Сенсацыйныя сведчанні дэпутата Знаўца: Беларусь да 2003-2005 павінна была ўвайсці ў Еўрасаюз

Палітыка

Сенсацыйныя сведчанні дэпутата Знаўца: Беларусь да 2003-2005 павінна была ўвайсці ў Еўрасаюз

Але ці праўдзівыя?

Увагу чытачоў прыцягнула нядаўняя крытыка інтэрв’ю Зянона Пазьняка, выклікаўшы дыскусію, якія крыніцы асабістыя ўспаміны ці пісьмовыя дакументы —  больш праўдзіва асвятляюць тую ці іншую падзею.

У гэты раз у цэнтры нашай увагі — палітык і былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 13 склікання Павел Знавец, які 5 студзеня на сайце «Беларускі партызан» зрабіў допіс «Уладзімір Станкевіч: імя ў найноўшай гісторыі Беларусі».

Ён прысвечаны дэпутату Вярхоўнага Савета 12 склікання і ўжо, на жаль, нябожчыку Уладзіміру Станкевічу.

Уладзімір Станкевіч.1991 год.

У гэтым допісе гаворка ідзе пра выпадак, які быццам бы адбыўся са Станкевічам і ягоным калегам Аляксандрам Лукашэнкам недзе напачатку 1994 года (па словах Знаўца, пра гэта ён даведаўся ад членаў парламенцкай апазіцыі БНФ ў Вярхоўным Савеце 12 склікання Лявона Баршчэўскага і Барыса Гюнтэра). Нібыта на адным з паседжанняў парламенцкай сесіі Станкевіч на прапанову Лукашэнкі сумесна стварыць партыю пад агульны смех дэпутатаў назваў апошняга «Шуриком» і параіў яму звярнуцца ў псіхбальніцу ў Навінках і там вербаваць членаў для сваёй партыі:

Для шараговага чытача гэтая гісторыя, мабыць, будзе сапраўды цікавай ды смешнай.

Аднак у таго, хто больш-менш знаёмы з нюансамі палітычнага жыцця нашай краіны ў першай палове 1990-х, узнікаюць пытаннi.

Абстрагуемся пакуль што ад самой рэплікі Станкевіча ў інтэрпрэтацыі Знаўца і звернемся да відавочна спрэчных момантаў яго допісу.

Павел Знавец сцвярджае, што на пачатку 1994 года, Лукашэнка, які ўжо прадчуваў хуткае ўвядзенне інстытута прэзідэнцтва, насіўся з ідэй стварэння ўласнай партыі, каб перамагчы на выбарах старшыню ўрада Вячаслава Кебіча і раскалоць электарат БНФ.

Гэта цалкам не адпавядае рэчаіснасці.

Сапраўды,  інстытут прэзідэнцтва быў уведзены Канстытуцыяй 15 сакавіка 1994 года.

Але ні ў студзені, ні ў лютым 1994 (як і раней) нідзе не зафіксаваныя заклікі ці памкненні Лукашэнкі стварыць уласную партыю.

Сам Лукашэнка ў гэты час быў апантаны ідэяй надання сваёй часовай камісіі Вярхоўнага Савета па вывучэнні дзейнасці камерцыйных структураў пры рэспубліканскіх і мясцовых органах улады і кіравання статусу пастаяннай.

Гэта выклікала вострыя дэбаты на паседжаннях тагачаснай трынаццатай сесіі Вярхоўнага Савета 12 склікання.

Цікава, што Лукашэнка запусціў уласную легенду пра свой гіпатэтычны прыход да ўлады.

Гэта павінна было адбыцца не праз выбары, а праз увядзенне пасады віцэ-прэзідэнта. Менавіта такі варыянт, сцвярджаў беларускі прэзідэнт на сустрэчы з журналістамі расійскіх рэгіянальных СМІ восенню 2010 года напярэдадні драматычных прэзідэнцкіх выбараў і Плошчы, ён прапанаваў Кебічу.

Вячаслаў Францавіч павінен быў стаць прэзідэнтам, а ён, Лукашэнка — віцэ-прэзідэнтам (канешне, з прыцэлам на прэзідэнцтва).

Але ж Кебіч, па словах Лукашэнкі, тады адмовіўся.

Яшчэ больш дзіўнымі выглядаюць знешнепалітычныя развагі Знаўца.

Ён піша, што тагачасны міністр замежных справаў Беларусі Пятро Краўчанка  6 сакавіка 1993 года правёў буйны брыфінг з удзелам айчынных і замежных журналістаў.

І быццам бы на тым брыфінгу Пётр Кузьміч заявіў: раз Беларусь адмовілася ад ядзернай зброі, значыць, узяла стратэгічны курс на ўступленне ў Еўрапейскі Саюз.

Тут справа не толькі ў тым, што ў тагачаснай прэсе ані слова не знойдзеш пра падобны брыфінг (хаця публікаваліся амаль усе знешнепалітычныя навіны: напрыклад, тэлефонная размова Шушкевіча з Клінтанам у лютым 1993 года ці візіт Руслана Хасбулатава ў Мінск у сакавіку таго ж года), а яшчэ ў тым, што падобныя заявы Краўчанка павінен быў рабіць выключна з санкцыі вышэйшай улады.

А высокіх начальнікаў над Краўчанкам было ажно два: Станіслаў Станіславіч Шушкевіч і Вячаслаў Францавіч Кебіч.

І хаця супярэчнасцяў паміж кіраўнікамі заканадаўчай і выканаўчай улады хапала, тым не менш, у галіне знешняй палітыкі яны дэманстравалі амаль еднасць.

