У артыкуле «Калі і як учыніў палітычнае самагубства Зянон Пазьняк» Валер Булгакаў, сярод іншага, закранае падзеі 1996 года.
«Тое, што Пазьняк б апынуўся ў турме, калі б не выехаў з Беларусі, бясспрэчна і дыскутаваць наконт гэтага я не бачу сэнсу", – слушна піша Булгакаў і задаецца пытаньнем: "Але ці пагражала яму, як ён піша, «ганебнае забойства»?

Не, не пагражала – перакананы аўтар.
Валер Булгакаў цытуе расповед Пазьняка пра заяву расейскага палітыка Ілюхіна, што «ЦРУ зьбіраецца забіць у Польшчы аднаго-двух лідэраў БНФ і зваліць віну на Лукашэнку», і лічыць сур'ёзнае стаўленьне да гэтай заявы «галаслоўнымі» і «спэкулятыўнымі».
У такім разе, падобную ацэнку аўтар мусіць даць ня толькі Пазьняку, а даволі шырокаму колу ягоных прыхільнікаў, якія ў тыя ліпеньскія дні 96-га вельмі сурʼёзна паставіліся да заявы Ілюхіна (ня хлопчыка з вуліцы, а старшыні Камітэту Дзярждумы РФ па бясьпецы, якая, хай сабе і фармальна, ажыцьцяўляў парлямэнцкі кантроль над спэцслужбамі – а фактычна, была «палітычным крылом» расейскіх спэцслужбаў).
Напрыклад, галаслоўнымі і спэкулятыўнымі аўтар мусіць лічыць і такія словы:
«Я лічу, што Пазьняк і Навумчык свае магчымасьці ў гэтым сэнсе амаль што вычарпалі – для іх ужо не засталося легальнай магчымасьці барацьбы, і сапраўды паўстала пагроза менавіта фізычнага зьнішчэньня. Калі Ілюхін у Маскве агучыў пэўныя пляны, дык можна меркаваць з пэўнасьцю, што гэта не пляны ЦРУ, гэта пляны беларускага кіраўніцтва. І пасьля гэтага, канешне, існаваць на Беларусі можна было лідэрам Беларускага Народнага Фронту толькі пэўны час. Ім яшчэ пашчасьціла, што ўдалося вырвацца зь Беларусі».
Аўтар гэтых слоў – Васіль Быкаў (інтэрвію карэспандэнту Радыё Свабода Віталю Тарасу, 31 ліпеня 1996 г.).

На чым жа грунтуе Валер Булгакаў сваю перакананасьць, што забойства Пазьняку не пагражала?
А вось на чым:
«Калі прыняць, што зьніклыя пры канцы 1990-х гадоў палітыкі (Юрый Захаранка, Віктар Ганчар) былі забітыя, то забівалі не апазыцыйных лідэраў, а тых, хто быў нейкі час інсайдарам, г.зн. часткай сыстэмы (Віктар Ганчар нават пабываў на пасадзе намесьніка прэм’ер-міністра РБ, а Юрый Захаранка быў ключавым сілавым міністрам – узначальваў МУС). Г.зн. забівалі (калі забівалі) за «здраду».
Такім чынам, лічыць Булгакаў, «здрада» – галоўны крэтэр для палітычнага забойства.
Але чаму ж тады жывыя (і дзякуй Богу!) тыя, хто на пэўным этапе быў «часткай сыстэмы», а потым ня проста адышоў, але і папсаваў кіраўніцтву сыстэмы багата крыві – і публікацыямі, як Аляксандар Фядута, і ўскладненьнем (мякка кажучы) стаўленьня да "сыстэмы" на Захадзе, як Анатоль Лябедзька? Увогуле, сьпіс «інсайдараў», якія «здрадзілі», можна прывесьці даволі доўгі, іншая справа, што зь менш гучнымі прозьвішчамі.
А як быць з загадкавай сьмерцю Генадзя Карпенкі (ягоныя блізкія перакананыя, што гэта было забойства) – ён ніколі ня быў часткай «сыстэмы». Але, адмовіўшыся ад удзелу ў праведзеных Ганчаром у 1999 «альтэрнатыўных выбарах», меў намер сур'ёзна рыхтавацца да рэальных выбараў у 2001 годзе (пра што ён мне сам казаў за некалькі тыдняў да сьмерці).
Што тычыцца Пазьняка, дык ён рабіў выбар не паміж турмой і эміграцыяй, як піша Булгакаў. Ён рабіў выбар паміж эміграцыяй і сьмерцю.
Ці павінен палітык выбраць у падобнай сытуацыі сьмерць – пакідаю гэтае пытаньне адкрытым. Скажу толькі, што некаторыя з тых, хто тады папракалі нас у выбары на карысьць эміграцыі, пазьней самі зьехалі зь Беларусі, прычым нават выбар "турма ці эміграцыя" перад імі не стаяў.
Адносна ж галоўнай высновы Валера Булгакава пра тое, што менавіта стаўленьнем да Расеі Пазьняк нібыта падпісаў сабе палітычны прысуд – дык пра пазыцыю лідара БНФ і пра ягоныя тагачасныя рэальныя (а не ўяўныя) палітычныя і электаральныя магчымасьці я даволі падрабязна напісаў у сваёй кнізе «Дзевяноста чацьверты».