Мова – не імя ўласнае, або Пра кетчуп для кетчупу

Рознае

Мова – не імя ўласнае, або Пра кетчуп для кетчупу

Дзіўна было прачытаць артыкул Сяргея Запрудскага „Пагаворым на мове?”. Нібыта і не звязвала мяне з ім тэма ў LiveJournal „Беларуская сацыялема”, дзе аўтар не толькі праявіў цікавасць да маіх разваг пра “сацыялему” – кола носьбітаў (ці  прынамсі "карміцеляў") беларускай мовы, але і прычыніўся да абмеркавання, дзе мы па костачках разабралі прынцыпы, па якіх вызначаецца правільнасць мовы.

Удзельнічаў Сяргей Шупа, завочна абмяркоўвалі падыходы Юрыя Пацюпы, якія здаваліся радыкальнымі. Вінцука Вячорку не абмяркоўвалі, хаця Сяргей ў абмеркаванні на Фэйсбуку паспеў прывесці яго як узор з часоў “Майстроўні”, а ўжо ў артыкуле ў Газеце ARCHE змяшаць мяне і Вінцука ў адну злосную кагорту. Ведаючы мяне столькі гадоў, спадар Сяргей мог бы дапусціць наяўнасць пазітыўнага матыву.

Але да тэмы. Бескантрольнае, не абумоўленае кантэкстам ужыванне слова “мова” без канкрэтызацыі ў сэнсе беларускай мовы пашырылася ў апошнія гады пад уплывам знешніх фактараў. Раней ці пазней на яго трэба было звярнуць увагу. Ключавым выступленнем на тэму аказаўся артыкул  В. Вячоркі на “Радыё Свабода”. Не сумняваюся, што выказванні пра гэта былі і раней. А калі звярнуцца да згаданых прынцыпаў, то на асуджэнне былі ўсе падставы.

Так ці інакш, метады В. Вячоркі і, часткова, “Радыё Свабода” ў папулярызацыі беларускай мовы спецыфічныя, што прыводзіць да перакосаў, і ўжо праз нейкі час захопленыя новай ведай патрыёты беларушчыны сталі нападаць практычна на любое ўжыванне “мовы” без канкрэтызацыі. Гэта мне таксама муляла, і я спрабаваў удакладняць і зніжаць градус допісамі ў Фэйсбуку.

Спадар Запрудскі сказіў маю думку пра прафанацыю. Я пісаў, што сучасныя метады папулярызацыі беларускай мовы ператвараюцца ў прафанацыю мовы. Выкладанне матэрыялу робіцца штораз прасцейшым і прымітыўным, але не для таго, каб потым весці “вучняў” па лесвіцы веды, а проста каб яны хутка ператравілі павярхоўны ўрок. Вельмі часта гэта выкладанне без паглыблення ў сутнасць, схематычнае. Вынік – людзі ўяўляюць, што без стараннага вывучэння можна ведаць самыя вяршыні, то-бок, адразу “ў дамкі”. І добры намер, закладзены ў крытыку “гаварыць на мове” быў спрафанаваны праз дрэнныя метады. Неафіты сталі чапляцца да кожнай асобнай “мовы” і “на мове”, часам без падстаў.

Прафанацыя – гэта і тады, калі адной рукой лаеш памылковае “на мове”, а другой даеш суполцы назву “Толькі пра мову”, гуляючы на дрэнным гусце, які толькі што крытыкаваў. Можна па-адвакацку дапусціць, што гэта суполка для лінгвістаў і “мова” тут у шырокім сэнсе, але ж усе мы ведаем, што гэта суполка засяроджана на беларускай мове, што да такой сур’ёзнай штукі, як лінгвістыка, там як да Марса. Гаспадары зацыклены на звышмэце “забаўляць і прапагандаваць” і, як прызнаваліся самі, кіруюцца мэтазгоднасцю інтэрнэт-маркетынгу, з якога вынікае і прымітывізацыя падачы.

