Лаянка – неад’емная частка нашай культуры

Рознае

Лаянка – неад’емная частка нашай культуры

Мова быццам ДНК захоўвае генэтычны, культурны пашпарт народу: гісторыю паходжаньня, эвалюцыю, гвалты, акупацыі і, наадварот, росквіт і здабыткі нацыі. Усё гэта можна прасачыць на прыкладзе толькі адной мовы.

Місія гісторыкаў мовы і сацыялінгвістаў – расшыфраваць гэты пашпарт. Яго важны і малавывучаны элемэнт – вульгарная мова. У нас гэты моўны пласт малавядомы ня толькі па прычыне занядбанасьці самой мовы, а перадусім у выніку дзеяння маральна-этычных забарон. Гэтыя забароны робяць немагчымым вывучэньне лаянкавай мовы ў рамках акадэмічных устаноў. Падчас экспэдыцыяў мовазнаўцы фіксавалі ўсялякія словы, у тым ліку вульгарныя, але не маглі друкаваць іх у слоўніках.

Таму калі цяпер даводзіцца чуць, што беларуская мова не распрацаваная, сацыялінгвіста гэта не пераконвае.

Калі прыслухацца да сучасных вясковых бабулек, пачытаць творы расстралянай літаратуры ці Васіля Быкава, а яшчэ проста пакорпацца ў шматлікіх даступных і недаступных слоўніках (з апошніх, напрыклад, слоўнік Язэпа Ціхінскага), то выснова будзе адна: гутарковая беларуская мова распрацаваная ва ўсіх узроўнях.

Таксама даводзіцца чуць, што беларусы ня ўмеюць лаяцца, а калі ўмеюць, то мякка і не вульгарна. Так падаецца чужынамоўцам альбо беларусам, якія лепей ведаюць расейскую. Але ўсё адкрываецца ў параўнаньні і ў кантэксьце. Напрыклад, для многіх віцебскіх старавераў, якія цудоўна ведаюць расейскую лаянку, няма найбольшай крыўды, як быць пасланым не на тры, а на пяць ці сем літараў: пайшоў ты ў шмоню (шмоньку)! Калі расейскія вульгарызмы амаль не ўспрымаюцца імі, то беларуская лаянка ўсур’ёз крыўдзіць.

Іншы прыклад: летувіска-беларускія моўныя стасункі. Шмат пішуць аб балтызмах, літуанізмах у беларускай мове, але часам не зважаюць на адваротны ўплыў. Так, вядомы летувіскі лінгвіст Пранас Скарджус адным зь першых адзначыў, што брахацца летувісаў навучылі не расейцы, а яшчэ раней беларусы. Ён падае вялізарны сьпіс беларусізмаў ці словаў, якія прыйшлі ў летувіскую праз пасярэдніцтва беларускай (сярод іх блядзь, блуд, курва і пад.). Што цалкам натуральна, бо беларусы і летувісы жылі ў адной дзяржаве. І да сяньня словы кшталту блямба (акультураны варыянт бл@дзь), шлюндра/шлёндра/флёндра злучаюць беларусаў і летувісаў.

Такім парадам, вульгарная лексыка – неад’емная частка нашай культуры.

Для пацьверджаньня гэтай тэзы зьвернемся да такога малавядомага рэсурсу другой паловы XIX стагодзьдзя, як cлоўнік Я. Ціхінскага. Звычайна да вульгарызмаў адносяць словы, якія парушаюць этычныя нормы маўленьня, абражаюць чалавека ці напоўненыя грубай экспрэсіяй (шлёндра/ флёндра, хабаль, дармоха, курва). Блізкую лексычную групу складаюць сэксуалізмы.  Яны могуць быць нэўтральнымі (азадак, похва) і вульгарнымі (шмоня, дрын, шлых, шлыхацца, маслычыцца, срака, трахамудзьдзе і пад.). То-бок можна вылучыць катэгорыю вульгарных сэксуалізмаў: трахамудзьдзе, падрабязьзе, срака, зажопнік, драць (=шлыхаць, “трахать”) і г.д.

