Некалькі слоў пра артыкул Пётры Садоўскага “Час одуму”

Рознае

Некалькі слоў пра артыкул Пётры Садоўскага “Час одуму”

5 лютага 2020 а 01:22

Сяргей Запрудскі

У канцы мінулага – пачатку гэтага года былі ўсе падставы падумаць пра Пётру Садоўскага, мовазнаўца, палітыка, грамадскага і дзяржаўнага дзеяча. 

У Зоські Верас у “лясной хатцы”. Вільня, лета 1983 году. Стаяць Лявон Луцкевіч, Пётра Садоўскі, Сяргей Шупа і Сяргей Мурашка. Сядзяць Тацяна Сапач і Зоська Верас.

Няшмат ёсць публікацый у гісторыі беларускай лінгвістыкі другой паловы ХХ стагоддзя, якім быў бы наканаваны такі шчаслівы лёс, што склаўся ў артыкула “Час одуму”. Публікацыі  на моўныя тэмы – гэта не піражкі, якія тут жа расхопліваюцца (хоць, вельмі рэдка, бывае і інакш). Бывае, яны заўважаюцца не адразу. Бывае, яны ўвогуле не заўважаюцца. Бывае, праз пяць ці дзесяць гадоў апублікаваныя артыкулы забываюцца.

Нічога такога не сталася з артыкулам Садоўскага.

Ён быў апублікаваны 33 гады назад у часопісе “Полымя”. Артыкул  быў надрукаваны як развагі з нагоды завяршэння публікацыі 5-томнага “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” (1977—1984).

Водгукі на нейкія асобныя тамы слоўніка з’яўляліся і раней, пераважна на старонках газеты “Літаратура і мастацтва”. Яны былі кароткія, “віншавальныя”, непрэтэнцыёзныя, трактавалі асобныя прыватныя праблемы.

Артыкул Садоўскага быў не “проста рэцэнзіяй”. Ён быў некароткі, канцэптуальны і прэтэнцыёзны. Часткова аўтара можна было б разглядаць як “чужака” на полі лексікаграфіі. У Інстытуце мовазнаўства да таго ён працаваў у аддзеле фанетыкі. Артыкул  справакаваў дыскусію: калектыўны адказ лексікографаў Інстытута мовазнаўства і развагі іншых зацікаўленых асоб. Адказ лексікографаў быў азагалоўлены “Ці глыбока думаў рэцэнзент?” (падразумяваны адказ: неглыбока). З матэрыялаў гэтай палемікі ў 2012 годзе быў укладзены дадатак у манаграфіі Алены Губкінай “Лексікалогія і лексікаграфія беларускай мовы ХХ стагоддзя”. Артыкул Садоўскага ў сеціве мы знойдзем таксама яшчэ тут  (змешчаны 10 гадоў назад),  тут  (змешчаны тры гады назад). Аўтарка манаграфіі напісала, што ў матэрыялах дыскусіі “ўзнімаюцца глыбокія і сур’ёзныя пытанні фарміравання і выкарыстання лексікі беларускай мовы”. 

І гэта сапраўды так.

Што ж у артыкуле Садоўскага “такога” асаблівага?

Ва ўступе аўтар згадвае цікавыя словы з картатэкі “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы”: валадарства, учыніць на выабражэнне і падабенства сваё, пажадлівасць, людскасць, чыннік, маетнасць, злоснік, варагаваць, варожа, брыда, адхланне, памерлы, абложная хвароба, святыя таемствы, страшныя відзежы, намаўляць, праўны, крыўдзіцелі, ненавідны, пры чыннай дапамозе, святар. (Гэты слоўнік выдадзены ў 37 тамах у 1982—2017 гадах.)

Садоўскі выказаўся за тое, каб у літаратурны лексікон былі ўключаны многія словы з народнага маўлення.

Сярод іншага аўтар захацеў заняцца “вечнымі” ісцінамі, істотнымі пры ўкладанні слоўніка і недастаткова, паводле яго, вытрыманымі падчас яго падрыхтоўкі.

Гэта нарматыўнасць слоўніка. Другая – стылёвая ацэнка лексікі, статус так званых “абласных”, “размоўных”, “устарэлых”, “паэтычных” і да т. п. слоў. Трэцяе – тэарэтычны лексікаграфічны канон. Ён быў выказаны ў тагачаснай беларускай лінгвістыцы ў манаграфіі Арцёма Баханькова “Развіццё лексікі беларускай літаратурнай мовы ў савецкі час” (1982), і Садоўскі змястоўна палемізаваў з аўтарам. Напрыклад, ён зрабіў закід у тым, што ў манаграфіі (як і ў слоўніку ў цэлым) ігнаруюцца традыцыі папярэдніх беларускіх лексікографаў. Садоўскі выказаўся за пурызм пры фарміраванні літаратурнай мовы і неабходнасць “адштурхоўвання” ад суседніх.

Артыкул Пётры Садоўскага “Час одуму” ўяўляе сабой выдатнае дасягненне беларускай лінвістыкі канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя. І толькі абмежаваны памер стрымлівае мяне ад падрабязнага раскрыцця гэтага тэзіса.

Але мне цікава ўбачыць артыкул у кантэксце, ва ўспрыняцці і ў працэсе.

На жаль, гэта немагчыма зрабіць ў малой зацемцы. Таму толькі хуткамоўка.     

Артыкул быў убудаваны ў тагачасны палітычна-ідэалагічны дыскурс і ў канцы меў пасаж:

“...Сказаліся горкія словы праўды. Нашы слоўнікі – гэта наша аблічча ва ўсіх яго праявах. Пра гэта трэба гаварыць – прылюдна, адкрыта, глыбока, зацікаўлена. Так, як мы зараз гаворым пра метал і хлеб...”.

