Бульбяны дэлірый

Меркаваньні

Бульбяны дэлірый

14 лютага 2020 а 14:29

Віталь Станішэўскі

Аднойчы сфармуляваў для сябе: беларусы вельмі шмат пра сябе ведаюць з вонкавых крыніц.

Гэта жарт з вялікай доляй праўды.

Большасць беларусаў жыве ў “рускім свеце” і схіляюцца ідэнтыфікаваць сябе з ім, казаць пра яго "мы".

Механізмы асіміляцыі.

Беларушчыну ж ведаюць мала, і калі даводзіцца яе ўспамінаць, то ўспамінаюць стэрэатыпы, нібы іншаземцы.

Графіка Васілія Ложкіна.


Самы яскравы – стэрэатып пра бульбу як сімвал беларуса. Ён прайшоў некалькі віткоў. Спачатку рускія далі нам мянушку "бульбашы" за каларытнае слова "бульба". Потым беларусы згадзіліся, што гэта іх саманазва.

Потым прынялі, што гэта назва вынікае з іх ладу жыцця. То-бок, паверылі, што яны, як беларусы, елі бульбу, бо такая пра іх, беларусаў, пагалоска.

І хоць бы азірнуліся вакол, паспрабавалі звярнуцца да памяці, каб жыць сваім досведам, а не звесткамі з трэціх рук.

Маглі б прыгадаць пра агуркі і буракі, пра закаткі-закруткі, пра свежыну, пра сала, пра паўкабана, пра грыбы, пра чарніцы і журавіны, пра бліны з мачанкай і без, пра яешню з хлебам.

Але ж не.

Харчовыя практыкі асімілююцца найцяжэй. Нават забыўшы мову, літаратуру, песні і гісторыю, беларусы бачаць і помняць сваю ежу. Але стэрэатыпізацыя беларускасці ў сплаве з інфарматызацыяй дала выбуховы эфект – беларусы сталі верыць фантомам з газет і інтэрнэту, а не рэальнасці перад вачыма.


Скажам усё ж пра апошні віток гэтай замарокі.

Бульба ў кулінарыі беларусаў, вядома, прысутнічае, і ў шырокім ужытку яна прадстаўлена збольшага... проста бульбай.

Такой варанай, мо з кропам, мо ў мундзірах.

Але бульбяны міф прымусіў думаць, што ў нас і нацыянальная кухня спрэс “бульбяная”.

У выніку неўтаймаванай веры ў стэрэатып беларусы пачалі шукаць яго праявы ў кулінарных кнігах і выцягнулі на свет божы… дранік. А далей павысілі яго да фірмавай стравы беларуса.

Такі доўгі лагічны шлях прайшла бульба з вучэбак Савецкай Арміі, пра якую беларус азваўся сваім словам.


Папраўдзе, такіх стэрэатыпаў пра беларушчыну шмат. Чорт бы з імі, але іх заносяць у беларускую культуру і прапагандуюць як аўтэнтыку асіміляваныя беларусы, нясуць свой-чужы багаж.

Хто ведае, куды яшчэ можа завесці апраўданне стэрэатыпаў заднім чыслом?

Вам можа спадабацца