Пакет Еўрапейскай Палітыкі Добрасуседства – Беларусь

Палітыка

Пакет Еўрапейскай Палітыкі Добрасуседства – Беларусь

8 красавіка 2013 а 14:56

20 сакавіка 2013 года Еўрапейскі Саюз прыняў новы Еўрапейскі пакет палітыкі добрасуседства. Прапануем Вашай увазе частку дакумента, датычную агляду сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Еўрапейская Камісія

Пакет Еўрапейскай Палітыкі Добрасуседства – Беларусь

Брусэль, 20 сакавіка 2013 У дачыненні да Беларусі ЕС працягвае прытрымлівацца сваёй палітыкі крытычнага ўзаемадзеяння. Яна ўключае супрацоўніцтва ў межах шматбаковага курсу Ўсходняга Партнёрства і тэхнічныя дыялогі па асобных тэмах, якія ўяўляюць сабой агульныя інтарэсы, а таксама падтрымку грамадзянскай супольнасці і беларускага насельніцтва ў цэлым. У той жа час ЕС увёў абмежавальныя меры ў дачыненні да асобаў, адказных за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека, рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі, асобаў, чыя дзейнасць моцна падрывае асновы дэмакратыі і вяршынства права ў Беларусі, а таксама тых, хто дапамагае рэжыму Лукашэнка альбо падтрымдівае яго. Еўрапейскі дыялог па мадэрнізацыі з беларускім грамадствам уяўляе сабой форум у мэтах свабоднага абмену ідэямі дзеля новай Беларусі. Палітычная сітуацыя і апошнія тэндэнцыі ў адносінах ЕС і Беларусі На працягу 2012 года ЕС паслядоўна прытрымліваўся сваёй палітыкі крытычнага ўзаемадзеяння ў дачыненні да Беларусі, у тым ліку праз дыялог і ўдзел ва Усходнім Партнёрстве. ЕС падкрэсліваў, што развіццё двухбаковых стасункаў у межах Усходняга Партнёрства абумоўлена прагрэсам Беларусі ў дачыненні да выканання прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства права і правоў чалавека. ЕС падкрэсліваў сваю гатоўнасць дапамагчы Беларусі ў выкананні яе абавязальніцтваў у гэтым накірунку. Па стане на сакавік 2012 года у “чорным спісе” ЕС, у які уваходзяць тыя, каму забаронена выдача візаў альбо чые актывы замарожаны, было 243 асобы. ЕС таксама ўвёў эмбарга на пастаўкі зброі і матэрыялаў, якія могуць быць выкарыстаныя для ўнутраных рэпрэсій, ухваліў абмежавальны падыход у дачыненні да выдачы крэдытаў з боку ЕІБ/ЕБРР и замарозіў актывы 32 кампаній. Пасля таго, як у студзені і лютым былі прынятыя рашэнні аб пашырэнні крытэраў для увядзення абмежавальных мераў у дачыненні да Беларусі і аб уключэнні яшчэ 21 асобы ў спіс тых, каго закранаюць гэтыя меры, беларускі бок адклікаў сваіх амбасадараў у ЕС і ў Польшчы для кансультацый і папрасіў ЕС і польскі бок зрабіць тое самае са сваімі амбасадарамі ў Беларусі. Такі аднабаковы крок прывёў да таго, што ў знак салідарнасці ўсе амбасадары краінаў-сябраў ЕС з’ехалі з Беларусі амаль на 2 месяцы. У кастрычніку 2012 года пакет абмежавальных мераў быў прыняты яшчэ на адзін год бяз зменаў. На працягу 2012 года ЕС мноства разоў выказваў сваю глыбокую занепакоенасць адсутнасцю павагі да правоў чалавека, вяршэнства права і дэмакратычных прынцыпаў, да чаго таксама належуць Заключэнні, прынятыя Саветам ЕС па міжнародных стасунках у сакавіку і