У сучасным беларускім патрыятычным дыскурсе неяк асабліва падкрэсліваецца ўплыў ураджэнцаў нашай зямлі на еўрапейскую і, асабліва, польскую культуру. Хто сваім жыццём і, скажам так, жыццёвай філасофіяй, “падаўся на захад” – адназначны герой.
Тут і Семяновіч са Скарынам, і Міцкевіч з Ажэшкай, і Касцюшка з Пілсудскім.
Выдатна, тут усё зразумела.
А што з тымі, хто падаўся на ўсход і шчыраваў на карысць маладой Расійскай Імперыі?
Яны нам, беларускім патрыётам, хто?
У кантэксце тэорыі пра спрадвечныя “беларуска-расійскія войны” зразумела, здраднікі.
А такіх людзей, выхадцаў з Вялікага Княства Літоўскага, было вельмі нямала. Разам з прыбалтыйскімі нямецкімі баронамі, татарскімі мурзамі ды нашчадкамі казакоў з левабярэжнай Украіны яны нямала ўклаліся ў стварэнне адной з самых вялікіх імперый планеты.
Узяць хаця б знакамітага Сімяона Полацкага, які жыў у родным горадзе нашага першадрукара праз сотню гадоў пасля ягонага з'яўлення на свет.
Свядома і без прымусу пераехаўшы ў Маскоўскую дзяржаву ў 1650-х гг. Сімяон Полацкі стаў адным з найбольш паважаных вучоных людзей гэтай дзяржавы, вучыў дзяцей цара Аляксея Міхайлавіча і спрычыніўся да рэфармавання праваслаўнай царквы.
Чаго толькі вартая назва аднаго з ягоных твораў – “Жезл правления на правительство мысленного стада православно-российской церкви”.
Яшчэ адзін пазабыты сёння герой стварэння Расіі ў сучасным разуменні гэтага слова – выхадзец з смаленскай шляхты і выхаванец Кіева-Магілянскай акадэміі Феафан Пракаповіч. Менавіта ён угаварыў Пятра І аб’явіць сябе ўсерасійскім імператарам, яму належыць таксама замацаванне самога тэрміна “Расія” (Ῥωσία гэта грэчаскі пераклад слова “Русь”).

Ён жа разам з выхадцам з Рэчы Паспалітай Стэфанам Яворскім узначалілі рэфармаваную пад патрэбы новай імперыі праваслаўную царкву як кіраўнік і намеснік кіраўніка Свяцейшага Сінода.
Што цікава, і Яворскі і Пракаповіч выдатна ведалі лаціну і, можна сказаць, былі выхаваныя ў заходняй культуры. Нават інструкцыі для правядзення допытаў і катаванняў здраднікаў у маладой імперыі таксама належаць пяру Пракаповіча.
Такіх асобаў і сувязяў у XVII – XVIII стагоддзях было шмат. Дваране Расійскай Імперыі XVIII стагоддзя масава бралі сабе за ўзор Рэч Паспалітую. Напрыклад згаданы ўжо Феафан Пракаповіч вучыў Пятра І “польскім манерам”, нават само слова “шляхта” ў той час спакойна ўжывалася расійскімі дваранамі ў дачыненні да сябе.
Напрыклад створаныя ў 1730-х гг. першыя спецыялізаваныя вайсковыя вучэльні для дваран называліся не кадэцкія карпусы, а шляхецкія карпусы. Слова “шляхетны” захавалася ў іх назве аж да 1800 года.
Дарэчы, ідэю стварэння такіх вучэльняў падказаў Пятру выхадзец з Полаччыны генерал-пракурор Павел Ягужынскі.
Ды і само прывілеяванае саслоўе Рэчы Паспалітай да падзелаў сваёй дзяржавы не ўспрымала Расію як ворага, а хутчэй наадварот.
Усё XVIII стагоддзе менавіта прарасійская партыя была ў Рэчы Паспалітай самай уплывовай палітычнай сілай.
Згадаем тут хаця б Яна Казіміра Сапегу, які зрабіў кар’еру ад вялікага гетмана літоўскага і саюзніка шведаў да расійскага фельдмаршала і генерал-губернатара Пецярбурга.


Што тут казаць пра спрадвечныя “беларуска-расійскія войны”.
Адным словам, беларусы не толькі вечна ваявалі з Расійскай Імперыяй і былі яе “еўрапейскай” ахвярай, але і бралі вельмі актыўны ўдзел у яе стварэнні і ідэалагічным умацаванні. І гэта былі не толькі простыя сяляне, рамеснікі-гараджане ці палонныя шляхцічы, а цалкам свядомыя прадстаўнікі сацыяльнай вярхушкі Вялікага Княства Літоўскага. А ўжо інтэрпрэтаваць гэтыя факты як падставу для гонару ці сораму – пытанне, над якім трэба вельмі сур’ёзна падумаць.