Творца, літаратурная эканоміка і глабальны капіталізм

Рознае

Творца, літаратурная эканоміка і глабальны капіталізм

Параўноўваем нобелеўскія лекцыі Віславы Шымборскай і Вольгі Такарчук

10 снежня 2019 г., у дзень, калі памёр сам Альфрэд Нобель, стваральнік найбольш ганаровай у свеце ўзнагароды за дасягненні ў сферы гуманітарыстыкі, у Стакгольме адбылася ўрачыстасць яе ўручэння, чаму папярэднічала афіцыйнае красамоўства лаўрэатаў, спіс якіх папаўняецца ад 1901 г.

Абодва разы, калі нобелеўскую літаратурную прэмію атрымалі польскія пісьменніцы, паэтка Віслава Шымборска і празаік Вольга Такарчук, я была ў Польшчы.

Першы раз, 3 кастрычніка 1996 г., паўсюль быццам высыпаліся газеты з фоткай, на якой Віслава Шымборска ў курылцы пісьменніцкага дому ў Закапаным, з цыгаркай між касцістых пальцаў пажылой жанчыны, сама не верыла, што з ёю гэта прыдарылася.

Віслава Шымборска.

Пішуць часам, як выдатная паэтка нават збіралася адмовіцца ад узнагароды ў старамодным перакананні, што яна “грэшная і негадзівая”. 

Было зусім інакш 10 кастрычніка 2019 г. Мінула ўжо 23 гады. Маніторы і людзі татальна гаварылі пра Вольгу Такарчук. Як муха, прама на вакзале, я патрапіла ў інфармацыйныя цянёты, і не ведаць пра гэта было немагчыма. Узрост, фрызура, звычкі, апошнія назвы твораў лаўрэаткі былі пададзены мне як пакет інфармацыйных паслуг “граціс”.

Акрамя маёй шчырай радасці за суседзяў, я мімаволі падумала, што Вольга Такарчук вельмі маладая лаўрэатка Нобеля. Шлях да такой высокай узнагароды цярністы. Трэба стаць сапраўды вядомым на ўвесь свет пісьменнікам. 

Тут больш нават падыходзіць выраз “стаць запатрабаваным на ўвесь свет”.

Заўважна, што век нобелеўскіх лаўрэатаў у галіне літаратуры маладзее. Раней, пакуль ты там станеш вядомым, пакуль надрукуешся, перакладзешся, завяжаш знаёмствы з пісьменніцтвам усяго свету…

Прынамсі, Мілашу тады было 69, Шымборскай – 73, нашай Алексіевіч – 67.

Цяпер жа светам уладарыць літаратурная эканоміка. Пісьменнік становіцца не абраннікам чытача тэт-а-тэт, а публічным героем грамадства. І не цяжка пры такім раскладзе назваць пісьменніка экспартным прадуктам нацыянальнай літаратуры і хутка яго “прасоўваць”. На жаль, гэта мала залежыць ад пісьменніка.

Як кажуць у нас: “Ты цяпер гонар айчыны”.

Не падлягае дыскусіі факт высокай узнагароды для названых польскіх аўтарак, але ўсё ж здаецца, што дзве гэтыя разумныя і таленавітыя пісьменніцы не надта камфортна адчувалі б сябе пад ганаровай налепкай “dumа narodowа”, хоць такія плакаты з Вольгай Такарчук умомант распаўсюдзіліся па Інтэрнэце.

І што з таго, што аўтарка ў сваёй Нобелеўскай лекцыі прапанавала

забыцца на нянадта складаны падзел літаратуры на вялікую і малую, на папсу і андэграўнд, прымкнуўшы вочы, суіснаваць з падзелам на жанры.

Такарчук на ўвесь свет прасіла “адмовіцца ад фармулёўкі “нацыянальныя літаратуры”, усведамляючы, што ўсе мы жывем у супольнай літаратурна-касмічнай прасторы, і

гэта наш unus mundus, адна і тая ж псіхарэальнасць, у якой спалучаюцца нашыя чалавечыя досведы.

Кажучы мовай літаратурнай эканомікі, аўтарка ўявіла сабе пэўныя літаратурныя ўмовы, але жыве ў іншых.

Нічога, мабыць, няма заганнага ў тым, што Нобель чыста па-гаспадарачаму цяпер лічыцца профітам дзяржавы, а не толькі творцы.

Трэба прызнаць, што пісьменнікаў накачваюць рознымі літаратурнымі прэміямі, каб выклікаць новы вір камерцыйнага попыту.