Дык што ж няправільнага ў ізаляванай і неазначанай “мове”? Сп. Запрудскі высмейвае тых, хто ўдае неразуменне такога ўжывання. Аднак зразумеласць не азначае правільнасці, а казаць за ўсіх сп. Запрудскі не можа. У дыскусіі на LiveJournal мы спыняліся на тым, што прынцып “у нас так гавораць” ужо не дзейнічае. Калі б ён дзейнічаў, то не было б і дыскусіі і ніхто б не ламаў галаву, што такое правільнасць у беларускай мове. Чаму так сталася? Вядома чаму – з-за засілля рускай мовы, з-за яе пранікнення ў беларускую, з-за забруджвання. Калі сп. Запрудскі апелюе да зразумеласці, то – вуаля! – мы зрабілі круг і вярнуліся туды, скуль пачалі.

Ці задавальняе нас засілле рускай мовы? Мне здавалася, што не.

Але апошнім часам сп. Запрудскі быў неймаверна паблажлівы да таго, што рускамоўны твор з беларускім акцэнтам выдаваўся за беларускамоўны, то я і не ведаю, што думаць.

Я дапускаю, што акадэмічны стыль бывае стылем адваката д’ябла, але няўжо настолькі? І няўжо акадэмічнасць навісае над спадаром Сяргеем нават на Фэйсбуку?

Мне засілле рускай дагэтуль муляе.

Але нашмат больш муляе бардак у вызначэнні правільнасці, узаемнае выпраўленне і сваркі. Шукаць правільнасць беларускай мовы мяне спачатку прымусіла яе забруджванне русізмамі, а потым – анархія з боку іншых “праўшчыкаў”.

То я з дапамогай калег выснаваў, што правільнасць беларускай мовы вызначаецца знутры, на аснове яе самастойных крыніц – тлумачальных слоўнікаў, энцыклапедый, даведнікаў, літаратуры, запісаў дыялектолагаў. Яшчэ я выснаваў, што той, хто вывучае мову на аснове іншай, не можа дыктаваць правільнасць таму, для каго гэта мова – першая. Яшчэ я выснаваў, што пры вызначэнні правільнасці калегіяльныя рашэнні пераважаюць над індывідуальным густам, бо правільнасць – гэта крытэрый для грамады, а мова – сродак зносін у калектыве.

Ці сумнеў у правільнасці ізаляванай “мовы” узнік з-за рускага ўплыву?

Безумоўна.

Калі вызначэнне правільнасці абцяжарана з-за рускага ўплыву, мы не можам яго ігнараваць. Ці гэта адзіны фактар? Не. І гэта абмяркоўвалася. Калі чалавек, выхаваны ў рускай мове, мяркуе пра памылкі толькі па падабенстве да рускай, то ён, умоўна кажучы, можа пасячы беларускія бярозкі за тое, што бярозкі ёсць у Расіі. Таму для праверкі трэба глядзець унутр беларускай мовы.

А ўнутры нам нічога не паказвае, што “мову” можна ўжываць ізалявана ў сэнсе беларускай. У тлумачальных слоўніках, даведніках, літаратурных творах, фальклоры мы не можам знайсці такіх выпадкаў, якія б дазвалялі вычленіць слова “мова” як сістэмнае абазначэнне менавіта беларускай мовы. Такое ўжыванне пачалося ў познія гады, у канцы 20 ст. Росквіт – у нулявыя-дзясятыя.

