Смелая каралева суровага беларускага пін-апу

Рознае

Смелая каралева суровага беларускага пін-апу

17 студзеня 2020 а 16:43

Паўліна Каржакова

Мас-культура ў Амерыцы 50-х ХХ ст. падаравала свету “выключна абаяльную бландынку” Мэрылін Манро, якая мела сваю канкурэнтку ў пін-ап бізнесе – брунэтку Бэці Пэйдж.

Сёння вобраз кожнай з гэтых красунь мы аднеслі б да класікі “рэтра-вінтажу”. На фоне сучаснай сексуальнай індустрыі, звязанай з інтэрнэтам, Мэрылін і Бэці выглядаюць анёлкамі.

У закаханых у фотааб’ектыў фатографаў фота з абедзвюма гэтымі "нягодніцамі" станавіліся сапраўднымі мастацтвам.

Ці паявіўся ў Беларусі пін-ап бізнэc, калі б фотку з прыгожанькай беларускай можна было б назваць “марай дальнабойшчыка”?

На жаль, пакуль яшчэ не.

Адзінкавыя прыклады звароту да пін-апу ў Беларусі не з’яўляюцца рэпрэзентатыўнымі.

Калі загугліць выраз “беларускі пін-ап”, пошук прапануе выправіць яго на “беларускі белаз”, а ў лепшым выпадку выдасць рэкламу беларускай касметыкі, дзе ёсць памада з адпаведнай назвай.

Каб працаваць цяпер у Беларусі ў стылі “пін-ап”, як у Амерыцы 1950-х, патрэбна смеласць. Прыклад такой смеласці – творчасць фатографа з Віцебска  Дзіны Даніловіч, вядомай па шэрагу праектаў у музеі сучаснага мастацтва ў Мінску.

Трэба нагадаць, што жанчына на фотавыявах з прыгожай гладкай скурай, прыгожымі бліскучымі валасамі, паголенымі стройнымі нагамі ды яшчэ ў “бікіні” – гэта прадукт урбаністычнай цывілізацыі.

Вядома, фотамастацтва адлюстроўвае бягучае жыццё. Толькі вось фіксацыя ўрбаністычнай стадыі жыцця беларусак праз іх разняволеную аголенасць  – справа нялёгкая для фотамастацтва.

Беларускі навучыліся гламурна выглядаць на заморскіх пляжах, але для фотамастацтва такі вобраз не надта цікавы.

Замест пляжнага гламуру Дзіна Даніловіч намацвае іншы культурны код.

Возьмем за прыклад толькі адзін сюжэт яе творчасці – напаўаголеная мадэль на пікніку, ва ўлонні прыроды.

Здавалася б, што можа быць больш гламурным.

Але гэта не класічная “вумэн оф зэ сан”, апяяная з удзелам Бэці Пэйдж у фотасесіях амерыканскай фотамастачкі Бані Ягер.

Наўмысна ствараючы падабенства з чарнявай Бэці Пэйдж і яе сімвалічна падстрыжанай на ілбе грыўкай, фотамастачка падае крыху вульгарны “хэві-эратызм” з мясажэрнасцю вогнішчаў і шашлыкоў, неахайнай атрыбутыкай брудных голых ног, раскінутых пледаў, вастрынёй піцця шампанскага нагбом і палення феміністычнай цыгаркі, нязмытасці тату і прысутнасцю ў кадры валачашчых котак.

Гэты вобраз "не ратуе" ані эстэцкае чырвонае або чорнае кімано, ані прыгожыя ногі фотамастачкі.

Вось такая яна, беларуская сімволіка жаночага разняволення. Наш эратызм – не вясёлы і гуллівы па-амерыканску. Ён безвыйсцёвы, закупораны саўком.

Брава, Дзіна Даніловіч!

Фоты з асабістага архіву Дзіны Даніловіч скарыстаныя за згодай фотамастачкі ў рамках рэцэнзавання яе творчасці і як навукова-даследчы матэрыял.

Вам можа спадабацца