Палеглыя на вайне, або Яшчэ ў слоўнік мовы пісьменнікаў усходняй Беларусі

Рознае

Палеглыя на вайне, або Яшчэ ў слоўнік мовы пісьменнікаў усходняй Беларусі

Выданні, якія аглядаюцца:

Скрыжалі памяці: З творчай спадчыны пісьменнікаў Беларусі, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны. У 3 кн. / уклад., біягр. давед. пра аўт. і камент. А. Бельскага. — Мінск: Беларускі кнігазбор, 2005.

Маладняк: літаратурна-мастацкая і грамадска-палітычная часопісь: орган арганізацыйнага камітэту Саюзу савецкіх пісьменнікаў БССР. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1932. — № 7–8.

У мінулым матэрыяле я падаваў словы, якія ўжывае ў сваіх творах Віктар Карамазаў, пісьменнік, што нарадзіўся ў горадзе Чэрыкаве на ўсходзе Магілёўшчыны. Здаецца, тэма мовы пісьменнікаў з гэтага рэгіёна досыць цікавая, таму было пастаноўлена не спыняцца на першым тэксце.

Шукаючы матэрыял, я наткнуўся на зборнік пад назвай «Скрыжалі памяці». Ён прысвечаны пісьменнікам Беларусі, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны. Тры кнігі, якія складаюць гэты зборнік, выйшлі ў 2005 годзе.

Выявілася, што ў зборніку прадстаўлена і творчасць пісьменнікаў з усходняй Магілёўшчыны. Гэта Павел Левановіч (1914–1943, нар. у в. Мазалава Мсціслаўскага раёна), Алесь Пруднікаў (1910–1941, нар. у в. Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна) і Андрэй Ушакоў (1912–1941, нар. у в. Рабяткі Чавускага раёна). У гэты тэкст я таксама ўключыў лексіку з твораў Змітрака Астапенкі, які нарадзіўся ў 1910 годзе на Смаленшчыне (у в. Калеснікі Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Хіславіцкі раён Смаленскай вобласці), год смерці — 1944-ы або 1945-ы). Што да апошняга, то, акрамя яго твораў, змешчаных у «Скрыжалях памяці», быў прааналізаваны раман «Вызваленне сіл» (урыўкі якога таксама ёсць у «Скрыжалях…») — паводле першай публікацыі ў часопісе «Маладняк» (7-ы і 8-ы нумары за 1932 год).

Чытаючы гэтых аўтараў і выпісваючы словы, я таксама заўважаў цікавыя сінтаксічныя і іншыя асаблівасці. Напрыклад, прыкметна, калі паслядоўна ўжываецца родны склон з адмоўем: Чаму гэтая атамная энергія не прыйшла тады, у 1914 годзе, і не ператварыла вайны ў смешны фарс? (Астапенка, 1932: № 7, 40). Кідаецца ў вочы шырэйшае, чым гэта бывае сёння, выкарыстанне прыназоўніка на: рабіць на попел жывую арганічную матэрыю (Астапенка, 1932: № 7, 17), прамармытаў на камплімент (Астапенка, 1932: № 7, 27), спосаб ужытку гэтае энергіі на мірныя мэты (Астапенка, 1932: № 7, 36). Другі прыклад асабліва ёмкі, дазваляе пазбегнуць розных «у якасці».

Вельмі цікава, што ў творах пісьменнікаў з самага ўсходу Беларусі мне трапілася сінтэтычная форма будучага часу: А вы балявацьмеце, паны, // над трупам (Пруднікаў, 1932: 3, 60). Дарэчы, такая форма сустракаецца яшчэ ў аднаго пісьменніка з гэтага рэгіёна — у сябра Змітрака Астапенкі Аркадзя Куляшова: А цымбалы? // A ix напаследак // Яна берагла. // Грошай мецьме нямала, // Бо ім немалая цана («Прыгоды цымбал»). Як бачым, абодва прыклады — з вершаваных твораў, што павышае іх каштоўнасць, бо: 1) неўласцівую сваёй роднай гаворцы форму цяжэй выкарыстоўваць у такой тонкай справе, як вершаскладанне, 2) у прозе лягчэй можна было б падазраваць, што гэтыя формы ўнеслі тагачасныя рэдактары.

