Калі і як учыніў палітычнае самагубства Зянон Пазьняк

Гісторыя

Калі і як учыніў палітычнае самагубства Зянон Пазьняк

Зянон Пазьняк – яркі лідар нацыянал-дэмакратычнага руху ў Беларусі канца 80 – пачатку 90-х.


 

Акурат з гэтай прычыны з яго імем звязаныя шматлікія міфалогіі.

Напрыклад, даводзіцца чуць папулярнае ў пэўных колах меркаванне, што радыкалізм Зянона Пазьняка справакаваў прыход да ўлады Аляксандра Лукашэнкі.

Разгорнуты выклад, чаму я лічу, што гэтае меркаванне ілжывым, можна пачытаць тут.

Акно для такой магчымасці стварыла няздольнасць тагачаснай беларускай наменклатуры на чале з Вячаславам Кебічам ажыццявіць хуткую прыватызацыю, г.зн. перааформіць асноўныя эканамічныя актывы краіны з дзяржаўнай у сваю, прыватную ўласнасць.

Важным фактарам усёй гэтай палітычнай драмы была жывая і магутная расійская каланіяльная спадчына ў Беларусі: у масе сваёй і шараговыя выбарцы, і палітычныя лідары (за выняткам усё таго ж Зянона Пазьняка) лепей ведалі (і ставілі вышэй) расійскую мову і культуру, чым сваю ўласную.

Прыярытэт расійскай культуры перад уласнай у палітычнай плоскасці меў наступствам дзіўны, магчымы толькі ў сістэме адносін калонія-метраполія палітычны арбітраж, калі з  Масквы ў Мінск у 20-х чыслах лістапада 1996 прыбыла цэлая дэлегацыя на чале са старшынёй Савета Федэрацыі РФ Ягорам Строевым, старшынёй Дзяржаўнай Думы РФ Генадзем Селязнёвым і прэм’ер-міністрам РФ Віктарам Чарнамырдзіным, каб пакласці канец канфлікту паміж прэзідэнтам Лукашэнкам і Вярхоўным Саветам 13 склікання.

Апеляцыя да былой метраполіі для вырашэння мясцовых палітычных канфліктаў – звычайная рэч для посткаланіяльных утварэнняў, як і інтэрвенцыя метраполіі ў былую калонію для змены мясцовага палітычнага рэжыму. 

Элементы і таго, і другога мы назіралі ў Мінску ў 1996 г.

Дэлегацыя з Масквы паклала канфлікту канец.

Апошнія стрымкі і супрацьвагі для абсалютысцкага панавання прэзідэнта Лукашэнкі былі ліквідаваныя.

Але за мінскім крызісам канца лістапада 1996 г. Зянон Пазьняк назіраў ужо па тэлевізары. Прайшло ўжо паўгода як ён пакінуў Беларусь пасля феерычных падзеяў, звязаных з "Чарнобыльскім шляхам" 1996 г.

Калі прыняць ацэнку расійскай дысідэнткі Валерыі Навадворскай, Зянон Пазьняк ужо быў "палітычным трупам":

некогда лидер белорусской оппозиции Зенон Позняк "умер" в тот день, когда "испугался за свою драгоценную жизнь и эмигрировал".

Ці сапраўды Зянон Пазьняк учыніў палітычнае самагубства ў 1996?

Адразу скажу, што, на маю думку, не.

Эміграцыя Зянона Пазьняка была рэакцыяй на тое, што ў 1996 г. у Беларусі фактычна скончылася палітыка як канкурэнтная барацьба розных палітычных сіл за ўладу.

Навошта людзі ішлі і ідуць у палітыку?

Каб змагацца за ўплывы, атрымліваць дывідэнды і статусы і, калі ўдасца, кантраляваць дзяржаву.

Пачынаючы з 1996,  у Беларусі рэзка змяніліся правілы палітычнай гульні.

Палітык, не афіляваны з дзяржавай і рэальна настроены на барацьбу за палітычную ўладу ў краіне, стаў разглядацца як пагроза дзяржаўнай бяспецы. 

Такі палітык павінен быць пастаянна гатовы сядзець у турме.

Палітычная траекторыя Зянона Пазьняка ў 1995-1996 г. добра адлюстроўвае гэтую дынаміку: пасля таго, як было заблакаванае яго пераабранне ў Вярхоўны Савет 13 склікання ён становіцца актыўным вулічным "змагаром".

Пасля беспрэцэдэнтных маштабам вулічных акцый сакавіка-красавіка 1996 г.  перад ім узнікае дылема:

турма або эміграцыя.

Пазьняк выбірае эміграцыю.

У гэтым сэнсе лёс радыкала, палітыка цвёрдай рукі Зянона Пазьняка дэманструе поўнае падабенства  з лёсам "мяккацелага наменклатурніка", старшыні Вярхоўнага Савета 13 склікання Сямёна Шарэцкага: усвядоміўшы немагчымасць займацца палітыкай у Беларусі, і той і другі выехалі з краіны і атрымалі статус палітычнага ўцекача ў Злучаных Штатах Амерыкі з прамежкам у некалькі год.

