Навамоўе, знаёмае і незнаёмае

Грамадзтва

Навамоўе, знаёмае і незнаёмае

17 студзеня 2020 а 17:27

Вячаслаў Залуцкі

Пісаць і гаварыць пра навамоўе было папулярным трыццаць гадоў таму. Акурат тады на хвалі барацьбы з савецкай практыкай  інтэнсіўнага культывавання ў публічнай сферы моўных шаблонаў і адкрыцця раней недаступнага нямала было выказана пра гэтую з’яву. Яна сягае сваімі вытокамі да антыўтапічнага рамана канца 40-х гадоў англійскага пісьменніка Джорджа Оруэла “1984”.

У апошнім нумары “Новага часу” Андрэй Расінскі надрукаваў першую частку артыкула “Дванаццаць пастак навамоўя”. Паводле аўтара, навамоўе – гэта “таталітарны жаргон, што адбірае свабоду і ўтаймоўвае вашы думкі”. Ён і сёння сустракаецца ўсцяж на тэлебачанні, у сеціве, на старонках газет, у канцылярыі. ...І нават у рэкамендацыях для журналістаў! Ці азначае гэта, што тыя, хто вучыць журналістаў, не кампетэнтныя ў сферы навамоўя? Калі б гэта было так, то гэта можна было б разглядаць як сумны знак заняпаду сістэмы падрыхтоўкі журналісцкіх кадраў...

Жадаючы рознабакова асвятліць гэты феномен, Расінскі апісаў яго восем пастак. Гэта:

1. Чорна-белы свет. 2. Пошукі ворагаў. 3. Адбываецца канец свету, надышло царства вызвалення. 4. Словы-цэтлікі. 5. Неперакладальнасць. 6. Рытуальнасць. 7. Самавольнасць. 8. Недакладнасць выразаў, эзопава мова.

У другой частцы артыкула, відаць, будуць апісаны яшчэ чатыры пасткі.

Што да чорна-белага свету, то ў навамоўі, сцвярджае Расінскі, “усе людзі, з’явы і рэчы прыпісаныя альбо да свайго, станоўчага свету — альбо да чужога, варожага лагеру. Нейтральнасць расцэньваецца як зло”. Чорна-белы раскол быў раней, паведамляе аўтар, але ён нікуды не падзеўся і сёння.

“Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001 года апазіцыйныя ўлёткі заклікалі выбіраць паміж ушчэнт здэградаваным светам лукашызму — і шчаслівай Еўропай... Навамоўе адмятае кампраміс і шматзначнасць”.

Авохці!

Электаральныя кампаніі – гэта заўсёды своеасаблівы мірны спосаб вядзення “вайны”. Падчас іх прынята выказвацца адназначна.

У гэты час актыўна фарміруюцца вобразы добрых “нас” і кепскіх “іх”. Што з гэтым зробіш?

Апісваючы пошук ворагаў, аўтар заўважае, што выкарыстанне ў прамовах палітычных лідэраў трыццатых гадоў слоў тыпу шалёныя сабакі, гады, мярзаўцы “наўпрост забівала”. У якасці ілюстрацыі пошуку ворагаў Расінскі прывёў наступныя цытаты: «Як вы пасмелі? Вы скралі маё дзяцінства!» (ААН, 2019); «А бандэраўцы на Украіне»… (расійская тэлевізія з 2013); «Адмарозкі, мразі, вашывыя блохі»… (Беларусь, ад 1994).

Не ведаю, ці ікнулася Грэце Тунберг.

Характарызуючы словы-цэтлікі, Андрэй Расінскі прыводзіць прыклады з сучасных гендарных штудый, якія, паводле яго, прадпісваюць усяляк выкрываць “сексістаў, фатыстаў, трансфобаў і гамафобаў, эйджыстаў, эйблістаў, віктымблэйераў і аб’юзэраў, не гаворачы ўжо пра патрыярхальных агентаў таксічнай ідэалогіі газлайтынга і слатшэймінга”.

У якасці прыкладу неперакладальнасці аўтар прывёў скарачэнне ЛГБТК+. Аўтар іранізуе са слоў сярэдзіны 1930-х палітаддзел, рабачком, свінасаўгас, партбюро, фабком, лікбез. Паколькі супраць выразаў палітычны аддзел ці фабрычны камітэт аўтар не пярэчыць, то тут, відаць, крытыкуецца сам спосаб ўтварэння слоў. Будучы новым у сярэдзіне 30-х, ён захаваўся і ў сучаснай мове: палітвязень, БелаПАН...

На сайце курсаў “Мова-нанова” тлумачыцца, што абрэвіятуры, або складанаскарочаныя словы, з’яўляюцца надзвычай эфектыўным сродкам моўнай эканоміі.

