Аб шкодзе папулярызатарскай філалогіі: што капуста – то не гарбата

Меркаваньні

Аб шкодзе папулярызатарскай філалогіі: што капуста – то не гарбата

19 лютага 2020 а 19:02

Сяргей Запрудскі

Барацьба вакол выразу “на мове” паціху абярнулася ў пазіцыйную, і наперад выйшла больш агульнае пытанне:

Ці трэба "сварыцца" на неафітаў за кепскае моўнае ўжыванне?

З гэтай нагоды мяне прымусіў пачухаць левай рукой за правым вухам допіс Кацярыны Парыжаскай. Яна лічыць, не трэба. Не, з пафасам аўтаркі я згодзен. Звярнуў на сябе ўвагу такі пасаж:

Дзевяць гадоў размаўляю па-беларуску. Вядома, з памылкамі. Але я вучуся патроху. [...] Не вучу беларускую мову дзень і ноч, не ведаю асаблівасці ўжывання словаў гарбата / чай, прамы / просты. І, (о, божа!), не ведаю, што напрамак – гэта жахлівы русізм!

А вы – ці ведаеце, як правільна: гарбата ці чай? Калі прамы, а калі просты? А як у вас наконт напрамку? Ці ў згодзе вы з апошнімі павевамі культура-моўнай моды?

Як толькі вы задумаліся пра гарбату і чай, вы зрабілі роўна тое самае, што зрабілі героі трылогіі Якуба Коласа “На ростанях” Уласюк і Лабановіч. У нейкім там 1912 годзе яны (іх прататыпамі былі нашаніўцы пачатку ХХ стагоддзя Аляксандр Уласаў і Якуб Колас), будучы дома ва Уласюка, нейк узяліся абмяркоўваць, як лепей будзе гаварыць па-беларуску: чай ці гарбата? Лабановіч на пытанне Уласюка адказаў жартам: “Як ні назавеш, усё будзе добра, абы смачна”.  

Рука Коласа вывела гэтыя радкі пасля 1948 года, нешта праз 40 гадоў пасля таго, як такія падзеі маглі адбывацца. Можа, класік проста рэагаваў на актуальнае пытанне свайго часу? Акурат у 1948 годзе мовазнавец Мацвеенка быў напісаў: “у шырокіх кругах савецкай грамадскасці не маглі не выхавацца рэзка адмоўныя адносіны да паланізмаў”. А слова гарбата нібыта паланізмам і ёсць.

Калі Колас тут нешта і прыдумаў, то хіба тое, што Уласаў-Уласюк сам ужываў слова чай. Мяркуючы па картатэцы слоўніка мовы выдаванай Уласавым газеты “Наша ніва”, слова гарбата было ўжыта на старонках газеты 22 разы. Выкарыстоўвалася ў газеце і слова чай.

У нашаніўскі час словы гарбата і чай канкуравалі міжсобку. Але такая канкурэнцыя пачалася раней.

Калі ў 1887 годзе ў Пецярбургу выйшаў “Кішанёвы стомоўны слоўнік”, то беларускім адпаведнікам у ім для рускага чай было дадзена слова hарбата.

Калі ў наступным годзе той жа выдавец, Старчэўскі, выдаў свой “Праваднік...”, то беларускія адпаведнікі рускім сказам “Чай, кофе готовы”, “У вас очень хороший чай” у ім выглядалі так: Чай (гарбата), кофе (кава) гатов... У вас вельми добрая гарбата (чай).

Укладальнік не ведаў, чай з’яўляецца “першым” беларускім словам ці “другім”.

Канкурэнцыя паміж словамі гарбата і чай не скончылася ў 1915 годзе разам са спыненнем выдання газеты “Наша ніва”. Аж да канца 1930-х у розных крыніцах магло сустракацца слова гарбата.

Аднак у слоўніку 1953 года яно было абмінута, а ў слоўнік 1962 г. гарбата вярнулася ў новай якасці – як устарэлае слова. Нехта ставіўся да яго памяркоўна, а нехта моцна не любіў.