У разгледжаных творах ёсць асаблівасці, якія паказваюць сінтаксічную і лексіка-сінтаксічную адметнасць беларускай мовы таго перыяду (пэўныя з іх могуць прыдацца для практычных мэт і сёння). Напрыклад, сёння кажуць была ўжо трэцяя гадзіна. У Змітрака Астапенкі чытаем: было ўжо за другую гадзіну (Астапенка, 1932: № 7, 23). Ці яшчэ вось такое: — Не мыслю... калі ўдумацца ў гэтыя абгрунтаванні... (Астапенка, 1932: № 7, 35). У такім выпадку сёння сказалі б не ўяўляю, немагчыма ці нешта падобнае.

Дадатковым аргументам на карысць выкарыстання формаў меснага склону, якія не супадаюць з формамі давальнага, можа быць наступны прыклад з рамана «Вызваленне сіл»: Але ж па якім праве? (Астапенка, 1932: № 8, 49).

Калі гаварыць на тэму моўных хібаў у разгледжаных творах, то галоўныя з іх такія самыя, як і ў спадара Карамазава: ускаквалі на плыты (Левановіч, 1936: 2, 245), ён згадзіцца на нашы прапановы (Астапенка, 1932: № 7, 40).

Асноўных відаў спасылак на творы ў матэрыяле два. Спасылкі на зборнік «Скрыжалі памяці» пададзены ў наступнай форме:

прозвішча аўтара — год з’яўлення твора — нумар кнігі ў зборніку — старонка.

Спасылкі на часопіс «Маладняк» пададзены наступным чынам:

прозвішча аўтара — год выхаду часопіса — нумар — старонка.

У двух выпадках не ўдалося знайсці адпаведныя даты, таму гэтыя ілюстрацыі пададзены без іх.

Крыніцы:

Бялькевіч — Бялькевiч, І. К. Краёвы слоўнiк усходняй Магiлёўшчыны / І. К. Бялькевiч. — Мінск: Навука i тэхнiка, 1970. — 602 с.

Дабравольскі — Добровольский, В. В. Смоленский областной словарь / В. В. Добровольский. — Смоленск, 1914. — 1026 с.

З нар. сл. — З народнага слоўнiка: зб. арт. / рэд. А. А. Крывіцкі, Ю. Ф. Мацкевіч; АН БССР. Ін-т мовазнаўства. — Мінск: Навука і тэхніка, 1975. — 390 с.

МС — Мова Сенненшчыны. Дыялектны слоўнік: у 2 т. / Нац. акад. навук Беларусі, Цэнтр даслед. беларус. культуры, мовы і літ., філ. «Ін-т мовы і літ. імя Якуба Коласа і Янкі Купалы»; уклад.: Н. М. Бунько [і інш.]; навук. рэд. В. М. Курцова, Л. П. Кунцэвіч. — Мінск: Беларуская навука, 2015. — Т. 1: А–О. — 424 с.; т. 2: П–Я. — 407 с.

Насовіч — Насовiч, I. I. Слоўнiк беларускай мовы / І. І. Насовіч. — Мінск: БелСЭ, 1983. — 792 с.

СЦБ — Слоўнiк гаворак цэнтральных раёнаў Беларусi: у 2 т. / уклад. Е. С. Мяцельская [і інш.]; пад рэд. Е. С. Мяцельскай. — Мінск: Унiверсiтэцкае, 1990. — Т. 1: А–П. — 287 с.

ЭСБМ — Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. — Тамы 1–14 / гал. рэд. Г. А. Цыхун. — Мінск: Беларуская навука, 1978–2017.

Слоўнік

абля́паць — абладзіць, абставіць. Клянуся барадою рэктара, мы абляпаем цудоўную справу! (Астапенка, 1932: № 8, 34). Параўн.: — Ладна! Давай лепей памяркуемся, як спрытней гэта абляпаць (Міхась Зарэцкі. «Ворагі»).

