"(Не) заставацца халодным, як Брусэль да нашай краіны"

Рознае

"(Не) заставацца халодным, як Брусэль да нашай краіны"

Фэмінізм на фоне правінцыйнай чарнухі ў новым рамане Алены Бравы

Выданьне, якое аглядаецца:

Брава Алена. Садомская яблыня. Раман. Мінск: Галіяфы, 2018.

Чалавек нараджаецца відушчым, потым яго асьляпляюць наўмысна,

з асаблівай упартасьцю, калі чалавек – жанчына.

Паўжыцьця трацім на тое, каб гэта зразумець;

але, зразумеўшы, апынаешся ў такой адзіноце і пустэчы,

што стараешся

як мага хутчэй начапіць якія-небудзь акуляры – хобі, рэлігія альбо жарсьці.

Забыцца на жыцьцё.

***

Жыцьцё чалавека ў Чырвонай імпэрыі ніколі не было ў

цане, што казаць пра “паўчалавека” – жанчыну?

А. Брава.

Нарэшце, мы дачакаліся сваёй Сымоны дэ Бавуар.

Мы дачакаліся пісьменьніцы і мысьляркі, якая напісала ня толькі дабротны раман, але і закадавала ў яго моцнае фэмінісцкае пасланьне.

Беларуская літаратура часта апярэджвае ў нас філязофію ці проста замяняе яе.

І хоць сама аўтарка словамі сваёй гераіні кажа, што яна не фэміністка, тым ня менш, жыцьцё, досьвед, прадзіраньне празь церні, альбо, кажучы словамі самой гераіні, “праца і мацярынства, якія патрабавалі нястомных клопатаў” зрабілі зь яе фэміністку.

Вокладка раману "Садомская яблыня".

Параўнаньне з Сымонай дэ Бавуар – гэта камплімэнт і важны арыенцір. Пазыцыі Сымоны дэ Бавуар і Алены Бравы супадаюць:

жанчына – заўсёды другарадны ў параўнаньні з мужчынам прадукт гісторыі.

Раман “Садомская яблыня” – гэта цудоўна выпісаны партрэт чарнушнага жыцьця ў беларускай правінцыі, хоць многае з апісанага аўтаркай уласьціва і для Менску.

У гэтым грамадзтве жанчыне няма часу на ўласнае жыцьцё, бо

“мець сваё жыцьцё дазваляецца кароткі прамежак часу: ад школьнага выпускнога балю да жаночай кансультацыі”.

Тут жанчына “жыве жыцьцё з заплюшчанымі вачыма”. Тут жанчыне не ўдаецца “закасіць” ад Вялікага Жаночага Абавязку (як хлопцам – ад арміі)”. Тут жанчына марыць выйсьці з-пад кантролю –

“і куды ж? – ну, зразумела, на рэчавы рынак. Многім з іх хочацца памяняць працу, горад, лёс – але ўсё скончыцца тым, што яны памяняюць гардэроб”.

Бо “кабета ў нас і канвэер голымі рукамі спыніць і ў ёмістасьць з аміякам беззапаветна ўвойдзе”.

Варта падкрэсьліць, што аўтарка не вінаваціць мужчынаў ва ўсіх бедах плянэты і жанчынаў у прыватнасьці. І жанчыны, і мужчыны аднолькава імкнуцца “забыцца на жыцьцё”, прайсьці міма галоўнага. Пры гэтым мужчыны дамінуюць ды яшчэ кпяць з Захаду і фэмінізму, які імкнецца гэты парадак зрынуць.

Але і ў жанчынаў ёсьць свае хітрыкі, як абдурыць, маніпуляваць мужчынамі, прывязаць іх, зрабіць залежнымі.

Гэтая сакрэтная зброя  – похва. “Вось мужчынам жа ня яе даў, бедненькім, як ім рабіць кар’еру?

