Пра “быдламову”, войны гібрыдныя ды культурныя

Грамадзтва

Пра “быдламову”, войны гібрыдныя ды культурныя

Непапулярныя заўвагі ад гнілых лібералаў

24 студзеня 2020 а 16:48

Аляксей Кажарскі

Ужо некалькі дзён беларускі інтэрнэт абмяркоўвае ўчынак дзяўчыны-айцішніцы, якая зняважліва выказалася пра беларускую мову. Зараз ёй пагражае штраф за парушэнне закона аб мовах, і, як таксама паведамляюць СМІ, яе звольнілі з працы. Магчыма, за яе непрыгожыя паводзіны.

У сувязі з гэтым хацелася б сказаць некалькі словаў, улічваючы тое, што

дыскусія вакол казусу закранула тэмы, нашмат больш сур’ёзныя за лёс адной дрэнна выхаванай дзяўчыны.

Па-першае, аднак, хацелася б удакладніць, што

асабіста я лічу адкрыта зняважлівыя выказванні пра беларускія мову недапушчальнымі.

І не толькі таму, што яны, папросту кажучы ідыёцкія, але, насамрэч, яшчэ й подлыя, калі ўлічыць той гаротны стан, у якім  гэта мова на сённяшні дзень знаходзіцца.

Я падзяляю са шматлікімі каментатарамі іх боль за тое, што адбывалася з мовай і ў савецкія часы, і за сённяшняй уладай.

Як чалавек шматмоўны, які актыўна карыстаецца беларускай мовай,  я таксама часцяком адчуваю сябе ў беларускай дзяржаве дыскрымінаваным.

Таму я горача падтрымліваю актывізм тых, што дамагаюцца ад беларускага чынавенства, каб яно паважала нацыянальную мову беларусаў і забяспечвала правы грамадзян ёй рэгулярна карыстацца. 

У гэтым мы супадаем.

А ў чым разыходзімся?  

Што да мяне, то

я лічу шлях, калі прыватных асобаў (не чыноўнікаў) за іх дурасць будуць караць з прыцягненнем рэпрэсіўнага апарата дзяржавы, патэнцыйна вельмі небяспечным.  

Ліберальная дэмакратыя гэта, на жаль, такі дзіўны палітычны лад, які абараняе права дурня быць і дурнем, і блазнам.

Варта толькі зірнуць на сённяшніх заходніх палітыкаў. 

Сучасная праблема дурасці, абразаў і звязаных з імі культурных канфліктаў выходзіць далёка за межы беларускага кантэкста, і закранае фундаментальныя прынцыпы свабоды слова і, увогуле, індывідуальнай свабоды, якая, на сённяшні дзень, па шэрагу прычын знаходзіцца пад пагрозай.

Менавіта ў сувязі з гэтым мне было цікава прааналізаваць аргументы некаторых каментатараў казусу. Тым больш, што

многія з іх, наколькі я разумею, прэтэндуюць на візію альтэрнатыўнай, новай Беларусі, у якой і беларуская мова, і палітычная свабода будуць пачувацца значна лепш, чым сёння.

Ідзе вайна культурная

На сённяшні дзень літаратурная беларуская мова, як бы гэтая канстатацыя каго не абурала, гэта мова меншасці. 

Актыўнай, урбанізаванай, адукаванай – але меншасці. І гэты факт не зменіць ані тое, што гэтая мова афіцыйна дзяржаўная, ані тое, што ў дачыненні да яе, часам крывадушна, выкарыстоўваюць ідэалагізаваны цэтлік “родная”.

Трэба ўсведамляць, што для вялікай колькасці маладога гарадскога насельніцтва роднай яна ніяк не з’яўляецца.

Такім чынам, праблему выказванняў на адрас беларускай мовы можна разглядаць у кантэксце тэм абароны правоў меншасцяў, палітэкарэктнасці і т.зв. палітыкі ідэнтычнасці  (identity politics), вакол якіх у заходнім свеце (ды й не толькі ў ім) цяпер вядуцца культурныя войны не на жыццё, а на смерць.

Я не буду тут разглядаць “схаластычнае” пытанне пра тое, ці абраза мовы можа адбыцца асобна ад абразы яе носьбітаў.

Прымем як дадзенае, што носьбітам мовы, якія з’яўляюцца адначасова дыскрымінаванай меншасцю, непрыемна слухаць зняважлівыя выказванні на яе адрас. Гэта абвастрае іх траўму і ўзмацняе і без таго прысутнае пачуццё бездапаможнасці і маргіналізаванасці. Перад намі, здаецца, класічная сітуацыя прыгнечаных меншасцей – такіх як ЛГБТ альбо “нябелыя”. (Часамі гэта нават амаль “большасці” – калі разглядаць феміністычны актывізм. Вядома ж, каб быць дыскрымінаваным, зусім не абавязкова, каб вас было мала.)