анге́лец — англічанін. Ён Стронга рукой па плячы пахлопаў: — Ты кроўны ангелец, Стронг! (Пруднікаў, 1932: 3, 58).

ба́ўны — перан. павольны. Добра крочыць стромкім борам, // Соннай сцежкай слацца слаўна! // І душу аддаць прасторам, // І забыцца ў стоме баўнай (Астапенка, 1930: 1, 34–35).

бе́гаць: бе́гаць пад сталом — пад стол пяшком хадзіць. Тады Панасік бегаў пад сталом, і ніхто яго не трывожыў (Левановіч, 1938: 2, 256).

бездамоўнік — той, хто не адчувае прывязанасці да дому, сям’і. Бездамоўнік ён, валацуга. Не сядзіцца яму на адным месцы (Астапенка, 1932: № 8, 57).

бездамоўны — такі, які не адчувае прывязанасці да дому, сям’і. Ні жонкі ў чалавека, ні сям’і… Радня ўся — у Польшчы. Што яго можа затрымаць? Праўда, у калгасе ў нашым доўга жыў і працаваў як след. Ды вось занудзіўся. Бездамоўны, я табе, Валер, скажу, чалавек. А так нішто мужчына быў — і працавіты, і разумны… (Астапенка, 1932: № 8, 57).

бле́ды — бледны. — Нічога! — пераводзячы дыханне, сказаў увесь бледы Штальман (Астапенка, 1932: № 7, 31). Насовіч: 27.

бяскра́ю: да бяскра́ю — да немагчымасці. І весела зрабілася да бяскраю, як малому дзіцяці, ад гэтых новых год і што перажытыя гады не звернуцца ўжо (Ушакоў, 1930: 3, 255).

вазярко — азярко. Па [відаць, у арыгінале памылка друку і тут павінна быць «на»] «вакне» — маленькім вазярку, якое прабівалася з балота, на хісткім чаўне стаяў селянін (Астапенка, 1932: № 7, 16).

валавя́ны — алавяны. На небе хмара засланіла сонца, але пад агнявымі палосамі валавяны яе ўскрай пабялеў (Левановіч, 1936: 2, 245).

вастры́ць: вастры́ць іклы́ — вастрыць зубы. На рабочы Вэдынг яны даўно ўжо востраць іклы (Астапенка, 1932: № 7, 14).

вата́нка — ватоўка. Каля яго, у чорнай ватанцы, падпяразаны матузом, стаяў Кірыла (Левановіч, 1936: 2, 245).

ва́тні — ватны. Ён рослы, загарэлы тварам, з густой курчавістай барадой, адзеты ў ватнюю картоўку, у чорных штанах, зашмальцованых смалою, ад якіх, напэўна, пайшла б рыкашэтам куля (Левановіч, 1936: 2, 245–246).

волатны — волатаўскі. Так некаторыя дзікія плямёны, б’ючы ў волатны бубен, падаюць за некалькі вёрст іншаму племю сігнал ваеннае трывогі (Астапенка, 1932: № 7, 3).

выда́ўца — выдавец. Гаварылі, што.. выдаўца газеты вельмі нажыўся на гэтым выпуску (Астапенка, 1932: № 7, 34).

вялі́зманы — велічэзны, высозны. Відно было: вялізманым дрэвам кучаравілася труба дэпоўскай электрастанцыі жоўтым дымам (Ушакоў, 1930: 3, 254). Параўн.: велізма́нный (Насовіч: 48).

вячорны, вячорні — вячэрні. Дванаццаць агнёў рознымі колерамі ўспыхваюць і гаснуць, падміргваючы натоўпу вячорных берлінскіх вуліц (Астапенка, 1932: № 7, 9). Замільгалі вячорнія агні (Астапенка, 1932: № 7, 13).

газе́тнік — газетчык. Па берлінскіх вуліцах бегалі жвавыя газетнікі і выкрыквалі сенсацыйныя паведамленні (Астапенка, 1932: № 7, 33).