У маіх запісах ёсць нататка з  пасяджэння ў Саюзе пісьменнікаў у 1993 годзе, дзе з нагоды слова гарбата Янка Брыль эмацыянальна выгукнуў:

Не трэба мне гарбаты. Я не гарбаты!

Як устарэлае слова гарбата падавалася ва ўсіх акадэмічных слоўніках да 2011 года. Але ўжывальнасць яго з 1980-х гадоў усё нарастала і нарастала.

З 2011 года, згодна са слоўнікамі, слова гарбата перастала быць “ўстарэлым”.

130 гадоў “перацягвання каната” паміж гарбатай і чаем нібыта закончыліся. Спачатку амаль не было ніякога чаю, потым ён канкураваў з гарбатай, потым ён выцесніў гарбату, потым гарбата вярнулася як устарэлае слова. І вось цяпер – як “нармальнае”.

То мір і згода? Нічога падобнага.

Па-першае, усе асноўныя значэнні слова дадзены ў слоўніку пры артыкуле чай, а ў артыкуле гарбата толькі зроблена адсылка да слова чай.  Нават у слоўніку яны не цалкам роўныя. Па-другое, людзі, якія іх ужываюць або не. Выстукваў я ўчора гэтыя радкі, а паралельна частка маіх фэйсбукавых франдоў, “чайнікаў” і “гарбатнікаў”, рубаліся вусмерць. Адны спасылаліся на старую прыказку “што кажух – то не вата, што капуста – то не гарбата” і ў духу кінагероя Уладзімера Высоцкага імпэтна-сцвярджальна-пераможна выгуквалі “А цяпер гарбаты, я сказаў, гарбаты!”. Другія, у духу Янкі Брыля, адмаўляліся, перакрыўлялі: “Я не гарбаты!”.

Гэта – калі ў барацьбе за адно паняцце сутыкаюцца выразна “заходняе” і выразна “ўсходняе” слова – амаль безнадзейны выпадак.

А я ж яшчэ забыўся сказаць, што некаторыя людзі (і сярод заангажаваных іх нямала) чаем хочуць называць толькі куплёную гарбату, а гарбатай – толькі чай, настоены на зёлках... То міру – не бываць...    

Але вернемся да тых, хто перажывае за тое, што ён не ведае розных нюансаў ужывання тых або іншых слоў і формаў.

Вось, скажам, пішаце вы, гаворыце па-беларуску некалькі гадоў, робіце нейкія памылкі і пільнуецеся, каб пісаць-гаварыць лепш. Адкуль гэтае “лепш” вы будзеце браць?

Ад вашых сяброў, іншых (“новых”) беларускамоўных. Але як ацаніць іх моўныя навыкі?

То, мо, ад іншых (гэтым разам ужо “традыцыйных”) беларускамоўных? Так, нашы бацькі, а хутчэй ужо дзядулі могуць добра ўмець па-беларуску, але і яны не ідэальныя. Не кажучы ўжо пра тое, што яны не вечныя.

То, можа, моўныя дапаможнікі, слоўнікі, граматыкі? У нармальнай сітуацыі звычайна не падрываюць аўтарытэт слоўнікаў. У нас іначай. Які слоўнік добры, а які не надта? Ходзіць настойлівая пагалоска, што слоўнікі, выдадзеныя пад грыфам акадэмічнага Інстытута мовазнаўства бясконца дрэнныя, русіфікаваныя. У іх, маўляў, прапануюцца “афіцыйныя” нормы, а нам трэба “сапраўдныя”, выпрацаваныя “незалежнымі” спецыялістамі. І гэту пагалоску старанна культывуюць не толькі “несістэмныя фэйсбукавыя мовазнаўцы”, але, бывае, і сістэмныя.

Зазірніце ў кнігу “Культура мовы” гарадзенскага доктара філалагічных навук Паўла Сцяцко – матыў “кепскіх русіфікаваных акадэмічных слоўнікаў” вы сустрэнеце ў ёй разоў, можа, 30, не менш.