Мужчынскі сьвет складаецца з розных кастаў – перадусім “самавітых і таўсташыіх мужчынаў, рэктараў-міністраў-дэпутатаў” і ўсякага кшталту начальнікаў, потым большая маса мужчынаў, якія “па пятніцах забываюцца на жыцьцё з дапамогай моцных напояў”.

Ёсьць яшчэ адна каста мужчынаў – “хлопчыкі forever”.

Мамчыны сыночкі альбо мужчыны, якіх кастравалі маці – зьява, вядомая перадусім савецкай і постсавецкай культуры.

У рамане ёсьць доктар з тых самых адвечных хлопчыкаў, якія не сталеюць. 

Іх маці не даюць ім сталець, каб кантраляваць і перадаць іх у рукі жонкі, якая выходзіць замуж, толькі каб “усынавіць” мужа.

І колькі такіх “усыноўленых” мужоў у Беларусі!

З жаночага ж боку гераіню атачаюць начальніцы (так, адну такую матрону зваць проста Маці) і падначальніцы, і такія ж самыя каляжанкі, якім не ўдалося “закасіць” ад ад Вялікага Жаночага Абавязку.

Так у рамане зьедліва высьмейваецца савецкая сацыяльна-эканамічная і культурніцкая спадчына ў цяперашнім беларускім грамадзтве. І ў Чырвонай імпэрыі, і ў сучаснай Беларусі дэкляравалася і дэкляруецца роўнасьць:

“самавітыя дзядзькі а таўсьценныя шыі” шмат дэкляравалі, клапаціліся пра нас, але “не прадугледзелі для дыплёмаў жанчынаў адной дробязі – магчымасьці на яго пражыць…”.

Па старой завядзёнцы працягваюць налічваць “заробак рыхтык для жанчыны, гэта значыць – для кабеты, якую ўтрымлівае муж”.

Правінцыя ў рамане гаворыць на трасянцы:  “у нашым учэрыждзенні актівна саздаётся атмасфера валшэбства”, “без урэдных прывычак”, “жэншчына, вы местная ілі з Луны?”. Ну і, безумоўна, кароннае “вам жа рускім языком сказалі”, “ана точна па-рускі не панімаець”.

Алена Брава дакладна перадала гэтую зьяву:

“навалы розных начальнічкаў і партыйцаў, якія ўцякалі ў Беларусь з усіх канцоў пабуранага “адзінага, магутнага”, якія паступова “раскарламарксіліся, аправаславіліся і яшчэ ўсьвядомілі сябе “праваслаўнымі казачкамі” і казакамі. І якія пачалі бой супраць беларускай мовы, з шкадобай кажучы на беларускамоўную асобу “к сажыленію, на этам языке…”.

Сьвет, апісаны пісьменьніцай, – гэта часта жаночы сьвет, “сьвет “правільных кабет”, якія даслужыліся да "маленькіх загончыкаў улады”. Зрэшты, пры неабходнасьці пісьменьніца маскулінізуе словы, якія мы ведаем звычайна ў жаночым родзе:

так, былога мужа ў рамане яна назвала “амэрыканскім фэем”.

Ужо параўнаньне тыпу “заставацца халодным, як Брусэль да нашай краіны” ў міг можа зрабіць Алену Браву вашай улюбёнай пісьменьніцай.

У самой назьве раману (“Садомская яблыня”) хаваецца некалькі сэнсаў.

Садомская яблыня зь яе спакусьлівымі пладамі можа азначаць пустых і хлусьлівых людзей, якія апісваюцца ў рамане. А можа быць сымбалем і самога ўсталяванага парадку. Пад канец галоўная гераіня раману звальняецца зь ненавіснай працы, выходзіць з-пад кантролю і прызнае, што

“усё ж такі нешта пакрысе мяняецца (…) – усё больш зьяўляецца ўнутрана свабодных жанчынаў…”.  

Будзем і мы аптымістычнымі ўсьлед за пісьменьніцай: спадзяёмся, што кабеты будуць выходзіць ня толькі ў салёны прыгажосьці і на рэчавыя рынкі, але часьцей і часьцей з-пад кантролю.