Ужо і не памятаю, штó ў 1986 годзе ў Савецкім Саюзе гаварылі пра метал і хлеб. Але можаце быць пэўнымі: над артыкулам лунала ключавое слова палітычнага дыскурсу Савецкага Саюза таго часу – “перабудова”. А апеляцыі да “прылюднасці” (такога слова само сабой не было ў слоўніку) і “адкрытасці” – гэта ў тым ліку і прамыя адсылкі да такога ж важнага палітычнага слова другой паловы 80-х як “галоснасць”.

Час напісання артыкула відавочны і з таго, што для спасылак на словы і выразы валадарства, выабражэнне, пажадлівасць, чыннік, варагаваць, памерлы, святыя таемствы, праўны, пры чыннай дапамозе, святар аўтар выбраў даступную толькі адзінкавым людзям картатэку “Гістарычнага слоўніка”. Сёння відавочна, што на іх можна было б паказаць і праз указанне на даступныя крыніцы ХХ стагоддзя.

У адным месцы аўтар разбірае як вельмі “дарэчнае” цытаванне Баханьковым твора Леніна і г. д. і да т. п.

Калі пра ўспрыняцце, то маю заўвагу звярнула рэмарка Садоўскага да свайго ж артыкула, змешчаная на сайце супольнасці перакладчыкаў “Прайдзісвета”:

«Цяпер (відаць, у 2010 годзе? – С. З.) чытаю сам і думаю: “Божа, амаль жа нічога не змянілася ў галовах нашых афіцыйных навукоўцаў!”»

Але ці хоць што змянілася з 1986 года ў моўных густах носьбітаў беларускай мовы, у іх уяўленнях пра моўны ідэал? Ці змяніўся маўленчы узус?

Змянілася ўсё і многае.

І супярэчлівыя вынікі гэтых зменаў можна бачыць на прыкладзе іншага, гэтым разам нядаўнага, артыкула Садоўскага “Перакладчыцкі Алімп без рэдактара”.

У ім аўтар сярод іншага згадаў, што ў пачатку 80-х у яго быў здарыўся, як мы сёння кажам, “фэйл” з рэдагаваннем перакладаў з нямецкай мовы Васілём Сёмухам вершаў Райнера Марыі Рыльке. Тры месяцы летняй абложнай працы, 103 (так!) старонкі машынапісу добразычлівых заўваг, якія ў выніку аказаліся ў... смеццевым кошыку. Перакладчык не прыняў ніводнай заўвагі! Увогуле, Садоўскі прызнаецца, што яшчэ з дзесяць гадоў таму (г. зн. у 2006 годзе) у справе адносінаў, напрыклад, да “народнага” слова  лічыў Сёмуху аднадумцам.

Цяпер сітуацыя іншая.

У раздзеле артыкула «“Радаснае валоданне” роднай мовай і пачуццё меры» аўтар выявіў, што ў празаічных перакладах Сёмухі, бывае, ”народнасць” “пераліваецца цераз берагі разумнага”. Садоўскі крытыкуе заўважаную ў Сёмухі недарэчную «стыхію“ смачнага” беларускага наратыву», імкненне іншых перакладчыкаў «на кожным кроку “ўпрыгожваць” нейтральны стыль эмацыйна афарбаванымі слоўцамі».

Здаецца, мы самыя гэтай самай “смачнай” беларускай мовы заўсёды хацелі? Мы не маглі прадбачыць, што сучасны папулярны дыскурс пра мову скоціцца да прымітыўнага “абы не па-руску”, "правільна – няправільна", што ён фактычна цалкам вывядзе са свайго арсеналу любыя паняцці стылістыкі і такое паймо як “стылістычная дарэчнасць”, у прыватнасці. І паняцце стылістычнай недарэчнасці таксама...

Садоўскі справядліва крытыкуе такі сказ: “Звыш таго ў мяне было прыгожае, як тады казалі, — выабражэнне, твар далікатны і гладкі”. Вы ўвогуле зразумелі, што тут гэта выабражэнне значыць? Асабліва тыя з вас, хто ведае (такіх, думаю, многа), што ў пачатку стагоддзя гэта было звычайнае слова для абазначэння “уяўлення”? Наконт ужывання Сёмухам у вельмі канцэнтраваных колькасцях слоў тыпу жальбіты, кровамесы, уплывоўцы, маёмцы, подзіў, нясцерп, пакеп, пярэшапт, мусовасць, увязненне, подум, зборня, падаткоўцы і інш. як прыкметы “фірмовай” (двукоссе Садоўскага) мовы аўтар артыкула “Перакладчыцкі Алімп без рэдактара” дапускае сумненне, ці гэта дапушчальна і ці трэба такое вітаць. А то й выказваецца яшчэ катэгарычней.

Між тым у сваім артыкуле 1986 года Садоўскі сам папулярызаваў слова выабражэнне і заклікаў да менш  зацуглянага нормамі ўжывання.

Гэта не дакор Пятру Садоўскаму. Думаю, у 1986 годзе яго падыходы былі справядлівымі. Такімі ж у значнай меры яны застаюцца і цяпер. Але часта мы не можам прадбачыць, чым наша слова адзавецца...

P.S. Гэта зацемка напісана як прынагодная і непрэтэнцыёзная. З Пётрам Садоўскім “нешта” адбылося ў канцы снежня і пачатку студзеня. А днямі, пакарыстаюся наватворам у духу высмеяных ім у апошнім артыкуле, “яму выцяла” 79 гадоў. На жаль, часам жывем у акружэнні такой моўнай рэчаіснасці...

З днём нараджэння, шаноўны Пятро Вікенцеў!

Вам можа спадабацца