га́ла — шар. Дарогі ў вузел звяжу // і з пройдзеных тысяч прагалаў, // як поясам, я абвяжу // па экватары земную галу (Пруднікаў, 1933: 3, 64).

галаты́р — перан. зусім бедны чалавек, абадранец. Ды мне б толькі, каб зямля разам была! Каб не сядзеў пад бокам усякі галатыр (Астапенка, 1932: № 8, 89). Параўн.: галы́тырь (З нар. сл.: 123), галы́тыр (Бялькевіч: 132).

гірані́чна — іранічна. I завуць берлінцы гэту алею кпліва і гіранічна Рuрреn-Аlleе (Астапенка, 1932: № 7, 22).

гостры — прам., перан. востры. У яе руцэ цьмяна бліскаў гостры штылет (Астапенка, 1932: № 7, 30–31). Калі Богуш вёз у таксі дзяўчыну з залатымі валасамі, яму ў сэрца стукала гострая радасць (Астапенка, 1932: № 7, 6).

грабёнка — плыт. Ягор з Максімам заводзілі пярэднія грабёнкі ў затоку, але вецер як бы сумысля не даваў і стрымліваў плыты (Левановіч, 1936: 2, 246). ...Так плыў малады плытагон // уздоўж па Дняпры на грабёнцы (Пруднікаў, 1931: 3, 58). Бялькевіч: 138.

гэст — жэст. На трэйцім здымку вучоны стаяў поруч з танклявым карэспандэнтам і артыстычным гэстам паказваў яму на свой атамір (Астапенка, 1932: № 7, 37).

да́ўны — даўні. За імі ўвайшоў яго даўны заказчык Фрыц (Астапенка, 1932: № 8, 39). МС: 1, 161.

дацьме́ць — датлець. Сутонне змыла ружовасць неба, — бы вугалі пасля пажару дацьмелі і не гараць чырванню (Ушакоў, 1930: 3, 253).

добра — правільна, слушна. — Добра кажа ж, дзядзька Максім (Левановіч, 1936: 2, 249).

дубовік — рулявы на лодцы-дубе. Ён даўно працуе дубовікам, але такога хлопца сустракае ўпершыню (Левановіч, 1936: 2, 249). Бялькевіч: 158.

жорасць — адна з папярочных жэрдак, якія клаліся на канцы плыта і да якіх прывязваліся бярвёны. Максім занепакоіўся: яго абдавала вадой, стукалася грабёнка аб грабёнку і кручаная лаза мякка цёрлася аб жорасці (Левановіч, 1936: 2, 246). ЭСБМ: 3, 271.

за́вадка — невялікая завадзь. Перамагаючы напор хваль, людзі заводзілі караван у завадку (Левановіч, 1936: 2, 246).

завіха́сты — увішны. Раптам расчыніліся дзверы, і ў пакой увайшоў танклявы завіхасты чалавечак (Астапенка, 1932: № 8, 45). 

заглу́шаны — прыглушаны. Былі чутны заглушаныя галасы (Астапенка, 1932: № 7, 14).

заірза́ць — заржаць. На вуліцы конь заірзаў // І змоўк, галаву апусціўшы (Пруднікаў: 3, 53). Параўн.: ірза́ць (Бялькевіч: 215).

закла́сціся (аб што) — пайсці ў заклад. З гаспадаром канторы заклаўся аб чырвонцы (Левановіч, 1936: 2, 249).

залётна — фліртуючы, з фліртам. Пані Ядвіга прысунулася бліжэй і, залётна смеючыся, настойвала (Астапенка, 1932: № 8, 70).

замяша́ны — збянтэжаны, разгублены. Замяшаны, збянтэжаны стары Штальман гаварыў (Астапенка, 1932: № 7, 21).

занатоўнік — нататнік. Пан Гжэцкі чыркануў у свой занатоўнік прозвішча Лук’янца (Астапенка, 1932: № 8, 85).

звыча́йна — пабочн. сл. вядома, натуральна. Гарачы быў хлопец, ну, звычайна, і народ запаліў… (Астапенка, 1932: № 8, 75).

