Гуртуемся вакол прэзідэнта ─ абаронцы айчыны

Палітыка

Гуртуемся вакол прэзідэнта ─ абаронцы айчыны

"Расійская пагроза" як паліттэхналогія і сродак дэмабілізацыі "незалежніцкага" электарату

16 сьнежня 2019 а 11:29

Валер Булгакаў

Нагнятаем псіхоз страты незалежнасці

Як, вы яшчэ не ведаеце? Беларусі пагражае страта незалежнасці!

Гэта толькі млявы не абмяркоўвае.

Сёння, калі я пішу гэтыя радкі, 15 снежня. І ўсяго пару дзён таму назад  на "Белсаце" выйшаў рэпартаж, які не пакіне абыякавым сапраўднага патрыёта сваёй айчыны:

Я не ведаю, хто такі Сергей Скамейко і ці сапраўды ён існуе. Але ўчора ён (ці нехта ад яго імя) затэгаў гэтым відэа мой профіль у Фэйсбуку, а яшчэ профілі амаль 50 чалавек, збольшага актывістаў-энтузіястаў самі-знаеце-якога-руху.

Як і варта было чакаць, такая навіна такіх людзей не пакінула ў абыякавасці.

Людзям стала страшна.

Дзіва што:

Расея падступае, Бацькаўшчына ў небяспецы.

З намі будзе як з Крымам!


Ну і што з таго, скажаце вы: такія ўкіды і раней былі. І ўвогуле Белсат гэта замежнае СМІ.

Адразу адкрыю карты: нагнятанне псіхозу страты незалежнасці можа быць не проста чарговым укідам, але новым элементам выбарчай кампаніі ўладаў.

На аргумент пра Белсат можна адказаць аргументам пра Фэйсбук: Фэйсбук таксама дэ факта замежнае СМІ. Але ж эфектыўна працуе, калі захацець!

Баронім незалежнасць разам з прэзідэнтам

Пра тое, што барацьба за незалежнасць цяпер набыла новыя акцэнты, мяне змусілі падумаць не публічныя акцыі ў Мінску, а цяпер і ў Гародні, а інфармацыя , што 11 сьнежня на сходзе ўсёй апазіцыі было пастаноўлена:

Дазволіць людзям прыходзіць з чырвона-зялёнымі сцягамі і не перашкаджаць прысутнасці дзяржаўнай сімволікі.
Дамагчыся прыёму ў прэмʼер-міністра Сяргея Румаса і іншых VIP-чыноўнікаў.
Запрасіць на акцыі за незалежнасць БРСМ, «Белую Русь» ды іншыя прадзяржаўныя структуры.

Яно і то ясна: калі вораг ля парога роднай хаты, не час думаць пра тое, што нас раз'ядноўвае. Згуртуемся ўсе разам, забудземся пра падзелы!

Упершыню за доўгі час апазіцыя гатова выступіць з уладай адзіным фронтам, праўда, як малодшы партнёр: усе сілы кінем на тое, каб дабіцца прыёму ў ліберальнага Сяргея Румаса, які часам з жонкай гаворыць па-беларуску!

Выглядае, аднак, што адчуванне страты незалежнасці ў снежні 2019 ─ гэта мясцовы беларускі сюжэт. Ніхто з сур'ёзных экспертаў з Расіі цяпер не гаворыць пра такі сцэнарый. Гляньце свежы артыкул з красамоўнай назвай "Поглощение, которого нет. Почему Кремль не может выбить уступки из Лукашенко" на сайце Маскоўскага цэнтра Карнегі ці "Далучэньне Беларусі да РФ расейцы ўспрымуць як «пасадзілі нам на шыю новых дармаедаў" на сайце Радыё Свабоды.

Адкуль жа жаданне падтрымаць улады? З таго простага факту, што Расея пакуль не дае афіцыйнага Мінску нізкіх цэнаў на газ і нафту на наступны год, патрабуючы палітычных саступак.

