Віртуальная палітыка апазіцыйнага гета: эпізод 2020

Меркаваньні

Віртуальная палітыка апазіцыйнага гета: эпізод 2020

Пераносім сваіх павукоў у галаве на ўсё грамадства

31 студзеня 2020 а 11:49

Аляксандр Пашкевіч

У мяне, шчыра кажучы, вельмі паганае ўражанне ад пачатку апазіцыйнай перадвыбарнай кампаніі. Здавалася б, прагрэс ёсць, прынамсі апазіцыйныя актывісты вырашылі хоць аб’яднацца нарэшце. То можа і будзе на выхадзе нешта іншае, не тое што заўсёды?

Але чытаеш пасты Севярынца ў Фэйсбуку і каментары пад імі – і проста рукі апускаюцца. Да чаго ўсё ж глыбока мы заселі ў часткова адмыслова для нас створаным, але ў значнай ступені і ў цалкам добраахвотным гета.

Севярынец з пафасам піша пра заведама нерэалістычныя пражэкты адносна «народнага галасавання» падчас праймэрыз, і зусім няма адчування, што ён сам у гэта не верыць.

То-бок душой цалкам знаходзіцца ў прыдуманым ідэалізаваным свеце, што, здавалася б, не зусім лагічна для чалавека, які прайшоў праз столькі рэальных, а не віртуальных выпрабаванняў.

А ў шматлікіх каментарах – амаль поўны адабрамс: маўляў, столькі гадоў хадзілі па колу і вось нарэшце ўсё зразумела: набіраем падчас праймэрыз мільёны прыхільнікаў і на плошчу «ламаць сцэнар» адразу пасля абвяшчэння выбараў!

Пярэчанні і ўдакладненні звычайна не па сутнасці, а па дэталях, прытым збольшага ў бок радыкалізацыі.

Не для таго, маўляў, Павел, трэба мільённую падтрымку скарыстоўваць, а вось для таго! І далей ідуць не менш фантастычныя прапановы.  

Тое ж, што гэтая падтрымка ўвогуле ёсць у прынцыпе, як бы і пад сумнеў не ставіцца.

Праўда, пракідаюцца і галасы крытыкі, дастаткова вострай.

Пачынаеш чытаць і думаеш – ну, хоць адзін чалавек знайшоўся з цвярозым мысленнем.

Але дачытваеш да часткі, дзе ідзе гаворка пра альтэрнатыўную тактыку і – блін – пачынаецца пераказ тэзаў Мацкевіча пра «Устаноўчы сход» і прапаганда праграмы «Свежага ветру».

То-бок ізноў тая ж віртуальная палітыка, мысленне ў тых жа катэгорыях уласнага вузкага гета з недарэчным пераносам сваіх уласных павукоў у галаве на ўсё грамадства ці прынамсі на большую яго частку.

І гэта ж не тролі нейкія пад нікамі, усе пад сваімі імёнамі і многіх ведаеш асабіста, у тым ліку некаторых і ў рэале.

Такое вось масавае ачмурэнне з поўным адрывам ад рэчаіснасці.

Мне здаецца, што найлепшым і найпаспяховейшым «ламаннем сцэнара» было б якраз ацверазенне і вяртанне да рэальнасці, якая куды больш суровая і непрыглядная, чым здаецца ў салодкіх марах.

І ўжо ў адпаведнасці з гэтым будаваць стратэгію і тактыку, якая прывядзе, вядома, не да хуткай перамогі, але прынамсі да нейкіх якасных зменаў у стане апазіцыі і яе месцы ў сучасным беларускім соцыуме. Але гэта, відаць, са сферы фантастыкі пры цяперашніх раскладах.

А знаходжанне ў палоне ўласнай фантазіі з поўным адрывам ад таго, чым жывуць народныя масы, акурат вельмі цудоўна ўпісваецца ва ўсе ўладныя сцэнары.

І не ламае іх, а акурат толькі ўмацоўвае.

Вам можа спадабацца