зе́мны — зямны. Чалавецтва нястрыманаю лаваю перакочвалася па земнай кулі ў вечным імкненні наперад да новых заваёў (Астапенка, 1932: № 7, 38). Дарогі ў вузел звяжу // і з пройдзеных тысяч прагалаў, // як поясам, я абвяжу // па экватары земную галу (Пруднікаў, 1933: 3, 64).

злы́бедны — няшчасны, мізэрны. Дужа не хацелася.. жыць з дня ў дзень на злыбедныя капейкі (Астапенка, 1932: № 8, 42).

зморшчка — зморшчына. У цёмных зморшчках жывот канчаўся тонкімі, як запалкі, нагамі (Астапенка, 1932: № 8, 41).

кабызі́цца — упірацца. Кінь жа ты кабызіцца! Пойдзем саскачам! (Астапенка, 1932: № 8, 90). Бялькевіч: 240.

картоўка — безрукаўка. Ён рослы, загарэлы тварам, з густой курчавістай барадой, адзеты ў ватнюю картоўку (Левановіч, 1936: 2, 245–246). Параўн. карта́к ‘мужчынская безрукаўка’ (СЦБ: 186).

кру́ткі — вёрткі, спрытны. Пазней, калі круткі рэпарцёр пачаў ужо злаваць яго.. ён крыкнуў на развітанне моцную расійскую лаянку ў «японскім» вымаўленні (Астапенка, 1932: № 8, 46). Бялькевіч: 233.

крыча́ць: крыча́ць парату́нку — клікаць на дапамогу. Ён тады будзе доўга крычаць паратунку, захліпацца ў смярдзючай цёплай жыжцы, але ніхто не пачуе (Астапенка, 1932: № 8, 65).

ку́ля — шар. Чалавецтва нястрыманаю лаваю перакочвалася па земнай кулі ў вечным імкненні наперад да новых заваёў (Астапенка, 1932: № 7, 38).

ку́мельгам — кулём. Зірнуў і кумельгам кінуўся на бераг (Левановіч, 1937: 2, 264). Параўн.: ку́мільгаю ‘хутка, як слова сказаць’, ку́мільгы́м ‘хутка’ (Бялькевіч: 238).

лагоднік — угоднік, ліслівец. Забывайцеся, цьмяныя ночы, — // Маё першае цяжкае ліха! // За твае невыказныя вочы // Я па свеце пайшоў маталыгай. // Не такі ўжо я прыкры лагоднік, // Каб аддаць свае песні за лоні. // Маё сэрца гарыць, як паходня, // На пустым неўзараным аблонні (Астапенка, 1929: 1, 28–29). Бялькевіч: 245.

ла́тык — участак скуры. Ніхто не бачыў яго збялелага твару і пасінелых латыкоў цела (Левановіч, 1939: 2, 253).

ля́ска — дошка. На даху ўсміхнуліся ляскі, // Замоўклі ў цішы аканіцы... // З якойсьці забытае казкі // Мне гэтая песня трызніцца (Астапенка, 1929: 1, 28). ЭСБМ: 6, 137.

Магіле́ў — Магілёў. Рослы селянін з-пад Магілева, // Жыў мой прадзед у глухім сяле (Ушакоў, 1936: 3, 231). Параўн. назву раздзела ў паэме «Круг дарог» А. Пруднікава: «Міма Магілеву» («Заклік», 1933: № 2, 50).

медзвяжа́тнік — шрот на мядзведзя. Ён сам.. рабіў запасы пораху і шроту розных калібраў, пачынаючы ад дробнага на зайцоў і канчаючы буйным, медзвяжатнікам (Астапенка, 1932: № 8, 82).

мокры: як мокрае згары́ць — марна, бессэнсоўна (у вобразным ужыванні). Здаецца, меў і розум смелы // І здатным чалавекам слыў, // Але не так, як мог, пражыў, // Пражыў, як мокрае згарэла: // Ні полымя, ні цеплыні, // Бяздарна праляцелі дні // Ў бясплоднай, дробнай мітусні (Ушакоў, 1940: 3, 242).

