Сямейныя каштоўнасці

Меркаваньні

Сямейныя каштоўнасці

Выраз «сямейныя каштоўнасці» мае некалькі значэнняў.

Па-першае, гэта можа быць слоік, сейф, незгаральная шафа, банкаўская скрынка, у якой вы трымаеце каштоўныя паперы, купчыя, распіскі, золата-дыяменты і даляры-еўры ў шалёсткіх купюрах.

Па-другое, гэта каштоўнасныя ўстаноўкі соцыума, абумоўленыя існаваннем грамадскага інстытута сям’і.

Па-трэцяе, гэта назва фільма часоў вашага дзяцінства з удзелам Майкла Дугласа.

Постар фільму "It Runs in the Family" (2003). У пракаце на постсавецкай прасторы вядомы пад назвай «Сямейныя каштоўнасці».

З гэтых значэнняў нам найбольш зразумела першае.

Усе мы бачылі незгаральныя сейфы і трымалі ў руках папяровыя грошы.

Фільм з Майклам Дугласам у выпадку чаго вы можаце паглядзець.

Кіно і кіно, што там можа быць незразумелага?

А вось што такое сацыяльныя каштоўнасці, абумоўленыя існаваннем інстытута сям’і, зразумела найменш.

Як іх адчуць? Як іх «памацаць» так, каб яны, як купюры пад пальцамі, выяўна «захрумсцелі»?..

Давялося паўдзельнічаць у адной сямейнай імпрэзе.

Вяселле, рэстаран у раённым горадзе. Стрыечная сястра аддавала замуж дачку. Родныя і стрыечныя браты і сёстры, пляменнікі і пляменніцы, цёткі па бацькоўскай лініі і дзядулі па мацярынскай. Тры, месцамі чатыры калены роду. Усе, не лічачы дзяцей, калісьці былі на 25-30 гадоў маладзейшымі, усе калісьці разам бавілі час у агульным сямейным коле.

Сёння амаль нічога гэтага няма, сёння некалькі аўтаномных сямейных колаў.

Усе, каму дадзена, маюць з гэтай нагоды хіба ўспаміны.

Сёння нашы сем’і змяніліся і сустракаюцца нячаста.

Сёстры, якіх памятаю як гарэзу Ленку і недарэку Надзьку, сталі жаночымі галовамі сямействаў, шматдзетнымі матронамі. Калішняя Верка, сённяшняя Вера, нарэшце, вось-вось з’едзе з мужам у Вялікабрытанію, хай сабе там і брэксіт, муж ужо даўно натаптаў туды сцежку. Былы Віцька, сённяшні прыхільнік здаровага ладу жыцця Віктар з’ехаў са сваёй жонкай, добра яго апрацавала, у Клімавіцкі раён. Жывуць у лесе, харчуюцца натуральнай ежай. Дзяцей няма.

Найлепш учудзіла іншая стрыечніца, Валька. Нажыла з мужам траіх дзяцей, ён сядзеў у турме, верна яго чакала. А потым адпрэчыла яго, сышлася з нейкім маладзёнам. Цётачка Ядзя ўдовая, з мужам пажыла нядоўга, на яго пахаванні я не быў. Памятны з дзіцячых гадоў дзядзя Пеця сёння ўжо глыбокі дзядок, мяне ледзь пазнаў, з трэцяга раза.

Няма ў жывых цёці Галі, Светы і дзядзькоў Мішы і Аляксея...

Само сабой у цэнтры ўвагі былі жаніх і нявеста.

Нявеста, вылітая мама, нядоўга папрацавала пасля сельгаскаледжа па спецыяльнасці, цяпер прадае нешта кшталту пáхаў, зусім паспяхова. Вось жа і мужа сабе адхапіла адпаведнага, таксама ў бізнесе, таксама паспяховы.

І не сказаць, каб вельмі гадкі.

Інсайд, а гэта маці нявесты, сцвярджае, што мужу радня нявесты не падабаецца.

Сказала, амаль ставіць маладой жонцы ультыматумы. Расказваючы гэта, Ленка-Лена выпрабавальна паглядзела на мяне: маўляў, што скажаш? Бачыш, які зяць у мяне, самастойны: сказаў ─ адрэзаў. Маўляў, не скора мы з табой сустрэнемся, не тыя ўжо часы. Мы ўжо вельмі далёкая радня, прабач, свет перамяніўся.

Я не пратэставаў. І не прыняў як пасяганне на маё рэнамэ прыхільніка традыцыйных каштоўнасцей. Проста ўзяў да ведама. А некалі я ведаў амаль усе Ленчыны дзявочыя тайны, самалічна кансультаваў яе пра яе кавалераў.

Выбар ёй свайго мужа, цяперашняга намесніка кіраўніка раённай адміністрацыі Вадзіма, быў, страшна падумаць, некалі і маім выбарам. Яна доўга вагалася, з кім звязаць свой лёс, з цюхцяём, тады здавалася, Вадзімам ці з кавалерам многа прыгажэйшым і лаўчэйшым.

Той, прыгажэйшы, плэйбой ужо даўно ў Расіі, нічога пра яго не вядома.

Было і сплыло.

На месца былога прыйшла сучаснасць. І яна мае значэнне. А былое ці мае?

Увогуле, вяселле цяпер гэта нешта не вельмі звычайнае. Многія пары проста «ў адносінах». Без дзяцей. Магутны трэнд.

Спадзяюся, не вымрам у далёкай перспектыве...

... Дарэчы, у сейфе вы можаце хаваць не толькі золата-дыяменты, але і лісты ад першага і другога кахання, старыя фотаздымкі і калішнія вырабы вашых дзяцей. Гэтыя спісаныя шарыкавай ручкай аркушы паперы і старыя немудрагелістыя пэчворкі вашай дачкі, сённяшняй студэнткі, могуць уяўляцца вам каштоўнасцямі, нароўні з распіскамі і купчымі.

І, папраўдзе, фільм з Майклам Дугласа запомніўся таму, што многа там было няясна.

У ім было паказана, што традыцыйныя сямейныя каштоўнасці бурацца, утрымліваць іх вельмі складана. Амаль немагчыма. Цяпер прыходзіцца глядзець на іх трохі іранічна.

Але ў любым выглядзе яны застаюцца.