Край дзікіх еўрапейцаў, непрымірымых ворагаў працы і цвярозасці

Меркаваньні

Край дзікіх еўрапейцаў, непрымірымых ворагаў працы і цвярозасці

У 1777 годзе Гаўрыіл Дабрынін упершыню прыехаў у “нованабыты Беларускі край”, каб зрабіць кар’еру ў розных бюракратычных установах Магілёва і Віцебска і завяршыць яе на пасадзе віцебскага губернскага сакратара.

Яго чаканні ад пераезду былі вельмі высокімі.

Правёўшы жыццё да таго моманту пераважна ў гарадах і манастырах Браншчыны, ён спадзяваўся ўбачыць у Рагачове, першым беларускім горадзе на сваім шляху, “прыўкрасныя будынкі”.

Расчараванне было вялікім:

“Я, не меўшы больш чым заняцца, прайшоў і абыйшоў тры разы горад, і заўсёды бачыў тыя ж мужыцкія хаціны і жыдоўскія корчмы, занураныя ў вечны бруд і гной”.

 Атабарыўшыся, ён зрабіў выснову, што прыехаў у край “дзікіх еўрапейцаў, непрымірымых ворагаў працы і цвярозасці”.

Для жыхароў усходнееўрапейскай краіны, якая падкрэслена акцэнтуе сваю прыналежнасць да Еўропы, у тым ліку даводзячы, што тут знаходзіцца яе геаграфічны цэнтр, ужытае Дабрыніным слова “еўрапейцы” можа падацца прыемным і больш як праз два стагоддзі ад напісання.

Значыць, рускі, прыехаўшы ў канцы XVIII ст. ва усходнюю Беларусь, лічыў яе Еўропай, а суседнюю Браншчыну – не.

Вось яшчэ адзін каменьчык у падмурак нашай еўрапейскай ідэнтычнасці, пацверджанне нашай фундаментальнай цывілізацыйнай усходняй мяжы з “не-еўрапейскай” Расіяй.

І ўсё б так, каб жа не гэты прыметнік “дзікія”.

Быць дзікім – адсталым, брудным, неадукаваным – непрыемна. Хоць, можа быць, гэта справа тых значэнняў, якія мы ўкладаем у гэтае слова.

“Дзікасць” не раз станавілася пазітыўнай характарыстыкай у фарміраванні ідэнтычнасці народаў у нашай частцы свету.

Прыгадаем сарамацкі міф у культуры Рэчы Паспалітай, які дзікасцю ўяўнага паходжання апраўдваў вольнасць нораваў, а таксама палітычны і эстэтычны кансерватызм.

Ці літоўцаў, для якіх статус “апошняга ахрышчанага народу ў Еўропе” стаў важнай часткай нацынальнага міфа.

Ці ўкраінцаў з іх міфам пра казацкую вольніцу, свабоду жыцця на мяжы цывілізаванага свету ў вечнай барацьбе з “азіяцкім” ворагам.

У Расіі ідэя “дзікасці” не мела вялікага значэння – падкрэслівалася хутчэй уяўная “іншасць” культурных асноваў.

Але ўжо ў 1990-я гады свабода ад нормаў, брутальнасць паводзінаў стала артыкулявацца як важная нацыянальная адметнасць як унутры краіны, так і за яе межамі.

Прыкладаў такога “прысваення” ідэі “дзікасці” складана знайсці ў беларусаў. Наадварот, падкрэсліванне “дзікасці”, не-еўрапейскасці нашых усходніх суседзяў рэгулярна артыкулюецца ў самых розных сюжэтах, як тое, што адрознівае нас саміх – больш культурных, лепшых.

Так мы трапляем у поле культурных стэрэатыпаў, якое мае ўскоснае дачыненне да рэчаіснасці. Але ў тым яго і задача – ствараць ментальную карту з уласнымі межамі, “сваімі” і “чужымі”.

Маленькі, утульны, надзейны – ідыятычны свет.

Верагодна, найбольш блізка да выкарыстання ідэі “дзікасці” беларускі нацыянальны наратыў падыходзіць, калі звяртаецца да фальклорна-этнаграфічнай “архаікі” з саламянымі стрэхамі, чараўнікамі, ваўкалакамі, палескім міфам і г.д. Але і тут размова бадай ніколі не ідзе пра дзікасць – хутчэй пра іншасць традыцыйнай культуры, якая, да таго ж, у класічным сваім выглядзе засталася ў доўгім ХІХ стагоддзі.

З  другога боку трэба прызнаць, што ідэя еўрапейскасці складае адзін з найважнейшых момантаў нашага калектыўнага ўяўленага.

Мы хочам жыць як у Еўропе, быць ва ўсім падобнымі да яе (міністр Макей нядаўна прызнаўся, што ягоны ідэал – Швейцарыя). Пры гэтым названая Еўропа і тое, як яна артыкулюецца, насамрэч з’яўляецца ментальным канструктам, у якім можна распазнаць аблічча Германіі ці скандынаўскіх краін. Менавіта яны адпавядаюць беларускай мары пра чысціню, арганізаванасць, упарадкаванасць, цывільнасць і заможнасць.

У гэтую “Еўропу” складаней было б змясціць Грэцыю ці Партугалію, а, скажам, Балгарыя ці Албанія і зусім маглі б туды не патрапіць.

Атрымліваецца, што аксюмаран “дзікія еўрапейцы” не толькі схоплівае важную для нас шкалу каштоўнасцей, але і наклададае яе на геаграфічную карту. На гэтай шкале свабода і вольнасць часта прайграюць чысціні і арганізаванасці не таму, што гэта якасці натуральным чынам супрацьпастаўленыя ў чалавечай прыродзе, а таму што кожная пара разглядаецца ў кантэксце азначаных палюсоў.

Свабода і вольнасць мысляцца арганічна павязанымі з дзікасцю, а таму так лёгка з’яўляюцца і прамаўляюцца папулісцкія палітычныя лозунгі “Вы што, хочаце як ва Украіне?” (ці, у пуцінскай версіі – “… як у Францыі” у адказ на выступленні жоўтых камізэлек). У той жа час, чысціня і арганізаванасць – галоўныя маркеры “еўрапейскасці”, якой так хочацца адпавядаць. Яны ж і інструмент палітычнай рыторыкі, якая ставіць у заслугу ўладам добрыя дарогі і чыстыя двары.

Па гэтай логіцы, застаецца толькі пакласці асфальт, дзе яшчэ няма, зрабіць бардзюры ў аграгарадках, дабіцца (о, мара!) таго, каб сярэдні заробак дагнаў найбяднейшыя краіны Еўразвязу, і мы з чыстым сумленнем будзем лічыць сябе еўрапейцамі без удакладненняў і агаворак.

Парадаксальным выразам “дзікія еўрапейцы” Дабрынін удала ўхапіў адзін з асявых стрыжняў беларускай ментальнасці, за што мы можам быць яму ўдзячныя. Прызнаўшы гэта, мы можам аддацца бясконца доўгім разважанням пра тое, што ж гэта была за дзіцячая траўма нашай нацыі, якая прымушае яе так баяцца “дзікасці” і з недаверам глядзець на нібы павязаную з ёю свабоду.

Вам можа спадабацца