кастрычніку 2012 года. У прыватнасці, ЕС моцна асудзіў выкананне ў сакавіку смяротнага прысуду, вынесенага ў дачыненні да двух мужчын, асуджаных за тэрарыстычны акт у Мінскім метро і ранейшыя выбухі ў Мінске і Віцебске. ЕС увесь час заклікаў да безадкладнага і безагаворачнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных вязняў. У чэрвені 2012 года ААН заявіў, што, пачынаючы з парушэнняў выбарчых стандартаў на прэзідэнцкіх выбарах 19 снежня 2010 года, назіраецца мадэль сур’ёзнага парушэння правоў чалавека, якая мае сістэмны характар. Па ініцыятыве ЕС Савет па правах чалавека ААН прызначыў спецыяльнага дакладчыка па Беларусі. Аднак, беларускія ўлады да гэтага часу адмаўляюцца ад супрацы з ім. У 2012 годзе 3 палітычных вязня былі вызвалены з-пад варты пасля таго, як на іх націснулі і яны напісалі просьбы аб памілаванні на імя прэзідэнта. Дзесяць палітычных вязьняў застаюцца ў зняволенні. Дыпламатычны прадстаўнік Ватыкана наведаў некаторых з іх. У 2012 годзе палітыка рэпрэсій узяла іншы накірунак, стала больш адраснай і дасканалай: замест працяглых тэрмінаў турэмнага зняволення хутчэй з’явілася тэндэнцыя запалохвання прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці такімі сродкамі, як звальненне з працы, недапушчэнне правядзення сходаў, завядзенне грамадскіх справаў за “нявыплату” падаткаў, недазвол некаторым грамадзянам выязджаць за мяжу, накладанне штрафаў у дачыненні да актывістаў альбо прысуды на правядзенне некалькіх дзён у турме (для некаторых актывістаў – некалькі разоў за год). Парламенцкія выбары адбыліся 23 верасня 2012 у атмасферы кантролю і ціску на альтэрнатыўную палітычную думку. Місія па назіранню за выбарамі АБСЕ/БДІПЧ зрабіла вывады, што, нягледзячы на некаторыя паляпшэнні, прававыя рамкі выбараў ня ў поўнай ступені гарантуюць правядзенне выбараў у адпаведнасці з абавязальніцтвамі ў межах АБСЕ і міжнароднымі стандартамі. Вярхоўны Прадстаўнік Кэтрын Эштан і Камісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле заявілі, што гэта была чарговая згубленая магчымасць правесці выбары ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. У чэрвені 2011 года Еўрапейская Камісія прапанавала Беларусі распачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і пагадненнях аб рэадмісіі ў інтарэсах насельніцтва ў цэлым. Да гэтага часу беларускія ўлады так і не адказалі на прапанову. Пры адсутнасці адказу, Савет ЕС па міжнародных стасунках ў сваіх Заключэннях ад 23 сакавіка і 15 кастрычніка 2012 года вітаў намер дзяржаў-сябраў ЕС у аднабаковым парадку забяспечыць аптымальнае выкарыстанне існуючых гнуткіх магчымасцяў, якія дае Візавы Кодэкс, у прыватнасці, магчымасцяў адмяніць візы або зменшыць іх кошт для пэўных катэгорый грамадзян Рэспублікі Беларусь альбо ў асобных выпадках. Эканамічныя і сацыяльныя пытанні У 2012 годзе эканамічная актыўнасць знізілася ў выніку палітыкі жорсткага зацягвання пасаў, якая была патрэбная, каб стрымаць крызіс плацёжнага балансу 2011 года і інфляцыю. Рост ВУП знізіўся ў 2012 годзе да 1,5% у параўнанні з 5,5% у 