У беларускай моўнай рэальнасці ёсць такая з’ява, як трасянка. "Трасянка" ў першапачатковым значэнні – сумесь сена і саломы. Пазней развілася пераноснае значэнне: слова стала пазначаць змяшанае маўленне беларусаў. У такім маўленні чаргуюцца элементы беларускай і рускай моў.
Трасянка – гэта добра ці дрэнна? Гэта як спытаць пра дом. Дрэнна, калі палова дома згарэла. Добра, калі палова дома засталася.
Трасянка – вынік русіфікацыі.
На прыродную, першую беларушчыну налажылася прышлая расейшчына. На фоне татальнай расейшчыны яна – рэальны напамін пра саму беларускую мову.
Логікай можна зразумець: калі ёсць сумесь складнікаў, то значыць некалі складнік быў у 100%-м аб'ёме. Так і было на пачатку 20 ст. (Той, каму цяжка ў гэта паверыць, хай уявіць беларуса, які ніколі не чуў рускай мовы і жыў у вёсцы – а ў вёсках тады жыла большасць.)
Прыблізна з гэтых меркаванняў актывісты ТБМ і не толькі яны аднойчы сталі прыцягваць увагу да трасянкі. Ідэя была ў тым, каб абудзіць яе карыстальнікаў праз яе беларускі кампанент і навярнуць да сапраўднай беларушчыны.
Калі ад трасянкі і ёсць карысць, то менавіта ў тым, каб актывізаваць патэнцыял. Гэта нібы абагаціць руду або рэстаўрыраваць будынак на аснове наяўных муроў.
Але гэта значыць, што, робячы стаўку на трасянку, трэба ісці з ёю "ў поле", да людзей, што на ёй гавораць.
Для тых жа, хто вывучае беларускую з нуля, гэтыя гульні могуць быць штучнымі і сінтэтычнымі (калі толькі яны не капіруюць рэальнае асяроддзе, у якім жылі).
Гэтым разладжваецца і без таго заблытанае навучанне беларушчыне. Гэтая частка навучання можа ісці як адзін з прасунутых узроўняў. (Каб рабіць добрыя міксы і ф’южны, спачатку трэба ўмець рабіць базавыя стравы.)
Нядаўна нашумеў твор г.зв. Камілы Цень “Я прыду за табой у аўгусце”, які нібыта быў напісаны трасянкай і праз гэта з нейкага перапуду спаборнічаў у прэміі для твораў на беларускай мове, хаця па сутнасці быў рускамоўным творам. Выйшаў яшчэ нейкі працяг ці сіквэл, няважна.
Зацятае заступніцтва некаторых важных асоб навяло мяне на думку: гэты атракцыён мог быць зроблены з вышэйапісанымі станоўчымі матывамі.
Калі гэта так, то стаўлю кол за рэалізацыю (па пяцібальнай сістэме).
Гэта не прыдзіркі. Паўтару нелюбімае для сяго-таго слова: прафанацыя. Мо, нехта ўчыніў яе незнарок. Але гэты нехта не ўлічыў, што метафара трасянкі – сумесь раўназначнага, а менавіта – лексікі (пры само сабой зразумелай беларускай фанетыцы). Спачатку было слова – трасянку акрэслілі інтуітыўна людзі, а даследаванні навукоўцаў, якія яе атамізавалі і анатамізавалі, былі потым.
У творы Камілы Цень 0% беларускай лексікі (дакладней 100% рускай), акрамя тых выпадкаў, калі гераіня яўна маркіруе словы як беларускія. Называць гэта трасянкай – гэта як называць булён курыным супам. Калі б твор убачылі аўтары тэрміна “трасянка”, то ўбачылі б рускую мову з беларускім акцэнтам. То-бок, апісаным мэтам адраджэння беларускай мовы сярод трасяначнікаў гэты сінтэтычны эрзац не служыць.
Жывыя носьбіты трасянкі ўбачаць тут толькі гарадскія крыўлянні, а спроба ўкараніцца ў іх кола праваліцца.
Што ж, такія рэгулярныя праколы здараюцца, калі за справу бярэцца чалавек, выхаваны на рускім субстраце, які павярхоўна знаёмы з беларушчынай і бачыць усяго толькі розныя назвы там, дзе папраўдзе розныя паняцці. Напрыклад, той, хто лічыць трасянку ўсяго-толькі эўфемізмам “калгаснага акцэнту” (каланіяльнае паняцце ва ўжытку русіфікаваных беларусаў), хаця людзей беларускай культуры, якія заявілі пра трасянку, перасмыкнула б ад параўнання сумесі моў з банальным акцэнтам.
Яны б жахнуліся такому рускацэнтрычнаму бачанню.
Нават калі да твору прычыніўся нейкі мэтр беларушчыны, даручыўшы яго выкананне свайму навучэнцу – гэта з яго не здымае адказнасці за благі вынік. Мэтр мусіў бы праверыць засваенне навучэнцам сэнсу і сутнасці, а не задавальняцца адскокваннем ад зубоў зазубраных фармулёвак. Мэтр мусіў бы праверыць прадукт на прадмет халтуры. Бо адна справа – незаслужаны залік навучэнцу, а зусім іншая – няправільная ін’екцыя мове, якая пад пагрозай.