Буржуазная аэробіка як сродак дэградацыі савецкіх жанчын

Грамадзтва

Буржуазная аэробіка як сродак дэградацыі савецкіх жанчын

Прычыны развалу Савецкага Саюзу ў нетрывіяльным аналізе Таццяны Шамякінай

3 студзеня 2020 а 15:22

Вячаслаў Залуцкі

Прафесарка БДУ, дачка класіка беларускай савецкай літаратуры Таццяна Шамякіна ў апошнія гады пялегуе свой пісьменніцкі талент. У восьмым і дзесятым нумарах часопіса “Нёман” у форме роздумаў-успамінаў яна апісала, “як з савецкіх людзей абывацеляў рабілі”. Абывацеляў у негатыўна-пагардлівым сэнсе.

Сама аўтарка да іх ліку, натуральна, не належыць, паколькі яна не ганяецца за модай, не верыць у розныя забабоны. У яе ёсць культурныя запыты, ёй чужыя поза і самарэклама.

А ці належыць аўтарка да “савецкіх людзей”?

Магчыма.

Таццяна Шамякіна. Фота: nn.by

Яна жыла ў краіне, у якой быў сфармаваны савецкі тып ладу жыцця і асаблівы тып чалавека “з высокай культурай працы і вытворчасці па сумленні і асвечаным жыццём”. Такім чалавекам аўтарка прэтэндуе лічыцца і сёння. Праграма яе жыцця ўключала “бесперапыннае пазнанне невядомага” і “бескарыслівыя парывы сэрца і розуму”. У жыцці Т. Шамякінай вельмі важным быў каверынскі дэвіз ”бороться и искать, найти и не сдаваться”.

Што невядомае спрабуе адкрыць і з чым змагаецца ў новым творы пісьменніца?

Т. Шамякіну ў новым творы цікавіць гісторыя заняпаду СССР у 1950–1980-я гады як нейкай ідэальнай дзяржавы і грамадства, у якіх расцвіталі навукі і быў сфарміраваны той самы асаблівы тып чалавека.

Росквіт гэтай дзяржавы адбыўся, паводле аўтаркі, да 1950-х гадоў. СССР у 30—40-я гады быў адзінай краінай у свеце за ўсю гісторыю, дзе прышчапляліся арыстакратычныя густы ўсяму народу.

Пазней адбыўся заняпад.

Нейкія рэчы Т. Шамякіна памятае асабіста, а нешта пачарпнула з літаратуры. Аўтарка памятае, што ніколі больш, як пасля сярэдзіны 60-х (дзяўчынцы Тані тады споўнілася 17), моладзь так моцна не цікавілася асабістым (вылучана не мной): каханнем, дружбай, адносінамі з бацькамі і настаўнікамі.

Пісьменніца ні трохі не ўмее задумацца пра тое, што такім з’яўляецца любое пакаленне моладзі, незалежна ад часу, калі яно нарадзілася.

Сведчанні памяці мемуарысткі і яе ж спасылкі на літаратурныя крыніцы часам супярэчаць адно аднаму. Напрыклад, аўтарка памятае, што падчас яе дзяцінства савецкай краіне былі ўласцівы “пастаяннае будаўніцтва, бурнае пераўтварэнне, магутны рух”. А вось тое, што ў гэты самы час, у перыяд кіравання Хрушчова, ні адзін вораг не прынёс Савецкаму Саюзу столькі бедаў, колькі прынёс яго лідар, аўтарка недзе вычытала.

І пад такім меркаваннем яна падпісваецца.

Таццяна Шамякіна. Фота: http://philology.bsu.by

Вычытанае ў творы Шамякінай падаўляе яе асабістыя ўспаміны. Наконт акалічнасцей прыходу да ўлады Хрушчова ў 1953 годзе (дзяўчынцы Тані было тады 5 гадоў, то й нібыта цяжка было б нешта ўспомніць) Т. Шамякіна мае сваю цвёрдую думку:

Сталін памёр не сваёй смерцю.

Яго атруціла найбліжэйшае асяроддзе.

Аўтарка ўвогуле шмат увагі ўдзяляе кіраўнікам СССР. А як жа: “асоба кіраўніка аказвае ўплыў на агульную атмасферу жыцця ў краіне” (вылучэнне не маё).

І тут, трэба прызнаць, аўтарцы моцна не пашанцавала. Пачынаючы ад Хрушчова тагачасныя валадары СССР уяўляюць сабой “спецыфічную галерэю зусім не здольных да кіравання дзеячоў”. (Слова “валадары” і вылучэнне не маё.)

Гэта не толькі думка Т. Шамякінай, але і ўсяго колісь шматлікага шамякінскага “клану” (слова не маё).

