Ці хлусяць стэнаграмы

Палітыка

Ці хлусяць стэнаграмы

Рэпліка з нагоды дыскусійнага артыкула Аляксандра Кур'яновіча і адказу на яго Сяргея Навумчыка

«І стэнаграмы могуць хлусіць», піша Сяргей Навумчык у артыкуле «Пра памылкі памяці і дакумэнтаў», апублікаваным у газеце ARCHE 10 снежня 2019 года. Фактычна ён аддае перавагу памяці, сцвярджаючы, што, маўляў, стэнаграмы, у гэтым выпадку Вярхоўнага Савета, могуць хлусіць.

У якасці пацверджання свайго пункту гледжання Навумчык спасылаецца на падзеі, звязаныя з прыняццем Вярхоўным Саветам канстытуцыйнай  нормы, якая давала права прэтэндэнту балатавацца на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пасля дасягнення 35-гадовага ўзросту (артыкул 96 Канстытуцыі 1994 года).

Як трапіла ў Канстытуцыю гэтая норма і з чыёй ініцыятывы – да канца няясна.

У дыскусіі, якая разгарнулася ў Фэйсбуку, і ўскосна ў гэтым артыкуле  Сяргей Навумчык падтрымаў версію, якая ўпершыню была выкладзена  ў кнізе Аляксандра Фядуты «Лукашенко: Политическая биография», выдадзенай у 2005 годзе:

«Очевидцы рассказывают, что вопрос о снижении планки до 35 лет был решён просто, как говорится, «на дурочку». Встал Виктор Гончар и сказал:

– Вы что, Лукашенко боитесь?

После чего парламент проголосовал». Но это ещё не всё. «Ну нет, поправляет меня генерал Валерий Павлов, – продолжает Федута, – не только Гончар, потом вышел «молодой политик» Лебедько и начал кричать, что это «зажим» молодёжи» (с.120-121).

Вокладка кнігі А. Фядуты «Лукашенко: Политическая биография»,
(Москва: Референдум, 2005.)

Не ведаю, ці быў я першым даследчыкам, які паддаў крытыцы гэтую версію падзеяў. Магчыма, і да мяне былі тыя, хто засумняваўся ў ёй.

Рэч у тым, што пры напісанні кнігі «Беларусь’94: первые президентские выборы» я ўважліва перагледзеў усе стэнаграфічныя справаздачы 13-й сесіі Вярхоўнага Савета з лістапада 1993 па канец сакавіка 1994 года і не знайшоў нават намёку на падзеі, апісаныя Фядутам, хаця Навумчык у згаданым артыкуле напісаў, што «кожны дэпутат ВС-12 пацьвердзіць, што гэта – было».

Калі ў Фэйсбуку я выказаў сумнеў у рэальнасці версіі Фядуты (без згадкі яго прозвішча), спаслаўшыся на адсутнасць у стэнаграмах падобных звестак, Сяргей Навумчык запярэчыў мне:

не ўсё, што прамаўлялася дэпутатамі ў сесійнай зале, трапляла ў стэнаграмы.

Я не пагадзіўся:

сам дыялог Ганчара з залай мог мець месца, але не трапіць у стэнаграму; здаралася нават, што самі дэпутаты прасілі прыбраць з яе свае эмацыйныя выказванні.

Але вынікі галасавання, пра якія піша Фядута, у кожным разе павінны былі ў стэнаграме фіксавацца  – бо гаворка ішла пра артыкул Канстытуцыі!

Аднак іх няма – значыць, такога галасавання ў зале паседжанняў увогуле не было.

Мая ўпэўненасць у нерэальнасці падобнай версіі прыняцця ўзроставай планкі ў 35 гадоў умацавалася пасля таго, як некалькі дэпутатаў Вярхоўнага Савета сказалі мне ў прыватнай размове, што падобнага дыялога Ганчара з дэпутатамі яны не прыгадваюць.

У той дыскусіі ў Фэйсбуку мне падалося, што я пахіснуў упэўненасць Навумчыка ў правільнасці версіі Фядуты, паколькі ён згадзіўся, што вынікі галасавання па ўзроставым бар'еры ўсё ж павінны былі быць.

