Як беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай

Гісторыя

Як беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай

У чым супадаюць і дзе разыходзяцца ўспаміны Галіны Пазьняк і Пятра Садоўскага

І зноўку — пра міфалагізацыю найноўшай палітычнай гісторыі нашай краіны. У гэты раз аб’ектам увагі стала значная падзея — зацвярджэнне 26 студзеня 1990 года Вярхоўным Саветам XI склікання спецыяльнага закона, паводле якой беларуская мова набыла статус адзінай дзяржаўнай у тагачаснай БССР.

З нагоды адпаведнага трыццацігадовага юбілею на сайце папулярнага партала Радыё Свабода з’явіўся адмысловы матэрыял пад даволі інтрыгоўнай назвай.

У матэрыяле гаворыцца пра пэўныя нюансы абмеркавання і прыняцця гэтага важнага заканадаўчага акта. Для гэта выкарыстоўваюцца ў тым ліку ўспаміны мовазнаўцы і дэпутата да фракцыі БНФ у Вярхоўным савеце 12 склікання Пятра Садоўскага, чыё імя нядаўна зноў прыцягнула ўвагу публікі ў сувязі з яго судовым пераследам за ўдзел у мітынгу супраць беларуска-расійскай інтэграцыі.

Праз пару дзён пасля з'яўлення гэтага матэрыялу на сайце Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі — БНФ з’явілася занатоўка-ўспамін  Галіны Пазьняк, якая прапанавала ў цэлым адрозны погляд на тое, як беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай.

"Крайнім" у гэтым сутыкненні дзвюх версій адной і той жа падзеі выпала быць народнаму артысту СССР і дэпутату Вярхоўнага Савета БССР XI склікання ад Каржанеўскай выбарчай акругі №31 г. Мінска Расціславу Янкоўскаму.

Коратка: па версіі Садоўскага Расціслаў Янкоўскі быў заўзятым прыхільнікам дзяржаўнасці беларускай мовы.  Пры абмеркаванні законапраекта на сесіі Вярхоўнага Савета народны артыст быццам бы даў адлуп прыхільнікам двухмоўя, парушыўшы для гэтага рэгламент. 

Па словах жа Галіны Пазьняк усё было наадварот. "Рускі прышэлец на беларускую зямлю" Янкоўскі р'яна выступаў супраць таго, каб беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай. Пры гэтым спадарыня Пазьняк спасылаецца на парламенцкі тэлевізійны рэпартаж.

Каб адказаць на пытанне, што насамрэч казаў Янкоўскі, трэба звярнуцца да стэнаграмы "Чатырнаццатай сесіі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР адзінаццатага склікання 26 студзеня 1990 года" (да гэтага слушна заклікае Галіна Пазьняк).

Праўда, ужо сама назва дакумента ставіць пад сумнеў сведчанні Галіны Пазьняк пра «тры слаўныя дні», на працягу якіх нібыта абмяркоўваўся моўны законапраект, і калі пра тысячы людзей, якія запаланілі цэнтр Мінска, патрабуючы, каб беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай.

Хутчэй за ўсё, аўтарка пераблытала чатырнаццатую сесію Вярхоўнага Савета БССР XI склікання з дванаццатай сесіяй. Апошняя, сапраўды, доўжылася тры дні (з 25 па 27 кастрычніка), толькі не ў 1990, а ў 1989. І на дванаццатай сесіі абмяркоўваўся праект закона не аб мовах, а аб выбарах дэпутатаў у Вярхоўны Савет БССР XII склікання. Менавіта тады людзі прыйшлі да Дому ўраду (на заклік БНФ), каб даведацца, што адбываецца на сесіі.

У допісе Г. Пазьняк, напрыклад, сцвярджаецца, што на другі дзень пратэстаў міліцыя заблакавала мітынгоўцаў каля сталічнага Галоўпаштамта.

Акурат пра такую сітуацыю паведамляў у сваім выступе дэпутат Вярхоўнага Савета БССР XI склікання Глеб Ерамееў на паседжанні сесіі 27 кастрычніка 1989 года, пра што сведчыць адпаведная стэнаграма дванаццатай сесіі:

«Вместе с депутатом Абламейко мы вышли из Дома Правительства и направились к станции метро. В это время мы услышали в районе Главпочтамта скандирование, шум оттуда доносился. Мы поняли, что там что-то происходит. Мы пошли туда и увидели, что там стоят ряды милицейских машин, газиков милицейских, перегорожена улица, и непосредственно весь проспект на краю здания Главпочтамта тоже перегорожен. Милиция начала теснить толпу, создалась очень напряженная ситуация».

Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР адзінаццатага склікання, студэнт 3 курса Мінскага радыётэхнічнага інстытута Глеб Ерамееў.

Такім чынам, трохдзённыя пратэстныя акцыі, пра якія піша Галіна Пазьняк, не былі звязаныя з абмеркаваннем моўнага законапраекта.

Мітынг ля Дому ўраду падчас абмеркавання праекта закона аб выбарах народных дэпутатаў БССР, 27 кастрычніка 1989 года.

А што ж з Янкоўскім?

Адразу ж заўважым, што народны артыст не выскокваў на трыбуну і не парушаў рэгламента. 

У тагачасным і яшчэ камуністычным Вярхоўным Савеце гэта было проста немагчыма.

Таму тут не мае рацыі Пётра Садоўскі.

Аднак сцвярджэнне Г. Пазьняк пра тое, што Янкоўскі быццам бы палка выступаў супраць дзяржаўнасці беларускай мовы, патрабуе ўдакладнення.

Янкоўскі выказаўся так: любая дактрына, якая не абапіраецца на жыццё, церпіць крах. І пры гэтым ён назваў праект закона «счастливым исключением из правил». Сам выступоўца, як «представитель русскоязычного населения республики», па ўласных словах, зразумеў «неабходимость и реальность Закона о государственности белорусского языка».

То-бок Янкоўскі не толькі "не выступаў апантана супраць адзінай беларускай дзяржаўнай мовы" (Г. Пазьняк), а наадварот, ухваліў яго.

Але ў канцы сваёй прамовы спадар Янкоўскі кінуў двухсэнсовую фразу: «Я голосую за закон с теми поправками, которые есть. Я голосую за закон разума, а не насилия».

І вось тут слушным з’яўляецца меркаванне Галіны Пазьняк, якая піша, што «дэпутаты ад намэнклятуры ў Вярхоўным Савеце 11-га скліканьня яра супраціўляліся, стараліся Закон выхаласьціць, зрабіць яго пустым».

Наменклатура прапанавала ў законапраект такія папраўкі, якія значна аслаблялі яго.

Папраўкі агучыў дэпутат Іван Кенік, які кіраваў выканаўчым камітэтам Мазырскага Савета народных дэпутатаў. Галоўная прапанова тычылася таго, каб і руская мова набыла статус дзяржаўнай, г.зн. запісаць гэта ў артыкуле 2 законапраекта (у першапачатковым варыянце праекта руская мова фігуравала як «язык межнационального общения народов СССР»).

Іван Кенік.

Кенік выказаў упэўненасць, што ігнараванне рускай мовы ў якасці дзяржаўнай вельмі небяспечнае і можа стварыць міжнацыянальныя праблемы ў рэспубліцы.

Далей Кенік згадаў аднаго з галоўных натхняльнікаў «халоднай вайны» Алена Далеса, які яшчэ ў 1948 годзе нібыта прызнаўся: каб знішчыць СССР, не трэба атамная зброя, дастаткова толькі забараніць рускую мову.

Дэпутаты выказвалі заўвагі да артыкулаў 23, 24 і 25, згодна з якімі выхаванне ў дзіцячых дамах і дашкольных установах, навучанне ў школах, вучылішчах, тэхнікумах і ВНУ ажыццяўлялася на беларускай мове. Яны настойвалі, каб у гэтых артыкулах дадалі і рускую мову.

Аднак іхнія прапановы былі адкінутыя, а закон аб мовах дэпутаты прынялі большасцю галасоў.

Але пасля перапынку адбыўся цікавы інцыдэнт. Галоўная дакладчыца па законапраекце Ніна Мазай заявіла, што ёсць прапанова звярнуцца і абмеркаваць артыкулы 23, 24.

Гэта сведчыла пра тое, што ў Вярхоўным Савеце існавалі ўплывовыя плыні, якія выступалі супраць беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай.

Гэтыя сілы вырашылі выкарыстаць яўную юрыдычную калізію ў законе: згодна з вышэйназванымі артыкуламі, адзінай мовай выхаваўчага і навучальнага працэсу прызнавалася беларуская мова (выключэнне было зроблена для месцаў кампактнага пражывання грамадзянаў іншых нацыянальнасцяў: там можна было ствараць дзіцячыя дамы, школы ці класы з навучаннем і выхаваннем на рускай альбо іншай мове), аднак у пункце 1 артыкула 22 закона было замацавана: «Беларуская ССР гарантуе кожнаму жыхару рэспублікі неад’емнае права на выхаванне і атрыманне адукацыі на беларускай альбо рускай мове».

