30% беларускага кантэнту ў тэлеэфіры

Меркаваньні

30% беларускага кантэнту ў тэлеэфіры

Тэлеканалы больш за 10 год парушаюць закон, а дзяржава глядзіць на гэта скрозь пальцы?

Як лёгка наш чалавек вядзецца на маніпуляцыі!

Дзень-другі, і з умела кінутай дробкі паўстае фантастычны палац, ад якога праз тыдзень застаецца кучка гною. Не паспее той астыць, як з’явіцца новая крупінка, каб разрасціся чарговым гмахам і зноў пасля сябе нічога не пакінуць.

Не паспелі як след пераварыць навіну пра апытанне, паводле якога за 2019 год колькасць прыхільнікаў саюза з Расійскай Федэрацыяй скарацілася з 60 да 40% (па дадзеных Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэя Вардамацкага), як з’явілася паведамленне пра чарговыя працэнты, выцягнутыя на фоне папярэдніх з загашніка міністэрства інфармацыі: да канца 2020 года на тэлебачанні павінна быць не менш за 30% беларускага кантэнту.

У навіне ўбачылі ледзьве не следства апошняй сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі.

Але гэта самападман, бо роўна год таму заяву пра тыя ж 30% ужо рабіла тагачасная кіраўніца адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава.

Атрымоўваецца, што сітуацыя не памянялася.

І, як ні смешна гэта гучыць, некаторыя дзяржаўныя каналы з-за 30% могуць парушаць закон Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі”, зацверджаны яшчэ ў 2008 годзе прэзідэнтам Лукашэнкам.

А гэта падстава для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі (перарэгістрацыі), пазначаная ў артыкуле 15 у пункце 1.9  і ў артыкуле 26 у пункце 1:

объем телепередач, аудиовизуальных произведений, иных сообщений и (или) материалов белорусского (национального) производства в ежемесячном объеме вещания телевизионных средств массовой информации составляет менее 30 процентов, за исключением телепрограмм, функции редакции которых возложены на юридическое лицо, учредителями которого являются иностранные государства совместно с Республикой Беларусь”.

Не паспелі як след абсмакаваць навіну ад міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча пра гэтыя 30%, як чарговую інфанагоду даў іншы міністар – юстыцыі.

Няйначай міністэрствам давялі неякі план?

Так ці інакш, Алег Сліжэўскі паведаміў, што яго падначаленыя падрыхтавалі праект закона аб “удасканаленні” выявы дзяржаўнага герба, які павінен пазітыўна ўспрымацца як у Беларусі, так і за мяжою. Галоўную ўвагу міністр звярнуў на зорку, якая зробіцца больш “міралюбівай”: ад падобнай да зоркі са сцяга ЗША яна мусіць ператварыцца ў больш падобную да сімвала савецкага акцябронка, прычым малы Ульянаў-Ленін лёгка дамалёўваецца ў свядомасці “народжаных у СССР”.

Недзяржаўныя ж СМІ звярнулі ўвагу зусім на іншае.

На новым варыянце герба глобус павярнуўся на захад. І замест цяперашняй большай часткі тэрыторыі Еўразіі аля Расіі з’явіцца Еўропа, ды нават трошачкі Амерыкі. Вось што значыць наведванне Мінску дзяржсакратаром ЗША!

Але гэта яшчэ адзін самападман.

Дзіва што: у сацыяльных сетках на пляцоўках, дзе традыцыйна топяць за “Пагоню”, людзі ўсур’ёз абмяркоўваюць, які з варыянтаў дзяржаўнага герба ім больш даспадобы.

Выдатна праведзеная акцыя.

Нездарма ж прэзідэнт збіраў журналістаў і патрабаваў новых метадаў працы.

Пакуль жа чакаем, якое з міністэрстваў падкіне новую інфанагоду. Можа ім стане міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання? Праблемаў там як нідзе, аб чым засведчыў апошні выпадак у гаспадарцы “Міжэвічы” Слонімскага раёна. Відавочна, што кіраўнікі гаспадаркі добра чыталі “Мёртвыя душы” Гогаля, прымяніўшы атрыманыя веды на практыцы. Толькі ў дачыненні да кароў.

А наш чалавек і надалей будзе самападманвацца, шукаць у павароце глобуса знакі будучых тэктанічных зрухаў. 

Таму спакойна можна надалей пакласці ў шафу на нейкія там 30%, каб зноў узгадаць пра іх ужо ў наступным годзе.