Вы гэта сур'ёзна? Тое, што Лукашэнка пакуль у чарговы раз не дамовіўся з Масквой ─ страта незалежнасці?

Не хвалюйцеся ─ дамовіцца, і незалежнасць пакуль не страціцца.

Хто і што сапраўды пагражае незалежнасці

Незалежнасці Беларусі пагражае не Расія, а фармат адносін з гэтай краінай, выбраны прэзідэнтам Лукашэнкам у сярэдзіне 1990-ых. Гэты фармат у галіне эканомікі ўлады не ў сілах змяніць без найглыбейшага эканамічнага шоку, і таму яны пойдуць на гэта толькі ў разе поўнай нявыкруткі (што азначае, што найхутчэй ніколі не пойдуць). У галіне палітыкі такі фармат прадукуе крызісы прынамсі ад 2003 г., калі Расія ўпершыню выкарыстала газавую трубу як палітычную зброю, і будзе прадукаваць іх надалей.

Не Расія прымусіла Беларусь у 1990-ыя выпрацаваць такі фармат адносін. Напачатку гэта была ініцыятыва новаабранага беларускага прэзідэнта.

Дый і цяпер мала што змянілася. Як-ніяк ─ мы адзін народ.

Больш за тое, Расія не ёсць суб'ектам унутранай беларускай палітыкі, і з ёй бессэнсоўна змагацца ўнутрыпалітычнымі сродкамі.

Калі апазіцыя хоча зменшыць расійскую пагрозу, яна павінна дабівацца не сустрэчы не Румасам, а перагляду існых беларуска-расійскіх дамоўленасцяў, у прыватнасці пра стварэнне Саюзнай дзяржавы, а не ўспрымаць іх як нешта дадзенае звыш.

Увогуле, апазіцыя павінна змагацца ў краіне за ўладу, а не выступаць з тымі сіламі, якія гэтую ўладу захапілі, адзіным фронтам супраць уяўнай замежнай пагрозы падчас штучна створанага псіхалагічнага крызісу.

Стратэгія "апазіцыя заадно з уладамі бароніць незалежнасць" самагубчая, бо яна заклікае згуртавацца з тымі сіламі, якія гэтай незалежнасці пагражалі, пагражаюць і будуць пагражаць.

Паўтару яшчэ раз: пагроза незалежнасці Беларусі будзе існаваць датуль, пакуль дзейнічае дамова пра саюзную дзяржаву з яе такімі атрыбутамі як супольны парламент і валюта, і ў шырокім сэнсе датуль, пакуль будзе існаваць негалосная здзелка паміж Крамлём і афіцыйным Мінскам "танная нафта і газ наўзамен на русіфікацыю".

Высновы: "Расійская пагроза" як паліттэхналогія і сродак дэмабілізацыі "незалежніцкага" электарату

Падобна, што паліттэхнолагі, якія абслугоўваюць уладу, вырашылі не здавальняцца няздольнасцю апазіцыйных сілаў выпрацаваць пераканаўчую персаналізаваную альтэрнатыву Лукашэнку на будучых выбарах, а максімальна дэзарыентаваць т.зв. "апазіцыйны" або "незалежніцкі" электарат. 

"Расійская пагроза" як паліттэхналогія апелюе да святога для "незалежнікаў" ─ незалежнасці краіны.

Разумаванне тут простае.

Апазіцыя слабая і раз'яднаная, таму абараніць яе яна не ў сілах.

Абараніць яе можна толькі той, хто не знае паразаў ужо 25 з гакам гадоў.

Правільна, цяперашнія ўлады.

Ну, хацелі яны раней аб'яднацца з Расіяй.

Кто старое помянет тому глаз вон.

Элегантная перамога цяпер ─ не проста пераабранне Лукашэнкі на пяты тэрмін. Гэта"незалежніцкі" электарат, які верыць, што толькі моцны Лукашэнка здольны абараніць нашу незалежнасць.

Вам можа спадабацца