На эміграцыі і першы і другі пісалі кнігі на беларускія тэмы.

Прыкладна ў той жа час былы прэм'ер-міністр Міхаіл Чыгір дэ факта выбраў турму, але гэта ніяк не паспрыяла яго далейшай палітычнай кар'еры.

Дый і сам Пазьняк ніколі не хаваў, што яго ад'езд у эміграцыю тлумачыўся клопатам пра ўласную бяспеку.

Але ў яго драматычнай трактоўцы яму пагражала фізічная ліквідацыя:

Лукашэнка выклікае ўсіх адказных і робіць разнос. Нянавісьць робіцца некантралюемай, абмяркоўваюць, як расправіцца. Абмяркоўвалі так шырока, што дэпутат рускай думы камуніст-пракурор В. Ілюхін адкрыта выступіў і паведаміў наперад, што, маўляў, ЦРУ зьбіраецца забіць у Польшчы аднаго-двух лідэраў БНФ і зваліць віну на Лукашэнку. У выніку – мая эміграцыя з Сяргеем Навумчыкам (выезд з Польшчы) і  рашэньне аб азылі ў ЗША. Азыль ЗША абазначаў выбар Амэрыкі не ў карысьць Лукашэнкі. З Лукашэнкам – гістэрыка. М. Мясьніковіч выступае на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве і кажа, што адбылася “уцечка інфармацыі” (намякаючы на Ілюхіна). Пазьней (пры Пуціне), «усёзнайка» і партыйны змагар  Ілюхін раптам памрэ пры падазроных абставінах.

Інфармацыя пра наш з С. Навумчыкам азыль і абставіны прагрымела на ўвесь сьвет. План “ганебнага забойства” праваліўся цалкам.

Каментар: каб зразумець гэты пасаж, трэба дадаць пару штрыхоў да карціны свету Зянона Пазьняка:

Расея адвеку нішчыла Беларусь, Лукашэнку прызначыла Масква, а маскоўскі КГБ усыдыісны, панадчасны і "сатанінскі" (выраз З.Пазьняка).

Ён вядзе паляванне на няўгодных Маскве лідараў. Рашэнне ЗША надаць Пазьняку статус палітуцекача азначала фіяска плану “ганебнага забойства”  і выратавала яго жыццё.

Шырэй пра погляды Зянона Пазьняка пасля ад'езду ў эміграцыю можна пачытаць у артыкуле Пятра Рудкоўскага "Як Пазьняк стаўся закладнікам Гісторыі".

Тое, што Пазьняк б апынуўся ў турме, калі б не выехаў з Беларусі, бясспрэчна і дыскутаваць наконт гэтага я не бачу сэнсу.

Але ці пагражала яму, як ён піша, “ганебнае забойства” ?

Прыведзеныя вышэй меркаванні галаслоўныя і спекулятыўныя.
 

Калі прыняць, што зніклыя пры канцы 1990-х гадоў палітыкі (Юрый Захаранка, Віктар Ганчар) былі забітыя, то забівалі не апазіцыйных лідараў, а тых,  хто быў нейкі час інсайдарам, г.зн. часткай сістэмы (Віктар Ганчар нават пабываў на пасадзе намесніка прэм’ер-міністра РБ, а Юрый Захаранка быў ключавым сілавым міністрам узначальваў МУС).

Г.зн. забівалі (калі забівалі) за "здраду".

Пазней гэтым матывам кіраваліся забойцы Аляксандра Літвіненкі і атручальнікі Сяргея Скрыпаля.

Такім быў кошт выхаду з сістэмы па ўласнай ініцыятыве/пераходу на бок ворага.

Прычым не сказаць, што гэтага тады не адчувалася  – што такім можа быць кошт выхаду з сістэмы.

У Андрэя Саннікава ёсць нататкі, як ён баяўся арышту, падаўшы ў адстаўку з пасады намесніка міністра замежных спраў у лістападзе 1996 г.

На шчасце, Саннікава не арыштавалі ў 1996. Арышт, турэмнае зняволенне і эміграцыя з палітуцякацтвам чакалі яго шмат гадоў пасля.

"О русском империализме и его опасности": маніфест палітычнага самагубства Зянона Пазьняка

Нашумелы артыкул пад такой назвай быў апублікаваны сярэдзіне студзеня 1994 г.

Ён уяўляе сабой дзіўную мяшанку з інтуіцыі, палітычнага дагматызму і ідэалагічнай зашоранасці.

надышоў апошні год наменклатуры. Час няўмольны,

– празарліва падсумоўвае свае выкладкі Зянон Пазьняк.

Але гэта ў самым канцы.

