Міратворчая і мірапамазаная Расея – аплот міжнароднай барацьбы з антысемітызмам?

Меркаваньні

Міратворчая і мірапамазаная Расея – аплот міжнароднай барацьбы з антысемітызмам?

22 студзеня 2020 а 15:42

Інэса Кур'ян

Веер з выявай карціны “Канцэрт Янкеля” польскага мастака Юліюша Косака (1873). 

Не так даўно ў тэлебачанні я пачула грубыя словы: “Свалата. Свіння антысеміцкая”.

Словы былі скіраваныя ад Крамлю на варшаўскі адрас.

Чакаць рэакцыі беларускай грамадскасці падалося бессэнсоўным, таму я вырашыла сама выказацца, бо мяне моцна дачапіў выразны казус ненавуковасці і кан’юнктурнасці крамлёўскіх абвінавачанняў.

Рэдактар сказаў мне, што гэта палітыка, і там не трэба шукаць навукі.

Аўтарка: Сюжэт прайшоў, верабей вылецеў. Нават з пазіцыі паўсядзённай этыкі чуць такія словы з экранаў тэлебачання не хацелася б.

Рэдактар: А хто з таго боку чакаў другога тону? Расея як Расея.

Гэта звычайная слоўная правакацыя. Яны наўмысна выйшлі на міннае поле “габрэйскага пытання”, а менавіта “габрэйска-польскага”.

Лічы, гэта была “бамбёжка свядомасці”. Свядомасць – больш навуковае слова? Гэта тыпу праверка. На якую глебу ўпадзе.

Аўтарка: “Міннае поле”, “бамбёжка свядомасці”, “атакі ілжы”. А калі гэта “тупы нож у спіну”, “камень у агарод” альбо “вайна зламанай сякерай” – нейкі анахранічны варыянт вайны старой зброяй? Прапаганда – навука перамагаць? Кажаш, вырашылі на лёгкапальны грунт кідануць падпальную антыпольскую бомбу?

Рэдактар: Кшталту таго. Падпальваць будуць “антысемітызмам”. Глядзіш, Польшча і сама падпаліцца.

Аўтарка: Ажно міжваенным перыядам патыхнула. Тыя ж пафасныя савецкія ноткі. Відаць, “міратворцы” маюць новы план, як зрабіць чалавецтва шчаслівым? Расея зноў шукае, каго і дзе ратаваць ад ярма фашызму?

Рэдактар: Старая камуна не ржавее! Заклік нашых раўнівых суседзяў зразумелы: беларусам нефіг будаваць будучыню разам з “украінскімі фашыстамі” ды “польскімі антысемітамі”.

Думаецца, што ўсе, хто сядзеў пры круглым крамлёўскім стале, атрымалі наказ не любіць палякаў. “Антысемітызм” жа быў па-хадавому выкарыстаны як дубінка, якой можна паспрабаваць іх лупіць.

Аўтарка: Магчыма, малая гульня расейскага кіраўніцтва вядзецца вакол 75-гадовай даты вызвалення Асвенціма. Польскі прэзідэнт не пажадаў зайграць у адным аркестры з расейскім прэзідэнтам і 23 студзеня не паедзе да Ізраілю…

Ян Чэслаў Манюшка (1853–1908), сын вядомага кампазітара Станіслава Манюшкі. 
Карціна “Канцэрт Янкеля” паводле “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча.

Рэдактара не пераканаеш – ён пра палітыку, а я пра гуманітарную навуку.

Я нават не гісторык, а філолаг. Мне падаецца, што дастаткова працытаваць “Пана Тадэвуша”, дзе Міцкевіч напісаў, што “цымбалістаў было шмат, але пры габрэю Янкелю ніхто гуляць не наважваўся”.

Кажучы ж пра палітыку, згадваць пра рамантыкаў-паэтаў не прынята…  Які наш палітык памятае пра міцкевічаўскі “канцэрт Янкеля”, як і “канцэпт Янкеля”, хоць цытату нашага земляка я б параіла палітыкам “узяць на ўзбраенне”.

За якога абагульненага міжнароднага “габрэя” заступаліся крамлёўскія метадолагі?

Да таго ж услед за расейскімі медыямі мы ігнаруем той факт, што ад пэўнага часу канцэнтрацыйны лагер паміж Кракавам і Катавіцамі прынята называць не “Асвенцімам”, а яго назвай за часоў гітлераўскай акупацыі – “Аўшвіцам”.

Чаму нам спешна даюць устаноўку не любіць суседа, з якім у нас супольная мяжа 400 км і вякі супольнай гісторыі?

Каб беларусы пры размове пра другую сусветную ды па “габрэйскім пытанні” ківаліся не ў бок Польшчы, а ў бок лагоднай міратворчай і мірапамазанай Расеі?

Каб Расея выконвала ролю трыцейскага суддзі паміж усімі ганарлівымі пеўнямі?

Пакуль палітыкі не злезуць са свайго жаргону і не перастануць бачыць у насельніцтве патэнцыйных ворагаў або жаўнераў свайго войска – не магу пагадзіцца з гэтым.

Вам можа спадабацца