2011 годзе. Акрамя палітыкі зацягвання пасаў, на гэтыя паказчыкі таксама паўплываў зніжаны попыт з боку ключавых для Беларусі экспартных рынкаў ЕС і Расіі. У сярэдзіне года ўлады значна паслабілі палітыку рэгулявання прыбыткаў. Гэты крок мог лёгка падарваць канкурэнтаздольнасць прыбыткаў, атрыманых за кошт крутой дэвальвацыі 2011 года, і вярнуць знешнія слабыя мейсцы краіны на першы план. Спажывецкая інфляцыя ў 2012 годзе істотна зменшылася (з больш за 100% у гадавым вылічэнні на студзень 2012 да менш за 22% на канец года), дзякуючы адносна жорсткай крэдытна-грашовай і фіскальнай палітыцы, значнаму ўмяшальніцтву дзяржавы ў цэнаўтварэнне, а таксама эфекту спрыяльнай базы. У другой палове 2012 года інфляцыйны ціск аднавіўся і адлюстраваў заклапочанасць з нагоды экспансіянісцкай палітыкі заработнай платы і абясцэньвання валюты. У верасні Цэнтрабанк зрэагаваў прыпыненнем змягчэння грашова-крэдытнай палітыкі і нават зрабіў сваю пазіцыю адносна падвышэння абавязковых рэзервовых патрабаванняў больш жорсткай. У знешняй сфэры мела мейсца істотнае ўрэгуляванне гандлёвага балансу, які у 2011 меў дэфіцыт у 9,4% ад ВУП, а ў першым паўгоддзі 2012 дасягнуў прафіцыту. Гэта адбылося дзякуючы вельмі істотнаму росту экспарта за кошт дэвальвацыі валюты і выгодных гандлёвых ўмоваў у выніку зніжэння коштаў на імпартуемую энэргію, якое было дасягнута ў выніку перамоваў з Расіяй. Аднак, гэтыя спрыяльныя ўмовы могуць быць сапсаваны значным паслабленнем палітыкі попыту і зніжэннем глабальнай эканамічнай актыўнасці. Нягледзячы на некаторыя затрымкі, Беларусь прасунулася з выкананнем умоваў крэдытнай праграмы антыкрызіснага фонду Еўразійскай Эканамічнай Супольнасці на 3 мільярды даляраў. Улады ўсё яшчэ спадзяюцца дамовіцца з Міжнародным Валютным Фондам аб новым пагадненні, што дазволіла б ім лёгка разлічвацца па выплатах па пазыках, якія ў 2013 годзе растуць. Аднак, абодва бакі пакуль ня здолелі дамовіцца па праграме рэформаў для краіны, з-за чаго яны ня могуць распачаць афіцыйныя перамовы. Прагрэс у галіне структурных рэформаў быў марудным, магчыма, з-за таго, што у 2012 годзе палітыка была сканцэнтравана ў асноўным на стабілізацыі эканомікі. Улады паспяхова скарацілі дзяржаўнае крэдытаванне эканомікі і надалей спрасцілі падаткавае заканадаўства, але дзеля спрыяння лібералізацыі коштаў і прасоўванню прыватызацыі былі патрэбныя больш цвёрдыя палітычныя абавязальніцтвы. Насамрэч, мелі мейсца некаторы адыход ад прыватызацыі ў сувязі з адменай прыватызацыйнага спіса на 2011-2013 гады і аднаўленне дзяржаўнага кантролю над некаторымі прыватнымі кампаніямі. Больш за тое, праект дэкрэта Прэзідэнта прадугледжвае аднаўленне дзяржаўнага кантролю над прыватызаванымі кампаніямі, нават калі кампаніі цалкам прыватнай формы ўласнасці. Прэзідэнт таксама падпісаў дэкрэт, які забараняе працоўным дрэваапрацоўчага сектара ў аднабаковым парадку звальняцца з працы да сканчэння мадэрнізацыі іх прадпрыемстваў. У лістападзе 2012 года, падчас другога эканамічнага дыялога на тэхнічным узроўні, які адбываўся з