Безумоўна, мне могуць паказаць кучу цытат, дзе “мова” без канкрэтызацыі ўказвае на беларускую. Стоп. Не заўважаеце падвоху? Ніхто ж не ставіць пад сумнеў, што “мову” можна ўжываць ізалявана у сэнсе нямецкай ці кітайскай мовы. Знойдуцца цытаты, дзе “мова” азначае гэтыя мовы. У слоўнік не занеслі ні “мову” ў сэнсе беларускай, ні “мову” ў сэнсе нямецкай, бо гэта не сістэмныя выпадкі, бо сэнс там абумоўліваўся кантэкстам. “Каб працаваць у Англіі, падвучы спярша мову”. Тут кантэкст паказвае на англійскую. Значэнні могуць канкрэтызавацца кантэкстам, і ніхто не будзе пісаць ў слоўнікавую дэфініцыю слова “ягады” кожны від ягад.

Праблема з ізаляванай “мовай” выкрышталізавалася, бо было і ёсць шмат выпадкаў, калі гэта і абумоўлена чужым уплывам, і супярэчыць унутраным правілам.

Ізаляваная “мова” ў значэнні беларускай мовы без кантэксту, які на яе ўказвае – вось што няправільна.

Такіх выпадкаў шмат, і гэта трэба выпраўляць.

Большасць новых беларускамоўных паходзіць з рускамоўных. Ім уласцівыя мадэлі паводзін і памылкі тых, хто вывучае іншую мову. Вывучаная мова адрозніваецца ад першай тым, што ў вывучанай словы прывязваюцца да слоў першай мовы, а ў першай мове словы звязаны з досведам, з думкамі, паняццямі ў галаве. Перакладаючы на вывучаную, нявопытны перакладчык аперыруе словамі, а не паняццямі.

У рускай мове з’явілася слова “мова”. Яно з’явілася як запазычанне з беларускай і ўкраінскай. У рускамоўных Беларусі яно азначае беларускую, у рускамоўных Украіны – украінскую. (Зараз прыгадайце фільм “Механічны апельсін”, бар Moloko і зразумейце, што я кажу пра слова, якое ў іншай мове прыйшло звонку як чужое. Беларускае слова ў рускай мове – таксама іншамоўнае запазычанне, сюрпрыз?) Яно з’явілася як каларытнае слова ці варварызм. Праз сваю каларытнасць і адрозненне ад “языка” яно і не патрабуе ў рускай мове прыметніка. Так і дзеясловы “спикать", "шпрехать" азначаюць гаварэнне па-англійску і па-нямецку без канкрэтызацыі.

У пэўную мову могуць запазычвацца словы іншых моў, скарачаючыся. Сайт і чат – для нас гэта словы пра інтэрнэт, хаця ў анг. мове site – месца, пункт, пляцоўка, участак, а chat – гутарка і балбатня. Калі паспрабаваць перакласці сайт назад як site, а чат як chat, вас могуць не зразумець без кантэксту. А website i online chat – без праблем.

Калі ў рускую мову прыйшла наша “мова”, то гэта магло быць і скарачэнне, і наследаванне тым выпадкам, калі “мова” ужывалася асобна, але канкрэтызавалася кантэкстам: “Наш народ забывае мову!”, “Мова, сімволіка, гісторыянацыянальныя каштоўнасці”, “Беларусы павінны захаваць мову” і г.д.

Рускамоўныя запазычылі слова. Гэта яны дадалі да сваёй, рускай мовы  новае слова са значэннем “белорусский язык”. Гэта неабавязкова імперскасць і каланіялізм. Так бывае на стыку народаў і моўных грамад, калі адна грамада запазычвае слова другой, для абазначэння з’яў у гэтай другой грамадзе. Гэтаксама і цыганоў людзі могуць называць “чавэламі”, бо пачулі ад іх гэта слова. Але “чавэла” па-цыганску – гэта хлопец.

Калі гэтыя рускамоўныя робяцца беларускамоўнымі, то цягнуць свой багаж у беларускую і перакладаюць “мову” як слова рускай мовы са значэннем “белорусский язык”.

Але перакладаюць не па сэнсе, без уліку ўнутраных канвенцый і кантэксту.