нава́жыць — надумаць. Я думаў пра гэта на радзіме ў СССР і наважыў, прыехаўшы, сказаць табе (Астапенка, 1932: № 7, 10).

нале́жаць: колькі вам нале́жыць? колькі я (мы) вам вінаваты(я)? Шчыры дзякуй, гер Мюлер. Колькі вам належыць? Бывайце! (Астапенка, 1932: № 8, 42).

налучы́ць — сустрэць. Цішы нерухомае тут не налучыш, // хвіліны падлічаны кожным (Пруднікаў, 1930: 3, 54).

недастатковы — якога не стае. Яна [атамная вага гелію] павінна была быць роўнай 4☓1,008=4,032. Але ж бясспрэчным фактам з’яўляецца тое, што атамная вага гелію роўна 4000. Значыцца, недастатковыя 0,032 адзінкі атамнае вагі зніклі ў працэсе стварэння з атамаў вадароду гелію (Астапенка, 1932: № 7, 18).

непазорны — непрыглядны. Неяк дзіўна было бачыць поруч з гэтымі гмахамі нізкія, непазорныя дамы, бадай у цэнтры гораду (Астапенка, 1932: № 8, 63). Параўн.: пазорный (Насовіч: 456), пазорьный (Бялькевіч: 309).

непасе́дны — непаседлівы. Непаседны ён чалавек, Якуб гэты, я табе скажу, Валер (Астапенка, 1932: № 8, 57).

нестрыва́лы — нясцерпны. А шчыміць жа сэрца маё, шчыміць // Нестрывалым сумам балючым (Ушакоў, 1939: 3, 236).

не́шта: не́шта раз — неяк раз, аднойчы. Нешта раз, ходзячы са стадам па лесе, Шэрак адстаў і зблудзіўся (Левановіч, 1938: 2, 257).

ночны — начны. Берлін пачаў жыць ночным жыццём (Астапенка, 1932: № 7, 13).

нявы́плат — нявыплата. Пачалі ўжо высяляць за нявыплат кватэрных грошай (Астапенка, 1932: № 7, 14).

няда́ўны — нядаўні. — Мой нядаўны знаёмы (Астапенка, 1932: № 8, 37).

павучы́на — павуціна. Павучынаю на плоце павіс вечар (Ушакоў, 1930: 3, 253). Бялькевіч: 301.

паднача́лены — падуладны. Значыць, энергія вызваляецца не толькі пры распадзе атамаў, які (распад), як я пераканаўся, не падначалены чалавеку, але і сінтэзам іх (Астапенка, 1932: № 7, 19).

паляўні́к — паляўнічы. I завуць берлінцы гэту алею кпліва і гіранічна Рuрреn-Аlleе, лічачы за лялькі мармуровыя постаці застыглых сярэднявечных паляўнікоў (Астапенка, 1932: № 7, 22).

пахіну́цца — адхіліцца. Ягор захістаўся, пахінуўся назад і падпіхнуў калоду шастом (Левановіч, 1936: 2, 248).

пашматованы — разадраны. Вопратка была падзёрта, і з пашматованага правага рукава.. капала на падлогу кроў (Астапенка, 1932: № 7, 15).

піўні́ца — піўная. Дзверы шырока расчыніліся, у піўніцу ўваліліся на чале з тоўстым Фрыцам буршы (Астапенка, 1932: № 8, 36). Параўн.: Купкі раставалі, збіраліся зноў, зноў раставалі, аж пакуль не ўліваліся жвавай энергічнай патокай у ветлыя дзверы піўніцы (Міхась Зарэцкі. «Вязьмо»).

пляц — плошча. Ён доўга блукаў па пляцах-праспектах, // Стамляліся ногі... Куды ісці? (Пруднікаў, 1932: 3, 59). Але за люстранымі шкламі вежы міргаюць круглыя агні — сінія, белыя, чырвоныя — і возера машын выліваецца з пляцу ва ўсе бакі (Астапенка, 1932: № 7, 9).

