Не сакрэт, што ўяўленні пра геаграфію свету вызначаюцца ў сучаснага чалавека не столькі агульнымі тэарэтычнымі ведамі, колькі стандартнымі турыстычнымі накірункамі і здарэннямі, пра якія пішуць у навінах.
Што да першага, то тут дастаткова праспекта ад турыстычнага агенцтва, каб апісаць цэлы свет: сталіцы еўрапейскіх краін плюс некалькі большых гарадоў, такіх як Барселона ці Мілан. Дададзім да гэтага розныя трапічныя курорты ад Тайланду да Кубы і вось ужо гатовая геаграфія жаданняў.
Навіны дадаюць да гэтых зон прэстыжу і насалоды зоны няшчасцяў, якія маюць заўважна менш стабільны характар.
Пра існаванне Ірану ўзгадваем, бо там вось–вось пачнецца не менш як Трэцяя сусветная, а да таго ж збілі ўкраінскі Боінг.
Ірак існуе, таму што там зноў тэракт – як заўсёды, але існуе нядоўга, бо ўвага пераключаецца на нейкую іншую няшчасную кропку планеты, дзе таксама быў выбух.
Ліван увогуле не адрозніць ад Лівіі – страляюць і там і там.
Найбольш яскрава кропкі на ментальнай карце прамалёўваюцца пры перасячэнні першага і другога.
Згарэў Нотр–Дам? Дык я ж там быў!
Затапіла Венецыю? Трэба з’ездзіць, пакуль зусім не сыйшла пад ваду.
Уяуленні пра суседнія краіны, канешне, заўжды больш складаныя – але не на шмат. Спрабуючы ўявіць сабе ментальную карту свету беларуса, міжволі ловіш сябе на думцы, што найлепшым тэрмінам, каб яе апісаць, была б “геаграфія нядолі”.
Польшча, гэта тое месца, куды едуць на працу, з “картай паляка” і без – асабліва ад безнадзейнасці з гарадкоў на захадзе, дзе працы вобмаль, а заробкі мізэрныя. Едуць, як мы нядаўна даведаліся афіцыйна, і дактары. (“Але многія ўжо вяртаюцца!”). Яшчэ едуць на навучанне ці на стыпендыі, многія каб пасля “неяк прыстроіцца”.
І Варшава – гэта ў першую чаргу аўтавакзал Варшава–Заходняя, праўдзівае польска–беларускае памежжа.
І гэтак далей – геаграфія месцаў працы, больш ці менш паспяховых сцэнарыяў адаптацыі, якая рэгулярна прамаўляецца навокал, становіцца фонам жыцця тут (“У яго дачка ў Германіі...” ці “Паехала па лініі іхняй царквы ў Швецыю. Даглядае нейкую пенсіянерку. Кажа, што падабаецца...” і г.д.).
Гэтая карта расце і робіцца большай. Напрыклад, на ёй трывала замацаваўся Кітай. Ён і раней быў там, але пераважна на ўзроўні афіцыйнай павесткі: у яго мы прасілі крэдыты, прадавалі туды сухое малако, разам будавалі “Вялікі камень”. Але ўжо некалькі год, як туды актыўна едуць на працу (“Ты падумай! А раней жа вераб’ёў елі!”). Аказалася, што ў краіне, насельніцтва якой раней падавалася бедным, выкладчыца ангельскай мовы ў дзіцячым садку можа атрымліваць каля 1500 USD у месяц – заробак, і палова якога недасяжная для жыхара сярэдняга беларускага горада.
Выдатна ўзбагачае нашу ментальную геаграфію палітычная і эканамічная павестка. Час ад часу мы даведваемся пра “нашы цесныя сувязі з Камбоджай” ці складаны лёс калійнага камбінату, пабудаванага беларусамі ў Туркменістане.
Венесуэла нам бліжэйшая за Францыю – толькі вось Чавес памёр...
І гэтак далей.
Традыцыйная навагодняя спрэчка з Расія пра газ і нафту выдатна спрычынілася да гэтага працэсу. Мы аказаліся адкрытымі цэламу свету! Пасля перабору бліжніх і дальніх краін навінавую павестку захапіла Нарвегія. Яе нафта (праз порты братняга латышскага народу) – наша цяперашняя апора і надзея пра праўдзівы геапалітычны і эканамічны разварот у бок Еўропы.
Прынамсі, каментары з падобным зместам набіраюць сотні “лайкаў” на нашых папулярных навінавых рэсурсах.
Але размова пра іншае.
Што аб’ядноўвае ўсе гэтыя кропкі на ментальнай карце: нафтавую платформу ў Паўночным моры, швейную фабрыку пад Варшавай, школу ў кітайскім горадзе, назву якога не запомніць, і сталіцу Венесуэлы (сем літар)?
Пошукі лепшай долі.
Для асобнага чалавека ці для асобнай дзяржавы, але аб’яднаных жаданнем знайсці вырашэнне сваіх праблем недзе звонку.
Аб’яднаных агульнай нядоляй хоць на ўзроўні дзюр у бюджэце краіны, хоць у бюджэце асобнай сям’і.
Менавіта адчуваннем нядолі фарміруецца істотная частка нашай ментальнай геаграфіі, нашага вобразу свету, які поўны магчымасцей – вось толькі набрацца волі і перасячы мяжу.
Сапраўдная эміграцыя для гэтага зусім не абавязковая, дастаткова і аднога ўмоўнага склону.
Розум увогуле толькі ўмоўна схільны абмяжоўваць сябе патрабаваннямі рэчаіснасці, калі застаецца сам–насам з сабою.
Так лёгка ўявіць, як у цыстэрнах з нарвежскай нафтай да нас кантрабандай завязуць паўфабрыкаты разумных эканамічных рэформ, высокія сярэднія заробкі, дэмакратычныя каштоўнасці (антыбіётыкамі курсам па 10 дзён), цукеркі з начынкаю з аптымізму і – на самым дне – густы канцэнтрат адчування чалавечае годнасці.
Ці ня праўда?