Яшчэ раз пра выраз “на мове”

Рознае

Яшчэ раз пра выраз “на мове”

Кэйс бярэзінскай шыльды “Зніжкі за мову” цікавы не толькі сваім этычным ракурсам. Ведаеце, заўсёды важна разабрацца, хто вышэй: “акадэмія” ці grassroots?

Людзі для моўных нармалізатараў ці моўныя нармалізатары для людзей?

Погляды на гэты конт могуць быць рознымі.

Не менш істотны і навукова-практычны аспект гэтай сітуацыі.

Дысцыпліна “культура мовы” палягае на двух кітах: навуковых доследах і практычных распрацоўках. Калі з практычнымі прапановамі ўсё збольшага ясна (адны – “за”, другія – “супраць”), то далёка не так з навуковымі доследамі. Выраз “на мове”, “за мову” ва ўжытку хіба якіх 40 гадоў (некаторыя ўвогуле кажуць: два, пяць, дзесяць), ён знаходзіцца на маргінэсе моўнага ўжывання. У выніку ўвагі навукоўцаў ён пакуль не прыцягнуў. Спасылка Віталя Станішэўскага на артыкул Вінцука Вячоркі як на станоўчы прыклад не вельмі сур’ёзная хоць бы таму, што ў артыкуле Вячоркі няма ніводнага (так!) беларускамоўнага прыклада. Нітрохі не дбаў пра падачу прыкладаў у сваім артыкуле і я. Толькі адзін аўтэнтычны прыклад знаходзім у артыкуле В. Станішэўскага. Гэта прытым, што В. Вячорку, падобна, выпадкі ўжывання “гаварыць на мове” вядомы. Прычым, выглядае, гэтым грашаць і людзі з яго асяроддзя. Вячорка далікатна папрасіў прабачэння ў тых, каго ён раптам не хочучы пакрыўдзіў.

У цэлым у суме ў трох артыкулах маем толькі два аўтэнтычныя прыклады: шыльду “Зніжкі за мову” і фэйсбукавую рубрыку “Па Менску ў пошуках мовы”. Віталь Станішэўскі пакпіў з яе: “Абсурдная фраза. У Менску ўсе анямелі?..”

Што да надпісу на бярэзінскай шыльдзе, то яго можна параўнаць з загалоўкам – а загалоўкі шырока карыстаюцца эліпсісам (пропускамі). Эліпсісы – гэта пэўная загалоўкавая норма.

Адсутнасць фактычнага матэрыялу – гэта праблема пачатку любога асэнсавання любой з’явы.

Мэта гэтага допісу – звярнуць увагу на некалькі аўтэнтычных прыкладаў.

1. Па-першае, сведчу, што з выпадкамі такога ўжывання  (“гаварыць на мове”) я сутыкаўся на пачатку 1980-х гадоў ў нефармальных зносінах у рамках спеўна-драматычнай Майстроўні.

2. Вось фрагмент скрыпту адной з радыёперадач 10-гадовай даўнасці, гэта гутарка з былой удзельніцай Майстроўні Таццянай Козік. У трэку на 11-й хвіліне з’яўляецца такі фрагмент:

“Я не магла сказаць, што я прыйшла на Майстроўню – і палюбіла мову. Няпраўда. Я мову любіла з дзяцінства. Я нават у школе вясковай вучылася, то я рабіла гэта, як іх казалі,  інфармацыі, газеты трэба было чытаць, у нас расейскай лічылася школа, а я рабіла на беларускай мове”.

Да гэтага фрагмента ў гэтай перадачы слова “мова” было ўжыта чатыры разы: на першай, другой і восьмай хвілінах. Толькі ў першым выпадку слова “мова” мела азначэнне (“родная”), ва ўсіх астатніх выпадках азначэнняў не было. “Наменклатурная” назва беларускай мовы “беларуская ...” да 11-й хвіліны ні разу не была названа.

Прыпадабняючыся крытыкам выразу “на мове”, я мог бы запытацца: а як жа слухачам было ведаць, што першыя чатыры разы гаворка ішла таксама пра беларускую мову?

Адказ просты: а вось так!

Кантэкст (што за перадача? на якім радыё? на якой мове? хто гаворыць? пра што гаворыць? і інш.) усё тлумачыць.

3. А вось іншая перадача з таго ж цыкла, гутарка з былым майстроўцам Гэнікам Лойкам:

“Паступілі мы ў інстытут. І на “бульбе” падыходзіць Ігар Марачкін... А на “бульбе” ўжо чуваць, дзе мова, хто гаворыць... І падышоў да нас і сказаў, што трэба неяк збірацца ўсім нам...”.    

Могуць запытацца: дык па-руску эквівалентна было б як: “А на “картошке” уже слышно, где язык, кто говорит”? Так? Па-мойму, не вельмі добра.

Затое ў беларускім фрагменце значэнне слова “мова” зусім зразумелае: яно азначае беларускую мову.

4. Яшчэ скрыпт з гутаркі з Гэнікам Лойкам:

“Тое, што я загаварыў па-беларуску, гэта натуральна. Я з вёскі. Костка Алесь. Ну, гарадскі хлопец, але з рабочага раёна, з Чыжоўкі. Дзіўна, што перайшоў на гэта Кныш Сяргей, ён у “Бондзе” пасля граў <...> такі інтэлігент увесь.  Як жа інтэлігенту ды гаварыць па-беларуску? Проста было неверагодна. Але ўсё ж такі перайшоў на мову. Коршун Сяргей <...> Вось мая жонка, Алёна Каравай, таксама перайшла на мову”.

