Ці створаць Марзалюк з Гігіным "зажигающую вещь"

Грамадзтва

Ці створаць Марзалюк з Гігіным "зажигающую вещь"

Без заходнерусізму і ідэалогіі БНФ?

Адзін з сюрпрызаў, якія чакаюць беларусаў ужо ў насталым годзе, быў анансаваны вядомым Лукашэнкавым любімчыкам, доктарам навук і двойчы дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Ігарам Марзалюком.

Гаворка ідзе пра падручнік па гісторыі беларускай дзяржаўнасці, які быў падрыхтаваны адмысловай групай вядучых гісторыкаў і філосафаў краіны.

Па словах Ігара Марзалюка, гэтая калектыўная праца выявілася не толькі даволі грунтоўнай з факталагічнага і тэкставага пункту гледжання, бо склала каля 400 старонак, а і з навуковага.

У ёй вытрыманы галоўны прыцып гістарычнага даследавання — аб’ектыўнасць, а таму нібыта ўдалося пазбегнуць дзвюх небяспечных крайнасцяў: заходнерусізму і ідэалогіі БНФ.

У выніку, кажа спадар Марзалюк, атрымаўся наватарскі і «не ілжывы» курс,

які ўжо з першага верасня павінен стаць абавязковым у ВНУ Беларусі.

Не чакаючы выхаду анансаванага падручніка, можна зрабіць пэўныя высновы.

Яго з’яўленне сведчыць пра яўную незадаволенасць улады ідэалагічным выхаваннем моладзі, прынамсі студэнтаў ВНУ. Раней такую задачу павінны былі выконваць курс ідэалогіі беларускай дзяржавы ды гістарычная канцэпцыя Якава Трашчанка — выкладчыка Аляксандра Лукашэнкі ў Магілёўскім педагічным інстытуце .

Аднак, па ўсім відаць, гэта не дало асаблівага плёну.

Сам Лукашэнка на публіцы неаднаразова выказваў крытыку ў бок высокіх чыноўнікаў, адказных за ідэалогію, папракаў іх у тым, што ў краіне так і не створаная тая «зажигающая вещь», якая была б успрынята ўсім грамадствам.

І пэўная доля ісціны ў гэтых словах ёсць.

У адрозненне ад моцнага рэпрэсіўна-бюракратычнага апарата і «эфектыўнай» сістэмы падліку галасоў, "дзяржаўная ідэалогія" фактычна так і не створана, сведчаннямі чаму з’яўляюцца як адток моладзі за мяжу, так і пэўныя дасягненні нацыянальнага руху (напрыклад, святкаванне 100-годдзя БНР).

Таму з’яўленне «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці» можна разглядаць як своеасаблівую спробу ідэалагічнага рэванша, абумоўленую імкненнем дзяржавы заняць як мага больш месца ў студэнцкіх галовах.

На карысць ідэалагічнай функцыі падручніка гаворыць той факт, што кіруе навуковай групай сам Марзалюк, а адзін з аўтараў падручніка — Вадзім Гігін.

Ігар Марзалюк і Вадзім Гігін.

Хоць абодва прафесійныя гісторыкі, яны набылі імідж самых адданых прыхільнікаў не столькі існуючага рэжыму, сколькі персанальна Аляксандра Лукашэнкі (сюжэт, дзе Марзалюк пусціў слязу падчас штогадовага паслання прэзідэнта парламенту, імгненна абляцеў Байнэт).

Пэўныя засцярогі могуць быць і яшчэ да аднаго вядомага аўтара падручніка, былога міністра адукацыі, таксама гісторыка Пятра Брыгадзіна. Апальны Генадзь Сагановіч праз недзяржаўную прэсу крытыкаваў Брыгадзіна за тое, што менавіта пры ім падручнік Трашчанка па гісторыі Беларусі стаў выкарыстоўвацца ў навучальным працэсе. Апрача гэтага, акурат пры Брыгадзіну адбылося закрыццё коласаўскага ліцэя.

Пётр Брыгадзін. Фота: nn.by

Іншыя аўтары падручніка, напрыклад, дэкан гістфака БДУ Аляксандр Каханоўскі і прафесар кафедры крыніцазнаўства таго ж факультэта Сяргей Ходзін, публічна амаль не «засвяціліся» на ідэалагічным фронце. Аднак у беларускіх рэаліях дэканства (асабліва ў дзяржаўным ВНУ) патрабуе «правільных» поглядаў, а спадар Ходзін да таго ж узначальвае суполку «Белай Русі» у БДУ.

Аляксандр Каханоўскі.

Праціўнікі новага курсу сцвярджаюць, што ягоная місія — не толькі ва ўдасканаленні "ідэалагічнай работы", але і замене ім у ВНУ прадмета «Гісторыя Беларусі». Нельга адназначна адкідаць такую магчымасць.

Сяргей Ходзін.

Справа ў тым, што колькасць лекцый па сацыяльна-гуманітарным дысцыплінах у ВНУ штогод скарачаецца, а адпаведная нагрузка прафесарска-выкладчыцкага складу падае. У той самы час Марзалюк займае пасаду кіраўніка рабочай групы па аптымізацыі (чытай — скарачэнні) зместу і структуры адпаведнага цыклу ў ВНУ пры Міністэрстве адукацыі.

Узнікае яшчэ адно пытанне. З кароткіх прэс-рэлізаў вынікае, што тэмы, якія павінны быць адлюстраваныя ў новым курсе (гісторыя дзяржаўных утварэнняў, галінаў улады, пасадаў ад князёў да прэзідэнта і інш.), вывучаюцца ў знаёмай тысячам выпускнікам юрыдычных факультэтах дзяржаўных і недзяржаўных ВНУ «Гісторыі дзяржавы і права Беларусі». Калі гісторыю Беларусі і тое ж беларусазнаўства можна адносна «бязбольна» ліквідаваць, напрыклад, на журфаках ці філфаках, то як быць юрыстам? «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці» і «Гісторыя дзяржавы і права Беларусі» могуць даваць у многім адну і тую ж інфармацыю і да таго ж выкладацца на першых курсах.

Кола праблем не абмяжоўваецца толькі «ідэалагічным дыскурсам». Трэцім раздзелам курсу з’яўляецца беларусазнаўства. Па ахопе пытанняў, аб’екце і прадмеце даследавання гэта — найбольш комплексная дысцыпліна, таму яна павінна ўключаць у сябе гісторыю беларускай дзяржаўнасці.

Канцэпцыя новага курсу, дзе беларусазнаўству адведзена роля "трэцяга раздзела", сведчыць пра тое, што гэта — збольшага вынік адміністрацыйна-валюнтарысцкага рашэння, не абумоўлены навучальнай неабходнасцю.

Таму хутчэй за ўсё перад намі чарговы кан’юнктурны «мікс», заснаваны на вольным абыходжанні з навучальнымі дысцыплінамі і ўпакаваны ў новую назву. 

Патрэба ў ім вынікае не з навучальнай дыдактыкі, а тлумачыцца хутчэй жаданнем яго ініцыятара Ігара Марзалюка прэзентаваць сябе як лідара, пад кіраўніцтвам якога ідзе важная для Беларускай дзяржавы стваральная праца, кансалідаваць сваю патранажную групу, а значыць, здабыць дадатковы ўплыў і піяр.

Вам можа спадабацца