Папросту заносяць назад запазычанне, утворанае скарачэннем фразы ці вырываннем з кантэксту, не ўзнавіўшы поўную фразу і не ўлічваючы кантэкст.

Рускае “мова” – фальшывы сябар беларускага перакладчыка.

Ёсць на ФБ рубрыка “Па Менску ў пошуках мовы”. Абсурдная фраза. У Менску ўсе анямелі ці зніклі ўсе шыльды з газетамі? Шукаецца нейкая менская мова? Часам мне па памылцы пішуць замежнікі, пытаюць пра моўныя курсы ў Менску (фірмавы адрас падобны да адраса МДЛУ). Але ім трэба руская. То-бок фраза “Па Менску ў пошуках мовы” не ўтрымлівае кантэксту, каб зразумець, штó шукае аўтар. Не відаць кантэксту і ў фразе: “Ці гаворыць ён на мове?” Практычна парафраз анекдота „How much watch”. Не, ну, а што? Удзельнікам камунікацыі ж усё ясна. І нават англафоны могуць засвоіць „How much watch”, але для іх яна будзе нязграбнай фразай турыста.

Вядома, для большасці новых беларускамоўных карыстанне беларускай мовай – пераклад з рускай, і большасць не зразумее, пра што гэта я, бо падсвядома перакладаюць з беларускай назад, трымаюць сувязь з рускім арыгіналам.

Рэч у тым, што па меры заглыблення ў пэўную мову вы перастаяце перакладаць, словы вывучанай мовы пачынаюць звязвацца з паняццямі наўпрост.

І ўсё ўскладняецца тым, што новыя беларускамоўныя з’яўляюцца хвалямі, кожная з якіх вучыцца па новых падручніках, у тым ліку тых, якія піша сабе сама. І калі ранейшая хваля да нечага прывыкла – то новая хваля са сваім статутам топчацца на старой і не разумее абурэнняў, бо вось у яе слоўнік і яна сумленна перакладае. Так што “гаварыць на мове” – гэта яшчэ красачкі.

Выпадак ізаляванай “мовы” – самы яскравы, бо агаляе некалькі праблем: захаванне культуры беларускай мовы, яе сувязь з беларускай жа культурай і самаідэнтыфікацыя. Калі мы не вызначаем правільнасць знутры і дазваляем усяму быць, як ёсць, бо ўсё і так зразумела, – то няма сэнсу тузацца з-за яе нармавання і магчымых памылак. І нашто тады сп. Запрудскаму разам са сп. Булгакавым марнаваць час на слоўнік Байкова і Некрашэвіча ды тамы БНТ? Губляюць сэнс развагі пра “апынуцца” і “бескаштоўны”, пра “казаць і гаварыць” у Газеце ARCHE. Губляюць сілу рэкамендацыі сп. Запрудскага не ўжываць слова “прадпрымаць” і злучэнне “на днях”.

Гэты выпадак – апафеоз страты арыенціраў пры папулярызацыі нашай мовы. Бо замест занурэння ў культуру і яе засваення прапаноўваецца каларыт, забаўкі для турыста. У цэнтры ўвагі – адрозненне ад расейшчыны, экзатычнасць, а не імкненне зведаць сваю спадчыну. У выніку такой устаноўкі беларускамоўныя захрасаюць у расейшчыне, бо ім заўжды трэба з ёю параўноўваць беларушчыну. Яны заняты “перакладам” расейшчыны. Або займаюцца прасунутымі ролевымі гульнямі ў лакалізацыю і транскрэацыю расейшчыны з падборам беларускіх эквівалентаў, і ў гэтай гульні іх цешыць сам працэс пераносу. Пры гэтым яны застаюцца душой у расейшчыне, бо пазней з’явіцца новы рускі арыгінал, які яны будуць перакладаць.

