Пасля "Пракапенягейту"

Меркаваньні

Пасля "Пракапенягейту"

Па кім "праехаўся" resurs.by?

Пэўны час у беларускай інтэрнэт-прасторы існуе сайт з простай і безынтрыгоўнай назвай www.resurs.by. Аднак, калі прыгледзецца больш пільна, дык ягоныя матэрыялы цягнуць не менш як на мясцовую сенсацыю.

Чаго, напрыклад, варты артыкул з назвай: «Як камсамольскі актывіст Алег Воўчак дзяцей-нацыяналістаў біў».

У ім, напрыклад, сцвярджаецца, што вядомы сёньня праваабаронца Алег Воўчак, які служыў у складзе абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў у Афганістане, 20 красавіка далёкага 1986 года, нібыта ўзяў удзел у збіцці навучэнцаў адной са сталічных мастацкіх школаў, якія ў той дзень ля Траецкага прадмесця зладзілі Гуканне вясны.

«Афганцаў» нацкавалі камсамольскія ўлады, увёўшы тым у вушы, што дзеці быццам бы святкавалі народзіны Адольфа Гітлера:

падляцелі камсамольцы-афганцы на чале з Алегам Воўчакам і сталі іх біць, прыгаворваючы: “Вось вам, фашысты, дзень нараджэньня Гітлера!”

Іншыя матэрыялы аўтара, які з гонарам мянуе сябе панам КІберАкынам («што бачу, то і пяю»), калі не шакуюць, то дакладна экзальтуюць палітызаваную публіку.

Стварыў рэсурс былы ўдзельнік «Талакі», былы супрацоўнік беларускай службы Радыё Свабода Уладзімір Бараніч, карэнны мінчук і навучэнец мінскай школы №24, дзе беларускую мову і літаратуру выкладаў сам Вінцук Рыгоравіч Вячорка.

Уладзімір Бараніч. Фота: http://resurs.by.

Нават для тых, хто цікавіцца найноўшым перыядам беларускай гісторыі, прозвішча Бараніча мала што скажа. Сам ён, па ўласным прызнанні, хутка сышоў з «Талакі», і ў сувязі з гэтым таварыствам не ўпамінаецца.

Сам Бараніч сцвярджае, што фактычна апынуўся ў інфармацыйнай блакадзе і шлях яму да публікацыі ў вядомых СМІ зачынены.

Што, у прынцыпе, нядзіўна.

Успаміны Бараніча ў стылі «Оral history» аб мінулым вядомых асобаў — прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці спакойна могуць стаць аб’ектам судовых разбіральніцтваў.

Трэба заўважыць, што ў Бараніча адчуваецца журналісцкая база, ён дадае рэдкія фатаграфіі і не шкадуе ў адносінах да пэўных асобаў з’едлівасці і наўпрост асабістых закідаў, пачынаючы з банальных мянушак (па школьнай звычцы ён называе Вінцука Вячорку «пінцэтам») і заканчваючы даволі цяжкімі абвінавачаннямі.

Так, Бараніч упэўнены, што ўсім вядомыя лідары «Талакі» былі звычайнымі «гэбэшнымі» агентамі, што нівелявала эфект ад дзейнасці арганізацыі.

На старонках рэсурса КіберАкына здорава дасталося беларускай лаўрэатцы Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч.

На думку Бараніча, яна не дастойная такой высокай узнагароды. Аўтар, як карэнны жыхар слаўнай беларускай сталіцы, не можа дараваць пісьменніцы набыцця кватэры ў знакамітым «доме Чыжа» (КіберАкын лічыць пабудову такога дома пляўком у свой твар).

Але ж самую моцную антыпатыю Бараніч жывіць супраць беларускай службы радыё Свабода і яе нязменнага кіраўніка Аляксандра Лукашука. 

Бараніч упэўнены, што беларуская служба радыё Свабода павінна была зрабіць імклівы крок наперад і стаць па-сапраўднаму ўплывовым рэсурсам, які б рупліва працаваў на ніве Адраджэння Бацькаўшчыны. Аднак, сцвярджае Бараніч, матэрыялы беларускай радыё Свабоды маюць нізкі ўзровень.

У прыклад ёй Бараніч ставіць інтэрнэт-выданне «Наша ніва», якое пры абмежаваных рэсурсах тым не менш развіваецца і ператварылася ў адзін з паспяховых камерцыйных праектаў. Хаця пры гэтым Бараніч не хавае сваіх адмоўных адносінаў да былога шэф-рэдактара «Нашай нівы» Андрэя Дынько (Бараніч успамінае, што нібыта пасля "рэйдэрскага захопу" гэтага выдання ў 2002 годзе ён быў выштурхнуты за борт).

Адзіны больш-менш прыязны тэкст на гэтым рэсурсе тычыцца Боні. Пад такой мянушкай з "талакоўскіх" часоў быў вядомы Віктар Івашкевіч — адзін з вядомых дзеячоў сучаснага беларускага руху.

Прыязнасць Бараніча да Івашкевіча тлумачыцца тым, што апошні, па словах Бараніча, ніколі не быў «стукачом» і «да канца жыцьця заставаўся перакананым змагаром спачатку з камуняцкім рэжымам, а пасьля зь іх пераемцамі».

Але прыязнасць Бараніча вельмі дзіўная. Па-першае, Бараніч сцвярджае, што Івашкевіч з самага пачатку як быў звычайным «нацыкам», якія тусаваліся ля сталічнага кінатэатра, так і застаўся ім да канца жыцця. Па-другое, Івашкевіч, як піша Бараніч, спавядаў самы сапраўдны антысемітызм і нават "нарадзіў" тэрмін «жыдабойца». 

Бараніч успамінае, як яны з Івашкевічам сур’ёзна абмяркоўвалі згон самалёта і ставілі мэты стварэння баявой падпольнай арганізацыі. 

Увогуле, пісанні Бараніча — ляментацыі пакрыўджанага на ўвесь свет чалавека, які выкарыстоўвае чорны піяр і забароненыя прыёмы.

Можна з упэўненасцю сказаць, што калі б такія ўспаміны з’явіліся ў сярэдзіне 1990-х, яны былі б з поспехам ужыты уладамі для дыскрэдытацыі палітычных апанентаў.

Няма ніякай гарантыі, што яны не будуць не ўжытыя ў гэтай ролі і цяпер.