Любоўная гісторыя. З добрым фіналам

Рознае

Любоўная гісторыя. З добрым фіналам

19 студзеня 2020 а 19:00

Вячаслаў Залуцкі

У мяне добрая навіна: суседка выйшла замуж.

Цяпер многія так робяць. І мы дружна за іх радуемся: ставім падабайкі, віншуем, дасылаем розныя прыкольныя карцінкі.

Калі нас запрашаюць, то ідзем на вяселле. П’ем там віскі, старамодна танцуем навамодныя танцы, прамаўляем тосты...

І ўсё ж выпадак маёй суседкі адмысловы:

яна выйшла замуж у Іспанію.

Праўда, цяпер многія выходзяць замуж не за беларусаў. А за немцаў, французаў, нарвегаў, галандцаў, туркаў.

Арабы таксама варыянт. Як бы нічога асаблівага.

І ўсё ж выпадак маёй суседкі адмысловы. Ёй за пяцьдзесят і яна мае дарослую дачку.

Мая суседка – армянка, яе завуць Карына.

Яна ставіла сабе мэту выйсці за замежніка і рабіла дзеля гэтага адмысловыя захады.

Адной з умоў да выбранніка ў яе было тое, каб ён разам з ёй прыняў і яе дачку.

Яе праект паспяхова рэалізуецца. Шлюб з жыхаром і грамадзянінам Іспаніі засведчаны. Цяпер яна прыехала ў Мінск, каб завяршыць некаторыя справы.

У Беларусь яна трапіла пасля сумгаіцкіх падзей, выехаўшы сюды з бацькамі і братам. Тут выйшла замуж за армяніна, нарадзіла, але праз пяць гадоў развялася. Пасля разводу першы час ён быў наведваў сваю малую дачку, пасля некуды дзеўся.

Жадаючы атрымаць беларускае грамадзянства, Карына фіктыўна выходзіла замуж за беларуса.

Яе дачка ўжо атрымала дзве адукацыі, працуе; маці хацела, каб дачка атрымала і трэцюю. Карыне не падабаецца беларускі клімат, і ўжо некалькі гадоў яна імкнулася знайсці мужа-замежніка. Усё як бы складвалася з адным французам, была нават гаворка, што ён уладзіць яе працаваць у сваю фірму. Але ён не захацеў прыняць на сябе абавязкі ў сувязі з яе дачкой.

А з іспанцам склалася.

Пазнаёміліся яны на адпачынку на Лазурным беразе ў Францыі. Яна ведае іспанскую мову.

Ён дызайнер, але каб мець добрую пенсію, доўгі час працаваў ахоўнікам. У яго чацвёра дзяцей ад першага шлюбу. Ён выглядае добра, на некалькі гадоў маладзей за свой узрост. Ён яе любіць і бясконца ёй назвоньвае. Яны будуць жыць ў Андалузіі. Ён мае на ўзбярэжжы вольнае жыллё, якое яны будуць здаваць.

У фэйсбуку Карына не напісала, што яна цяпер у адносінах, але паставіла вельмі прыгожае фота, на якія яна ўся такая...

Яна пазнаёмілася з яго раднёй. Яго маці яшчэ жывая, знаходзіцца ў доме састарэлых. Іспанскія дамы састарэлых нагадваюць нашы добрыя гасцініцы.

Дамоўлена, што яе дачка перабярэцца ў Іспанію, паступіўшы вучыцца ў які-небудзь універсітэт. Іспанскай мовы яна не ведае, але навучыцца.

Карына стамілася ад адзіноты і хоча, каб быў нехта, хто будзе пра яе клапаціцца. Усё ж у яе ўжо узрост. І здароўе ўжо не тое, цэлы букет разнастайных хвароб.

Я, праўда, рады.

У маім коле нямала адзінокіх жанчын, і калі адна з іх страчвае такі статус, то й слава богу.

На вяселлі я не быў, “горка” не крычаў.

То ў якасці сатысфакцыі можна паспрабаваць выснаваць з гэтай нагоды хоць нейкую рэфлексію.

Хто не ведае: чалавек створаны для шчасця, як птушка для палёту.

І: хочаш быць шчаслівай – дык будзь ёй.

Калі вы жадаеце насякнуцца шматлікімі карцінамі шчаслівага кахання – то чытайце кнігі ў жанры “любоўная гісторыя”.

Там пераважна дзейнічае сюжэтны шаблон.

Была такая, магчыма, нешчаслівая, жанчына, і тут раптам яна пазнаёмілася з мужчынам нябачанай прыгажосці і нештодзённых душэўных якасцей.

Сюжэтаў з рамантычным героем-аднакласнікам, які працуе токарам на заводзе, там не будзе.

У гэтых кнігах жанчыну заўсёды робіць шчаслівай мужчына. Глядзіце меладрамы (там, праўда, не заўсёды ўсё шчасліва).

Гэта пэўная жаночая традыцыя – жадаць быць ашчасліўленай мужчынам.

Але, па-першае, жыццё не стаіць на месцы.

Каб быць шчаслівай, жанчыне не абавязкова выходзіць замуж, усё больш старанна вучаць нас. І мы ўсё больш гэта прымаем.

Па-другое, шаблон ёсць шаблон. А жыццё – гэта не курсы кройкі і шыцця. У ім далёка не ўсё будзе “па шаблону”.

У нашым выпадку Карына імкнецца рэалізаваць “традыцыйны” сцэнарый. Ці то яна не ведае, што жыццё не стаіць на месцы ці то не звяртае на гэта належнай увагі? А, можа, проста яе жыццё склалася так, што забяспечыць сабе шчасце самастойна ў яе не атрымлівалася?..

Абавязкова патрэбен клапатлівы мужчына, думае яна. Без яго не будзе пэўнага “жаночага шчасця”.

Каб не выглядаць рэтраградам, выраз “жаночае шчасце” бяру ў двукоссе.

Карына не проста думае, што ёй для шчасця патрэбен мужчына: яна гэтага мужчыну знайшла.

Знайшла-здабыла пры дапамозе спецыяльных мэтанакіраваных намаганняў.

Хто пасмее кінуць у яе камень?

Хіба той, хто прыйдзе да высновы, што гэты сюжэт моцна нагадвае шаблонную лаўсторы. Маўляў, у жыцці так не бывае!

А бывае!

Мая сяброўка, галоўная крыніца маёй інфармацыі, лічыць, што развагі Карыны трохі дзіцячыя.

Карына хоча, каб нарэшце нехта пра яе клапаціўся. Першыя гады знаходжання ў Беларусі пра яе клапаціўся брат. Не ведаю падрабязнасцей, як там было з першым мужам. Але апошнім часам клопатаў пра яе з мужчынскага боку, відаць, было недастаткова. Верагодна, у тым ліку таму, што яна жыла ў Беларусі, але шукала сабе мужа за яе межамі.

У расказах Карыны цалкам адсутнічае матыў пра тое, як пра свайго цяперашнага мужа будзе клапаціцца яна. Як-ніяк у яго таксама ўзрост (праўда, нязначны па іспанскіх мерках). Відаць, ім сумесна давядзецца пераадольваць яшчэ нямала розных праблем. Магчыма, гэтыя матывы ў аповядах Карыны адсутнічаюць проста таму, што яны падразумяваюцца самі сабой?

Карына верыць, што ўсё будзе добра.

А мы верым, што ёй будзе добра. Усё грунтуецца на веры.

Я яе яшчэ не бачыў і не павіншаваў. Але з задавальненнем зраблю гэта.

Дык за здароўе маладых!

“Горка”?

Вам можа спадабацца