Але, як вынікае з памянёнага артыкула, Сяргей Навумчык па-ранейшаму мяркуе, што памяць больш дасканалая крыніца, чым стэнаграма.

Хоць усё якраз наадварот.

Зрэшты,

19 студзеня 1994 года галасаванне па ўзроставай планцы для прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта на сесіі Вярхоўнага Савета ўсё-такі было, аднак яно мела выключна рэйтынгавы характар.

З 304 зарэгістраваных дэпутатаў пры кворуме для прыняцця рашэння ў 231 дэпутат за фармулёўку «не маладзейшы за 45 гадоў» прагаласаваў 171 дэпутат, «не маладзейшы за 40 гадоў» – 186, і «не маладзейшы за 35 гадоў» – 107 дэпутатаў.

У прынцыпе, Канстытуцыйная камісія, якая разглядала гэтае пытанне, мусіла кіравацца вынікамі рэйтынгавага галасавання.

Але гэтага не было зроблена.

Найхутчэй, акурат камісія з падачы сваёй Рабочай групы (кіраўнік Васіль Шаладонаў) прыняла рашэнне аб вызначэнні ўзроставай планкі ў 35 гадоў.

Васіль Шаладонаў (другі злева).

Акурат гэтае ўзроставае абмежаванне для прэзідэнта было прапісана ў імянным бюлетэні, дапрацоўкай якога займаліся Віктар Ганчар і Дзмітрый Булахаў, і было галасаваннем зацверджана на паседжанні Канстытуцыйнай камісіі, а затым увайшло ў тэкст Канстытуцыі.

Але гэта толькі маё меркаванне – без апірышча на надзейныя пісьмовыя крыніцы.

Каб адказаць на пытанне, як у імянны бюлетэнь трапіла ўзроставая планка ў 35 гадоў і хто «спраўца» гэтага, трэба вывучыць матэрыялы і пратаколы паседжанняў Канстытуцыйнай камісіі і яе Рабочай групы, а не спадзявацца на памяць, якая вельмі ненадзейная крыніца для напісання найноўшай гісторыі Беларусі.

Цяпер пара заўвагаў наконт гісторыі неабрання Дзмітрыя Булахава старшынём Канстытуцыйнага суда.

Аб гэтым Сяргей Навумчык пісаў яшчэ ў кнізе «Дзевяноста чацьвёрты» і цяпер паўтарае сказанае ў артыкуле «Пра памылкі памяці і дакумэнтаў».

Вокладка кнігі Сяргея Навумчыка "Дзевяноста чацьвёрты" (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе, 2015).

Калі б артыкул не ўспрымаўся чытачамі, асабліва маладымі, як крыніца па найноўшай гісторыі краіны, а быў бы літаратурным пераказам тагачасных падзеяў, то на яго можна было б не рэагаваць, тым болей што сам аўтар прызнаецца, што

«для больш дакладнай перадачы дынамізму сытуацыі я ў тэксьце апусьціў некаторыя фармальнасьці – у стэнаграме яны, канешне, ёсьць».

Вось жа, Навумчык піша, што

«Лукашэнка ж прапанаваў кандыдатуру Булахава адразу пасьля інаўгурацыі, што для многіх (калі ня ўсіх) было нечаканасьцю».

Па-першае, наўрад ці гэта было нечаканасцю для дэпутатаў, бо яны разумелі, што пытанне аб абранні старшыні Канстытуцыйнага суда нельга адкласці да восеньскай сесіі. Па-другое, на наступны пасля інаўгурацыі дзень, г.зн. 21 ліпеня, Мечыслаў Грыб, звяртаючыся да дэпутатаў, сказаў, што 20 ліпеня ўсе яны атрымалі на рукі пісьмовыя прапановы прэзідэнта па кандыдатурах на пасады старшыні Канстытуцыйнага суда, прэм'ер-міністра, яго намеснікаў, міністраў замежных спраў, фінансаў, абароны, унутраных спраў і старшыні КДБ, г.зн.

яшчэ да пачатку працэдуры інаўгурацыі было вядома, што прэзідэнт прапанаваў кандыдатуру Булахава на пасаду старшыні Канстытуцыйнага суда.

