Міцкевічаўскі прывід шляхты блукае па Беларусі

Меркаваньні

Міцкевічаўскі прывід шляхты блукае па Беларусі

Дрэс-код: кунтуш, жупан і слуцкі пояс

17 снежня ў “Лятучым універсітэце” адбылася прэзентацыя новай кнігі, якую прадставілі гісторыкі Алесь Смалянчук і Андрэй Кіштымаў.

Якая кніга? А, няважна.

Усё роўна амаль не было людзей.

Хоць прэтэндуе на асвятленне ключавога прыкладу беларускай гісторыі з вельмі паказальнай кульмінацыяй і фіналам.

Жыццё і дзейнасць роду Скірмунтаў.

Скірмунты мелі ўвасабляць

“лёс шляхты беларускіх і літоўскіх земляў у эпоху нацыяналізмаў і рэвалюцый, а таксама той ролі, якую яна адыграла ў перыяд кардынальных сацыяльных пераменаў ХІХ – першай трэці ХХ ст.”

Скірмунты ўвасабляюць таксама і Заходняе Палессе, і “краёвую ідэю”, і “нацыянальнае Адраджэнне”, і “барацьбу за дзяржаўнасць”.

Дадайце туды яшчэ братоў Луцкевічаў, Вільню нашу і іхнюю, цётку Луцкевіча, што пісала па-польску, ды сетку чыгуначных каляін…

Мне з гэтага месца пачало падавацца, што гэта …  славутая трасянка.

Беларускія гісторыкі часта сыплюць фактамі, трасуць перад сумоўцамі эрудыцыяй і ўсёабсяжнасцю, але на нейкім этапе дэманстрацыі ўласных ведаў яны разводзяць рукамі і не даюць адказаў.

Расцярушылі – і кінулі.

Таму беларуская гісторыя часта набывае фармат “страчаных магчымасцяў”, а вельмі хочацца высноў з “відавочных наступстваў”.

Падзялюся прыватнымі ўражаннямі, што ў мяне пакінула дыскусія.

Дык вось, некалі існавала краіна ВКЛ, якую мы згубілі. Відавочным наступствам з’явілася сучасная Беларусь.

У ВКЛ яшчэ слаба была выражаная дыхатамія “вёска-горад”, а складалася гэтая краіна пераважна з землеўладальнікаў і сялян, то бок была шляхецка-сялянскай.

Шляхта і сяляне былі супольнымі прадстаўнікамі зямельна-аграрнай цывілізацыі. Іх адносіны трэба было паляпшаць, рэфармаваць. Аднак ідэям роўнасці для ўсіх слаёў супольнага народу не далі замацавацца. А ідэі тыя віравалі па Еўропе ўжо ў ХVIII ст. Набліжаліся, можна сказаць. Напрыклад, у канстытуцыі 1791 г., у паўстаннях Касцюшкі і Каліноўскага.

Канстытуцыю нараклі чужароднай, герояў павесілі, спадчыну ВКЛ рассяклі на кавалкі.

На базе сялянства паўстала новая краіна – Беларусь, а шляхта планамерна і лагічна вынішчалася новымі гаспадарамі. Ці святое месца шляхты было пустым? Не, яго запоўнілі тыя, хто ўсё гэта прыдумаў. Замест шляхты сялянству прапанавалі новых начальнікаў і ваенізаваны кантроль. Адбылося “адсячэнне галавы” ў неразумнага простага люду, адданне яго на эксперыменты калгаснага тыпу. Калгас нагадваў лагер часовага ўтрымання, запоўнены сялянамі, экспрапрыяванымі ад шляхты.

Падзел на шляхту і сялянства ўмацоўваў іншыя падзелы: рэлігійны, нацыянальны:

  1. Шляхта – палякі, католікі.
  2. Сяляне – беларусы, праваслаўныя.

Страчаная магчымасць – далейшае развіццё шматэтнічнай і полірэлігійнай самастойнай дзяржавы. Замест гэтага – стварэнне беларускага монанацыянальнага праекту ў складзе іншага шматэтнічнага і полірэлігійнага дзяржаўнага ўтварэння з праваслаўнай і антыпольскай дамінантай.

Страчанай магчымасцю было развівацца планамерна і ў кантэксце заходняй цывілізацыі. Відавочным наступствам стала патрэба запаўнення прагалаў новымі штучнымі элітамі, пра што можна казаць шмат, ды шкада часу.

Стала модна ледзьве не абвінавачваць былую шляхту ў нацыянальнай здрадзе – “паланізацыі”. Але ж замоўчваецца, што паланізацыя шляхты магла мець і “мясцова-прымусовы” характар, пра што пісаў яшчэ славуты Адам Міцкевіч – шляхам змушэння да эміграцыі, стварэння нязносных умоваў існавання і загнання эліты ў стан “грамадскай смерці”, ствараючы з яе “прывіда”.

Міцкевічаўскі прывід шляхты блукае па Беларусі і сёння.

Яго ніхто не гоніць. Нязрэдчас запрашаюць на святы.

Дрэс-код: кунтуш, жупан і слуцкі пояс.

Але планамернае знішчэнне элітарнай меншасці, актыўнай і адукаванай часткі грамадства адкінула нас назад. Пасіўная частка засталася. Каго яшчэ здзіўляе “вялы” тутэйшы патрыятызм?

Праўда, сёння нам спарадычна хочацца вярнуць Міцкевіча і Манюшку. Што падкрэслівае даспяванне новых беларускіх “шляхтаў”, якія шукаюць сабе высакародныя карані, а можа хочуць імі прыкрыцца?

Ці гісторыя роду Скірмунтаў і яго канец у нашых умовах – не ўвасабленне гэтай схемы? Дзеячы родам з ВКЛ, прыхільнікі ідэі краёвасці, што была ідэяй не вузка беларускай, не прапольскай, а “разамзпольскай” або “рэчапаспалітаўскай”, будучы носьбітамі ідэі развіцця прамысловасці і заходняй цывілізацыі, сутыкнуліся з беларускім сялянскім эксперыментам і былі спачатку расчараваныя ім, а пасля і знішчаны.

Забойства Рамана Скірмунта і яго сваякоў выразна паказала, якая мадэль краіны была рэалізавана ў савецкай Беларусі.

Мы нарэшце клічам дух шляхты?

Вам можа спадабацца