Наменклатурныя плыні вырашылі «падрэзаць» закон знізу: змяніць артыкулы 23 і 24.

Дэпутат ад Чавускай выбарчай акругі №481, першы намеснік старшыні выканкома Магілёўскага абласнога Савета народных дэпутатаў Эдуард Пятровіч заявіў, што артыкул 22 «не стыкуется» з артыкуламі 23 і 24, і прапанаваў прыбраць словы «кампактнае пражыванне». На яго думку, закон павінен быў гучаць так: па жаданні грамадзянаў ствараюцца дашкольныя ўстановы (артыкул 23), агульнадукацыйныя школы ці класы (артыкул 24), дзе выхаванне ажыццяўляецца на рускай альбо іншай нацыянальнай мове.

Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР адзінаццатага склікання Эдуард Пятровіч.

Пятровіча падтрымаў міністр замежных спраў БССР Анатоль Гурыновіч: маўляў, паводле Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека бацькі самі могуць выбіраць мову выхавання і навучання дзіцяці.

За папраўкі выказаўся і будучы генеральны пракурор Рыгор Васілевіч, які тады загадваў юрыдычным аддзелам Прэзідыуму Вярхоўнага Савета БССР.

Паводле стэнаграмы,

прапанова Пятровіча па дашкольных установах не была падтрымана, але ж набрала шмат галасоў: з 291 дэпутата, які прыняў удзел у галасаванні (пры кворуме ў 243 чалавекі) «за» выказаліся ажно 224.

Тады Ніна Мазай, якая вяла паседжанне сесіі, прапанавала зноў прагаласаваць па артыкуле 23 у першапачатковым варыянце. «За» было роўненька 243 галасы.

Калі справа дайшла да галасавання папраўкі Пятровіча да артыкула 24, адзіным фронтам супраць выступілі пісьменнікі.

Ніл Гілевіч заявіў, калі прыняць папраўку Пятровіча, дык на беларускай школе можна ставіць крыж. Ініцыятыву Пятровіча асудзілі Іван Шамякін і Іван Навуменка. Пры гэтым апошні не пазбег спакусы пакрытыкаваць нейкіх экстрэмістаў (хутчэй за ўсё, БНФ), якія на дзяржаўных памылках будуюць сваю палітыку, і прывёў прыклад маршала Георгія Жукава.

Па словах Навуменкі, Жукаў падчас сваёй службы ў рэспубліцы ў 1930-я гады быццам бы не толькі выдатна авалодаў беларускай мовай, але нават чытаў на ёй лекцыі ў БДУ.

Дзякуючы гэтым выступам прапанова Пятровіча па артыкуле 24 нават не была пастаўлена на галасаванне. Вынікі паўторнага галасавання па гэтым артыкуле ў першапачатковым варыянце  былі такія: з 308 дэпутатаў, што ўзялі ўдзел у галасаванні, «за» выказаўся 271.

Падчас працы чатырнаццатай сесіі Вярхоўнага Савета БССР адзінаццатага склікання 26 студзеня 1990 года.

Па словах Ніны Мазай, прыняцце закона аб мовах і замацаванне беларускай мовы ў якасці дзяржаўнай даволі лаяльна было ўспрынята грамадствам.

Так праходзіла абмеркаванне праекта Закона аб мовах у Беларускай ССР.

Яна агучыла наступныя лічбы: падчас абмеркавання законапраекта аб мовах за дзяржаўнасць беларускай мовы выказаліся звыш пятнаццаці тысяч чалавек (Ніна Мікалаўена, праўда, не ўдакладніла ні механізм, ні тэрміны абмеркавання), супраць — 2359. Дзве тысячы трыста сямнаццаць чалавек, па словах Мазай, выказаліся за тое, каб у БССР былі дзве дзяржаўныя мовы — руская і беларуская. На паседжанні чатырнаццатай сесіі Мазай таксама паведаміла, што 231 чалавек лічыць, што моўнае пытанне можа быць вырашана толькі з дапамогай рэферэндуму.

Але: «В таком тонком деле, как язык, на наш взгляд, референдум вряд ли оправдан».

Ці магла ведаць Ніна Мазай, што праз некалькі год да ўлады прыйдзе чалавек, чые "взгляды" на гэты конт будуць дыяметральна супрацьлеглыя.

Вам можа спадабацца