У беларускай мове XIX стагодзьдзя былі багатыя сынанімічныя шэрагі сэксуальных паняткаў. Цікава, што бальшыня вульгарызмаў зьвязаныя з фізыялёгіяй і плоцевымі адносінамі.

Так, у слоўніку Ціхінскага знаходзім аж пятнаццаць сынонімаў слова “азадак”: азадак, тылак, срака, задак, дупа, дула, дупка, гузно (круціць гузном), какаўка (паказаць какаўку), лайнік, задніца, паня стара, пшыкаўка, спажа, сампітэрня (дарэчы, гэтае слова фіксуецца таксама ў слоўніку Насовіча).

Аўтар слоўніка падае сынонімамі “лайна” гаўно (гавенца), она, фэка і кал.

Сынанімічны шэраг паносу/дызэнтэрыі актуальны да сяньня: бягунка, бягуха, дрысьня, лякса і срачка.

Расейскае “совокупляться” мела 2 адпаведнікі: клешчыцца і скупляцца.

Пэніс апісваецца эўфэмізмам сорам, а вось вагіне “пашанцавала” больш: пярэдніца, похва, падпузьзе, таксама сорам, пярэд.

Як і цяпер, тады ўжывалася слова шмонька. Як у сучасных віцебскіх гаворках, слова азначала і азначае ня толькі машонку, але і вагіну.

Асымэтрычнасьць у вульгарных найменьнях кабет і мужчын уласьціва бальшыні моў. Беларуская мова – не выключэньне. Адсутнасьць мужчынскіх адпаведнікаў сьведчыць аб патрыярхальнасьці грамадзтва, што абавязкова адбівалася ў мове. Так, існавала шмат словаў для апісаньня распуснай кабеты: дармоха, дармадаўка, курвяга, выцярка, выцярашка, распусьніца, лядачніца, лярва, мандзерка, плёха, плёшка, плюгаўка, ашмётка. Для распусных мужчын такіх найменьняў існавала значна меней: дзяўчар і дзеўкар (той, хто да дзевак заляцаецца), курвяга, курвяр.

Тэрмін для пазначэньня гомасэксуальнай асобы ў слоўніку не сустракаецца: панятак садома падаецца выключна, як сінонім гарэзіі, распусты, “разваленьня абычаёў”.

Багата слоў перадавалі панятак “п’яніца”: кяліховіч, кялішнік, прапойца, лыкач, лыкайла, мардыхлыст, мачыморда, апойца. Пра кабету-п’яніцу казалі пітуха.

Іншыя вульгарызмы ня менш цікавыя: напрыклад, сьцярвачка, сьцярвак, сьцярвянка, сьлімарнік (паскуднік) і сьлімарніца (паскудніца), памыйніца (флёндра).

Жаночыя рэгулы называліся жаноцкая, а палюцыя ў мужчынаў – цякучка.

Адпаведнік “кровосмесителя” ў слоўніку – казіродца, казірод, казіроднік.

Варта таксама адзначыць такія кур’ёзныя размоўныя словы, як дарабковіч (буржуа, які хоча быць панам, своеасаблівы варыянт слова парвэню) і каўзыпярда (дрэнны адвакат, які заўсёды прайграе справы).

Такім парадкам, слоўнік Ціхінскага – гэта ня проста малавядомая навуковая крыніца, а выдатнае сьведчаньне разьвітасьці нашай гутарковай мовы. Наяўнасьць у слоўніку вульгарнай лексыкі як нішто іншае абвяргае міт мовазнаўцаў і палітыкаў аб чыстай і незасьмечанай беларускай мове, адваротны бок якога – уяўленьне аб яе беднасьці і нераспрацаванасьці.