Супраць такога прыгнёту  замагаюцца леваліберальныя палітычныя актывісты, і ў апошнія часы гэтае змаганне набыло формы сапраўдных “культурных войнаў”. (Нарэшце, дакаціліся яны і да нас.)  Адным з інструментаў змагароў з’яўляецца праца з дыскурсам, у т.л. прымусовае выключэнне з яго выказванняў, якія з’яўляюцца не проста адкрыта абразлівымі, але й патэнцыйна непрыемнымі і траўматычнымі для груп, якія разглядаюцца як прыгнечаныя. З гэтага вынікае практыка так званых “бяспечных прастораў” (safe spaces), і нават афіцыйныя спісы выказванняў, якія могуць разглядацца як мікраагрэсія.

Пачакайце, пачакайце, скажуць тут шаноўныя каментатары.

Прычым тут паліткарэктнасць, якія яшчэ геі ў Амерыцы?

ТУТ У НАС ДЗЕСЯЦІГОДДЗЯМІ ВЫНІШЧАЮЦЬ МОВУ!

Наша ўласная, незалежная дзяржава доўгія гады свядома займалася русіфікацыяй.

І тут не патэнцыйная, тут рэальная, цынічная абраза.

Усё гэта так.

Праблема, аднак, у тым, што не толькі носьбіты беларускай мовы, але многія іншыя прыгнечаныя групы суб’ектыўна могуць адчуваць траўмы і экзістэнцыяльную пагрозу.  Сама катэгорыя крыўды з’яўляецца непазбежна суб’ектыўнай. Што можа пакрыўдзіць і траўматызаваць аднаго, на тое іншы можа й увагі не звярнуць.

Па шчырасці, мяне, напрыклад, выказванне дзяўчыны-айцішніцы абсалютна не зачапіла.

На маю думку, яно значна больш кажа пра саму дзяўчыну, чым пра беларускую мову.  

Вельмі характэрна, аднак, што некаторыя каментатары даводзяць што дзяўчына-айцішніца “напала” на беларускамоўных “хай сабе словамі, але гэта, па сутнасці,  тое самае, што фізічны напад”.

Заўважце, што тут ужо ставіцца знак роўнасці паміж вербальнымі актамі і простай фізічнай агрэсіяй.

Фактычна, знікае мяжа паміж тым, што нам непрыемна, і тым, што, як нам падаецца, нам экзістэнцыйна пагражае.

Крытыкі леваліберальнага актывізму з шэрагаў умеркавана левых і ліберальных цэнтрыстаў  даводзяць, што ў працэсе змагання за правы прыгнечаных такія паняткі як “расізм”, “сэксізм” “мова варажнечы” – якія, безумоўна, маюць карані ў рэальных праблемах грамадства – былі паступова раздзьмутыя да непрапарцыянальных памераў.  Яны ўказваюць на тое, што бесперапынныя пошукі новых і новых крыўдаў, калі рэальных, а калі і штучна выдуманых абразаў, нарадзілі т.зв. культуру віктымнасці (victimhood culture), якая пачала прадстаўляць рэальную пагрозу для свабоды слова і, на сённяшні дзень, актыўна выкарыстоўваецца ў якасці палітычнай зброі, для таго, каб цэнзураваць выказванні сваіх ідэалагічных апанентаў і пазбаўляць іх публічнай пляцоўкі (т.зв. deplatforming).

Калі гэта так, то гэта толькі паўбяды.

Сапраўды сур’ёзныя праблемы пачынаюцца тады, калі да дыскурсу паліткарэктнасці лоўка падключаюцца недэмакратычныя рэжымы.

У Расіі, як мінімум з 2012, з часоў справы Pussy Riot, абражаныя “пачуцці вернікаў” актыўна выкарыстоўваюцца як інструмент аўтарытарызму.

Такім чынам, палітыка ідэнтычнасці і абарона калектыўных правоў (не важна, меншасцяў ці “большасцяў”) становяцца новым ідэалагічным падмуркам для цэнзуры.

Калі вы раптам падумалі, што гэта зусім не пра нас, то ўспомніце, калі ласка, як была зачыненая ў 2006 годзе беларуская незалежная газета “Згода”.

У святле гэтага я лічу, што прыцягваць рэпрэсіўны апарат дзяржавы для таго, каб караць нават глыбока непрыемныя для нас выказванні – гэта шлях небяспечны.

Заўважце, што гаворка ідзе менавіта пра прыватных асобаў – не чынавенства, якое жыве на народныя грошы.

