Смела надзявайце вышымайку з “мілітарным Кастусём”

Меркаваньні

Смела надзявайце вышымайку з “мілітарным Кастусём”

...Калі вы гатовыя ўзяць зброю ў свае рукі

Вялікі дзякуй Васілю Герасімчыку за сутнасную рэфлексію на мой тэкст пра “мілітарызацыю” вобраза Каліноўскага ў сучаснай беларускай мас-культуры. Мой гродзенскі калега і сябра мае рацыю – навуку і масавую культуру нельга блытаць і не варта змешваць. Безумоўна, у слабай папулярызацыі гісторыі паўстання вінаватыя, калі можна так сказаць, і гісторыкі. Яны насамрэч малавата пішуць навукова-папулярных тэкстаў пра паўстанне 1863 года і яго герояў. 

Хаця, шчыра кажучы, аўтар гэтага тэкста не бачыць і асаблівага прагрэсу ва ўласна навуковым вывучэнні паўстання. Васіль Герасімчык, Дзмітрый Мацвейчык, Сяргей Токць, Аляксандр Радзюк – вось збольшага і ўсё больш-менш актыўныя беларускія даследчыкі гісторыі паўстання (даруйце, калі не згадаў яшчэ адну-дзве асобы). Прагрэсу ў даследаванні ваенных, палітычных і эканамічных аспектаў паўстання 1863 года на Беларусі няма, таму няма адкуль брацца і папулярным работам і літаратурным творам. Бо калі б не расказвалі пра Каліноўскага Уладзіміру Караткевічу Генадзь Кісялёў ды Адам Мальдзіс – не было б і “Каласоў пад сярпом тваім”. Гэта для мяне відавочна.

Але яшчэ раз хочацца сказаць пра самае важнае, на маю думку. Сімволіка зброі, няважна – пісталета, шаблі ці атамнай бомбы – накладае на таго, хто яе выкарыстоўвае, вялікую, экзістэнцыяльную адказнасць.

Калі ты яе выкарыстоўваеш і не крывадушнічаеш, ты павінен быць унутрана гатовы ўзяць зброю ў рукі ў абарону сваіх ідэалаў.

Акурат таму зброя ў руках расійскага салдата і зброя ў руках паўстанца 1863-га года – гэта былі розныя рэчы. Расійскі салдат той пары, таксама як і раней і пазней, быў машынай забойства, санкцыянаванага дзяржавай. Ён не асабліва цаніў і ўласнае жыццё. “Памром, развесялім цара” – помніце слоган расійскіх жаўнераў з “Рэдуты Ардона” Адама Міцкевіча?!  

Выбар паўстанца быў цалкам іншы. Гэта часта быў адукаваны чалавек, шляхціц, нябедны, які ведаў некалькі моваў, цікавіўся светам і меў дзеля чаго жыць.

Як і мы з вамі, шаноўныя чытачы.

І зброя ў руках была для яго шляхам у незваротнасць.

Не толькі ў пытанні жыцця і смерці, але і ў пытанні будучыні сваёй жонкі і сваіх дзяцей і ў пытанні пастаяннага штодзённага выбару вайны. Што рабіць з гэтымі палоннымі казакамі – адпусціць, але яны заўтра будуць ізноў ваяваць супраць цябе? Што рабіць з гэтым вясковым старастам, які адразу пасля сыходу твайго атраду пабяжыць даносіць пра цябе? Ты загадаеш іх расстраляць? Я тут ужо не кажу пра неабходнасць падняць сваіх неабстраляных паўстанцаў у бой на карцеч і кулі самай вялікай арміі Еўропы.

Таму давайце яшчэ раз перачытаем кнігі пра Каліноўскага, паглядзім выдатны фільм “Эскадрон” пра паўстанне 1863 года і вырашым сумленна для сябе – ці гатовыя ісці шляхам чалавека са стрэльбай.

Калі так – смела надзявайце вышымайку з “мілітарным Кастусём”. Але пасля не кажыце, што мелі на ўвазе нешта іншае.