Чаго ж асабліва турбавацца з-за таго, што гэты сучасны спосаб выкарыстоўваўся і раней?

Скарот ЛГБТК+ спатрэбіўся Расінскаму і пры ілюстрацыі рытуальнасці. Ён сцвярджае, што

тытулатура сексуальных меншасцяў разрастаецца хутчэй за пасады Генеральнага сакратара ЦК КПСС Леаніда Ільіча Брэжнева. Калі ў 2015/16 годзе ў «Маніторынгу мовы нянавісці» пераважаў тытул ЛГБТ, то ў 2019 годзе гэта ўжо толькі і выключна – ЛГБТК+. У 2015 годзе рэкамендавалася 20 слоў для правільных назваў, а ўсяго праз год такіх слоў – у тры разы болей. Рытуальнае разбуханне з’яўляецца яскраваю рысаю навамоўя.

Аўтар піша, што эзопава мова з’яўляецца інструментам навамоўя, але адначасова прызнае, што яе выкарыстоўваюць і каб сказаць недазволенае.

Само сабой нам непрыемна чуць з вуснаў палітычных лідараў выразы тыпу шалёныя сабакі ці вашывыя блохі. Але не будзем перабольшваць: не яны ў трыццатыя “наўпрост” забівалі.

Забойствы здзяйснялі людзі, упаўнаважныя дзяржавай, якая спавядала пэўную ідэалогію і праводзіла пэўную палітыку.

Гэтыя людзі ўсведамлялі вобразнасць выразаў тыпу шалёныя сабакі...

Зноў жа непрыемна прызнаць, але

падобныя спосабы наймення людзей культываваліся яшчэ ў антычныя часы і міжволі сталі сродкамі палітычнага красамоўства.

Малапрыемная спадчына... Хацелася б ад яе адмовіцца...

Але ж выкарыстанне ў палітычным маўленні рытарычных шаблонаў, якія пацвердзілі сваю эфектыўнасць, заўсёды будзе вялікай спакусай, яго не забароніш...

Словы тыпу сексіст, эйджыст, эйбліст, віктымблэйер можна разглядаць як цэтлікі. Але можна бачыць у іх пэўныя тэрміны, якія абазначаюць грамадска важныя з’явы.

Няясна, якую “неперакладальнасць” Расінскі ўбачыў у скарачэнні ЛГБТК+. Яго немагчыма перакласці на рускую ці англійскую мову?

Дык уласна з іх яно і прыйшло ў беларускую!

 “Дванаццаць пастак” Андрэя Расінскага ў чымсьці дапамагаюць зразумець, што такое навамоўе. Але ў чымсьці, пры гэтым вельмі істотным, – заблытваюць. Найперш у разуменні таго, што такое, уласна, навамоўе.

Слова “навамоўе” само з’яўляецца своеасаблівым словам-цэтлікам – такім, з якімі нібыта змагаецца аўтар. Яно заўсёды крытычна-ацэначнае.  

Звычайна навамоўем называецца моўны стыль палітычнай прапаганды, які бытаваў у таталітарных ці напаўтаталітарных дзяржавах – звычайна нацысцкай Германіі і СССР. Так склалася гістарычна.

Оруэл, паведамляе Расінскі, адштурхоўваўся ад ваеннай прапаганды, ад нацысцкай і савецкай рыторыкі. Нямецкі пісьменнік, філолаг і журналіст Віктар Клемперэр апісаў нямецкую мову часоў фашызму – так званую мову Трэцяга рэйха. Стылі палітычнай прапаганды ў іншых краінах, асабліва ў нетаталітарных, асабліва такія, якія зыходзяць не ад дзяржавы, так называць не прынята.

Рэч у тым, што многія прыёмы канструявання навамоўя з’яўляюцца натуральнымі для некаторых моў і звычайныя ў моўнай рыторыцы. У розных краінах.

Любая мова ўтрымлівае ў сабе асобныя элементы навамоўя.

Любой натуральнай мове ўласціва рэгулятыўная функцыя – уздзейнічаць на адрасата, каб стварыць у яго пэўнае ўяўленне аб чымсьці або пабудзіць здзейсніць нейкія ўчынкі. Таму ў лінгвістыцы і сацыяльнай філасофіі, вучыць вікіпедыя, выраз “навамоўе” ўжываецца толькі ў адносінах да сітуацыі, калі элементы навамоўя знарок і масава выкарыстоўваюцца для ўздзеяння на свядомасць чалавека.

Такое абмежаванне варта было б улічваць і ў публіцыстыцы.

Іначай  за “таталітарны жаргон, што адбірае свабоду і ўтаймоўвае нашы думкі” мы міжволі можам прымаць таксама іншыя стылі.

Не абавязкова навамоўе.

Вам можа спадабацца