Калі раней шамякінскія сямейнікі збіраліся разам, то агульнай была думка, што найвышэйшае кіраўніцтва – некампетэнтнае:

”мы ўсе згаджаліся: галоўная бяда – у дэградацыі ўлады” (вылучэнне не маё).

У творы абгрунтоўваецца выпакутаваная шамякінскім сямействам ідэя дэградацыі кіраўнікоў СССР і постсавецкай Расіі: Хрушчоў, Брэжнеў, Андропаў, Чарненка, Гарбачоў, Ельцын.

Сталіна ў гэтым спісе няма.

Беларускае найвышэйшае кіраўніцтва, выглядае з выкладання Шамякінай, дэградацыя не закранула. У нас быў добры Машэраў, да іншых ужыта фігура змоўчання.

Асабліва дасталося ад аўтаркі М. Хрушчову.

Ён – “уладарны самадур”, пра яго непрадказальнасць і дурноту “можна гаварыць гадзінамі”.

Мэтай ягонага антысталінскага даклада папраўдзе было заблакаваць дэмакратызацыю савецкага грамадства.

Ён “дабіваў” сельскую гаспадарку, знішчаў армію.

Ён правёў грашовую рэформу, якая аказалася падманам.

Хрушчоў развенчваў культ Сталіна нібыта па патрабаванні заходніх лідараў.

Менавіта пры ім пачалося поўзанне на каленях перад Захадам, нібыта менавіта ён вылучыў недарэчны лозунг “дагнаць і перагнаць Амерыку”.

І навошта ж было тую Амерыку даганяць, калі СССР меў прыярытэт перад ЗША? – недаўмявае наш аналітык.

У такім простым пытанні не разабраліся!

Сын Хрушчова ад першага шлюбу падчас вайны служыў немцам, за гэта ён быў расстраляны партызанамі.

Кіраванне Хрушчова знаменавала сабой страту тэмпаў развіцця, бяздарна патрачанай энергіі народа, страты аўтарытэту СССР як сусветнага лідара...

І ўвогуле Хрушчоў быў англійскім шпіёнам у складзе савецкага Палітбюро!

Не пытайцеся, наколькі гэта мудра лічыць, што жывем дрэнна таму, што намі апошнім часам, па Гарбачова ўключна, кіруюць неадукаваныя ідыёты.

Не, Шамякіна не карыстаецца выразам “рыба гніе з галавы” – іначай мы маглі б падумаць, што і з самой рыбай было нешта не так.

Не пытайцеся, як гэта ўсё спалучаецца з назіраным у дзяцінстве Шамякінай “бурным пераўтварэннем” і “магутным рухам”. З аднаго боку, зафіксаваная памяццю Т. Шамякінай “святочнасць і бесклапотнасць” паўнацэннага жыцця пры Брэжневе. З другога боку, ацэнка фільма Клімава “Добро пожаловать или Посторонним вход воспрещен” як дасціпнай метафары жыцця ў СССР – як піянерскага лагера з жорсткім рэжымам.

Ну, калі вы ведаеце, што вы жылі ў лагеры са строгім рэжымам, то не расказвайце асабліва пра бесклапотнасць, святочнасць і паўнацэннасць гэтага жыцця!

Застаецца дапусціць, што англійскі шпіён Хрушчоў вельмі добра маскаваўся...

Ды абазнананую сучасную прафесарку-гуманітарыя з яе няспыннымі інтэлектуальнымі пошукамі, прадстаўніцу эліты вакол пальца не абвядзеш!

Наступны кіраўнік, Андропаў, паводле Шамякінай, быў “абсалютна чужы культуры любога з народаў, што жылі ў СССР”.

Ён накіроўваў дысідэнтаў у псіхіятрычныя бальніцы, “забяспечваючы гэтым ім пэўны імідж і скандальную вядомасць”.

Вось яно як!

Адносна дысідэнтаў некаторыя праекты КДБ андропаўска-брэжнеўскага часу і ЦРУ аказаліся аднолькавымі. Пільную дзяўчынку Таню не падманеш!

Ну, там Брэжнеў таксама быў малаадукаваны, пры ім “нарасталі згубныя супярэчнасці” і быў запушчаны працэс дэградацыі жанчын (вылучана не мной).

На ніве дэградацыі савецкіх жанчын сярод іншых нібыта папрацавала амерыканская кінадзіва Джэйн Фонда, прышчапляючы савецкім жанчынам любоў да буржуазнай аэробікі.