беларускімі ўладамі, ЕС падкрэсліў неабходнасць больш рашучых структурных рэформаў з мэтай падвышэння прадуктыўнасці і забеспячэння ўстойлівага росту ў краіне. Ён таксама заклікаў улады ўстрымацца ад істотнага паслаблення палітыкі (асабліва палітыкі гнуткай заработнай платы), бо гэта можа сур’ёзна падарваць здабыткі стабілізацыі пасля мінулагодняга крызісу і паставіць пад пагрозу даволі кволую макраэканамічную стабілізацыю. Гандлёвыя пытанні Акрамя палітычных умоваў, уступленне ў СГА з’яўляецца яшчэ адной перадумовай гандлёвых стасункаў паміж Беларуссю і ЕС. Беларусь падала заяўку на ўступленне ў СГА ў 1993 годзе, аднак перамовы аб яе ўступленні былі абмежавынымі, у тым ліку з-за недастатковага выканання Беларуссю сваіх палітычных абавязальніцтваў. Апошняе паседжанне Працоўнай Групы адбылося ў траўні 2005, і з таго часу дзейнасць у гэтым накірунку абмяжоўвалася неафіцыйнамі кансультацыямі. Апошнім часам Расія, пры падтрымцы Украіны і Кітая, настойвае на аднаўленні працы Працоўнай Групы. У выніку, пасля таго, як вакантнае мейсца старшыні Працоўнай Групы было занятае, Сакратарыят СГА папярэдне запланаваў правядзенне сустрэчаў (як афіцыйных, так і неафіцыйных) па гэтым пытанні на першы квартал 2013 года. На цяперашні момант Беларусь інтэгруецца ў Мытны Саюз з Расіяй і Казахстанам і будуе Адзіную Эканамічную Прастору з гэтымі партнёрамі. Прэферэнцыяльны рэжым гандлю у межах усеагульных тарыфных прэферэнцый па-ранейшаму прыпынены для Беларусі (згодна з Рэгламентам Савета 1933/2006 ад 21 снежня 2006 года для Рэспублікі Беларусь доступ да ўсеагульных тарыфных прэферэнцый быў часова прыпынены, рашэнне ўступіла ў сілу 21 чэрвеня 2007 года). Гэты Рэгламент быў прыняты краінамі-сябрамі ЕС на падставе сур’ёзных і сістэматычных парушэнняў ключавых стандартаў Міжнароднай Арганізацыі Працы (МАП) у Беларусі. Супрацоўніцтва з ЕС Дапамога Беларусі ад ЕС на цяперашні момант абмежавана ў маштабах і як непасрэдна, так і ўскосна канцэнтруецца на падтрымцы патрэбаў насельніцтва і дэмакратызацыі. Улічваючы складаную палітычную сітуацыю ў краіне, двухбаковыя асігнаваніі, фінансуемыя ў межах Еўрапейскага Інструмента Добрасуседства і Партнёрства (ЕІДП), накіраваны на падтрымку супрацоўніцтва ў галінах, якія ўяўляюць сабой узаемную цікаўнасць і якія з’яўляюцца выгоднымі непасрэдна для грамадзян (пагранічны кантроль, рэгіянальнае развіццё, ахова навакольнага асяроддзя, эфектыўнае выкарыстанне энэргіі, зялёная эканоміка, харчовая бяспека і г.д.), пры якіх робіцца акцэнт на ўдзеле грамадзянскай супольнасці і ў той жа час на захаванні кантактаў з беларускімі ўладамі на тэхнічным узроўні, у тым ліку на мясцовым узроўні. Усяго на двухбаковае супрацоўніцтва з Беларуссю выдзялена 43.07 мільёны еўра на перыяд 2007-2011 і 28.50 мільёны еўра на перыяд 2012-2013. Беларусь таксама ўдзельнічае ў некаторых рэгіянальных праектах, у асноўным у галінах аховы навакольнага асяроддзя, адукацыі і трансгранічнага супрацоўніцтва. Да двухбаковай дапамогі Беларусі таксама належаць тэматычныя і рэгіянальныя праграммы ў