Петэр Хандке і Вольга Такарчук, два нобелеўскія лаўрэаты

Рознае

Петэр Хандке і Вольга Такарчук, два нобелеўскія лаўрэаты

З таго часу як Нобелеўскія лекцыі можна глядзець на youtube, мы можам бачыць не толькі што, але і як кажуць нобелеўскія лаўрэаты.

А калі іх двое ў адзін год – грэх не стварыць нобель-мікс.

Ён гаворыць ціха, ледзь чутна.

Яна гаворыць дабразычліва.

Ён заўважна ўзрушаны і ледзьве трымае сябе ў руках, расказваючы гісторыю хлопчыка-байструка з яго вёскі.

Яна застаецца засяроджанай.

Ён спявае і заклінае, яна застаецца разважлівай і звяртаецца да сумлення і розуму.

Ён палову прамовы сыпле імператывамі (хаця гэта самацытата):

будзь непрадузяты, нічога не замоўчвай, углядайся ў невядомае, ідзі па вёсках.

Яна гаворыць, што эпохі перавагі чалавека і яго веры ва ўласны кантроль над светам скончылася. Што свет памірае, а мы гэтага нават не заўважаем. І што мы павінны бачыць яго як сетку сувязей і ўплываў.

Ён пачынае са сваёй маці, якая ў дзяцінстве пераказвала гісторыі з вёскі (часцей за ўсё – пра братоў, палеглых на вайне) і ён быў перакананы, што пераказвала толькі яму.

Яна пачынае са сваёй маці, якая была смутнай на фотаздымку і на пытанне чаму адказвала: бо цябе яшчэ са мной не было. Хіба можна смуткаваць па чымсьці, чаго яшчэ няма?

Ён пераходзіць на славенскую (адну з моваў ягонага дзяцінства), чытаючы літанію да Маткі Боскай, што гучала ў раманскіх скляпеннях яго дзяцінства, як прыклад той мелодыі, што сфармавала яго як пісьменніка. Нялоўка выбачаецца за тое, што ўрывак на славенскай, славянскай: гэта не будзе занадта доўга.

Ён зноў і зноў заклінае, няхай і самацытуючы: “вайна, пакінь нас у спакоі” і “хіба ваша вайна не засталася мінулым?”

Яна ўглядаецца ў будучыню і хоча ўбачыць там новую форму апавядання, якая спалучала б у сабе  погляд усяго жывога, і несла ў сабе іншы від адказнасці за свет. Гэта будзе нарацыя ад чацвёртай асобы, якая не будзе выключаць нікога і нічога і будзе сінтэзаваць у сабе ўвесь свет.

Ён: надзеі няма і ў нас жыве горыч, але давайце пакажам наш супраціў, дакажам, што магчымы пацалунак – хай сабе ледзь адчувальны – і блаславенне.

Яна: цяжка ўлоўнае адчуванне, што са светам штосьці не так. Неабмежаваны доступ да інфармацыі не зрабіў людзей больш мудрымі, а падзяліў свет на фрагменты і на кавалкі інфармацыі, якія ўзаемна выключаюць адно аднаго. У гэтым свеце калі здараецца нешта, пра што не было паведамлена, – яно як быццам бы і не здаралася ніколі.

Ён: форма і ёсць закон.

Яна: свет – гэта тканіна. Свет сатканы са словаў. Гэта могуць быць словы любові або нянавісці. Апавяданне – спосаб упарадкавання агромнай колькасці інфармацыі, прапускання яе праз сябе і пошуку аказу на пытанні: чаму так здарылася? Што гэта значыць?

Ён расказвае пра маладога чалавека перад вітрынай кнігарні ў Осла, што глядзіць на першую сваю выдадзеную кнігу.

Для яе чытач – сутворца твору.

Ён: ніхто з вас не вінаваты.

Яна: пачуццё віны перад тымі, хто будзе пасля нас.

Яго маршруты – гэта эпічныя экскурсіі, індывідуальныя экспедыцыі.

Яна: мы жывем ў свеце нарацый ад першай асобы. Але падзел на “мой” і “твой” пачынае быць дыскусійным.

Ён: магчыма, і не існуе ніякай вартай даверу веры. Але ёсць вартая даверу вера ў трымценне перад Богам.

Яна: літаратура – агора, дэмакратычная прастора, дзе кожны мае права слова. Літаратура збудавана на чуласці, яна дае голас тым, хто яго не мае,  у тым ліку звярам, раслінам, прадметам.

Петэр Хандке і Вольга Такарчук, нобелеўскія прамовы лаўрэатаў па літаратуры за 2018 і 2019 год.

Вам можа спадабацца