«Брэксіт – гэта аб'яднанне Нямеччыны ў вывернутым выглядзе» –
сказаў вядомы балгарскі палітолаг Іван Красцеў у адным інтэрв'ю пасля таго, як былі аб'яўлены вынікі рэферэндуму па Брэксіце ў чэрвені 2016 года.
«Перыяд еўрапейскай гісторыі, што пачаўся ў 1945 годзе, сёння закончыўся»
– мнагазначна дадаў ён.
«Брэксіт – гэта перамога старасці над маладосцю, недаадукаванасці над адукаванасцю, нацыяналізму над інтэрнацыяналізмам»
– гэта словы Оўэна Мэцьюса, публіцыста ўплывовага часопіса Newsweek. У іншым месцы той жа аўтар пазначае:
«Брэксіт (...) – гэта прадукт мяшанкі страху і фантазёрства».
Такія цытаты можна множыць. Згодна з мэйнстрымным поглядам,
Брэксіт - гэта выпадковая перамога правых папулістаў-рэтраградаў.
Давайце паглядзім, наколькі гэта перамога «выпадковая» і наколькі яна «правая» (а тое, наколькі яна «рэтраградная», кожны хай сам судзіць).
Насамперш трэба падкрэсліць, што
гісторыя Брэксіту пачынаецца не ў 2016 годзе, а ў 1970-ых гадах, фактычна адначасова з уступленнем Злучанага Каралеўства ў Еўрапейскую эканамічную супольнасць (ЕЭС).
І так:
У 1973 годзе Каралеўства ўступае ў ЕЭС па рашэнню тагачаснага ўраду. Водле апытання Гэлапа, грамадская думка была тады падзелена амаль пароўну.
У лютым 1975 года, водле апытання таго ж агенцтва, 41% – за Брэксіт і 33% – за тое, каб застацца. Урад Харальда Ўілсана ўсё ж пастараўся дамагчыся новых, нашмат больш прывабных умоў для Каралеўства. У выніку на чэрвеньскім рэферэндуме таго ж года 67% прагаласавал за быццё ў ЕЭС, а 33% – за Брэксіт.
Прайшлі чатыры гады. У апытаннях 1979 г. (праводжаных агенцтвам MORI) ужо такая карціна:
60% – за Брэксіт і 32% – за быццё ў ЕЭС.
У наступным, 1980 г., яшчэ горш:
65% – за выхад з еўрапейскіх супольнасцў і толькі 26% – за тое, каб застацца.
Больш-менш стабільная перавага праеўрапейцаў усталявалася пад канец васьмідзясятых, але разрыў быў заўсёды невялікі (3 – 10%). Такі стан устрымліваўся аж да 2015 года, калі Дэйвід Кэмеран, тагачасны лідэр кансерватараў, паабяцаў у выпадку перамогі на парламенцкіх выбарах арганізаваць новы рэферэндум. Мабыць,
разлічваў на тое, што, хоць з невялікай перавагай, прыхільнікі быцця ў Еўразвязе выйграюць.
Відаць, пралічыўся. На рэферэндуме-2016 перавага была на баку еўраскептыкаў: 51,9 – за Брэксіт і 49,1 – за быццё ў ЕЗ.
Апошнім акордам у гэтай эпапеі сталі парламенцкія выбары 12 снежня гэтага года.
Група трох партый, аб'яднаных пад назвай «Unite to Remain», што ішлі на выбары з абяцаннем адмены Брэксіту, сумарна здабыла мізэрныя 13,1% галасоў падтрымкі.
А партыя кансерватараў пад кіраўніцтвам Борыса Джонсана, якая падчас гэтых выбараў адназначна асацыявалася з Брэксітам, атрымала нечуваную перамогу: 43,6% выбарцаў прагаласавала за яе.

Лейбарысты заўжды былі і застаюцца падзеленымі ў гэтай справе.
Цяперашні іх лідэр, Джэрэмі Корбін, – гэта ветэран барацьбы за Брэксіт, які толькі нядаўна ператварыўся ў стрыманага сімпатыка быцця ў ЕЗ.
Што можам цяпер – на базе прыведзеных вышэй лічбаў – сказаць наконт «выпадковасці» Брэксіту?
Цяпер пару слоў наконт «правага папулізму».
Хто выступаў за Брэксіт падчас рэферэндуму-1975? Гэта былі прафсаюзы, камуністы, левае крыло лейбарыстаў (у тым ліку Корбін), левая газета Morning Star. Ну і ўсе нацыяналісты, апрача ірландскіх.
Хто выступаў за Брэксіт у 2016? Большая частка кансерватараў, значная частка лейбарыстаў, кааліцыя прафсаюзаў і сацыялістаў, сацыял-дэмакраты, класічныя лібералы, усе камуністычныя партыі (іх у Каралеўстве цэлыя тры), ну і рознай масці брытанскія нацыяналісты.
Нацыяналісты іншых народаў (шатландскія, ірландскія і валійскія) былі за тое, каб застацца ў ЕЗ.
Як бачым, ну ніяк не атрымліваецца расфасаваць «Брэксіт – быццё ў ЕЗ» водле лініі «правыя – левыя». Прадстаўнікі розных палітычных опцый падтрымлівалі Брэксіт, прычым левыя сілы – калі глядзець у маштабе пяцідзесяці гадоў – дамінавалі сярод еўраскептыкаў.
Ці мэйнстрымныя аналітыкі захочуць перагледзець таксама іншую тэзу, што, маўляў, прыхільнікі Брэксіту – гэта цёмная маса старых фрустратаў?