Пасля важнай навіны пра прызнанне таленту Вольгі Такарчук кнігарні пачалі шумна выстаўляць на кніжных паліцах яе кнігі, а перакладчыкі падпісваць іх, быццам гэта яны сталі лаўрэатамі прэміі.

Машына профіту закруцілася на нашых вачах: арганізоўваюцца новыя сустрэчы, дадрукоўваюцца новыя наклады, дапісваюцца пачатыя пераклады.

Стварылася грамадская ініцыятыва “Мы ганарымся Вольгай Такарчук”.

Хто з кніжкай Такарчук ехаў у гарадскім транспарце Уроцлава – той не купляў білет. 

Цяжка сёння аддзяліць эканоміку ад чыстай гуманітарыстыкі і культуры. Відаць, гэта адчуваў і сам Альфрэд Нобель. Канешне, ягоная ўзнагарода ў літаратуры з’явілася прамым наступствам ягоных эканамічных дасягненняў.

Cам жа Нобель памёр у канцы XIX ст., не сфармуляваўшы такой намінацыі, як узнагарода за эканоміку. Тым больш, за эканоміку літаратурную. Яго немалы гаспадарчы профіт з патэнту на выбуховыя рэчывы скіраваны быў на недахоп духоўнасці, натхнення і “czułości do ludzi”, пра што і казалі абедзве польскія лаўрэаткі ўзнагароды Нобеля ў сваіх высокіх прамовах у сталіцы Швецыі.

Векавая традыцыя Нобелеўскай лекцыі пацвярджае, што менавіта яна з’яўляецца галоўнай падзеяй у цырымоніі.

Больш важнай, чым уручэнне “канверту”.

Важнейшае “Я ёсць”, чым “Я маю”, як казаў папа рымскі Ян Павал ІІ.

Быццам цытуючы яго, гэты акцэнт уключае ў сваю нобелеўскую лекцыю і Вольга Такарчук:

„Я ёсць – найважнейшы і найдзіўнейшы выраз у свеце”.

Гэта вялікае выпрабаванне для аўтара – выступіць з лекцыяй перад уручэннем самой прэміі, яго апошняе публічнае слова для ратавання сябе ад пераследу профіта. Выглядае на тое, што паводле хітрага сцэнару Альфрэда Нобеля, аўтар павінен адасобіць сябе ад камерцыйных стратэгій, нагадаць пра вернасць гуманітарыстыцы.

Ён павінен даказаць вялікаму шведскаму мецэнату, што не ўкінуты на літаратурны рынак зацікаўленымі коламі, што ён шчаслівае дзіця таленту і натхнення, магчыма, ён увасабляе чыюсьці “тугу па сапраўднаму”.

Як толькі ў лекцыі прагучыць панятак “літаратурнага дэфіцыту”, як толькі мільгане думка пра “цану кнігі” ў катэгорыях кошту паперы, цвёрдай вокладкі і накладу, як толькі нехта з прамоўцаў скажа пра “інфляцыю каштоўнасцяў” – трэба адмаўляцца ад узнагароды.

Бо нехта ж павінен разрозніваць мову культуры і эканомікі, гуманітарыстыкі і камерцыі.

Вох, цяжкая гэта справа!

Таму слухаць або чытаць Нобелеўскія лекцыі вельмі цікава. Цікава іх параўноўваць.

Гэтак геніяльная Віслава Шымборска ў сваёй Нобелеўскай лекцыі, што аб’ёмам займала не больш за чатыры старонкі, ды адняла не больш 15 хвілінаў часу, выбрала выключны спосаб адасобіцца ад эканомікі –

шляхам абвяшчэння “паэтаў” беспрацоўнымі і паразітарнымі элементамі грамадства.

З уласцівай ёй іроніяй Шымборска сцвярджае, што паэты не працуюць, а ў эксклюзіўным стане натхнення задаюць адвечныя пытанні, і ў гэтым працэсе ў іх невычарпальна шмат “працы”. Каб іх з “брутальным прыніжэннем” не запісалі ў дармаеды, яны змушаны часам прыкрывацца  прафесіяй “літаратар”. Нават тыя людзі, што проста працуюць, дадаючы ў штодзённасць крыху натхнення, становяцца “паэтамі сваёй справы”.

Відавочны 1:0 на карысць гуманітарыстыкі.

Вольга Такарчук абрала іншыя вобразы, "настоеныя" на сучасным глабалізме і місіянерскім гучанні.

