Кава, чырвонка-краснуха і савецкія галасы

Рознае

Кава, чырвонка-краснуха і савецкія галасы

Што пачытаць пад Новы год?

30 сьнежня 2019 а 15:56

Інэса Кур'ян

У часы незалежнасці Мінск нарэшце адчуў сябе сталіцай краіны, а не губернскім горадам.

З’явілася шмат невялікіх кавярняў, таму вуліцы ды падземныя пераходы, якія раней былі брыдкавонныя, паступова пачынаюць пахнуць кавай, як у цывілізаваным cталічным горадзе.

Але гарадскую культуру, а тым больш культуру сталічную, не сфармаваць толькі пахам кавы. Пры гэтым яна хуткаплынна змяняецца.

У еўрапейскіх гарадах даўней асаблівым шыкам было сесці ў кавярні і разгарнуць свежую газету.

Уявім і мы сабе такую гарадскую сцэну.

Разгарнуць давядзецца беларускія газеты, на якія нам прапаноўваюць падпісацца праз Каталог друкаваных СМІ РБ на 2020 г. 

– Каву, калі ласка і свежы нумар…

 – Як заўсёды “Зары над Друццю”?

Ці “Зары над Сожам”?

Ёсць і “Заря над Бугом”.

– А “Голас Любаншчыны” ці ёсць?

Якія яшчэ ў вас ёсць сённяшнія “Галасы”?

“Голас Касцюкоўшчыны”, калі жадаеце. Або ўчарашні “Голас Сенненшчыны”.

“Голас Радзімы”  і “Клiч Радзiмы” мы не выпісваем.

– Ну, а “Голас часу”?

– У камплекце з “Ганцавіцкім часам”.

– Добра, усе “галасы”, што ў вас ёсць, і экспрэса.

Вы сядаеце пры свабодным століку, а навокал наведавальнікі закрылі твары рознымі разгорнутымі газетамі.

Некаторыя каваманы, праўда, чытаюць прэсу праз планшэт у электроннай версіі.

Адзін спадар рэгулярна гартае “Вольнае Глыбокае” ды “Варяг-пресс”.

Той, што не п’е каву, а заўсёды замаўляе сабе гарбату з шасцю лыжкамі цукру, катэгарычна абірае толькі клецкае выданне “Да новых перамог”, дзе беларускай (звярніце ўвагу на рэалію!) з’яўляецца выключна назва, а матэрыял ідзе на рускай мове.

Клетчан” інфармуюць пра “смотр-конкурс на лучшее новогоднее оформление улиц”, пра “областной новогодний бал с участием активистов-общественников и суворовцев-кадетов”, адзначаючы, што

ни один участник бала не остался без новогоднего подарка, а главное – внимания со стороны руководства области”.

Уявім, што аўторкамі і пятніцамі ў гарадскіх беларускіх кавярнях актыўна чытаюцца “Магілёўскія ведамасці”.

Ужо ад снежня 1990 г. буйное абласное выданне носіць ганаровую расейскую губернскую назву “ведамасці”, але чамусьці зноў-такі транслітараваную на беларускую мову, хоць газета выходзіць па-руску.

– Якімі пацешыце ведамасцямі? – пытаецца ў сталічнай кавярні стары панок з сівой бародкай выгляду ХІХ ст. – Баюся, што “Магілёўскія ведамасці” ўжо расхапалі? А “Гомельские ведомости” засталіся?

Чытаць штодня “ведамасці” па-руску – гэта завядзёнка яго сям’і з часоў Расійскай імперыі. Бо раней, з 1838 па 1915 г.г., у нашай старонцы выдаваўся тыднёвік “Гродненские губернские ведомости», з 1838 па 1917 г.г. – “Минские губернские ведомости”.

Стары панок вельмі спадзяецца, што “ведомостная” традыцыя працягнецца.

– На сёння з ведамасцяў засталіся толькі “Ведомости Минской митрополии” , – ветліва адказвае афіцыянтка.

– Велите подать-с?

Гэта месячны часопіс, што ад 2013 г. выходзіць “па благаславенні Высокапраасвяшчэнэннага Паўла, Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі”.

