Дзявяты эпізод “Зорных войнаў”

Рознае

Дзявяты эпізод “Зорных войнаў”

Катэгорыі Святла і Цемры канчаткова размыліся і перацяклі адна ў адно

19 снежня адбылася сусветная прэм’ера апошняга, дзявятага эпізода “Зорных войнаў”, гісторыя якіх ахапіла 42 гады, адлюстраваўшы ў сабе светапогляд і каштоўнасці трох пакаленняў.

Постар дзявятага эпізода “Зорных войнаў”.

Даўным-даўно ў адной далёкай-далёкай галактыцы…

Пачынаючы працу над “Зорнымі войнамі” яшчэ ў 1971 годзе, аўтар ідэі Джордж Лукас наўрад ці мог уявіць, што яны ператворацца ў своеасаблівую матрыцу пачуццяў і перажыванняў, якія будуць віраваць у чалавечай гісторыі на працягу наступнага паўстагоддзя.

У першых фільмах, якія пабачылі свет у 1977, 1980 і 1983 гадах, адчуваліся ўплывы шэдэўраў Акіры Курасавы, кнігі Джозэфа Кэмпбэла “Герой з тысячай твараў” з яго еўрапейскім прачытаннем кітайскай філасофіі, памножаным на юнгіянства. Страх ад геапалітычнага супрацьстаяння ЗША і СССР у гэтай кнізе ўвасабляўся ў змаганні Святла і Цемры, прадстаўленых рознымі палюсамі Сілы (ключавой з’явы для ўсёй сагі) – Джэдаямі і Сітхамі, а таксама паўстанцамі і Імперыяй.

Тут усё адназначна і зразумела, дзе станоўчыя героі, а дзе ворагі.

Нездарма менавіта пад уплывам “Зорных войнаў” Рональд Рэйган ў 1983 годзе выкарыстаў выраз “імперыя зла” ў адносінах Савецкага Саюза.

І ў гэтым плане фільмы пра далёкую-далёкую галактыку былі своеасаблівым прароцтвам пра яго знішчэнне. Але дзеля простага чалавека найбольш істотным з’яўлялася новае прачытанне старой як свет дылемы ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей і пошуку сябе – таго, які не толькі працягвае, але і супрацьстаіць папярэднікам.

Пасля вялікага перапынку “Зорныя войны” былі перазапушчаныя ў 1999 годзе. Гэта быў час для пачатку не толькі новай трылогіі, але і новай, як высвятляецца, не найлепшай старонкі ў гісторыі чалавецтва.

У той год у Мінску здарылася трагедыя на Нямізе, а НАТО пачало вайсковую аперацыю супраць Югаславіі, парламент якой у красавіку 1999 года прыняў рашэнне аб далучэнні да саюза Беларусі і Расіі. Своеасабліва выглядала і параўнанне галоўнага антыгероя “Зорных войнаў”, Палпаціна з асобаю Уладзіміра Пуціна, які ў навагоднюю ноч 1999-га года ўзышоў на пасаду выконваючага абавязкі прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, працягваючы і сёння кіраваць найбуйнейшай краінай з адной з мацнейшых армій у свеце.

Імператар Палпацін з "Зорных войнаў".

Новыя “Зорныя войны” адыйшлі ад першапачатковага націску на духоўнай прыродзе Сілы, прадстаўленай Светлым і Цёмным бакамі, намагаючыся, у адпаведнасці з часам, навукова яе абгрунтаваць праз наяўнасць у клетках арганізма спецыяльных істот, названых мідыхларыянамі.

Новым сталі і паказаныя падводныя камяні палітычнай барацьбы, і дэманстрацыя таго, як добрыя намеры пры належнай маніпуляцыі могуць прывесці да перамогі Цёмнага боку.

Сюжэтная лінія другой трылогіі, фільмы якой выходзілі ў 1999, 2002 і 2005 гадах грунтавалася на пошуку гармоніі паміж прадвызначэннем і свабодай волі паказаўшы пераўвасабленне джэдая Энакіна Скайуокера ў сітха Дарта Вэйдэра і сенатара Шыва Палпаціна ў імператара Галактыкі і кіраўніка Ордэна сітхаў Дарта Сідыуса.

Цяпер Святло і Цемра выглядалі не так адназначна, як першапачаткова тое здавалася ў 1970-я-1980-я гады.

Дарт Вэйдэр на вокладцы часопіса "Time" (1980).

Нездарма кіраваная джэдаямі, ордэнам Светлага боку, Рэспубліка намагаецца задушыць выступленні сепаратыстаў, якія хочуць з яе выйсці. Урэшце, дэмакратыя становіцца дыктатурай. Фільмы другой трылогіі паказваюць гэтую паступовую трансфармацыю, быццам прадчуваючы бяду, якая пагражае чалавецтву.

У 2015 годзе адбыўся чарговы перазапуск "Зорных войнаў". Правы на экранізацыю выкупіла адна з найбуйнейшых у свеце кінакампаній і лідараў у індустрыі забаў “Ўолт Дзіснэй”, якая зрабіла націск на камерцыяналізацыю кінаэпапеі. Цяпер фільмы сталі выходзіць штогод.

У апошнім, дзявятым эпізодзе, рэжысёр нават не пасаромеўся для эмацыйнага ўздзеяння на гледача абыграць сапраўдную смерць Кэры Фішэр, выканаўцы ролі прынцэсы Леі.

За кошт таго, што апошняя трылогія і два фільмы-адгалінаванні ствараліся рознымі рэжысёрамі, агульная карціна сусвету “Зорных войнаў” страціла першапачатковую лагічнасць. Затое ў дадатак да ранейшых персанажаў дадаліся новыя ключавыя героі, сярод якіх, як даніна часу – афраамерыканец і дзяўчына. Зноў паўтор сюжэтных ліній, добра вядомых з папярэдніх фільмаў, новы віток канфлікта бацькоў і дзяцей, дэвальвацыя ранейшага галоўнага станоўчага героя Люка Скайуокера, і знішчэнне спадчыны прадстаўнікоў Светлага боку джэдаяў.

Фактычна, новыя фільмы адмовіліся ад тых этычных прынцыпаў, якія існавалі ў першых “Зорных войнах” і сталі суцэльным, часам не надта зразумелым, відовішчам, дзе катэгорыі Святла і Цемры канчаткова размыліся і перацяклі адна ў адно.

Але ці ўсе згодныя з такім разуменнем, якое адлюстроўвае паўставанне новай карціны свету?

Вам можа спадабацца