Мілінкевіч, Някляеў і Янукевіч падказалі Еўропе незвычайны ход

Палітыка

Мілінкевіч, Някляеў і Янукевіч падказалі Еўропе незвычайны ход

8 красавіка 2013 а 20:52

Сёння тры вядучыя палітычныя структуры Беларусі прынялі важную заяву. Сярод іншага яе ўнікальнасць у тым, што найбуйнейшыя арганізацыі аб’ядноўваюцца не пад лозунгам “супраць Лукашэнкі”, а выступаюць “за беларусаў”, прапануюць Еўропе новы варыянт рашэння старой праблемы

“Больш Еўропы для Беларусі”

Сумесная заява лідэраў дэмакратычных сілаў Рух “За Свабоду”, Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» і Партыя БНФ лічаць неабходным аб’яднаць намаганні для абароны і прасоўвання інтарэсаў грамадзянаў Беларусі і ўмацавання суверэнітэту краіны. Мы ўпэўненыя, што толькі вяртанне да паўнавартаснага дыялогу і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам істотна пашырыць магчымасці нашай краіны і грамадства для мадэрнізацыі і пабудовы дэмакратычнага ладу. Мы зыходзім з таго, што паўнавартасны дыялог магчымы толькі пасля вызвалення палітычных вязьняў, уключаючы спыненне дзеяння судовых рашэнняў у дачыненні да ўмоўна асуджаных і асуджаных з адтэрміноўкай выканання прысуду. У той жа час, мы лічым, што для ўмацавання стабільнасці ў рэгіёне і незалежнасці нашай краіны Еўрапейскі Саюз ужо цяпер можа распачаць шэраг крокаў, якія адначасова будуць спрыяць большай адкрытасці беларускага грамадства і правядзенню неадкладных эканамічных рэформаў. Мы заклікаем ЕС у аднабаковым парадку: 1. Максімальна спрасціць візавы рэжым для грамадзян Беларусі, зыходзячы з магчымасцяў, якія дае Візавы кодэкс ЕС, з далейшым поўным скасаваннем консульскага збору за выдачу шэнгенскіх візаў; 2. Выявіць ініцыятыву і пачаць практычную рэалізацыю ў дачыненні да грамадзян Беларусі ўмоваў пагаднення аб малым памежным руху з Беларуссю ў 50км зоне на мяжы з Польшчай і Літвой; 3. Спрасціць для малога і сярэдняга бізнесу правілы стварэння і функцыянавання ў ЕС сумесных беларуска-еўрапейскіх прадпрыемстваў; 4. Пашырыць магчымасці для беларусаў атрымліваць еўрапейскую адукацыю, у тым ліку шляхам поўнафарматнага доступу беларускіх студэнтаў да ўдзелу ў праграме ERASMUS, павелічэння квотаў для беларусаў на бакалаўрскіх і магістарскіх праграмах еўрапейскіх універсітэтаў; прафесійных стажыровак у дзяржаўных структурах краінаў Еўрасаюза, НДА і фабрыках думкі; пашырэння даследчых праграмаў, накіраваных на вывучэнне Беларусі, а таксама істотнага пашырэння праграмаў абмену для прадстаўнікоў бізнесу, дзяржаўных структур, навуковых арганізацый, грамадзянскага і палітычнага сектараў. 5. Пашырыць падтрымку арганізацый грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сілаў, якія працуюць ўнутры Беларусі. Мы прапануем, у выпадку выканання ўрадам Беларусі раней адзначаных умоваў і аднаўлення паўнавартаснага дыялогу з ЕС, вярнуцца да перамоваў з афіцыйным Мінскам у межах «Сумеснага часовага плану» (кансультацыі былі распачатыя восенню 2010 года), што будзе спрыяць мадэрнізацыі і лібералізацыі Беларусі . Мы падтрымаем любыя дзеянні, якія будуць адпавядаць прынцыпу – «больш Еўропы для Беларусі і беларусаў». Мы заклікаем Еўрапейскі Саюз: - Спрыяць набліжэнню Беларусі да еўрапейскіх стандартаў у розных галінах, кіруючыся жаданнямі яе грамадзянаў і нягледзячы на супрацьдзеянне ўладнай эліты; - Не гуляць па правілах, устаноўленых беларускімі ўладамі, не чакаць рашэнняў беларускіх уладаў там, дзе ЕС можа прымаць уласныя рашэнні. Мы ўсімі сіламі падтрымліваем ініцыятыву «Еўрапейскі Дыялог аб мадэрнізацыі» з беларускім грамадствам і заклікаем улады Беларусі неадкладна далучыцца да яе рэалізацыі. Заклікаем дэмакратычную супольнасць Беларусі ўсяляк спрыяць здзяйсненню Еўрапейскім Саюзам салідарных дзеянняў, якія спрыяюць правядзенню дэмакратычных і рынкавых рэформаў у Беларусі і садзейнічаюць руху краіны да еўрапейскіх стандартаў. Аляксандр Мілінкевіч, лідэр руху «За Свабоду» Уладзімір Някляеў, лідэр кампаніі «Гавары праўду» Аляксей Янукевіч, лідэр Партыі БНФ