Гэта што тычыцца фактара нечаканасці.

21 ліпеня Лукашэнка прадставіў прапанаваныя ім кандыдатуры дэпутатам.

Новаабраны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыносіць прысягу.

Калі гаварыць аб прадстаўленні Булахава, то яно, у адрозненне ад іншых, мела больш грунтоўны і асабісты характар. Лукашэнка нават прасіў дэпутатаў:

«Поддержите эту кандидатуру, буду благодарен».

Паколькі ў красавіку 1994 года членаў Канстытуцыйнага суда выбіралі тайным галасаваннем бюлетэнямі праз кабіны, то дэпутаты прапанавалі ўжыць такую ж форму галасавання і для Булахава. Нягледзячы на гэта, першай прапановай Грыба было як па кандыдатуры Булахава, як і па іншых прапанаваных  прэзідэнтам кандыдатурах, галасаваць тайным галасаваннем праз электронную сістэму. Аднак пры кворуме для галасавання ў 156 дэпутатаў за прапанову Грыба прагаласаваў толькі 141 дэпутат, г.зн. рашэнне не было прынятае.

А за тайнае галасаванне бюлетэнямі праз кабіны пры кворуме для галасавання ў 156 дэпутатаў прагаласавала 216 дэпутатаў.

Пасля гэтага Уладзімір Леўчык, старшыня Камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, якая 20 ліпеня на сваім паседжанні разгледзела кандыдатуру Булахава, сказаў, што нягледзячы на тое, што поўнага адзінадушша на паседжанні не было, Камісія прыняла рашэнне падтрымаць гэтую кандыдатуру.

Паколькі пытанняў у дэпутатаў да Булахава не было, Грыб даў яму слова. У сваім выступе Булахаў сказаў, што

дэпутаты, прагаласаваўшы за тайнае галасаванне бюлетэнямі праз кабіны, тым самым ясна далі яму зразумець, якім будзе іх рашэнне, і ён прыме яго, бо гэта воля большасці. Але калі дэпутаты ўсё такі акажуць яму давер, то ён будзе

«действовать в рамках присяги исходя только из одного принципа: служить бы рад, прислуживаться тошно».

Так што ўвогуле да адмоўнага выніку галасавання Булахаў быў гатовы.

Таму выраз Навумчыка: «Я паглядзеў на Булахава – ён зьбялеў” – не больш чым мастацкая выдумка, як і фраза “Дэпутаты націснулі кнопкі. Галасоў не хапіла”.

Наадварот галасоў было больш чым дастаткова, паколькі ў дадзеным выпадку гаворка ішла ўсяго толькі пра зацвярджэнне пратакола падліковай камісіі аб выніках галасавання.

Пасля невялікай затрымкі з вырабам бюлетэняў і перапынку на галасаванне старшыня падліковай камісіі Міхаіл Мачуленка абвясціў вынікі: выдадзена было 300 бюлетэняў, 300 бюлетэняў было выяўлена ў урне для галасавання, 12 выявіліся несапраўднымі, за Булахава прагаласавалі 132 дэпутаты, 156 – супраць.

Пры канцы сесійнага паседжання  слова для выступу ўзяў прэзідэнт, які, у прыватнасці, сказаў, што ў тым, што

«не утвердили кандидатуру председателя Конституционного суда, трагедии никакой нет. Это молодой человек, который всегда найдёт своё место в жизни, достойную работу, в том числе и в аппарате президента. Об этом, кстати, ему было сказано и накануне выдвижения».

Калі ўзяць пад увагу апошнюю фразу, то можна меркаваць, што ні сам Лукашэнка, ні Булахаў асабліва не верылі ў тое, што Вярхоўны Савет зацвердзіць яго кандыдатуру.

Таму фраза, што Лукашэнка пры гэтым «усміхнуўся», – усяго толькі вынік мастацкай творчасці аўтара артыкула.

Цяжка таксама сцвярджаць, што з боку прэзідэнта адносна Булахава мела месца «вераломства», як піша аўтар, бо  стаць старшынём Канстытуцыйнага суда было жаданнем самога Булахава, а не Лукашэнкі.

Вам можа спадабацца