Калі гэтымі “кепскімі” слоўнікамі (іншых, праўда, і не існуе ў прыродзе) чалавеку карыстацца, то як? Чыйму меркаванню верыць як думцы добрага карэктара-выпраўляльніка гэтых слоўнікаў? Іх жа, гэтых шчырых і актыўных аматараў-выпраўляльнікаў, у нас, можа, ўжо пад дзесятак набіраецца... А калі далучыць сюды менш актыўных ды няшчырых, то будзе ўжо добрая рота. Дык гэта цяперашнія і дзейныя “карэктары”. А ёсць жа аўтарытэты, якія назіраюць за намі “з дыстанцыі часу”. Напрыклад, Вацлаў Ластоўскі, аўтар славутага слоўніка 1924 года. Зусім не рэдка бывае пачуць: “толькі гардкор! Толькі нормы паводле Ластоўскага!” Напісаў я быў ў часопіс для настаўнікаў “Роднае слова” артыкулік пра Ластоўскага і Станкевіча і тут жа пачуў кліч пастаяннага аўтара часопіса, спецыяліста ў культуры мовы Алеся Каўруса: “нашых” б’юць! Тых, хто ў рэжыме нонстоп рупліва сягае да ўсё новых моўных залежаў і займаецца фармаваннем усё больш і больш і больш “правільнай” мовы, не чапаць! Лепшае, да слова, – гэта вораг добрага.

А, можа, “правільная” мова ў сеціве? Мама дарагая, скажаце вы, я вас умаляю! І будзеце мець рацыю.

Маючы перад сабой задачу паляпшаць уласнае маўленне, звычайны беларускамоўны юзер аказваецца ў вельмі ўразлівай сітуацыі. Ён бачыць, што вакол точыцца няспынная бойка за “правільныя” моўныя нормы. І ён у прынцыпе такім нормам згодзен патрапляць. Але як вылучыць адэкватныя рэкамендацыі з іншых? Чые парады прымаць, а чые ігнараваць? Асабліва, калі мець на ўвазе, што некаторыя вядомыя выпраўляльнікі-нармалізатары часам яўна злоўжываюць даверам публікі. Часам яны прапануюць такое, што не высноўваецца з заканамернасцей ужывання і не мае ніякіх шанцаў быць засвоеным людзьмі. Маю на ўвазе, прыкладам, спробу ўстанавіць правілы размежавання слоў знаць і ведаць. Само сабой, забараніць пытлівую думку людзей няма магчымасці, ды й не варта спрабаваць гэта рабіць. Але пры шматлікіх аматарскіх культурамоўных зацемках, мяркую, варта змяшчаць папераджальныя таблічкі кшталту: ”Не спрабуйце выкарыстоўваць як практычную рэкамендацыю! Трапіце ў фрустрацыю!”. Раптам каму-небудзь такія папярэджванні пойдуць на карысць.

Многія новыя беларускамоўныя не маюць асяроддзя і належнай маўленчай практыкі. Зусім зразумела, што яны могуць рабіць памылкі і робяць іх. Але хвілёлягі-нармалізатары не павінны бяздумна павялічваць іх журбу, выдумваючы выссаныя з пальца прэскрыпцыі. “Ці вам было б лепш, калі б гэтыя людзі і не намагаліся гаварыць па-беларуску?” – пытаецца Кацярына Парыжаская і працягвае. – “Затое ў гэтым выпадку яны  вам нічога не псавалі б...”

...Карацей, схадзіў я да яе і пакінуў нейкі такі запіс:

Паколькі ў спрэчках пра гарбату / чай нармальны чалавек не знойдзе для сябе 100-працэнтна правільнай і бясспрэчнай рэкамендацыі, то ён мае поўнае маральнае права нічога не ведаць пра асаблівасці ўжывання гэтых слоў. Ён мае права ўжываць іх так, як захоча, не зважаючы ні на якія хвілялягічныя прадпісанні. З прамы / просты сітуацыя не зусім такая, але вельмі блізкая. Пра тое, што напрамак – жахлівы русізм, увогуле можаце забыцца, выкінуць з галавы. Не русізм, і тым больш не жахлівы :)

Вам можа спадабацца