Так, у лютым 1993 года Шушкевіч пасля вяртання з Давосу, дзе, дарэчы, прыстутнічаў разам з Краўчанкам, заявіў, што «ў Еўропе нас асабліва не чакаюць», і назваў галоўныя арыенціры знешняй палітыкі Беларусі: Усход, Поўнач і Поўдзень.

18 сакавіка 1993 года на нарадзе-семінары старшынь выканаўчых камітэтаў Саветаў народных дэпутатаў Кебіч упершыню заявіў пра магчымасць стварэння адзінага эканамінага саюза з удзелам Беларусі, Казахстана і Расіі. (Лідар БНФ Зянон Пазьняк заклікаў тады прыцягнуць кіраўніка ўрада за ягоную прамову да крымінальнай адказнасці.)

Так што пры такім раскладзе Краўчанка ну ніяк не мог у 1993 годзе рабіць афіцыйныя заявы пра стратэгічны курс Беларусі на ЕС.

А тэрміны ўступлення нашай краіны ў гэтую арганізацыю (2003-2005 г.), быццам бы агучаныя Краўчанкам, выглядаюць не іначай, як фантастыка.

А што з фразай Станкевіча?

Як і чакалася, яна адсутнічае ў стэнаграмах паседжанняў трынаццатай сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання, прынамсі, за студзень, люты і сакавік 1994 года.

Думаецца, марна шукаць яе і ў папярэднія гады і месяцы.

А між іншым, такія стэнаграмы — моцная і надзейная зброя ў руках тых, хто вывучае станаўленне беларускага парламентарызму першай паловы 1990-х гадоў, бо ў іх добрасумленна фіксаваліся ўсе нюансы працы парламентарыяў, у тым ліку «смех», «шум у залі», «апладысменты».

Па прыклады далёка хадзіць не трэба.

У адным з сюжэтаў нядаўняга фільма пра палітычную гісторыю Беларусі 1990-х гадоў пад назвай «Гульня без правілаў», створанага каналам «Белсат»,

журналістка Святлана Калінкіна літаральна прыпячатала да сценкі Анатоля Лябедзьку, калі зачытала яго выступ са стэнаграмы паседжання дванаццатай сесіі Вярхоўнага Савета 4 чэрвеня 1993 года.

Выявілася, што

менавіта Лябедзька прапанаваў кандыдатуру Лукашэнкі на пасаду старшыні часовай «антыкарупцыйнай» камісіі, якая і стала для Аляксандра Рыгоравіча шляхам на палітычную верхатуру.

Увогуле ў стэнаграмах Вярхоўнага Савета 12 склікання за ўсе гады яго дзейнасці не сустракаюцца прыклады ганебных публічных "наездаў" парламентарыяў адзін да аднаго.

Калі дэпутаты чыста па-чалавечы не ўспрымалі друг друга, то тады яны ў выступах перад мікрафонам максімум звярталіся па прозвішчы.

Да таго ж складана ўявіць, што Уладзімір Станкевіч — юрыст па адукацыі і кіраўнік маладзечанскай міліцыі стаў бы апускацца да паўблатнога жаргону.

Плюс у Вярхоўным Савеце 12 склікання, хай шмат у чым і фармальна, але ж працавала камісія па дэпутацкай этыцы на чале з мітрапалітам Філарэтам.

Ды і калі б Станкевіч і кінуў фразу наконт «Шурика» і Навінак, няўжо яе б не падхапілі прагныя на сенсацыі журналісты, у тым ліку з уласнага органа Вярхоўнага Савета — «Народнай газеты»?

Але гэтага няма.

У сваю чаргу моцныя выразы народных выбраннікаў адразу станавіліся вядомымі.

Зноў звернемся да прыкладаў.

16 снежня 1993 года пры абмеркаванні выніковага даклада старшыні часовай «антыкарупцыйнай камісіі» член дэпутацкай групы БНФ Мікалай Маркевіч назваў Лукашэнку Адольфам Вольфавічам.

У адказ Лукашэнка назваў Маркевіча Адольфам Іосіфавічам.

Такі вербальны паядынак адлюстравалі галоўныя СМІ.

Той жа Станкевіч 28 студзеня 1994 года параіў новаабранаму кіраўніку Вярхоўнага Савета Мечыславу Грыбу стаць Архімедам, знайсці сярод дэпутатаў кропку апоры і, нарэшце, вырашыць праблему, звязаную з частымі ваяжамі шэрагу парламентарыяў за мяжу.

Словы пра Архімеда адразу падхапіла прэса.

Калі пакінуць за дужкамі, у прынцыпе, неістотнае пытанне пра тое, ці з’яўляюцца падобныя гісторыі банальнымі памылкамі, альбо наўмыснымі ўкідамі, трэба зазначыць наступнае: у любым выпадку яны — вынік міфалагізацыі найноўшай гісторыі Беларусі. І гэтая міфалагізацыя ў апошнія часы набірае абароты. Як вынік, былыя і цяперашнія антаганісты нараджаюць на свет Божы сапраўдныя фантасмагорыі (ці то Лукашэнка пра пасаду віцэ-прэзідэнта, ці то Пазьняк пра Яўгена Новікава і інш.).

Праўда, існуе, на наш погляд, аб’ектыўная прычына.

Многімі удзельнікамі тых падзей, якія дасягнулі ўжо сталага веку, авалодвае настальгія, таму яны імкнуцца пісаць «сваю» гісторыю ў вачах грамадскасці. І ўсё ж іх успаміны і тэорыі — каштоўны матэрыял, варты ўвагі, вывучэння і, канешне, верыфікацыі з дапамогай іншых крыніцаў.

І заклік тут гісторыкаў-пазітывістаў — «давярай толькі таму, што напісана!» — як нельга дарэчы.

Вам можа спадабацца