Бляск і ўбоства гендару

Грамадзтва

Бляск і ўбоства гендару

15 студзеня 2020 а 17:38

Анатоль Шымшонак

У панавагоддзі тройчы сутыкнуўся з спрэчкамі пра ўжыванне новых слоў для абазначэння жанчын ва ўкраінскай і польскай мовах.

Мікола Скіба напісаў эмацыйны артыкул “Украіна звар’яцела”.

Сэнс яго просты.

Тыя, хто ўжываюць перакручаныя словы тыпу посолка ці міністерка для наймення жанчыны-пасла і жанчыны-міністра – вар’яты.

Аўтар лічыць, што калапс усіх сфер украінскага быцця найбольш выразна праяўляецца не столькі ў навінах пра заняпад прамысловасці ці ў фэйсбучных войнах, а акурат у новаствораных “словах-мутантах”.

Аўтара ўражвае тое, што ў сучаснай Украіне не чуваць галасоў супраць такога ўжывання.

Кіеўская адвакатка Яўгенія Закрэўская прызналася, што катэгарычна не любіць новых фемінітываў, гэтых самых адвокаток, там, дзе можна і нават трэба нармальна сказаць адвокат.

Сваё прызнанне аўтарка назвала камінаўтам.

Яўгенія Закрэўская. Фота: https://www.facebook.com/

Польскі сацыёлаг Анна Пакорска звярнула ўвагу на тое, што ў Польшчы няма ніводнага рэктара-жанчыны.

Усе польскія рэктары – мужчыны. Ім усім больш за 50 гадоў.

Польскія рэктары сімвалізуюць сабой традыцыі, вартасці і нормы навучальнай установы. Але жанчынам цяжка ўпісацца ў такую ідэю, сцвярджае Пакорская.

Яўгенія Закрэўская – адвакатка, і сучаснае моўнае ўжыванне не з’яўляецца прадметам яе зацікаўлення. Мікола Скіба – не мовазнавец і можна было б падумаць на эксперта ў сферы адукацыі Украінскага інстытута будучыні, але гэта, відаць, не ён. Гэтым разам яны сінхронна і  роздратовано (найперш Скіба) прарэагавалі на культываванне слоў тыпу  адвокатка, посолка, міністерка.

У даследаванні Пакорскай няма моўных акцэнтаў, але яны з’явіліся, калі яе меркаванні пераказала Польскае агенцтва друку. Журналістка Людвіка Тамаля сфармулявала навіну пра даследаванне Пакорскай так: “Socjolożka: w Polsce rektorami są zwykle panowie po 50. Brakuje rektorek”.

Socjolożka – гэта новае, і дражлівае, слова для абазначэння жанчыны-сацыёлага. Абмеркаванне артыкула паказала, што socjolożka – гэта сапраўды не “толькі” слова для абазначэння жанчыны-сацыёлага, а і нешта большае. Тут ёсць вольнае ці нявольнае прасоўванне фемінісцкай павесткі дня. Як рэакцыя на такое прасоўванне падчас абмеркавання артыкула Тамалі выніклі таксама ўжытыя іранічна  antropolożka (традыцыйна: antropolog), górniczka (традыцыйна: górnik, уласна, шахцёр).

Нехта пажартаваў, што на польскіх шахтах не хапае górniczek, уласна, шахцёрак.

У суме сітуацыю можна апісаць так.

Ва Украіне і Польшчы існуюць грамадскія рухі, згодна з якімі існуючую мову трэба “выправіць”, вычысціць з яе “маскулінны шавінізм”. Гэтакім  шавінізмам лічыцца наяўнасць у мове шматлікіх агульных назоўнікаў, прызначаных для абазначэння людзей абодвух палоў (рэжысёр, шафёр, грузчык, лідар, сацыёлаг, антраполаг, дэрматолаг, педагог, філосаф, этнограф, міністр, пасол, рэктар, дэкан, шахцёр і інш.). Знешне гэтыя словы аформлены як назоўнікі мужчынскага роду, але па сутнасці слова філосаф, напрыклад, нічога нам не паведамляе пра тое, якога біялагічнага полу чалавек, ім абазначаны.

Гэтым чалавекам можа быць як мужчына, так і жанчына.

Толькі якіясь даяркі і сцюардэсы – гэтай найперш жанчыны.

Гэта дыскрымінацыя, гавораць фэміністкі, у гэтых назвах не відно нас, жанчын.

Таму даеш рэжысёрку, шафёрку, лідарку, сацыяложку, філосафку, пасолку, дэканку, шахцёрку і падобнае!

Хочам быць бачнымі, роўнасць – дык роўнасць і для жанчын!

Гэты трэнд настолькі моцны, што фемінізацыя прапісана нават у новых правапісных зменах ва Украіне. Так, быццам фемінізацыя ўвогуле мае нейкае дачыненне да правапісу! На шляху да роўнасці ёсць некаторыя моўныя калдобіны: няўжо педагожка, дэрматаложка? Ці педагагіня, дэрматалагіня? А можа педагогка ці педагогіца? Пасолка? Ці, можа, пасліца?

Ды пераадолеем!

Будзем спадзявацца, моўныя тэхнолагі нам падкажуць, як мае быць правільна і каб чыста па-беларуску.

А мова... што ж... яна ўсё сцерпіць...

Але, аказваецца, не хочуць цярпець людзі, творцы і носьбіты мовы.

Паводле Яўгеніі Закрэўскай,

фемінітывы ламаюць яе алгарытм зносін, успрыняцця людзей і навязваюць пэўныя адносіны, у якія яна не хоча ўступаць, і ацэнкі, якія яна не хоча даваць.

У зносінах трэба апераваць інфармацыяй, якая мае значэнне, і не абцяжарваць іх інфармацыяй, якая не мае значэння.

“Добры код павінен мець выразныя кароткія словы для аб’ектаў з аднолькавымі важнымі прызнакамі і рознымі няважнымі”.

Так, у зносінах першачарговай важнай, фармулюе Закрэўская, з’яўляецца наступная інфармацыя: прафесія, узровень кваліфікацыі, вопыт, веды, водгукі. Нязначымай і таму збыткоўнай з’яўляецца інфармацыя пра тое, мужчына гэта ці жанчына, у шлюбе яны ці не, нацыянальнасць, рэлігія.

Паводле Закрэўскай, інфармацыя другога роду з’яўляецца для яе збыткоўнай не толькі ў прафесійных зносінах, але і ў прынцыпе. Выключэнні могуць быць, але для гэтага не трэба прыдумваць спецыяльныя словы (код).   

Паводле Закрэўскай, выкарыстанне фемінітываў – гэта акурат стварэнне розных першасных кодаў для прафесіяналаў (імі могуць быць мужчыны і жанчыны) і знішчэнне агульных назваў суб’ектаў-прафесіяналаў без прывязкі да полу.

Гэтым самым прызнак полу ў зносінах ставіцца вышэй за ўсе астатнія значымыя прызнакі.

Cупраць чаго змагаліся, тое ж і атрымалі?

Погляд Закрэўскай мне здаецца цікавым, хоць мяне не раздражняюць аўтаркі і рэжысёркі. Лідарка ўжо горш, але таксама прымальна. З барацьбой за шафёрку і шахцёрку пакуль не сутыкаўся. З філосафкі і з антрапаложкі на гэтым этапе хутчэй пакплю.

То бок: няўжо з посолкой украінцам у будучыню няма дарогі?

А як будзе ў нас з філосафкай і сацыялагіняй? Пачакаем, што скажуць самі гэтыя самыя. Ну, філосафы і сацыёлагі.

Вам можа спадабацца