прадонны — перан. бяздонны. Яе лічаць русалкай за доўгія косы, // За прадонныя вочы, за дзіўную ўдачу (Астапенка, 1943: 1, 47).

празызы́каць — прашастаць (пра гук крылаў). Два разы пракрычала дзікая качка і кароткімі крыллямі празызыкала ў паветры (Левановіч, 1936: 2, 245).

працэ́са — працэсія. Валеры і не заўважыў, як жалобная працэса ўзыйшла на могільнік (Астапенка, 1932: № 8, 55).

проспа — прасыпанне (пасля сну). Кожная галінка і лісточак // Ладзіць гімны проспе і вясне (Астапенка, 1929: 1, 34).

прывіта́ць — павіншаваць. Ты не хочаш мяне прывітаць, дык я цябе прывітаю з бацькоўствам (Ушакоў, 1936: 3, 252).

пяры́сты — перысты. На небе хмара засланіла сонца, але пад агнявымі палосамі валавяны яе ўскрай пабялеў і закучаравіўся ў пярыстыя, крышталёва-белыя барашкі (Левановіч, 1936: 2, 245).

разлі́нены — перан. разлінеены. Усе акіяны разлінены плаваннем, // Рэйсам увязаны ў вузел парты (Пруднікаў, 1932: 3, 59).

рэч: у чым рэч — што здарылася. Спачатку Богуш не разумеў, у чым рэч (Астапенка, 1932: № 7, 5). — У чым рэч, Паўль? (Астапенка, 1932: № 7, 31). Не ў тым рэч!галоўнае (сутнасць) не ў гэтым. Дурная ты, Марта! Не ў тым рэч! (Астапенка, 1932: № 7, 14).

сажонны — сажнёвы. Буйны дождж.. сек, нібы шротам, Ягора, ад чаго ён уцягнуў галаву ў сажонныя плечы, надзеў ямчэй шапку, каб не цякло за шыю, і пабег па плыту (Левановіч, 1936: 2, 247).

спайма́нка — тая, каго злавілі. Воз чырвонцаў гестапа дае за спайманку, // Ды русалку жывою спаймаць немагчыма (Астапенка, 1943: 1, 47).

спяша́нне — паспех. Самыя дамы зрабіліся меншымі — цэнтр быў ужо далёка, і народ ішоў па вуліцы рэдкімі кучкамі без усякага спяшання і мітусні (Астапенка, 1932: № 7, 41).

старно — стырно. Пад камандаю капітанавай // Загарэлы дзяцюк-матрос, // Галавою махнуўшы каштанавай, // Да жывога старна прырос (Астапенка, 1932: 1, 45). Потым хлопец узлез і ўзяўся за старно [трактара] (Астапенка, 1932: № 8, 55).

старожка — 1. чуйна. Смутны гул вісеў над горадам, і горад старожка спаў, уздрыгваючы ад гэтага гулу (Астапенка, 1932: № 8, 54). 2. асцярожна. Па вуліцы ён ішоў старожка, хаваючыся пад ценямі вербаў (Астапенка, 1932: № 8, 81). Параўн.: Па завулках крыўлястых, вузенечкіх, па куточках прытульных змрок нікае неяк старожка, цікуючы (Міхась Зарэцкі. «Кветка пажоўклая»).

стаўбу́рчыцца — шчацініцца, тапырыцца. Рыжая поўсць стаўбурчылася на дужым загрыўку (Астапенка, 1932: № 7, 3).

струмок — перан., памянш. да струмень. I маленькія атамы вугалю кожнага кавалку матэрыі ўлівалі ў жылы планеты ўсё новыя струмкі жыцця (Астапенка, 1932: № 7, 37).

сходкавы — лесвічны. Да трапа сходкавы праход // Старая арка вартавала (Ушакоў: 3, 240).

сэ́рца: ад сэ́рца — ад душы. І ад сэрца пазайздросціш, // Насупер свайму быццю, // Іх багатай маладосці, // Іх разумнаму жыццю (Ушакоў, 1934: 3, 229).