наступных галінах (таксама ў падтрымку патрэбаў насельніцтва): адукацыя (Tempus, Erasmus Mundus), ліквідацыя супрацьпяхотных мін, кіраванне адходамі, якасць паветра, ядзерная бяспека (Чарнобыль і Taiex). Сектаральныя дыялогі па эканамічных, энэргетычных, экалагічных і мытных пытаннях знаходзяцца на розных стадыях развіцця. ЕС застаецца прыхільным палітыцы крытычнага ўзаемадзеяння ў дачыненні да Беларусі. Гэта ўключае ў сябе супрацоўніцтва ў межах шматбаковых аспектаў Усходняга Партнёрства. Гэта значыць, што Беларусь актыўна ўдзельнічае ў чатырох тэматычных платформах разам з іншымі пяццю краінамі Усходняга Партнёрства (Арменія, Азербайджан, Грузія, Рэспубліка Малдова і Україна). Гэтыя платформы ахопліваюць тэмы дэмакратыі, стабільнасці і належнага кіравання, эканамічнай канвергенцыі, энэргетыкі, кантактаў паміж людзьмі, што дазваляе абменьвацца інфармацыяй, перадавым досведам і вывучанымі ўрокамі паміж 6 краінамі, а таксама з краінамі-сябрамі ЕС. У межах гэтых платформаў Беларусь актыўна ўдзельнічае ў шэрагу рэгіянальных мерапрыемстваў, у тым ліку ва інтэграваным кіраванні межамі. Дзякуючы трэнінгу ў межах флагманскай ініцыятывы Ўсходняга Партнёрства па інтэграванаму кіраванню межамі, Беларусь паспяхова развівае сваю стратэгію інтэграванага кіравання межамі, якая ўлічвае стандарты ЕС. Больш за тое, Беларусь удзельнічала ў сустрэчы міністраў замежных спраў Усходняга Партнёрства, якая адбылася ў ліпені 2012. Грамадзянская супольнасць: роля і падтрымка ЕС Цягам 2011 і 2012 гадоў ЕС узмацніў супрацоўніцтва як з грамадзянскай супольнасцю, так і з больш шырокім колам грамадства. У лістападзе 2009 года была заснавана Беларуская Нацыянальная Платформа Форума Грамадзянскай Супольнасці (ФГС) Усходняга Партнёрства (УП). На сённяшні дзень больш за 50 арганізацый грамадзянскай супольнасці з’яўляюцца часткай Беларускай Нацыянальнай Платформы, якія таксама удзельнічаюць ў Дыялоге па Мадэрнізацыі. У снежні 2012 года Еўрапейская Камісія запусціла праект, накіраваны на Нацыянальныя Платформы ФГС УП. Галоўнай мэтай праекта з’яўляецца ўзмацненне і павышэнне ролі арганізацый грамадзянскай супольнасці ў правядзенні рэформ і дэмакратычных пераўтварэнняў у краінах Усходняга Партнёрства праз пашырэнне іх ўдзелу, а таксама праз кантроль з іх боку за рэалізацыяй мэтаў Усходняга Партнёрства. Падтрымка грамадзянскай супольнасці з боку ЕС павялічылася ў 6 разоў у параўнанні з пачаткам 2011 года і дасягнула 13.6 і 12.7 мільёнаў еўра ў 2011 і 2012 годзе адпаведна. Гэтыя лічбы ўключаюць гранты для арганізацый грамадзянскай супольнасці, стыпендыі, моўныя курсы і фінансаванне Еўрапейскага Гуманітарнага Універсітэта. На працягу 2012 года ЕС ўзмацняў важны для яго дыялог з грамадзянскай супольнасцю. 