На пачатку Пазьняк усведамляе, што насталы год будзе выбарчы. І ён не сумняецца ў перамозе БНФ на надыходзячых выбарах. Таму  цалкам сур'ёзна піша:

У 1990 годзе дэпутацкая дэлегацыя БНФ вяла папярэднія неафіцыйныя перамовы з расейцамі на парламенцкім узроўні аб магчымасці вяртання Беларусі ўсходніх зямель — Смаленшчыны, Пскоўшчыны і Браншчыны.

Было знойдзена паразуменне і нават адзначана жаданне нашых смаленскіх калегаў далучыцца да Беларусі. (вылучана мной Аўт.).

І дае такую параду

Господам расійскім дзялкам і карпарацыям мы не раілі б, карыстаючыся здрадай і зладзейскім момантам, раскрываць рот на нашы нафтавыя заводы і іншае. Можна буйна памыліцца…
 

Пазьняк заклікае:

Нельга нават фармальна быць з Расіяй у якіх-небудзь саюзах або садружнасцях.

Іначай пасля выбарчага трыумфу БНФ,

Ні адно рашэнне, ні адна ратыфікацыя, ні адзін дагавор, ні адна пастанова... не будуць прызнаныя.

Больш за тое, што Беларусь адразу выйдзе з СНД, а з Расеяй будзе ўведзены "візавы рэжым і асаблівыя правілы ўезду ў Беларусь",

Між іншым, таму, што

У Расіі юродства заўсёды было свайго роду містыкай, святадзействам, там прыслухоўваліся да такіх людзей... поспех Жырыноўскага на выбарах у Расеі — «сведчанне глыбокага маральнага падзення расійскага грамадства». Але ў Расіі так было заўсёды.

Самі расійцы,

Гэта лапікавы народ без акрэсленай нацыянальнай тэрыторыі, перамяшаны з фіна-вугорскімі, цюркскімі, мангольскімі і іншымі анклавамі, распылены ў сібірскіх і азіяцкіх калоніях. Дамінуючая яго свядомасць не нацыянальная, а імперская па сутнасці. На імперскай свядомасці пабудавана ідэалогія і заснаваная ментальнасць пераважнай большасці расейцаў.

Іншым словамі, Пазьняк усур'ёз меркаваў, што выбары можна выйграць без прыязных адносін да Расеі, у рэжыме жорсткай ідэалагічнай канфрантацыі з ёй.

Але такое мысленне было абсалютна ўтапічным, што паказалі прэзідэнцкія выбары лета 1994 г.

Не Зянон Пазьняк, а Аляксандр Лукашэнка інтуіцыйна намацаў тую лінію стаўлення да Расіі, якая аказалася да душы большасці беларусаў.

Горш за тое, радыкальна антырасійскі нацыяналізм Пазьняка расколваў яго ўласны электарат.

Паказальнае сведчанне часу я знайшоў у Фэйсбуку:

Журналістка Аўгіня Манцэвіч амаль 5 год назад перадала свае дзіцячыя ўражанні, калі яе бацька, заслужаны беларускі дзеяч, прызнаўся, што не галасаваў за Пазьняка, бо ў яго той асацыюецца з вайной. (Далейшыя меркаванні, якія звязваюць Пазьняка з фашызмам, як на мяне, цалкам гіпатэтычныя; у кожным разе, да прадмета нашага аналізу дачынення не маюць.)

Як палітык, Зянон Пазьняк меў досыць вузкае акно магчымасці: пройгрыш на прэзідэнцкіх выбарах, абумоўлены ў тым ліку няздольнасцю кансалідаваць свой электарат і перацягваць на свой бок тых, хто не вызначыўся, пры дапамозе адпаведнай палітычнай рыторыкі, стаў пачаткам яго канца ў палітыцы.

Высновы

Расійскі фактар быў, ёсць і будзе адным з ключавых для беларускай палітыкі. Я схільны меркаваць, што любы транзіт улады ўлады ў Беларусі не па сцэнарыі, прадугледжаным Лукашэнкам ці яго пераемнікамі, будзе немагчымы без паслядоўнай і планамернай працы ва ўсходнім кірунку: сяброўскіх сувязяў, нефармальных адносін, карацей таго, што называецца нарошчваннем чалавечага капіталу.

Пры гэтым трэба не забывацца, што Расія – гэта рэгіянальная звышдзяржава, і будзе старацца не дапусціць да ўлады ў Беларусі групы, якія карыстаюцца адкрыта антырасійскай рыторыкай або плануюць яўна непрыязныя ў дачыненні гэтай краіны захады.

Ці разам з сыходам Пазьняка з палітычнай сцэны назаўсёды знікла агрэсіўная, ваяўнічая, радыкальна антырасійская рэдакцыя беларускага нацыяналізму? Магчыма, і не.

Але сур'ёзнай гістарычнай перспектывы такі нацыяналізм не мае.

Вам можа спадабацца