Пісьменнік нараджаецца з космасу – прыкладна так распавяла 07 снежня 2019 году ў сваёй Нобелеўскай лекцыі лаўрэатка:

… у маленстве  я была перакананая, што мама знайшла мяне на радыёхвалях, пакручваючы колка прыймальніка. Быццам чуйным радарам яна абмацоўвала неахопныя касмічныя абшары, шукаючы адказ на пытанне – адкуль і калі я прыбуду.

Не “з’яўлюся”, а менавіта “прыбуду”.

Такарчук – пасланка космасу, місіянерка ўсёахопнай “узаемнасці”.

У касмічных вымярэннях перастае існаваць банальны “жывы чалавек з душой” – гэта ўжо “пасланец-прапаведнік” універсальных праўдаў, сатканы на касмічных кроснах з радыёхваляў. Ён адкрыты да “ўзаемнасці” з чалавецтвам. Ён прыхільнік “татальных ведаў”, “татальнага Інтэрнэту”, “татальнай музыкі”, “пансафізму”, „універсальнага досведу” і “універсальных літаратурных тэкстаў”.

Вось такія яны – сучасныя гуманітарыі, ратавальнікі сусвету.

Прыбышы з літаратурнага космасу не могуць жыць па зямных законах эканомікі, і тут у лаўрэаткі вялікае гуманітарнае алібі:

Магчыма, каб не патануць у вялікай колькасці тытулаў і прозвішч, мы пачалі дзяліць велізарнае левіяфанава цела літаратуры на напрамкі ды жанры, якія ўспрымаем, як віды спорту, а пісьменнікаў ды пісьменніц лічым прафесійнымі спартоўцамі на спаборніцтвах. Менавіта агульная камерцыялізацыя літаратурнага рынку мела вынікам падзел на літаратурныя напрамкі – на іх падставе ладзяцца кірмашы і фестывалі “гэткай” літаратуры” і “нягэткай”, дзе ўсё адбываецца паасобку ў створаным коле зацікаўленых чытачоў, якія задавольваюцца дэтэктывамі, фэнтэзі або навуковай фантастыкай. <...> Усё болей літаратура, створаная з напрамкаў і жанраў, прыгадвае формачкі для кексаў, калі выдаюцца абсалютна падобныя да сябе вынікі, іх прадказальнасць стала лічыцца прыярытэтам, а банальнасць – дасягненнем. Чытач ведае, што ён замаўляе і атрымлівае дакладна тое, на што спадзяваўся. Інтуіцыйна я заўсёды была супраць такіх падыходаў, паколькі яны пасягаюць на пісьменніцкую свабоду, вядуць да абмежавання эксперыменту і забароны на трансгрэсію, што для творчасці з’яўляецца неад’емным станам. <...> Падзел на напрамкі і жанры з’яўляецца вынікам камерцыялізацыі ўсёй літаратуры, эфектам успрымання яе як прадукту на продаж, з усёй філасофіяй брэнду, таргетавання і падобных вынаходніцтваў сучаснага капіталізму.   

У гэтым вельмі важным фрагменце сваёй прамовы Вольга Такарчук незаўважна падмяніла слова “натхненне” на больш сучаснае і гучнае слова “трансгрэсія” – выйсце за існуючае абмежаванне. За межы камерцыйнай мэтавасці.

Яна нават нешта прабуркала ў адрас глабальнага капіталізму.

Наколькі камеральнай і сарамлівай падаецца на гэтым фоне Віслава Шымборска са сваім старэчым пошукам “натхнення”, успрымаючы яго як клапатлівы даважак да душы, рашуча “адбіраючы ў паэтаў манаполію на натхненне”, раздаючы яго людзям, самім гэтым фактам руйнуючы навязлівае ўмяшальніцтва эканомікі ў літаратурны працэс:

…натхненне не з’яўляецца выключным прывілеем паэтаў ці творчых асобаў наогул. Ёсць, была раней і заўсёды будзе неакрэсленая група людзей, да якіх завітае натхненне.

Замест таго, каб верыць у Дзедаў Марозаў, давайце напярэдадні Раства і Новага году паверым у натхненне, якое можа да кожнага з нас завітаць. Але дзякуючы штогадовай снежаньскай цырымоніі ўручэння Нобелеўскай узнагароды мы можам верыць і ў касмічных прыбышоў, што ў форме кніжак сядуць на нашыя паліцы і “чула” распавядуць нам пра “ўніверсальны розум”.

Глядзіш, так і "трансгрэсіі" нарэшце дасягнем.