29 сакавіка 2012 года на мерапрыемстве ў Брусэлі Камісар ЕС па пытаннях Пашырэння і Еўрапейскай Палітыкі Добрасуседства Штэфан Фюле даў старт Еўрапейскаму Дыялогу па Мадэрнізацыі з беларускім грамадствам. Дыялог па Мадэрнізацыі ўяўляе сабой абмен думкамі і ідэямі паміж прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці, а таксама ЕС і яго краінамі-сябрамі. Вядуцца абмеркаванні аб магчымых рэформах дзеля мадэрнізацыі Беларусі, напрыклад, у сферы права альбо эканомікі, аб патэнцыйным развіцці стасункаў з ЕС, а таксама аб тым, як ЕС можа дапамагчы ў гэтых накірунках. Тэмы для абмеркавання выбіраюцца беларускай грамадзянскай супольнасцю, з улікам патрэбаў беларускага грамадства. Беларускія эксперты, якія ўдзельнічаюць у Дыялоге, пачалі з крытычнага аналізу сфераў, дзе неабходны рэформы, і да канца 2012 года сфармулявалі працоўную праграму па шэрагу прыярытэтных тэмаў. У межах Еўрапейскага Дыялогу краіны-сябры ЕС, а таксама Еўрапейская Камісія / Еўрапейская Служба Знешнепалітычнай Дзейнасці арганізуюць тэматычныя семінары і мерапрыемствы па ключавых пытаннях, звязаных з мадэрнізацыяй. Беларускія ўдзельнікі і ЕС спадзяюцца, што беларускія ўлады прымуць удзел у абмеркаваннях і мерапрыемствах у межах Дыялога і такім чынам зробяць каштоўны і канструктыўны ўнёсак у нармалізацыю стасункаў паміж ЕС і Рэспублікай Беларусь, а таксама намеціць курс рэформаў і мадэрнізацыі на карысць беларускага народа. Стасункі Беларусь – ЕС у фактах і лічбах 1995 – падпісанне Пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве (ратыфікацыя краінамі-сябрамі ЕС прыпыненая з 1997 года). 2006 – Еўрапейская Камісія прэзентавала неафіцыйны дакумент “Што Еўрапейскі Саюз можа даць Беларусі?” Красавік 2006 – Савет ЕС вырашыў прыняць абмежавальныя меры ў дачыненні да прэзідэнта Лукашэнка, беларускага кіраўніцтва і чыноўнікаў, якія нясуць персанальную адказнасць за парушэнні міжнародных выбарчых стандартаў. Кастрычнік 2008 – Савет ЕС вырашыў прыпыніць абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі дзеля наладжвання дыялогу і прыняцця пазітыўных мер па ўмацаванню дэмакратыі і павагі да правоў чалавека. Лістапад 2009 – Савет ЕС вітаў палітычны дыялог на высокім узроўні паміж ЕС і Беларуссю, запуск Дыялога па Правах Чалавека паміж ЕС і Беларуссю, інтэнсіфікацыю тэхнічнага супрацоўніцтва, а таксама актыўны ўдзел Беларусі ў шматбаковых платформах Усходняга Партнёрства як сродак узмацнення ўзаемаразумення і стварэння магчымасцяў для вырашэння пытанняў, якія выклікаюць заклапочанасць. Студзень 2011 – на фоне парушэнняў выбарчых стандартаў на прэзідэнцкіх выбарах, якія адбыліся 19 снежня 2010, і далейшых рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі, Савет ЕС выказаў заклапочанасць у сувязі з апошнімі падзеямі і аднавіў абмежавальныя меры ЕС у дачыненні да Беларусі. Гэтыя абмежавальныя меры былі пасля пашыраны ў сакавіку, траўні, чэрвені і кастрычніку 2011, а таксама ў студзені, лютым і сакавіку 2012. У чэрвені 2011 і сакавіку 2012 былі таксама прынятыя Заключэнні па Беларусі. Сакавік 2012 – запуск Еўрапейскага Дыялога па Мадэрнізацыі з беларускім грамадствам. Кастрычнік 2012 – Савет ЕС па Замежных Справах на сваім паседжанні 15 кастрычніка 2012 працягнуў дзеянне абмежавальных мер, у той жа дзень былі апублікаваныя новыя Заключэнні па Беларусі. Першакрыніца

Вам можа спадабацца