Прамежкавы вынік кароткай амерыканска-іранскай вайны

Міжнародныя дачыненьні

Прамежкавы вынік кароткай амерыканска-іранскай вайны

21 студзеня 2020 а 15:14

Андрэй Вашкевіч

У кароткай амерыканска-іранскай вайне найбольш, відавочна, прайгралі Канада, якая страціла каля 60 уласных мірных грамадзян, і еўрапейскія краіны, бо чарговы крызіс у багатым нафтай рэгіёне планеты падкасіў курс еўра і абрынуў спадзяванні на тое, што іранская нафта шырокай плынню хутка пацячэ ў Еўропу.

Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп прадэманстраваў свой круты нораў для выбаршчыкаў, якія менш чым праз год вырашаць, ці застанецца ён у сваім крэсле.

Іранцы, можна было б сказаць, засталіся пры сваім, калі б не збіты іх супрацьпаветранымі сіламі ўкраінскі самалёт. Забіты ракетай з амерыканскага беспілотніка іранскі генерал, паводле словаў прэзідэнта Трампа, рыхтаваў забойствы мноства амерыканцаў, але вышла, так, што замест амерыканцаў загінулі канадцы, украінцы ды, уласна, іранцы.

Не паспелі дагарэць абломкі гэтага нешчаслівага Боінга, як адразу з’явіўся мільён версій ягонай загібелі – ад памылкі аператараў іранскіх супрацьпаветраных сіл, якія прынялі самалёт за крылатую ракету, да самых канспіралагічных. Напрыклад – самалёт быў збіты таямнічым амерыканскім беспілотнікам, каб такім чынам дадаткова скампраметаваць Іран, або наадварот, Боінг збілі расійскія вайсковыя саветнікі, каб уцягнуць гэтую краіну і ЗША ў яшчэ больш крывавае супрацьстаянне. І гэта толькі, скажам так, самыя крайнія варыянты.

Але за трагедыяй пасажырскага самалёта неяк па-за ўвагай застаўся “удар у адказ” Ірана па амерыканскіх вайсковых базах. Спектакулярныя ўзлёты іранскіх ракет і іх супердакладныя трапленні ў пустыя амерыканскія ангары выклікалі справядлівыя пытанні ў вайсковых спецыялістаў. Чаму ракеты не былі збітыя яшчэ на падлёце да базаў? Ці сапраўды выбухлі 450-кілаграмовыя ладункі гэтых ракет?

Разбурэнні ад іранскага ўдару.

Усё гэта, а таксама інфармацыя пра тое, што амерыканцы былі папярэджаныя (ці не самымі іранцамі) пра мэты сваёй атакі, дазволіла экспертам зрабіць даволі нечаканыя высновы.

Маўляў, іранцам фактычна дазволілі нанесці ўдар у адказ, каб яго можна было паказаць па ўласным тэлебачанні, але так, каб страты праціўніка былі мінімальныя.

Некаторыя пайшлі яшчэ далей, і зрабілі адсюль выснову – ні Іран, ні ЗША не імкнуцца да вялікага супрацьстаяння, а забіты генерал Корпуса Вартаўнікоў Ісламскай Рэвалюцыі стаў “ахвярным казлом”, каб зняць сур’ёзную перашкоду для паляпшэння адносін з ЗША.

Наўрад ці ў бліжэйшы час СМІ змогуць факталагічна пацвердзіць ці абвергнуць гэтыя здагадкі. Аднак амаль няма сумненняў, што і Іран і заходнія краіны (прынамсі ЕС) будуць шукаць шляхі да супрацоўніцтва. І тут вялікае пытанне, хто каму больш патрэбны. З аднаго боку Іран знаходзіцца ў няпростай эканамічнай сітуацыі, а продаж нафты ў Еўропу мог бы яе істотна паправіць. З другога боку шыіцкі Іран – гэта надзвычай важная краіна ў рэгіёне, якая мае ўплывы паўсюль ад Пакістана да Міжземнага мора. Гэта краіна-цывілізацыя, якая хаця і мае сёння радыкальны ісламскі ўрад, аднак з’яўляецца сур’ёзнай супрацьвагай для шматлікіх суніцкіх ісламскіх груповак. Іран хоча быць больш уплывовым, а Захад, здаецца, не асабліва што можа гэтаму супрацьставіць.

ЗША спрабуюць прымусіць Іран гуляць па пэўных правілах, а Іран далей будзе спрабаваць пашырыць свае ўплывы ў рэгіёне і можа досыць парадаксальна аказацца, што ў Ірана і ЕС куды больш кропак судакранання, чым падаецца на першы погляд.

Вам можа спадабацца