Здаецца засталіся яшчэ штомесячныя газеты “Гродненские епархиальные ведомости”, адноўленыя ў 1992 г., і можа пашукаю для вас экземплярчык “Новогрудских епархиальных ведомостей”, якія, вядома ж, маюць грыф «Одобрено Синодальным информационным отделом Русской Православной Церкви».

Несите всё и русский чай в подстаканничке, – замаўляе панок.   

Ва ўмовах гарадской роўнасці нават у СМІ вытрымліваецца прынцып “Богу – богава, кесару – кесарава, калійшчыку – калійшчыкава, зваршчыку – зваршчыкава”.

Таму ў кутку нехта замовіў каву-латэ і ўважліва чытае газету “Калійшчык Салігорска”.

Быў, праўда, інцыдэнт, калі кліент з простага люду, не зразумеўшы спецыфіку краёвага двухмоўя, доўга абураўся, чаму газета насамрэч выходзіць не па-беларуску, а толькі прыкрываецца беларускай назвай?

Потым гэты прысталічны скандаліст тупаў нагамі і абураўся, чаму ў нумары “Калійшчыка Салігорска” ад 26.06.2019 г. апублікаваны зварот: “Дорогие ветераны Великой Отечественной войны, партизаны и подпольщики, труженики тыла! Уважаемые работники ОАО “Беларуськалий”! Ён дачапіўся да бармэна ў кавярні і роў: “Дзе гэтыя партызаны і падпольшчыкі і пра які тыл вядзецца?

– Што вас здзіўляе? – супакойваў яго бармэн. – Сярод сталых членаў нашага газетнага клубу нямала ветэранаў савецкай эпохі! – патрос ён стосам свежых газет з тытуламі “Савецкае Палессе”, “Савецкая вёска”“Сцяг Саветаў”

 “Сцяг Перамогi”“Чырвоны сцяг”“Светлае жыццё”“Светлы Шлях”,  “Шлях Кастрычніка”  і “Святло Кастрычніка”.

– Не жадаеце пачытаць?

– А што тут робяць зваршчыкі? –  не здаваўся прысталічны скандаліст, бо зваршчыкі пілі каву са сваім прафесійным часопісам “Сварщик в Белоруссии. Всё о сварке и для сварки”.

– У нас усе з асалодай п’юць каву і чытаюць свежыя грамадска-палітычныя выданні, як у цывілізаваным грамадстве. Не перашкаджайце зваршчыкам, – папрасіў яго бармэн.

– Тады нагадайце ім самі, – запальчыва дадаў скандаліст, – што нашая краіна называецца “Беларусь”, а не “Белоруссія”, ды і “сварка” па-беларуску мае іншае значэнне.

Уявім сабе, што ў адказ рассмяяўся свядомы беларус, што сядзеў сярод наведавальнікаў і піў сабе каву з беларускім бальзамам, схіліўшыся над глыбінямі “Прыпяцкай Праўды”:

– Каго турбуе іншае значэнне, шаноўны? Галоўнае – змест! Папрасіце падшыўку так званай “Чырвонкі”. Адна з найстарэйшых моладзевых газет Беларусі!

У космасе пабывала!

Але страшна сказаць, што першы беларускі касманаўт лётаў з “Чырвонкай” у космас.

Абодва зарагаталі.

Бо “чырвонка” па-беларуску ўсяго толькі “краснуха”. І тое пацвярджаюць слоўнікі! А хоць бы і пераклад расейскага дзіцячага бэстселера Карнея Чукоўскага “Доктар Айбаліць” –Чырвонка і бранхіт у іх”…

– Гэтым разам усё чыста па-беларуску. І назва, і змест. Дадатак да газеты “Звязда”. Раней была шляхетнейшая назва – “Чырвоная змена”. Але трагічная тэндэнцыя прывяла яе да такой спрэчнай трансфармацыі. Накшталт “Комсомольская правда” – “Комсомолка”, “Рекламное приложение” – “Рекламка”.

– Няўжо “Коммунист Беларуси” – “Коммуналка”? А як скарочана называюць “Навіны Камянеччыны”?..

Пад вечар у кавярню зайшоў чарговы сталічны аматар папіць кавы з круасанам і газетай ды прамовіў:

Амерыкана і “The Minsk Times”, калі ласка.

– На жаль, мы зачыняемся, – адрэзаў афіцыянт.

Вам можа спадабацца