Тое робіцца і са словам “мова”. Для русскоязычного гэта іншамоўны звон з беларускай эстэтыкай. І калі гэтым звонам русскоязычный цешыцца пасля пераходу да беларускамоўных, то ён нібыта фанат кетчупу, які прыпраўляе ім сам кетчуп. А гэта слова з гледзішча здаровага існавання беларускай мовы не фетыш, а проста абазначэнне паняцця, адно з многіх у беларускай мове абазначэнне абстрактнага паняцця. Бо “мова” – не імя ўласнае, як Sprache – не імя ўласнае ў нямецкай, а język – не імя ўласнае ў польскай.

Нашы пачынальнікі, выказваючы пашану роднай мове, называлі яе роднай, мовай бацькоў, мовай дзядоў, мовай беларуса, матчынай мовай – а не высоўваліся вонкі і ў расейшчыну ці пальшчызну, каб чужым слыхам цешыцца, як па-асобнаму гучыць слова “мова”. Яны глядзелі і слухалі сябе знутры.

Недзе засталіся тыя носьбіты беларускай мовы, якія не паглыблены ў рускую і не ведаюць, пераклад якога чарговага рускага слова яны зараз чытаюць. Яны не разумеюць крыўляння тых, хто піша “хламур”, паказваючы літарай “х” фрыкатыўнасць, якую ёсць патрэба вылучаць у рускай і якая натуральная для беларускай і ёй жа – рыса фанетыкі, а не маркер вёскі. Яны не разумеюць, чаму нехта дасылае малюнак усмешкі, пад якім напісана “крычу”, “гарлапаню” або “прагуляў уголас”. Здаецца, мы сталі забываць, што клопат пра беларускую мову – гэта клопат пра яе носьбітаў.

Здаецца, нехта пачынае адмаўляць беларусам у праве не ведаць рускую мову. 

Праблема самаідэнтыфікацыі ў тым, што пры такім стаўленні да беларушчыны як да экзотыкі мы пачынаем глядзець на сябе стэрэатыпна і чужымі вачыма. Гэтак людзі не рухаюць звілінай, калі пішуць “х”, каб высмеяць беларускае “г” у беларускай жа мове. Гэтак беларусы пачынаюць верыць, што спрадвеку былі бульбаедамі толькі таму, што чужынцы наляпілі на іх мянушку бульбаша ў Савецкай Арміі – за каларытнае для рускіх слова бульба, а не за саму бульбу. (І гэта са сп. Запрудскім мы таксама разглядалі.) Гэтак беларусы забываюць, што “трасянка” – гэта ў прамым сэнсе сена з саломай, а ў пераносным сумесь розных моў, а пачынаюць прымаць скажоны погляд рускамоўных, што “трасянка” – гэта руская мова з калгасным акцэнтам.

Раю быць асцярожным з патураннем, бо яно выльецца ў страту грамадой сваіх граніц, калі нам нашы ж словы і нашу ж фанетыку будуць вяртаць бумерангам выхадцы з іншамоўнай грамады і вучыць нас скажоным значэнням.

Навучанне – гэта не толькі засваенне ўзорнага, але і адвучванне ад памылак. Памылковыя версіі трэба ведаць, каб не дапускаць.

Але гэта не значыць, што ім трэба патураць.

Паміж натуральнымі мовамі заўжды ёсць бар’еры. Мы чулі шмат гісторый, як пачынаючы з 1933 года падступныя камісары хацелі сцерці іх, прыпадабняючы беларускую мову да рускай. Дык чаму ж зараз чуваць заклікі пазбыцца бар’ера між мовамі?

Толькі для таго, каб лянівым шукальнікам экзотыкі было лягчэй?

Гэта непрымальны падыход. Той, хто шануе беларускую мову, пройдзе патрэбны шлях яе засваення. А бар’ер прыдасца для самазахавання тых, каму беларуская – першая.

P.S. А доктар Ян Станкевіч ужываў не “мову”, а “язык”. Ці чулі вы ад яго выраз “гаварыць на языку”?