Таксама сюды не адносяцца выказванні, якія адкрыта заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да пэўных груп насельніцтва – такія выказванні, вядома ж, не мелі б заставацца без увагі ад праваахоўных органаў.

Аднак непрыгожае выказванне айцішніцы ў гэтую катэгорыю яўна не трапляе.

Непрыгожа сябе часамі можа паводзіць кожны з нас. (У якасці своеасаблівага эксперымента няхай кожны падумае, колькі разоў ён у фрустрацыі называў трасянкамоўных прыхільнікаў сённяшняй улады “быдлам”. Баюся, што ў некаторых з нас усе грошы маглі б пайсці на штрафы.)

Варта памятаць, што Беларусь – аўтарытарная краіна не проста паводле палітычнай сістэмы, але, на жаль, па духу.

Нават калі сённяшнія ўлады заўтра кудысьці знікнуць, то аўтарытарызм з грамадства не выветрыцца яшчэ вельмі доўга.

Таму менавіта варта добра падумаць, ці варта ствараць такія прэцэдэнты і тым самым легітымізаваць рэпрэсіўныя механізмы, якія яшчэ не вядома хто і як будзе выкарыстоўваць.

Як паказвае досвед, калі пачынаеш цэнзураваць і караць, то спыніцца бывае вельмі няпроста.

У акопах Вялікай Гібрыднай

Нарэшце, хацелася б разглядзець яшчэ адзін цікавы аргумент.

Асабіста вельмі паважаны мной каментатар, даводзіць:

“Вакол нас ідзе рэальная гібрыдная вайна, абавязковым падрыхтоўчым складнікам якой ёсьць вайна за сьвядомасьць (або і супраць сьвядомасьці) аб'ектаў агрэсіі. Характарыстыка беларускае мовы як „мовы быдла“ – яскравы прыклад дэгуманізацыі, расчалавечваньня вобразу праціўніка, прыпадабненьня яго да жывёліны. Нашто гэта робіцца? Каб апраўдаць агрэсію: яны ня людзі, яны быдла. І тут зусім неістотна, здуру тая фігурантка ўсё гэта пісала ці выконвала заданьне. Выснова: спыняць такое адразу і як мага больш радыкальна”.

Ніхто, вядома ж, не адмаўляе рэальнасці крамлёўскіх спецаперацый, як у Беларусі, так і на Захадзе.

Як, дарэчы, ніхто не адмаўляе і праблем розных сацыяльных груп, якія прыводзяць да фрустрацыі і “культуры віктымнасці”.

Аднак, рэч у тым, што сам

панятак “гібрыдная вайна”, якім ахвотна карыстаюцца палітыкі і журналісты, з’яўляецца глыбока праблематычным і, хутчэй за ўсё, нават небяспечным.

Яго актыўна па шэрагу прычынаў крытыкуюць даследчыкі ў галіне сацыяльных навук. Адна з прычынаў крытыкі – татальны і патэнцыйна таталітарны характар гэтага панятку.

“Гібрыдная вайна” фактычна сцірае канцэптуальную мяжу паміж мірам і вайной, што дае магчымасць кожнае няўдалае выказванне абвясціць актам цэнтралізаванай агрэсіі.

(Вышэй, я ўжо цытаваў каментатара, які хуценька паставіў знак роўнасці паміж выказваннем і фізічным нападам.) Адпаведна, тут рэзка ўзрастаюць магчымасці для цэнзуры, бо, як заўважаюць некаторыя каментатары, на вайне як на вайне

Небяспеку таталізацыі надзвычай добра відаць, у тым, як каментатары даводзяць, што ім не істотна, “здуру” айцішніца абразіла беларускую мову ці “выконвала заданне”.

Відавочна, што тут, як і ў выпадку з “культурнымі войнамі”, незаўважна паўстае рэальная пагроза для свабоды слова.

Замест заключэння

Можа падацца, што я апынуўся ў крыху дзіўнай для сябе ролі чалавека са “стакгольмскім сіндромам”: я быццам бы абараняю ворагаў сваёй мовы.

Хачу падкрэсліць, што абараняю не чалавека, а прынцыпы, якія я лічу істотнымі. І нават не толькі прынцыпы, але й магчымасць свабодна рэфлексаваць і часамі нават выходзіць за межы сваіх уласных траўмаў і крыўдаў. (У будучыні паспяховасць беларускай мовы і культуры, на маю думку, будзе шмат у чым залежаць ад такой здольнасці.)

Тым не менш, я гатовы да таго, што ва ўмовах шматлікіх войнаў гэтым заўвагам наканавана застацца непапулярнымі.     

Вам можа спадабацца