Т. Шамякіна падае справу так, нібыта актрыса карысталася дапамогай свайго мужа, медыямагната. Папраўдзе сеансы аэробікі пачалі паказваць па савецкім тэлебачанні з 1984 года, а Джэйн Фонда выйшла замуж за Тэда Цёрнера ў канцы 1991 года.

Правяраць факты для Т. Шамякінай – гэта нечуваная складанасць.

“Застою” пры Брэжневе, лічыць Шамякіна, не было.

Па-чалавечы Брэжнеў быў больш сімпатычны, чым Хрушчоў, пры ім не было ніякога таталітарызму. Калі Хрушчоў “убухваў шалёныя грошы” ў падтрымку нібыта сацыялістычных краін (напісана са знакам мінус), то Брэжнеў “шчыра змагаўся за мір” (яўны плюс). Пры Брэжневе, памятае Т. Шамякіна, было “адчуванне быцця цікавага, яркага, насычанага”.

А вось Гарбачоў і Ельцын былі “ўжо зусім нягоднымі кіраўнікамі”.

Можна пацікавіцца: а па якому праву спецыяліст у вузкай сферы міфалогіі, выносіць катэгарычныя і адвольныя прысуды адносна розных падзей і асоб савецкай гісторыі, не грэбуючы чуткамі і плёткамі?

Адказ будзе такі: па праву жыцця!

У шамякінскім доме ў 1950–1980-я Хрушчова, а потым і Брэжнева абмяркоўвалі, даслоўна, “штодня і вельмі бурна”. Бацькавы сябры збіраліся ў яго ў кабінеце, а дзяўчынка Таня ў суседнім пакоі рабіла ўрокі і міжволі праз сцяну ўсё чула.

Значыць, яна добра ведала важныя савецкія падзеі з дзяцінства. Не ўсім так пашанцавала.               

Зыходзячы з назвы твора выглядае так, што нібыта да пачатку свядомага жыцця аўтаркі існавалі нейкія “бяспрымесныя” савецкія людзі.

Потым, пасля смерці Сталіна, на вачах аўтаркі іх заразілі бацылай абывацельшчыны.

Заразу прынёс Хрушчоў і яго наступнікі.

Шамякіна робіць экскурс у гісторыю мяшчанства як савецкай ідэалагемы, але ў мімаходзь згаданых апавяданні А. Талстога “Гадзюка”, у п’есе “Тутэйшыя”, у “Запісках Самсона Самасуя”, паводле аўтаркі, паказаны абывацелі, якія засталіся ад “мінулага буржуазнага грамадства”. Ну, там пісалі пра мяшчан Горкі і Зошчанка.

Вось жа цікава: і ў незгаданай байцы Міхалкова “Дзве сяброўкі” 1945 года, у якой замежным наклейкам патрыятычна процістаўлялася рускае сала, таксама асуджаліся “перажыткі” буржуазнага грамадства? Ці ўжо з’явы, якія ўзраслі з савецкай рэчаіснасці?

Шамякіна нічога не піша пра сталінскую кампанію барацьбы з “бязроднымі касмапалітамі” 1948—1953 гг.  Падчас гэтай кампаніі праводзілася барацьба за рускія і савецкія прыярытэты ў галіне навукі, пераследавалася “нізкапаклонства перад Захадам”.

Дык роўна гэтым самым, як у найлепшыя сталінскія часы, заклапочана беларуская прафесарка сёння!

У савецкай гісторыі мастацтва Шамякіна выводзіць адлюстраванне тэмы мяшчанства як “сваёй” з кінематаграфіі хрушчоўскіх часоў.

Як жа проста:

за Сталінам былі высокаякасныя савецкія людзі, а Хрушчоў і наступнікі з іх зрабілі мяшчан!

Іван Шамякін з дачкой Таццянай. Фота: https://minsknews.by/

Добрае жыццё скончылася, згодна з Шамякінай, адначасова з перабудовай, якая была абвалам “ўсяго і ўся”.

...Кантэнт вельмі многіх сучасных выданняў цяпер проста ткі засмечаны чымсьці,  што нагадвае своеасаблівы мысліцельны шлак. Чым жа горшая Таццяна Шамякіна і часопіс “Нёман”, чаму б і ім не карміць чытачоў такой прадукцыяй?

Наступным разам пісьменніца збіраецца асэнсаваць, адкуль бярэцца сучасная чалавеканенавісніцкая дактрына, якая так дрэнна ўплывае на абывацеля. І гэта будзе ўжо не “эсэ-роздумы-успаміны”, а “сур’ёзнае даследаванне”. Ва ўяўленні Т. Шамякінай, без двукосся.

Сцеражэмася. Нас чакае чарговае пацешнае чытанне.

Вам можа спадабацца