаў пра прапанову Лукашэнкі заняць пасаду міністра МЗС, спытаў, як апазыцыя да гэтага паставіцца. Мы сказалі, што падтрымаем. І падтрымалі пры галасаваньні. Лукашэнка пра тую размову, безумоўна, ведаў. А магчыма, нават і сам яе Сянько параіў. З Булахавым жа было зусім інакш.)

Уладзімер Сянько.

Я мог бы прывесьці і прыклады відавочных недакладнасьцяў ці прабелаў у стэнаграмах.

Вось цяпер ня могуць адшукаць, калі Віктар Ганчар пры прыняцьці Канстытуцыі прысароміў дэпутатаў, што, маўляў, яны баяцца Лукашэнкі, таму ня хочуць апусьціць плянку ўзросту прэзыдэнта з 40 да 35.

Адзін палітоляг прачытаў стэнаграмы некалькі разоў  – і не знайшоў. Але кожны дэпутат ВС-12 пацьвердзіць, што гэта – было. Некаторыя  заявы і выступы рабіліся не з трыбуны і не ад мікрафонаў і не патрапілі ў стэнаграму (асабліва гэта тычыцца сэсіі 24-25 сакавіка 1991, на што зьвярнуў увагу Зянон  Пазьняк у сваім  выданьні “Сэсія Незалежнасьці” (2011).

Шмат разоў даводзілася мне чытаць у розных аўтараў, што

дэпутаты БНФ не галасавалі за Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце 27 ліпеня 1990 г.

І на гэтым ставіцца кропка.

Насамрэч, некаторыя дэпутаты (аўтар гэтых радкоў у іх ліку) былі пакінутыя ў залі і галасавалі.

Але галоўнае – асноўная частка фронтаўцаў не галасавала толькі з моманту прыняцьця апошняга пункту ( за “новы саюзны дагавор”), перад гэтым жа дэпутаты БНФ выступалі і ўносілі папраўкі больш за сотню разоў (за два дні), і галасавалі па ўсіх разьдзелах.

Ужо не кажу пра тое, што дэпутаты БНФ падрыхтавалі першы праект Дэклярацыі.

Ведаю па сабе: калі пішаш пра пэрыяд, адметны дзясяткамі падзеяў і сотнямі ўдзельнікаў, здараюцца і памылкі, і прыкрыя апіскі (ня ўсё можа вылавіць і рэдактар). Але асабіста я ў сваіх кнігах і публікацыях імкнуся адлюстраваць падзеі гэтак, як яны бачыліся нам, дэпутатам БНФ, паказаць матывацыю нашых дзеяньняў, мэханізмы выпрацоўкі стратэгіі і тактыкі ў змаганьні за незалежнасьць і дэмакратычны шлях разьвіцьця. Гэта тое, чаго няма ў дакумэнтах, у архівах і бібліятэках, і пра што праз 30 гадоў (а мо і раней), калі нікога з нас ужо ня будзе ў жывых, ніхто ўзгадаць ужо ня здолее.

Але сьведчаньні і ацэнкі Зянона Пазьняка, які быў лідэрам нацыянальна-дэмакратычных сілаў у пераломны момант беларускай гісторыі, непараўнальна больш важныя і каштоўныя для будучых гісторыкаў. Выказвае свае ацэнкі Пазьняк і ў прыгаданым інтэрвію. І ягоныя ацэнкі цалкам адпавядаюць тым, якія мы мелі тады, у 90-х.

Так што “маніпуляцыі” тут ні пры чым.

Вам можа спадабацца