У гэтым фрагменце тройчы ўжываецца спалучэнне перайсці на...  Але ніводнага разу гэта канструкцыя не ўжыта ў поўным выглядзе: перайсці на беларускую мову. У вусным маўленні ды яшчэ ў фрагменце з такім зместам такая паўната была б недарэчнай.

5.  Вось яшчэ з адной перадачы гэтага ж цыкла, гутарка з Алёнай Каравай, фрагмент каментара-ўстаўкі вядоўцы Сяргея Дубаўца, стваральніка перадачы і адной з "візітных картак" радыё “Свабода”:

“Можа быць, тады не працавала эканоміка, заводы і калгасы, затое працавала культура. Наклады кніжак Караткевіча па-беларуску даходзілі да 60-ці тысяч. І за імі выстройваліся чэргі. Сёння працуюць заводы і калгасы, але не працуе культура і мова. Патэнцыйныя бэстсэлеры пішуцца і выдаюцца, але добра, калі тысячным накладам і тое без попыту. Чаму не могуць працаваць і эканоміка, і мова разам, для мяне загадка“. 

Прыпадабняючыся да вышэйпрыведзенага каментара Віталя Станішэўскага, можна было б сказаць: “Як гэта “мова не працуе”? Ці ўсе анямелі?..” Аднак усім усё ясна: кантэкст здымае неабходнасць пастаноўкі такога пытання.

6. Нарэшце, вынятка з мастацкага твора:

"Паша ўзяў твор Джоша Макдаўэла, масава выдадзены яшчэ на стыку эпох, у гады нацыянальна-духоўнага адраджэння. – Па-беларуску? – Ну а як жа?! – усміхнуўся я. – Чытаеш на мове? – Канешне".

Чытаеш на мове азначае тут ‘чытаеш на беларускай мове’. Аўтар – Зміцер Дашкевіч.

Атрымліваецца, пропускі слова беларускі ў спалучэнні беларуская мова ў беларускім маўленні могуць сустракацца, калі слова “мова” ўжываецца ў назоўным склоне (мова не працуе), родным (у пошуках мовы), вінавальным (перайсці на мову, зніжкі за мову), месным (чытаць на мове).

Крытычную ўвагу публікі прыцягнулі пакуль формы з месным склонам (гаварыць на мове) і з вінавальным (зніжкі за мову).

Зразумела, аднак, што крытыкаваныя формы ўкладаюцца ў больш шырокую, агульную парадыгму скланення слова “мова”. Усе склонавыя формы ўжываюцца больш ці менш аналагічна.

Вы можаце змагацца (можа, нават у пэўнай ступені паспяхова) з формамі меснага і вінавальнага склонаў... Але іх ужыванне падтрымліваецца ўжываннем слова “мова” ў значэнні ‘беларуская мова’ і ў іншых склонах. І, верагодна, у вас не атрымаецца выкараніць непажаданыя формы.

Прабачце, ці не змагаецеся вы з ветракамі?    

Выглядае, што ўжыванне слова “мова” ў значэнні ‘беларуская мова’ адбываецца ў нефармальным маўленні ў розных тыпах language-related кантэкстаў. Гэта значыць, тых кантэкстаў, якія так ці іначай суаднесены з гаворкай пра беларускую мову ці кантэкстам з “нацыянальна-культурным кампанентам”. Такое ўжыванне дазваляе зрабіць маўленне неафіцыйным, сяброўскім, “інтымным”.

Навошта падобна да афіцыёзнага маўлення ўжываць “наменклатурную” назву мовы “беларуская ...”, калі і без яе ясна, пра што гаворка?

Гэта пэўны “пароль” у зносінах паміж тымі, хто дбае пра будучыню беларускай мовы.

Гаворачы “на мове”, чалавек міжволі можа сігналізаваць: ты для мяне не невядомая асоба з Альфы-Цэнтаўры. Мы з табой аднадумцы, “мы з табой адной крыві”!

Складана паверыць, што маючы такую важную пазітыўную подбіўку, выраз “на мове” прынамсі ў бліжэйшай перспектыве выйдзе з ужытку.

Далікатнасць працытаваным прыкладам з радыёмаўлення надае тая акалічнасць, што на аснове цытаваных скрыптаў пад эгідай радыё “Свабода” была выдадзена кніга Сяргея Дубаўца “Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду”. Гэта кніга была адрэдагавана адным з галоўных герояў гэтай кнігі Вінцуком Вячоркам. ...Тым самым, які на тым самым радыё паўтара года таму змясціў рэзкую інвектыву на адрас тых, хто гаворыць “на мове”.

То як быць спажыўцам мовы? У адных, ранейшых тэкстах радыё Свабоды яны бачаць санкцыю, у новых – забарону.

Тады, можа, для паслядоўнасці затаўруем як “правінцыйныя”, “зняважлівыя”, “непісьменныя” і “недарэчныя” таксама некаторыя маўленчыя звычкі цытаваных герояў радыёсвабодаўскіх сюжэтаў дзесяцігадовай даўніны?

Можа, паклічам Змітра Дашкевіча на культура-моўны сход ды паставім яму “на від” за недатрыманне ідэалагічна значнай моўнай нормы?

Чаго ж? Мы ж так любім беларускую мову, аж да самазабыцця?..

P.S. Пару гадзін таму ў суполцы “Беларуская мова на спажывецкім рынку”, той самай, дзе некалькі дзён таму была спроба навучыць “правільнай” мове бярэзінскіх умельцаў, з’явіўся пост Сяргея Чумакова з чарговым выкарыстаннем выразу “на мове”: “На жаль на мове толькі даведка на ўпакоўцы”.

І ўжо ёсць каментар-выпраўленне: “на беларускай мове”. І ёсць лайкі.

Падобна, работы выкараняльнікам гэтай “ненарматыўнай” нормы хопіць надоўга...

Вам можа спадабацца