таварышкава́ць — сябраваць, мець зносіны. З ім таварышкуе вядомы вам Оскар Штальман (Астапенка, 1932: № 8, 36).

тахт — такт. У тахт пад калёсны разбег // песня крылатая крочыць (Пруднікаў, 1933: 3, 64).

удварэ́ — дома. Краўца няма ўдварэ. Просяць зайсці заўтра (Астапенка, 1932: № 8, 40). Ды мой жа Міхал удварэ ўвесь час быў. Вось твой Змітрок ведае, што ён дома начаваў (Астапенка, 1932: № 8, 73).

удру́гі — другі раз. — Хто ж гэта наш вораг, братка? — запытаўся ўдругі Андрыёнак (Астапенка, 1932: № 8, 78). Дабравольскі: 932.

укры́ты — пакрыты. Штальман аглядзеў укрытыя рысункамі і формуламі балонкі і пачаў голасна чытаць (Астапенка, 1932: № 7, 17).

уту́піцца, утопіцца — утаропіцца. Пан Гжэцкі задумёна ўтупіўся ў развешаную зброю (Астапенка, 1932: № 8, 86). Віктар маўчаў, утопіўшыся поглядам у падлогу (Ушакоў, 1936: 3, 252).

фліртоўны — поўны флірту, які бывае пры флірце. І калі ён ізноў загаварыў, голас яго быў жартаўлівы, фліртоўны (Астапенка, 1932: № 8, 71). Яго сур’ёзна сціснутыя вусны рэдка калі раскрываліся на фліртоўныя жарты і залёты (Астапенка, 1932: № 8, 83).

хроп — храп. Чуўся салодкі хроп генерала Белакапыціна і нервовае дыханне Фрыца (Астапенка, 1932: № 8, 49).

цэ́тлік — запіска. Калі я выходжу з дому, яна.. прымушае вывешваць над дзвярыма цэтлік: «Дома няма. Вярнуся а такой вось гадзіне» (Астапенка, 1932: № 7, 6–7).

чухме́нь — верхняе адзенне з саматканага сукна. У той самы вечар, наспех павячэраўшы, Панас Андрыёнак сцягнуў з крука чухмень і сабраўся выходзіць з хаты (Астапенка, 1932: № 8, 80). Бялькевіч: 491.

шалахвосцік — памянш. да шалахвост. «Мазалём гарачым збіраў і крапіў лес, а тут на табе, вецер, чортаў шалахвосцік, пагнаў немаведама куды» (Левановіч, 1936: 2, 248).

шары́ — шэрагі, рады. Мора прафесарскіх галоў хвалявалася ад строгае высокае катэдры дакладчыка да задніх шароў лаў [у зборніку «Скрыжалі памяці» (кн. 1, стар. 85) памылкова напісана разам: шароўлаў] (Астапенка, 1932: № 7, 32). Дабравольскі: 997.

шпі́цэль — шпег. Можна сказаць, галоўным шпіцлем быў у ваколіцы (Астапенка, 1932: № 8, 74). Піша сын у лісце, што ўдалі іх, што ў вёсцы ёсць шпіцлі — настаўнік польскі, асаднік ды свае ж два селяніны (Астапенка, 1932: № 8, 74–75).

эйт часц. — 1. эйш, бач, бач ты. — На пенсію б вам, Ігнатавіч. Адпачыць не пашкодзіла б. Старасць падходзіць.. — Эйт. Яшчэ не скора прыстань, таварыш.. Пакуль крукам не сагнуліся, нажымай на падпілак. Маладыя, а пра адпачынак пагаварваюць. І не сорам (Ушакоў, 1930: 3, 254). 2. ай. Тады моладзь жыла не так, як цяпер. Цяпер і школы, і фабзавучы, усё ў меру. А тады. Ці так было? Эйт, ці варта думаць... (Ушакоў, 1930: 3, 255).

які-колечы — сякі-такі. Яму трэба было напісаць у Берлін якія-колечы лісты (Астапенка, 1932: № 8, 84).

Вам можа спадабацца